Чарговая кніга Метрыкі ВКЛ

Пасля шматгадовага перапынку ў Беларусі, нарэшце, была апублікавана чарговая, 28-я, кніга Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага і далей1 — вялікага комплексу каштоўных крыніц па гісторыі Беларусі і Літвы, а таксама суседніх краін XV—XVIII ст., што ўтварыўся пераважна ў працэсе дзейнасці канцылярыі вялікіх князёў літоўскіх. Фонд захоўваецца, як вядома, у Маскве ў Расійскім архіве старажытных актаў.

Гэтую кнігу супрацоўнік аддзела спецыяльных гістарычных навук Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Валеры Мянжынскі рыхтаваў да публікацыі амаль дзесяць гадоў. Яна была рэкамендаваная да друку, але з-за адсутнасці неабходнага фінансавання справа яе выдання за кошт дзяржаўных сродкаў аказалася безнадзей най. Праблему вырашыла малавядомае выдавецтва «Athenaeum» на чале з Алегам Дзярновічам. На вялікі жаль, істотная роля Інстытута гісторыі ў арганізацыі падрыхтоўкі кнігі да друку па незразумелых прычынах адзначана не на тытульнай старонцы публікацыі, а толькі на яе адвароце. Замест яго на тытульнай старонцы толькі надпіс «Athenaeum».

Шмат у чым кніга адпавядае вядомым метадычным рэкаменда цыям Ганны Харашкевіч і Сяргея Каштанава 2, а таксама археаграфічным традыцыям падобных публікацый апошняга дзесяцігоддзя, што склаліся пераважна ў Літоўскай Рэспубліцы. За гэты час літоўскія гісторыкі падрыхтавалі і выдалі на добрым навуковым і паліграфічным узроўні дванаццаць кніг Метрыкі ВКЛ3. Але разгляданая публікацыя мае свае як станоўчыя, так і адмоўныя рысы і якасці. Спынімся на асноўных з іх.

Адной з аргументаваных прынцыповых перамен археаграфічнай традыцыі з'яўляецца змена назвы міжнароднай серыі публікацый кніг вядомага каштоўнага фонду гістарычных крыніц. У адрозненне ад літоўскіх публікацый пад назвай «Літоўская Метрыка» беларуская публікацыя мае сапраўды навуковую назву: «Метрыка Вялікага Княства Літоўскага». Пра недакладнасць традыцыйнай назвы гэтага фонду «Літоўская Метрыка» і неабходнасць яе замены на «Метрыка ВКЛ» мы пісалі ўжо даўно4.

Публікацыя пачынаецца даволі сціслымі «Ўводзінамі» на мовах беларускай (с. 5—11), рускай (12—18), а таксама англійскай (19—24) і літоўскай (25—26). У іх коратка апісваюцца арыгінал кнігі, палеаграфія рукапісу, прынцыпы транслітарацыі тэксту, структура публікацыі ў цэлым і навукова-даведачнага апарату ў прыватнасці. Характарызуючы апошні, Мянжынскі грунтоўна асвятляе прынцыпы складання імяннога, геаграфічнага і прадметнага паказальнікаў да публікацыі. Звяртае на сябе ўвагу імкненне аўтара геаграфічнага паказальніка ўпершыню ў пэўнай ступені выкарыстаць нашы рэкамендацыі наконт павышэння інфармацыйнасці такіх паказальнікаў (с. 9—10), якія істотна адрозніва юцца ад традыцыйных.

Ва «Ўводзінах» таксама аргументуюцца ўключэнне ў публікацыю прадметнага паказальніка і слоўніка незразумелых слоў, якія складзены Ўладзімірам Свяжынскім; сцісла раскрываюцца прынцыпы іх стварэння.

«Уводзіны» заканчваюцца бясспрэчным тэзісам аб вялікай каштоўнасці публікуемых крыніц для высвятлення многіх бакоў асноўных пытанняў развіцця ВКЛ у 1522—1551 г. (дарэчы, без малакарыснай тут спробы гэта рабіць), а разам з тым зямель сучасных Беларусі (па падліках аўтара, 70 крыніц, або 43,5% з 161), Літвы (50, або 31,1%), Украіны (24, або 14,9%) і іншых суседніх краін.

