CHIARI, BERNHARD. Alltag hinter der Front. Besatzung, Kollaboration und Widerstand in Weißrußland 1941—1944. Düsseldorf, 1998. 380.

Акупацыя, калабарацыя і супраціў у Беларусі 1941—1944 г. — вось праблемы, якія даследуюцца ў манаграфіі нямецкага гісторыка Бернгарда К'яры. Праца замежнага вучонага з'яўляецца 53-й работай з серыі выданняў Федэральнага архіва Нямеччыны. Прэзідэнт гэтай установы Фрыдрых Каленберг ва ўступным слове да манаграфіі адзначае асаблівую вартасць такога даследавання як магчымасці нетрадыцый нага „погляду звонку".

Неабходна адразу падкрэсліць, што гэтая праца — першая спроба зірнуць на нявырашаныя, найбольш значныя пытанні не столькі ваеннай гісторыі, колькі гісторыі самой вайны ці гісторыі ваеннай штодзённасці беларускага грамадства ў перыяд нямецкай акупацыі. Пры такім падыходзе нельга было абысціся без выкарыстання новых матэрыялаў, якімі для даследчыка сталі дакументальныя крыніцы 55 фондаў, выяўленых аўтарам у архівах Англіі (Лондана), Беларусі (Берасце, Менск), Нямеччыны (Аахен, Берлін, Кобленц, Фрайбург) і Расіі (Масквы).

Кніга складаецца з дзевяці частак, у тым ліку ўступу і заключэння, а таксама дадаткаў: 32 адбіткаў арыгінальных фотаздымкаў, спісу крыніц і літаратуры, пераліку скарачэнняў, паказальніка імёнаў і геаграфічных назваў.

Ва ўводзінах („Einleitung", s.6—26) аўтар знаёміць чытача з новымі метадалагічнымі падыходамі да пытанняў „ваеннай гісторыі" і „гісторыі вайны", прапануе арыгінальную структуру навуковага доследу, крытычна аналізуе выкарыстаныя крыніцы і літаратуру.

У першай частцы („Weißrußland als periphere Region Polens und der Sowjetunion", 27—50) разглядаюцца пытанні эканамічнага, палітычна га, сацыяльнага, рэлігійнага і нацыянальнага жыцця мясцовага насельніцтва ў Заходняй Беларусі. Да верасня 1939 г. яна была рэгіёнам панавання палякаў ва ўсіх органах дзяржаўнага кіравання, у прамысловай вытворчасці і ў сельскай гаспадарцы, гэта пры колькаснай перавазе беларускага сельскага насельніцтва. Пасля 17 верасня „спадзяванні беларусаў на лепшае жыццё не спраўдзіліся" (36). З усталяваннем савецкай улады ў новым рэгіёне ўзнікаюць міжэтнічныя праблемы, якія спрабуюць вырашыць не толькі эканамічнымі сродкамі, але і метадамі паліцэйскай дзяржавы: палітычнымі чысткамі, дэпартацыяй, турэмным зняволеннем і г..д. (47—48). У выніку склалася выбухованебяспечная сітуацыя. Менавіта такой бачыцца Беларусь аўтару даследавання напярэдадні „аперацыі Барбароса".

Наступная частка („Verwaltung und Verwalter: Deutsche im Generalkommissariat Weißruthenien", 51—95) уводзіць чытача ў праблематыку штодзённага жыцця насельніцтва, якое апынулася на захопленай тэрыторыі Беларусі. На прыкладзе дзейнасці немцаў у Генеральным камісарыяце Беларутэніі К'яры знаёміць чытача з мэтамі новага цывільнага кіраўніцтва, пры дапамозе якога занятыя землі падлягалі „эканамічнаму выкарыстанню і забеспячэнню вермахта" (51). Аўтар паказвае, як пачувалі сябе многія з немцаў у новай рэчаіснасці на беларускай зямлі, пра якую яны практычна нічога не ведалі і таму не маглі самастойна арыентавацца, аднак слепа верылі ў сваю „гістарычную місію" (63). Праціўленне ваеннай рэчаіснасці не з'яўлялася характэрнай рысай для выканаўцаў гітлераўскіх дырэктыў, указаў, загадаў, а немагчымасць іх выканання па прычыне ўзмацнення партызанскай і падпольнай барацьбы з боку мясцовага насельніцтва прыводзіла захопнікаў да „зусім звычайнага вар'яцтва" (72).

