L'architetto Gian Maria Bernardoni sj tra l'Italia e le terre dell'Europa centro-orientale / A cura di Sante Graciotti e Jerzy Kowalczyk. Roma: Editrice «il calamo», 1999. 182.

Зборнік навуковых артыкулаў, выпушчаны ў свет рымскім выдавецтвам «il calamo» пад эгідаю фундацыі Джорджа Чыні, прысвячаецца аднаму з выдатных італьянскіх архітэктараў, які стаяў ля вытокаў нацыянальнага беларускага дойлідства. Джан Марыя Бернардоні належаў да Ордэна езуітаў, велізарнае значэнне якога для айчыннай культуры даўно і адпаведным чынам ацэненае ў працах замежных даследчыкаў. Пакрысе, у выніку даследаванняў апошніх гадоў, пачала вызваляцца ад старых ідэалагічных стэрэатыпаў і беларуская навука. Фармаванню новага погляду на ролю езуітаў у мастацкім працэсе Беларусі, несумненна, будзе садзейнічаць і кніга пра жыццё і творчасць Бернардоні.

Складаецца зборнік з дзвюх частак: уводнай, з артыкуламі пра Бернардоні і ягоныя творы, і дакументальнай, з рэпрадукцыяй і апісаннем «кодэкса Бернардоні» — альбома архітэктурных малюнкаў, праектаў і эскізаў, копіяў з заходнееўрапейскіх трактатаў па дойлідству другой паловы ХVI ст., якія былі зробленыя самім майстрам і ягонымі наступнікамі. У канцы дадаецца бібліяграфія, іменны паказальнік, а таксама індэкс геаграфічных аб'ектаў і архітэктурных помнікаў. Распачына ецца кніга прадмоваю і ўступам.

У прадмове выдатны італьянскі славіст Сантэ Грачыёці, прафесар рымскага універсітэта «La Sapienza» і галоўны рэдактар часопіса «Ricerche slavistiche» («Славянскія даследаванні»), вядомы шэрагам працаў, пераважна ў галіне паланістыкі, спыняецца на гісторыі зборніка, знаёміць з яго аўтарамі і зместам. Ідэя публікацыі «кодэкса Бернардоні» і даследаванняў пра яго нарадзілася пад час канферэнцыі «Італія — ад Падуі да Рыма — у еўрапейскім навіцыяце Беларусі», арганізаванай фундацыяй Джорджа Чыні 21/22 кастрычніка 1992 г. у Венецыі. За дзень да гэтай падзеі — 20 кастрычніка — у Падуі з удзелам беларускага міністра замежных справаў Пятра Краўчанкі адбылося афіцыйнае ўшанаванне беларускага выпускніка Падуанскага універсітэта Францішка Скарыны. На канферэнцыі ў Венецыі сярод іншых прагучаў і даклад беларускага гісторыка Георгія Галенчанкі «Новая архіўная знаходка» — пра адкрыццё ў Нацыянальнай бібліятэцы Ўкраіны (Кіеў) «кодэкса Бернардоні». Паведамленне выклікала цікавасць у прысутных італьянскіх і польскіх навукоўцаў і было выказанае пажаданне публікацыі кодэкса. Пазней намер канкрэтызоўваўся на сустрэчах у Мінску, Варшаве і Венецыі, ператвараючыся ў праект, да якога паступова далучаліся новыя спецыялісты, і нарэшце матэрыялізаваўся ў адмысловым выданні. Апрача прэзентацыі аўтараў, у прадмове адзначаныя таксама жывое зацікаўленне ў рэалізацыі праекта і спрыянне з боку мастацтвазнаўцы, калекцыяне ра і мецэната графа Анджэя Цеханавецкага.