Тэксту кнігі папярэднічаюць восем чытэльных ілюстрацый-рэп радукцый розных старонак арыгінала (28—35), якія даюць канкрэтнае ўяўленне пра мову і почырк рукапісу.

Далей надрукаваны тэкст рукапісу (36—206) у адпаведнасці з сучаснымі правіламі археаграфіі. Ён займае 171 старонку, або 54,8% аб'ёму гэтай публікацыі.

Пачынае тэкст арыгінальны «Реестр всих справ, в той Мэтрыце вписаныхъ» (36—47), які складае 7% аб'ёму 28-й кнігі Метрыкі ВКЛ.

Па меркаванні складальніка, у 28-й кнізе Метрыкі ВКЛ «фактычна 161 дакумент» (с. 6). Але ён, на нашу думку, памыляецца. Калі дадатковая нумарацыя да актаў № 9, 58, 59 і 94, якія з'яўляюцца рознымі заўвагамі пісараў да папярэдніх, мэтазгодная, то такі падыход да акта № 102.1, які ва ўсіх адносінах з'яўляецца самастойным, уяўляецца памылковым. Адносна ж акта № 115, які з'яўляецца пісарскай заўвагай да папярэдняга (№ 114), складальнік парушыў сваё ж слушнае правіла дадатковай нумарацыі: замест № 115.1 абазначана № 115. Калі ўлічыць гэтыя непаразуменні, то атрымаецца 156 самастойных дакументаў, а не 161.

Галоўная каштоўнасць публікацыі ў тым, што 28 кніга Метрыкі ВКЛ упершыню апублікавана цалкам. На наш погляд, менавіта такія комплексныя публікацыі крыніц ВКЛ у найбольшай ступені адпавядаюць сучасным патрэбам гістарычнай навукі. Падкрэслім і тое, што са 156 самастойных актаў упершыню надрукаваны 117 (273—275), або 75% усіх актаў, якія захаваліся ў рукапісе 28-й кнігі Метрыкі ВКЛ.

Варта звярнуць увагу на тое, што значная колькасць апублікава ных актаў (№ 40, 45—47, 54—55, 59, 66, 72, 76, 84, 87—89, 97, 103, 105—107, 112, 119, 120—128, 130—131, 133, 135, 137, 139—140, 144—146, 148, 156 і інш.) дае магчымасць канкрэтна высветліць многія істотныя бакі жыцця грамадства сярэднявечнай Беларусі.

Тэкст арыгінальнага рукапісу ў асноўным надрукаваны ў адпаведнасці з сучаснымі археаграфічнымі правіламі. Аднак, на жаль, сустракаецца і шмат археаграфічных недакладнасцяў і граматычных памылак аўтарскага і друкарскага паходжання, як заўважаных аўтарамі (гл. дадатак — Errata), так і незаўважаных імі. Абмяжуемся некалькімі прыкладамі.

У археаграфічным афармленні тытульнай старонкі рукапісу не пазначана вынасная літара («инших»), замест «инътрыликгованы» надрукавана «интроликгованы» (29 і 36). Правільныя «навеки» і «навечнасть» складальнікі ў Errata паправілі, як нам уяўляецца, на няправільныя «на веки» і «на вечнасть» (52, 122).

Прозвішчы князёў Друцкіх заўсёды пішуцца з вялікай літары, але ў публікацыі — з малой (54). У адным са сказаў акта № 9 памылкова не пастаўлены патрэбныя коскі (павінна быць: «прыслухали , и корчом наших,» (57). Уяўляецца таксама, што трэба было аформіць фразу так: «Жаловал […] Гринька Михайловича тымъ обычаемъ. Иж», а не інакш, як гэта зрабіў складальнік: «Гринька Михайловича. Тымъ обычаемъ, иж» (75). На той самай старонцы імя па бацьку князя К.І. Астрожскага памылкова надрукавана з малой літары: «ивановича». На наш погляд, «волости Руские» павінны пісацца з вялікай літары, а не з малой (98), бо гэта ўласная геаграфічная назва. Але «коруна Польская» традыцыйна, як і «Вялікае княства Літоўскае», па нормах сучаснай беларускай мовы пішацца з малой літары (112). Аднак, калі гэта краіна фігуруе як «Коруна» ў выразе «жида Корунного», на наша меркаванне, правільна гэта слова трэба пісаць з вялікай літары (113). Замест «за косы» ў акце № 66 павінна быць «закосы» (116). Відавочна, што «костел панны Марыи Шавдовский», як і «Менскі двор» або «замок», трэба пісаць з вялікай літары, а не малой (128).

