SIEBERT, DIANA. Bauerliche Alltagsstrategien in der Belarussischen SSR: die Zerstorung patriarchalischer Familienwirtschaft (1921—1941). Stuttgart, 1998. 416.

У будзённым жыцці сям'і беларускага селяніна міжваеннага часу сустракалася шмат выпрабаванняў, асабліва ў яго імкненні захавання ўласнай патрыярхальнай гаспадаркі. Пошук стратэгіі актыўнага і пасіўнага супраціву безгападарчасці — прывабны аб'ект навуковай працы нямецкай даследчыцы Дзіяны Зіберт, якая абараніла дысертацыю ў Кёльнскім універсітэце ў 1997 г. і праз год выдала яе ў серыі „Крыніцы і даследаванні па гісторыі Ўсходняй Еўропы". Варта асобна адзначыць, што сярод 52 манаграфічных прац, якія былі падрыхтаваны за апошнія трыццаць гадоў у рамках дзейнасці Аб'яднання ўсходнееўрапейскіх гісторыкаў Нямеччыны, толькі кніга Зіберт прысвечана гісторыі Беларусі.

Праца складаецца з уступу, шаснаццаці раздзелаў, заключэння і тэматычнага дадатку. Ва ўступе (s.11—34) аўтарка акцэнтуе ўвагу на вузлавых пытаннях даследавання, вызначае сутнасць асноўных гістарычных паняццяў, разглядае стан распрацаванасці абранай праблемы ў сучаснай нямецкай гістарыяграфіі. Адметна, што аснову навуковай працы складаюць дакументы Нацыянальнага Архіва Рэспублікі Беларусь і навуковыя працы беларускіх аўтараў.

Ва ўступе аўтарка засяроджвае сваю ўвагу на выяўленні тых аб'ектыўных і суб'ектыўных фактараў, якія ў значнай ступені абумовілі тэмпы, характар і асаблівасці развіцця беларускай вёскі на працягу двух перадваенных дзесяцігоддзяў. Да ліку такіх, на погляд Дзіяны Зіберт, трэба аднесці: а) памежны характар тэрыторыі БССР; б) урадлівасць земляў і адсутнасць умоў для экспарту збожжа; в) неаднароднасць сацыяльнага складу вёскі на захадзе і ўсходзе; г) абмежаванасць распаўсюджання абшчынных форм гаспадарання; д) нетрадыцыйнае спалучэнне сацыяльнай і этнічнай ідэнтычнасці і інш. Наогул, сям'я беларускай вёскі 20—30-х і пачатку 40-х г. істотна адрознівалася ад расійскіх і ўкраінскіх сялянскіх сем'яў.

У двух наступных раздзелах разглядаецца палітычная гісторыя („Abriss der politischen Geschichte der BSSR 1917—1939", s. 35—79) і дэмаграфічная сітуацыя ў БССР („Die demographische Entwicklung in der BSSR", s. 80—99). Стратэгія штодзённага жыцця сялянства ў значнай меры вызначала і дынаміку дэмаграфічных зменаў. У кнізе адзначаец ца, што самыя адметныя змены сярод сельскага насельніцтва Беларусі адбываліся ў трыццатыя гады, калі, з аднаго боку, колькасць мужчын на вёсцы істотна зменшылася, а з другога боку, яна хутка павялічылася ў вялікіх гарадах, дзе да ўсяго назіралася іх „пралетарызацыя" (95). Адмоўны ўплыў на дэмаграфічную сітуацыю беларускай вёскі мела і прымусовая калектывізацыя, адзначае аўтарка (99).