Незвычайныя цяжкасці штодзённых абставін вымагалі ад жыхароў акупаванай Беларусі самых непрадказальных формаў паводзін, што і разглядаюцца Бернгардам К'яры ў чацвёpтай частцы манаграфіі — „Kollaboration, weißrussischer Nationalismus und Selbstverwaltung", 96—159). Акупацыя „азначала рубеж у штодзённым жыцці, аднак не яго канец" (97). Беларусы, палякі і яўрэі не ведалі, чаго можна было чакаць ад новага рэжыму. Некаторыя спадзяваліся на службовае павышэнне ці матэрыяльныя прывілеі. Клопат практычна кожнага чалавека быў знітаваны з праблемамі ваенных будняў — са знікненнем ці палонам членаў сям'і, іх пошукам, а гэта вымушала людзей уступаць у кантакт, ісці на супрацоўніцтва з нямецкай адміністрацыяй. Калабарацыя ў сэнсе гарантавання сабе магчымасці перажыць складаны час „адбывалася на ўсіх узроўнях грамадства" (97).

Дзеля дэталёвага аналізу з'явы калабарацыі на Беларусі ў манаграфіі прыводзяцца шматлікія факты, аналізуюцца падзеі, згадваюцца імёны і г.д. Але першапачаткова разглядаюцца тыя ўстановы, якія на ўзроўні грамадства праводзілі ўзгодненую з акупацыйнай уладай палітыку. Да ліку такіх устаноў аўтар адносіць „беларускі марыянетачны ўрад" — Беларускую Цэнтральную Раду (98), праваслаўную царкву (106), судовыя ўстановы (108). Яны з'яўляліся паслухмяным інструментам у руках нямецкіх захопнікаў. Між тым галоўную ролю, як лічыла новае цывільнае кіраўніцтва, маглі выканаць мясцовыя органы самакіравання, да якіх даследчык у першую чаргу адносіць „Беларускую самапомач" (была створана 22 кастрычніка 1941 г. ў Менску (114). Апрача яе акупацыйная ўлада мела незвычайны інтарэс да арганізацыі „беларускага самакіравання" (123), якое разглядалася ў якасці надзейнага механізму працы на ўзроўні ад раёна да асобнай вёскі. Якраз на гэтым узроўні і „вырашаўся лёс нямецкай акупацыйнай палітыкі" па эканамічнай эксплуатацыі мясцовага насельніцтва. Апрача арганізацый нага падпарадкавання беларускай вёскі акупацыйная ўлада спрабавала як мага безашчадней выкарыстаць сельскую гаспадарку, прычым не толькі для вермахта, цывільнай адміністрацыі, але і для Трэцяга Райху. Пры гэтым германскі даследчык адзначае, што часцей за ўсё сітуацыя на сяле фармавалася пад уплывам барацьбы за ўладу і кантроль не толькі з боку акупацыйнай адміністрацыі, але і розных узброеных груп і асобных людзей (151). Апошняе стварала вялікую напружанасць вакол беларускіх вёсак, дзе панавала атмасфера агульнага жаху, назіралася эскалацыя насілля, а насельніцтва было цалкам пазбаўлена спакою (153—159).

Хваля знішчэння мірнага насельніцтва ўзнялася на новую ступень у сувязі з радыкалізацыяй дзейнасці мясцовых паліцэйскіх фармаванняў. Іх месца ў сістэме нямецкай цывільнай улады К'яры разглядае ў пятай частцы сваёй працы („Macht und Gewalt: Polizisten als Täter und Opfer", 160—194). Характарызуецца дзейнасць усіх паліцэйскіх сіл, якія знаходзіліся на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларутэніі. Фармаванне і выкарыснанне мясцовых паліцэйскіх лічылася „палітычна непажаданым" (160) і з'яўлялася хутчэй рэакцыяй на недахоп нямецкіх паліцэйскіх сілаў на занятай тэрыторыі. У адпаведнасці з дырэктывамі па паліцэйскім забеспячэнні грамадзянскага кіравання на новазанятых тэрыторыях кіраўніцтва СС планавала стварыць сетку апорных пунтктаў з асобных фармаванняў СС і паліцыі, якія б ажыццяўлялі кантроль, адказваючы за анямечванне новых тэрыторый, і такім чынам выконвалі планы СС па каланізацыі Ўсходу. Гісторыя мясцовых паліцэйскіх сілаў дае магчымасць убачыць іх унутраную эвалюцыю. На шматлікіх архіўных дакументах нямецкі даследчык паказвае прычыны, якія прывялі беларусаў у лагер акупацыйнай улады, разглядае структуру і паслядоўнасць стварэння паліцэйскіх фармаванняў, прыводзіць звесткі пра іх нацыянальны і сацыяльны склад, а таксама паказвае логіку паліцэйскай штодзённасці (186—194). Фармаванні нямецкай і мясцовай паліцыі з'яўляліся вузлавымі звёнамі „акупаванага грамадства", зрабіўшыся „цэнтрам абагачэння, тэрору, лютасці, садызму, насілля і нянавісці" (194).