Перапісчык, які рыхтаваў рукапіс да публікацыі, меў значна больш часу, чым мы, каб пазбегнуць адзначаных і неадзначаных намі археаграфічных і іншых памылак. Аднак з гэтай адной з асноўных сваіх задач ён справіўся, на жаль, не бездакорна.

Значную навуковую каштоўнасць мае вялікі навукова-даведачны апарат (207—276) дадзенай публікацыі. Ён займае 71 старонку, або 22,8% агульнага аб'ёму.

У «Спіс скарачэнняў» (207—209) уключаны як агульнапрынятыя, што зусім нерацыянальна (в. — век, вв. — века; г. — год; гг. — годы, гады; г. — город; г.д. — гэтак далей; г. зн. — гэта значыць; л. — лист; лл. — листы і інш.), так і арыгінальныя, але не заўсёды слушныя. Нам ўяўляецца, што розныя варыянты слова «бояре», як і іншых, можна абазначыць адным скарачэннем — адной літарай «б», а не сямю. Непатрэбным мы лічым і ўключэнне ў «Спіс скарачэнняў» геаграфічных скарачэнняў тыпу: «вилен. — виленский; вилен-ая — виленская; вилен-го — виленского; вилен-ой — виленской (-ом)» і да т. п., якія зразумелыя самі па сабе.

Вельмі дапаможа чытачам карыстацца публікацыяй «Імянны паказальнік» (210—220), які складае 15,5% аб'ёму навукова-даведачнага апарату і 3,5% аб'ёму ўсёй кнігі. Ён не выклікае істотных заўваг, але некаторыя нашы пажаданні мы выкажам.

На жаль, Мянжынскі зусім не назваў крыніцы, што дапамаглі яму вызначыць тыя прозвішчы асобаў, якія ў публікаваных крыніцах не ўказаны (8). Нам уяўляецца, што ў дачыненні да жанчын было б больш рацыянальна прозвішча, імя па бацьку, імя мужа і дзявочыя адпаведнікі яго жонкі паказваць не дадатковымі тлумачэннямі («жена», «вдова»), а дэфісам: «Жеславская/Жославская Фёдоровая Ивановича-Зафея (Софья) Андреевна [Сангушко] …» (8—9, 213)5. На жаль, дзявочых прозвішчаў жонак, як і ў дадзеным выпадку, у іншых крыніцах аўтар паказальніка не шукаў. Неправамерна істотна адрозніваюцца сваёй нестандартнас цю тлумачэнні аўтара да некаторых гістарычных асобаў. Параўнайце, напрыклад: «Александр/Олександр»; «Александровая—Алена»; «Бона»; «Жикгимонт (Жигимонт Старый)»; «Жикгимонт Август/Жикгимонт Вторый (Жигимонт Август)». На наш погляд, у адрозненне ад археаграфічных традыцый пажадана, каб усе «першыя, асноўныя», археаграфічныя варыянты імяннога паказальніка былі пранумараваны. Гэта дало б магчымасць меркаваць аб колькасці асобаў, якія фігуруюць у 28-й кнізе Метрыкі ВКЛ. І, нарэшце, варта задаць аўтару пытанне: чаму ў кнізе на беларускай мове ўсе тлумачэнні адносна сацыяльнага статуса, тытула, пасады і іншых звестак пра асобаў даюцца толькі на рускай мове?