У чацвёртым, самым вялікім раздзеле („Die Landwirtschaftspolitik der BSSR zwischen staatlichen und bauerllichen Interessen (1921—1941)", s.100—161) у цэнтры навуковага доследу Зіберт знаходзяцца дзяржаўныя і сялянскія інтарэсы. У 1920-х г. яны перакрыжоўваюцца з праблемамі нівелявання сялянскіх запатрабаванняў, увядзення розных падаткаў, нормаў зямельнага выкарыстання і г.д., што ўрэшце прывяло да заняпаду сялянскіх гаспадарак, збяднення беларускіх сем'яў і голаду ў асобных раёнах (112). Мяжой сельскагаспадарчай палітыкі, на думку даследчыцы, можна лічыць канец 20-х і пачатак 30-х г., калі для кантролю за сялянствам на вёсцы з'яўляюцца камуністы, праводзіцца ліквідацыя кулакоў і ўсталёўваецца калгасная сістэма.

Стратэгія і тактыка дзейнасці беларускага сялянства выяўлялася на гістарычных прыкладах: кааперацыі 20-х („Kooperativen der zwanziger Jahre: Vorlдufer oder Gegenmodell der Kolchosen?", s.162—175), узброенага супраціву рабаванню сялянства („Die militanten Aktionen der Bauern: Offensivstrategie", s. 176—183), масавым зыходам з вёскі („Zeitweiliges und endgьltiges Verlassen des Dorfes: Ausweichstrategie", s. 184—191) і інш., што знайшло сваё адлюстраванне ў некалькіх раздзелах гэтай працы.

Раздзел восьмы („Der Alltag in seinen дuЯeren Erscheinungen", s.192—207) знаёміць з сялянскімі буднямі. У якасці прыкладу Дзіяна Зіберт разгледзела ўсходнебеларускую гаспадарку, ахарактарызавала ўмовы яе існавання ў сярэдзіне 1920-х г., вызначыла асаблівасці гаспадарання і побыту сялянскай сям'і. Стратэгія прыстасавання сялянскай сям'і да жыцця ва ўмовах арганізацыі калгаснага ладу даследуецца ў дзевятым раздзеле („Soziale Organisation in der Kolchose: Die Anpassungsstrategie", s. 208—222). Стаўленне сялянства да рынкавых адносін разглядаецца ў раздзеле „Das Verhaltnis der Bauern zum Verkaufen, zum Kaufen und zum Geld" (s. 223—233), дзе аўтарка дае агляд сялянскага гандлю, вызначае месца ў ім сялянскіх і калгасных гаспадарак, ролю першых калгасных кірмашоў і робіць высновы пра значэнне грашовых адносін і магчымасц яў сялянства браць удзел у новым жыцці (233).

Новыя гаспадарчыя адносіны на вёсцы, асабліва ўвядзенне прымусовай здачы ўраджаю і рэквізіцыі сельскагаспадарчай прадукцыі, штурхалі сялян да розных формаў супраціву, у тым ліку да ўтойвання ці нязбору ўраджаю (234, 237). Гэтая праблема нямецкай даследчыцай разгледжана ў адзінаццатым раздзеле („Die Strategie des Versteckens und Nicht-Aberntens", s. 234—239). Затым яна пераходзіць да стаўлення сялянства да сельскагаспадарчай тэхнікі і механізацыі сельскагаспадар чай вытворчасці („Die Einstellung der Bauernfamilien zum Traktor und zu Maschinen", s. 240—247). Трынаццаты раздзел („Normaufstellungen, Arbeitsorganisation und Verteilung der Produkte: Die Verweigerungsstrategie", s. 248-274) знаёміць са стратэгіяй адмаўлення ад новых формаў працоўнай арганізацыі. Фактычнае жыццё беларускай вёскі ў 30-я г. сведчыла пра пошук сялянствам свайго асабістага варыянту актыўнага, пасіўнага або нядбайнага ўдзелу ў калектыўнай працы, выкананні планавых паказнікаў, нарматыўных заданняў у сувязі з агульным ураўняльным размеркаваннем прыбыткаў (274).