Мастацтвазнавец Ежы Кавальчык, прафесар варшаўскага універсітэта, спецыяліст у галіне польска-італьянскіх мастацкіх сувязяў эпохі Адраджэння і Барока, ва ўступе знаёміць з самім Бернардоні, асвятляючы галоўныя моманты яго біяграфіі і даючы агульную характарысты ку творчасці. Джан Марыя Бернардоні, «просты, бедны муляр з вёскі ў ваколіцах Кома», які «дзякуючы дасведчанасці ў рамястве, асабістым талентам, жаданню вучыцца і працы над трактатамі па тэорыі архітэктуры дасягнуў прафесіянальнай здольнасці рабіць аўтаномныя архітэктурныя праекты» (P. XI). Каля 20 гадоў (1564—1583) ён удзельнічаў у рэалізацыі праектаў у Рыме, Неапалі, на Сардыніі побач са знакамітымі езуіцкімі архітэктарамі Джавані Трыстана, Джавані дэ Розіс і Віньёлем. У Ордэне ён знайшоў спрыяльныя ўмовы для развіцця сваіх здольнасцяў. Маючы 42 гады, у ліку першых езуіцкіх архітэктараў быў накіраваны ў польскую правінцыю Ордэна, якая адміністрацыйна ўлучала і беларускую тэрыторыю. З канца 1583 г. і аж да самай смерці ў 1605 г. архітэктар працаваў на землях Польшчы і Беларусі. Для прафесійнага сталення мастака былі вельмі важныя 13 гадоў (1586—1598), праведзеныя ў Нясвіжы на службе ў князя Мікалая Крыштапа Радзівіла Сіроткі. Пасля пераходу з кальвінізму ў каталіцтва князь стаў гарачым пашыральнікам пост-трыдэнцкай ідэалогіі і фундатарам шматлікіх касцёлаў. Найбольш велічныя з фундаваных ім пабудоваў — нясвіжскі езуіцкі калегіюм і касцёл Божага Цела. Будаўнічая актыўнасць Радзівіла была натхнёная ягонай велізарнай адукаванасцю і архітэктурнымі зацікаўленнямі: у час сваёй пілігрымкі ў Святую Зямлю ён вывучаў і нават рабіў абмеры архітэктурных шэдэўраў Старажытнасці. Арыгінальныя мастацкія ідэі князя былі адаптаваныя і ўвасобленыя ў праектах Бернардоні. Дойлід карыстаўся таксама багатай бібліятэкай свайго патрона, дзе не бракавала і трактатаў па архітэктуры. Відаць, невыпадкова менавіта ў Нясвіжы і быў створаны «кодэкс Бернардоні», які служыў дапаможнікам для навучання мясцовых майстроў. Архітэктурныя рэалізацыі Бернардоні — адзначае Ежы Кавальчык, — характарызуюцца навізною прасторавай кампазіцыі, якая палягала ў восевым размяшчэнні храма адносна ўсяго канвентуальнага комплексу (як у езуіцкім калегіюме ў Калішы і нясвіжскім кляштары бенедыктынак). Па-новаму арганізоўвалася і ўнутраная прастора храмаў. На ўзор рымскага касцёла Дэль Джэзу ён ураўняў вышыню і шырыню прэзбітэрыя з галоўным нефам, да якога па баках дадаў лоджыі над капліцамі (езуіцкія касцёлы ў Калішы і Нясвіжы). У адпаведнасці з «Інструкцыямі» Карла Барамея гэткая форма касцёла забяспечвала лепшую бачнасць вялікага алтара з табернакулюмам. Наватарства Бернардоні выявілася і ў кампазіцыі фасада нясвіжскага касцёла Божага Цела, які ёсць першым творам Барока не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Аднак у сваіх праектах мастак абапіраўся таксама на мясцовую традыцыю: у некаторых яго касцёлах можна заўважыць паралелі з цэрквамі — ужыванне ў архітэктурным комплексе трыабсідальных формаў і нават бакавых капліц, якія нагадваюць «крылы» ўсходніх храмаў. На некаторых малюнках архітэктара змешчаныя дыдаскаліі на польскай і беларускай мовах. На падставе гэтага — лічыць Кавальчык, — кодэкс трэба аднесці да агульнай італьянска-польска-беларускай культурнай спадчыны. Бернардоні паходзіў з краіны, дзе ўжо сталі цаніцца людзі мастацтва. У Польшчы, куды ён патрапіў перад прыездам у Беларусь, больш павагі выклікалі становішча і радавітасць. Таму канфлікт, які меў мастак з рэктарам Люблінскага езуіцкага калегіюма Станіславам Варшавіцкім, набыў знакавы характар. Суперыёр патрабаваў ад яго самому ўзяць кельму ў рукі і паказаць прыклад мулярам, і гэта выклікала абурэнне архітэктара, які з годнасцю адказаў, што яго задача — ствараць праекты.