Шостую частку манаграфіі („Gestohlene Kindheit", 195—230) Бернгард К'яры прысвяціў беларускім дзяцям, у якіх вайной было „ўкрадзена дзяцінства". Дзеці і падлеткі ў параўнанні з дарослымі былі практычна безабароннымі перад хаосам вайны. Разгляд гэтай гістарычнай праблемы прывёў вучонага да высновы, што ўвогуле лёсы „дзяцей вайны ў Беларусі не падлягаюць колькаснаму вымярэнню" (201). Пераадолець жорсткія выпрабаванні акупацыі аказалася пад сілу толькі некаторым сем'ям, якія перажылі гэты цяжкі час без стратаў. Агульную ж карціну дзіцячага лёсу вызначылі, па-першае, разбуральныя механізмы акупацыйнага рэжыму; па-другое, магчымасць атрымаць школьнае навучанне, і па-трэцяе, пранямецкія структуры беларускіх юнакоў і дзяўчат і інш.

У цэнтр увагі наступнай часткі свайго даследавання нямецкі гісторык паставіў праблему генацыду яўрэяў Беларусі („Die Ermordung der weißrussischen Juden", 231—269). К'яры прыводзіць колькасныя дадзеныя, з якіх вынікае, што з 820 000 яўрэйскага насельніцтва Беларусі перажыць II сусветную вайну ўдалося толькі 120—150 тыс. (231). На шматлікіх архіўных дакументах даследчык паказвае храналогію фізічнага вынішчэння яўрэйскага насельніцтва ў Генеральнай акрузе Беларутэнія, дзе нацыянал-сацыялістычнае кіраўніцтва арганізавала „дынамічнае вынішчэнне" беларускіх яўрэяў (263). Разгляд праблемы прывёў гісторыка да заключэння, што „галакост у Беларусі меў усеахопнае разбуральнае дзеянне, якое закранула ўсё грамадства" (269). У навуковым плане К'яры прыходзіць да наступнай думкі: сёння цяжка правесці поўны аналіз геаграфіі генацыду яўрэйскага насельніцтва, удакладніць колькасныя дадзеныя, знайсці неабходныя дакументальныя пацвярджэнні.

Перадапошняя частка („Polen in „Weißruthenien", 270—302) дае магчымасць пазнаёміцца з яшчэ адным ракурсам ваенных будняў, але ў дачыненні да палякаў. Кім яны сталі пасля пачатку вайны і стварэння Генеральнага губернатарства і Генеральнага камісарыята — ахвярамі ці злачынцамі? Новая нямецкая ўлада абыходзілася з польскім насельніцтвам і асабліва з кіраўнікамі-спецыялістамі як з людзьмі ніжэйшай расы, якія з першых дзён былі абвешчаны ворагамі і небяспечнымі грамадскімі элементамі (272). Тым не менш пад час захопу вермахтам заходніх беларускіх гарадоў адна частка палякаў нейтральна ставілася да дзеянняў акупантаў. Другія амаль адразу пачалі ладзіць „польскі ўзброены супраціў", які ўзнік у заходніх вобласцях БССР яшчэ задоўга да 1941 г. (280). З нямецкай акупацыяй ён набывае новы характар, паколькі пераўтвараецца ў польскую падпольную армію пад назвай „Армія Краёва". Разгляд дадзенага і іншых аспектаў гэтага пытання прыводзіць аўтара навуковага даследавання да высновы, што ў час акупацыі Беларусі палякі разам з іншымі патрапілі ў „«рулет» эксплуатацыі, расавай палітыкі і насілля" (271).

Апошняя частка („Schluß: Nach dem Sturm", 303 — 317) выконвае ролю заключэння, у якім К'яры падсумоўвае вынікі сваёй навуковай працы і прыходзіць да важных вывадаў наконт будзённага жыцця ў Беларусі ў гады нямецкай акупацыі. Вузлавым момантам аналізу з'яўляецца думка — усё, што мела месца ў будзённым жыцці ў час нацысцкай акупацыі, можна лічыць катастрофай. Нямецкі даследчык інтэрпрэтуе гады другой сусветнай вайны ў Беларусі як сітуацыю хаатычных будняў, на працягу якіх адбывалася дэструктыўнае ўздзеянне вайны на асобнага чалавека, большасць мясцовага насельніцтва — сялянства і акупаванае грамадства, якія вайна дашчэнту разбурыла (312—317).

Відавочна, змястоўная работа Бернгарда К'яры — рэдкі прыклад комплекснага даследавання адной са складаных праблем як сучаснай нямецкай, так і беларускай гістарыяграфіі. Уражвае і навуковая эрудыцыя аўтара, якую ён прадэманстраваў выкарыстаннем рознамоўных крыніц і літаратуры. На сёння гэта, відаць, адна з прынцыпова новых навуковых прац, дзе мы знаёмімся са смелым і рашучым пошукам аб'ектыўнай ісціны ў дачыненні да найбольш складаных старонак гісторыі вайны ў Беларусі.

Сяргей Новікаў
Менск

зьмест