Істотнай традыцыйнай прыналежнасцю дадзенай публікацыі, як і іншых падобных, з'яўляецца «Геаграфічны паказальнік» (221—233), які складае 18,3% аб'ёму навукова-даведачнага апарату, або 4,2% аб'ёму ўсёй публікацыі.

Адрозна ад бальшыні традыцыйных геаграфічных паказальнікаў Валеры Мянжынскі паспрабаваў даць вельмі патрэбную сціслую інфармацыю пра цяперашні стан значнай колькасці населеных пунктаў, пераважна сучаснай Беларусі: тып, адміністрацыйнае значэнне, адміністрацыйна-тэрытарыяльная прыналежнасць, дзяржаўная прыналежнасць (10). Тым не менш, шэраг пазіцый геаграфічнага паказальніка выклікае, на жаль, шмат крытычных заўваг і пажаданняў. Вось некаторыя з іх.

Перш за ўсё не зусім зразумела, што аўтар лічыць «першым арфаграфічным варыянтам» назвы населенага пункта, калі, як правіла, іх некалькі. Як растлумачыць тое, што варыянты «Рша», «Рошский», «рошский», «Рошское» ва ўсіх чатырох крыніцах публікацыі сустракаюцца больш за дзесяць разоў, а варыянты «Орша», «Оршанский» — толькі некалькі разоў, але аўтар абраў «першым» варыянтам «Орша/Рша» (9, 229). Пры гэтым ім не вызначана, у якіх канкрэтна актах упамінаецца «Орша» або «Рша» і варыянты гэтых назваў, а таксама ім адпаведныя «бояре», «держава», «замок», «место» і «повет». Пашанцавала толькі «Оршаньскому замку» (229). Тое самае трэба сказаць і пра Чачэрск: асноўным варыянтам аўтар лічыць «Чичерск», хоць ён фігуруе толькі ў адным акце, а «Чечерск» — у двух. Адзначаныя побач «Чечерская вол.», «Чечерский д-ца» и «Чечерское м.» нібыта не маюць дачынення да «Чичерска» (233).

Не зусім адпавядаюць тэксту апублікаванай Метрыкі ВКЛ таксама пазіцыі дадзенага паказальніка, напрыклад, адносна Свіслачы. Насуперак паказальніку ў тэксце акта № 55 фігуруе «волость Свислоцкая», але ў ім яна адсутнічае; а ў тэксце акта № 66 ёсць «свислоцкие подданые», якіх аўтар не ўлічыў. «Замок Свислоцкой» (№ 55, 66, 89), на наш погляд, мэтазгодна было б, як і іншыя «свислоцкие» аб'екты, паказаць у асобнай пазіцыі, а не толькі ў асноўнай «Свислоч...».

На наш погляд, такой блытаніны можна пазбегнуць толькі тады, калі пры шматварыянтнасці назваў таго самага існуючага ідэнтыфіка ванага і лакалізаванага паселішча «асноўным варыянтам назвы» ў паказальніку будзе прынята сучасная назва адпаведнага населенага пункта6. Пазіцыі падобных паказальнікаў павінны, як мы мяркуем, выглядаць наступным чынам.

Менск гл. Мінск

МІНСК, г., ц. р-на і вобл., сталіца РБ

Менск 54, 145, 151

менские мещ. 144

менский д-ца 54

Менский зам. 144

Менский м-р 145

менский арх. 145

Менское м. 54, 141, 144

менское мыто 10, 144

Менскъ, м. 144

У дадзеным паказальніку сустракаюцца таксама відавочныя парушэнні алфавітнага парадку размяшчэння геаграфічных назваў: «Белица...», «Беламош...». Уяўляюцца таўталогіяй пазіцыі тыпу: «Бахаревичи — гл. Бахаревичи.»

На жаль, у геаграфічным паказальніку сустракаюцца словы, якія не маюць дачынення да геаграфічных аб'ектаў («борколабове», «боркулабы», №71).

Аўтар не змог ідэнтыфікаваць і лакалізаваць шмат населеных пунктаў, асабліва сельскіх, нават на сучаснай тэрыторыі Беларусі, што здзіўляе, бо ўражвае вялікі пералік у агульнай форме даведнікаў, якімі ён карыстаўся (10).