Артыкул Лідзіі Сальвучы Інсалера, знаўцы езуіцкага мастацтва і дацэнта гісторыі мастацтва ў папскім Грыгарыянскім універсітэце (Рым), прысвечаны італьянскаму перыяду дзейнасці Бернардоні. Пералічыў шы ў храналагічным парадку ранейшыя публікацыі па праблеме польскіх і італьянскага навукоўцаў (Станіслава Тамковіча, Юзафа Лепярчыка, Яна Паплатка і Ежы Пашэнды, П'етра Пірры), даследчыца звяртаецца да архіўных крыніц, перад усім, да фонду П'етра Пірры ў Рымскім архіве Таварыства Езуса1. На падставе крыніц яна рэканструюе жыццёвы шлях мастака і працэс яго творчага выхавання. Джан (Джавані, Джован) Марыя Бернардоні нарадзіўся ў адным з прыходаў італьянскага біскупства Кома. Да прыходу ў Ордэн найверагодней працаваў мулярам. 19 студзеня 1564 г. ён звярнуўся з просьбаю прыняць яго ў рымскі навіцыят Таварыства Езуса і, склаўшы першы іспыт, быў залічаны. Згодна з вопісам, апрача іншага юнак прынёс з сабою некалькі кніжак духовага зместу, што дазволіла пазней П.Пірры канстатаваць яго імкненне да рэлігійнага ўдасканалення. Пэўная дасведчанасць у рамястве неўзабаве дазволіла Бернардоні вылучыцца як майстру ў мулярстве, а потым паспрабаваць сябе ў якасці праектавальніка і тэарэтыка архітэкту ры. Вялікую ролю ў ягоным творчым росце адыгралі вядомыя архітэктары таго часу Джавані Трыстана і Якопа Бароцы, званы Віньёлем, а таксама знакаміты езуіцкі матэматык Крыстафора Клавіё. Паступіўшы да езуітаў, Бернардоні стаў вучнем і супрацоўнікам галоўнага езуіцкага дойліда Джавані Трыстана, які разам з іспанцам Барталомэ дэ Бустамэнтэ паклаў пачатак архітэктурнай школе Ордэна. Трыстана першы атрымаў пасаду «consiliarius aedificorum» (дарадцы будаўнічых), абавязкам якога было даваць для генерала Ордэна ацэнку ўсіх праектаў, якія паступалі для зацвярджэння ў Рым. Дапамагаў яму ў гэтым ордэнскі матэматык, якім у той час, хутчэй за ўсё, быў Крыстафора Клавіё. З ім Бернардоні падтрымліваў перапіску да канца жыцця. Мастак амаль напэўна працаваў з Трыстана пад час пабудовы касцёла Дэль Джэзу ў Рыме ў 1564-1571 г. У Італіі кар'ера Бернардоні выглядала гэткім чынам. Пачынаў ён працаваць на будоўлях Ордэна ў якасці «faber murarius» (рамеснік муляр) у Рыме, але пазней таксама выязджаў на місіі ў іншыя італьянскія гарады — Мілан, Фларэнцыю, Абруццо. Потым, у 1573—1577 г., ён быў накіраваны ў Неапальскую правінцыю, дзе ўжо выконваў функцыі кіраўніка будоўляў. У прыватнасці, ён мог курыраваць будаўніцтва касцёла Джэзу Вэкк'ё ў Неапалі. З канца 1577 да 1582 г. займаўся рэалізацыяй ордэнскіх праектаў на Сардыніі ў Кальяры, Сасары і Бузакэ, а таксама спрабаваў сябе ў праектаванні. У той час ён ужо быў знаёмы з творамі Віньёлі. 25 ліпеня 1583 г. Бернардоні ўрачыста склаў ордэнскія шлюбы і неўзабаве быў накіраваны ў польскую правінцыю.