У чатырнаццатым раздзеле („Die Auswirkungen der Kolchosenwirtschаft auf die landwirtschaftliche Produktion", s. 275-302) Дзіяна Зіберт разглядае формы ўздзеяння калгаснай гаспадаркі на сельскагаспадарчую вытворчасць. Сярод новых з'яў на вёсцы даследчыца называе агульнае ўтрыманне жывёлы, павелічэнне пасяўных плошчаў, іх меліярацыю і г.д. У той жа час калгасная форма гаспадарання прывяла да парушэння паслядоўнасці севазвароту, спрэчак адносна культывавання асобных тэхнічных культур. Менавіта тут сутыкаліся інтарэсы сялянства і калгаса, „грамадскай гаспадаркі" (298). Тым не менш, аўтарка адзначае, што беларуская вёска ў асноўным забяспечвала краіну асноўнымі прадуктамі харчавання (302).

Перадапошні раздзел („Die Frau in der Familie und in der Kolchose", s. 303— 323) прысвечаны жанчыне, на прыкладзе якой даследчыца вызначае месца і ролю жанчыны-маці і жанчыны-калгасніцы. Спробы дзяржавы мабілізаваць сялянак на самыя розныя агульнадзяржаў ныя справы былі скіраваны на ўвядзенне рацыянальнага падзелу працы для жанчыны, яе адыходу ад старога патрыярхальнага ладу, звычак, сямейных традыцый. Аднак практыка паказала, што пад час калектывізацыі мужчына займаўся ў таварнай гаспадарцы, а жанчынам заставаўся лёс хатняй гаспадыні і асноўнай працаўніцы на прысядзібных надзелах. Цяжкая доля выпадала беларускай жанчыне практычна паўсюль. Таму невыпадкова істотным вынікам зменаў на вёсцы даследчыца лічыць разбурэнне дзяржавай вясковай салідарнасці ў БССР, але зусім не патрыярхальнай структуры сям'і (319).

У шаснаццатым раздзеле („Siedlungsform und Flurverfassung: Die Nischenstrategie", s. 324—367) чытач пазнаёміцца з гісторыяй прымусовага перасялення сялян, іх самараскулачвання, стварэння новых пасяленняў і ўзорных сялянскіх гаспадарак. Да гэтага прывяла палітыка бальшавіцкай партыі па ліквідацыі хутароў і аднаасобных гаспадарак. Апрача таго, партыйнае і дзяржаўнае кіраўніцтва БССР у час суцэльнага калгаснага будаўніцтва спачатку абмяжоўвала памеры зямлі сялянскіх двароў, і толькі пасля 1932 г. сітуацыя змянілася на карысць сялян, якія спрабавалі зрабіць зямельны надзел „цэнтрам сваёй гаспадарчай актыўнасці" (358). Праведзены Дзіянай Зіберт аналіз статыстыч ных дадзеных пераканаўча сведчыць, што менавіта прысядзібныя надзелы з'яўляліся больш прадукцыйнымі, чым калгасныя палі.

У заключным раздзеле („Fazit", s. 368—373) падведзены вынікі навуковага пошуку. Варта адзначыць вельмі змястоўны дадатак да працы („Anhang", s. 374—414). Тут аўтарка палічыла патрэбным даць шматлікія важныя звесткі пра меры масы і вагі, гадавы каляндар беларусаў, тэрміналагічны гласарый, спіс кіраўнікоў беларускіх органаў улады на працягу 1917—1941 г., асабовы склад кіруючых партыйных органаў БССР, адміністрацыйна-тэрытарыяльныя змены з 1920 да 1939 г., спіс скарачэнняў, пералік 54 табліц, 11 картаў і 4 дыяграмаў, а таксама двух фотамалюнкаў.

Даследаванне Дзіяны Зіберт можна лічыць выдатным узорам нетрадыцыйнага разгляду супярэчлівых пытанняў беларускай гісторыі. Нам падаецца, што без уліку гэтай змястоўнай працы Дзіяны Зіберт сучасная беларуская гістарыяграфія сялянства не зможа абыходзіцца.

Сяргей Новікаў
Менск

зьмест