Ежы Пашэнда, польскі езуіт і гісторык мастацтва, добра вядомы беларускім мастацтвазнаўцам сваімі працамі па архітэктуры касцёлаў і калегіюмаў Ордэна на тэрыторыі польскай правінцыі. Яго артыкул на падставе архіўных крыніц асвятляе жыццё Бернардоні пасля прыезду ў правінцыю, дзе ён апынуўся ў канцы 1583 г. Планы разбудовы Ордэна ў Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім патрабавалі наяўнасці дасведчаных архітэктараў. І таму польскі правінцыял Францішак Суньер доўгі час атакаваў лістамі генерала Ордэна. Нарэшце ў 1575 г. быў прысланы Джузэпэ Брыц'ё, а за ім — Бернардоні. Апошні, відаць, ужо ад пачатку быў прызначаны ў Нясвіж, але польскія езуіты вырашылі скарыстаць з яго знаходжання ў Кароне. Рэктар Люблінскага калегіюма ўсяляк затрымліваў ад'езд Бернардоні да Радзівіла, нават насуперак прамому загаду правінцыяла. У Польшчы архітэктар браў удзел у праектаванні і пабудове Пазнанскага, Люблінскага і Калішскага калегіюмаў. У Нясвіж ён прыбыў у канцы 1586 г. і адразу ж уключыўся ў рэалізацыю велічных планаў Радзівіла. У 1586 г. ён браў удзел у карэктаванні дасланага з Рыму праекта нясвіжскага езуіцкага калегіюма і сам праектаваў касцёл Божага Цела. У праектаванні купала яму, відаць, дапамагаў Брыц'ё. Касцёл будаваўся ў 1586—1593 г., калегіюм у 1586—1588 і 1593—1599 г. Бернардоні, безумоўна, спрычыніўся і да праектавання іншых, фундаваных Радзівілам будынкаў. За час знаходжання ў Нясвіжы дойлід паспеў падрыхтаваць таленавітага вучня і наступніка Яна Франкевіча з Менску, які, верагодна, праектаваў калегіюмы ў Ломжы і Крожах, а таксама касцёл св.Казіміра ў Вільні. У 1599 г. Бернардоні на загад правінцыяла мусіў перабрацца ў Кракаў, каб замяніць пераведзенага ў Маравію Джузэпэ Брыц'ё. У Кракаве ён кіраваў будаўніцтвам спраектаванага Брыц'ё езуіцкага касцёла, а таксама стварыў праекты парафіяльнага касцёла ў Зебжыдовіцах і францішканскага канвента ў Кальварыі Зебжыдоўскай.

Тадэуш Бернатовіч, польскі даследчык, навуковая дзейнасць якога шчыльна звязаная з Беларуссю і які займаецца мастацтвам эпохі мецэнацтва Радзівілаў на землях ВКЛ, у сваім аглядзе мастацкай спадчыны Бернардоні ў «Нясвіжскім княстве» апісвае гісторыю рэалізацыі праектаў дойліда ў Беларусі і дае іх эстэтычную характарыстыку. Архітэктурны талент Бернардоні ва ўсёй велічы разгарнуўся ў Нясвіжы, дзе ён спраектаваў шэсць сакральных каталіцкіх будынкаў: тры канвентуаль ныя комплексы — езуітаў, бернардынаў і бенедыктынак, а таксама шпіталь з капліцаю Святога Духа, капліцу св.Лазара ў прыгарадзе і капліцу св.Рафала за межамі горада на Анёльскай Гары. Апошняя мела гексаганальную ў плане форму і была першым храмам такога роду ў Рэчы Паспалітай. Будавалася згодна з абетам, дадзеным князем у Святой Зямлі, і ўсяго за дзесяць дзён. Апрача гэтых шасці будынкаў Бернардоні мог спраектаваць касцёл св.Пятра і Паўла ў Новым Свержані, а таксама касцёл св.Мікалая ў Міры. Усе рэалізаваныя праекты зрабілі вялікі ўплыў на развіццё архітэктурнай думкі і на фармаванне архітэктурнага ландшафту ВКЛ.

Беларускія даследчыкі Тамара Габрусь і Георгі Галенчанка добра вядомыя навуковай грамадскасці шэрагам грунтоўных прац. Іх публікацыі пра Бернардоні фактычна адкрылі мастака для беларускай навукі. Мастацтвазнаўца Тамара Габрусь разглядае ў сваім артыкуле тыя архітэктурныя помнікі Беларусі, якія знайшлі адлюстраванне ў «кодэксе Бернардоні», і характарызуе іх у кантэксце ўсёй беларускай архітэктуры. Яна аналізуе выявы першага касцёла ў Нясвіжы, касцёлаў у Клецку і Горадні, нясвіжскага касцёла і калегіюма езуітаў, палаца і замка Радзівілаў, рады і семінарыі горада Нясвіжа, вілы ў Альбе.

Гісторык Георгі Галенчанка дае агульнае апісанне «альбома Бернардоні», які ён наноў адкрыў у 1984 г. пад час знаёмства з фондамі Аддзела рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі Ўкраіны імя В.Вернадскага (сігнатура 721/589 S). Матэрыялы былі пададзеныя для мастацкага аналізу Тамары Габрусь, і ў 1990 г. выйшлі першыя публікацыі, прысвечаныя альбому. Апісваецца вонкавы выгляд рукапіса: памер, папера, вокладка ды інш. На падставе дэталёвага аналізу філіграняў і зместу рукапіса робіцца важная выснова пра час яго паўстання. Альбом складаўся ў 90-х г., максімум — у другой палове апошняга дзесяцігоддзя ХVI ст. і на пачатку ХVII ст. Падрабязна разглядаецца гісторыя рукапіса.

Польскі мастацтвазнавец Ежы Кавальчык апісвае «альбом Бернардоні» з мастацкага пункту гледжання. Кодэкс мае 72 нумараваныя аркушы. 128 ягоных старонак запоўненыя 149 малюнкамі. З іх толькі 40 малюнкаў з'яўляюцца эскізамі і праектамі трох ці чатырох аўтараў, найперш Бернардоні. 105 выяваў — гэта перамалёўкі з архітэктурных трактатаў трох італьянскіх аўтараў — Себасцяна Сэрліё, Якопа Бароцы дэ Віньёлі, Андрэа Паладыё, а таксама швэйцарца Ганса Блюма. Паходжанне астатніх чатырох малюнкаў нявызначанае. Малюнкі ўяўляюць з сябе дакладныя копіі, зробленыя пераважна даволі дасведчанай рукой, несумненна, Бернардоні. Малюнкі рабіліся спачатку алоўкам, а потым даводзіліся тушшу. Выкарыстоўваліся пяро, лінейка і цыркуль. Копіі рабіліся ў маштабе 1:1, за выняткам копіяў з трактатаў Віньёлі. Мастак творча падыходзіў да капіявання, прапускаючы неістотныя элементы. Для копіяў маглі выкарыстоўвацца творы з бібліятэкі Радзівіла і прывезеныя Бернардоні з сабою.

Да ўсіх артыкулаў зборніка дададзеныя ілюстрацыі, змешчаныя асобна ў канцы яго першай часткі. Другую частку складае каталог малюнкаў «кодэкса Бернардоні». Апісанне ўсіх малюнкаў з падрабязнымі тлумачэннямі і каментарамі зроблена Ежы Кавальчыкам, іх рэпрадукцыя — Георгіем Галенчанкам.

Алесь Жлутка
Менск

зьмест