Амаль усе адзначаныя намі і іншыя недахопы гэтага геаграфічна га паказальніка можна праілюстраваць таксама на прыкладзе аналізу геаграфічнай наменклатуры нават аднаго акта (№139). Па-першае, невядома чаму аўтар паказальніка размясціў усе геаграфічныя аб'екты, што фігуруюць у ім, у Менскім павеце, бо ў гэтым акце ён не ўпамінаецца. Па-другое, у паказальніку не адзначаны ўсе аб'екты акта, што звязаны з назвамі паселішчаў: «беломошане», «гнедковцы», «рубежовцы», «хотовляны» і інш. Па-трэцяе, да «татари засульские» аўтар не знайшоў адпаведнага населенага пункта: Засулле, вёска, цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці Рэспублікі Беларусь. Па-чацвёртае, у паказальніку адлюстраваны не ўсе кантэкставыя формы назваў таго самага паселішча «Хотова»: «хотовляны», «именье Хотовское», а толькі «Хотава/Хатово...». Па-пятае, аўтар даў каментар толькі да ракі Сула: «приток Немана», а да іншых — не. Пры неабходнасці такі пералік можна працягваць.

Нам уяўляецца мэтазгоднай парадкавая нумарацыя ўсіх асноўных пазіцый ідэнтыфікаваных і лакалізаваных, а таксама неідэнтыфіка ваных і нелакалізаваных населеных пунктаў і іншых геаграфічных аб'ектаў, што фігуруюць у публікацыі. Каштоўным дапаможнікам для яе карыстальнікаў была б і падобная на нашу7 карта хоць бы ідэнтыфіка ваных і лакалізаваных паселішчаў і іншых важных геаграфічных аб'ектаў.

Зноў мы вымушаны адзначыць, што «Геаграфічны паказальнік» у беларускай кнізе складзены толькі на рускай мове.

Такім чынам, геаграфічны паказальнік сведчыць як пра пэўны прагрэс у гэтай складанай навуковай справе, так і пра нявыкарыста ныя магчымасці павышэння яго інфармацыйнасці і дакладнасці. Ён тут яшчэ наогул не стаў паказальнікам-каментаром у поўным сэнсе гэтага паняцця.

«Прадметны паказальнік» публікацыі (239—265), складзены Ўладзімірам Свяжынскім, уключае «ўсе знамянальныя словы», што сапраўды дапамагаюць шукаць у ёй неабходны гістарычны матэрыял (10). Такія словы склалі самую вялікую структурную частку навукова-даведачнага апарату (45,1%) і 10,3% аб'ёму ўсёй публікацыі. Аднак адзначым (без дэталёвага аналізу), што паказальнік мае, у прыватнасці, пропускі. Напрыклад, у ім няма тэрміна «закосное» (№ 66), у адрозненне ад аналагічных пазіцый тэрмін «место …» канкрэтна не раскрыты, і, больш за тое, «место» з акта №141 прапушчана.

Карысным будзе для некаторых чытачоў і кароткі «Слоўнік» незразумелых неспецыялісту слоў у публікацыі (266—270), які таксама склаў Свяжынскі. На жаль, у публікацыі не названы слоўнікі, што служылі як крытэрыем адбору адпаведных слоў, так і асновай для іх перакладу на беларускую мову. «Уводзіны» абмежаваліся толькі некаторымі агульнымі разважаннямі на гэты конт (11). Відавочна, адсутнасць адпаведных жорсткіх прынцыповых крытэрыяў абумовіла ўвядзенне ў «Слоўнік» і слоў («Безменья», «Быдло», «Гута» і г. д.), зразумелых усім адукаваным чытачам або ўключаных у масавыя тлумачальныя слоўнікі беларускай літаратурнай мовы8.

Ёсць у публікацыі некалькі карысных даведачных табліц і «Спіс ілюстрацый» (271—275).

«Змест» — на англійскай, літоўскай (з кароткімі загалоўкамі), рускай (з небездакорнымі аўтарскімі — Свяжынскага — загалоўкамі ўсіх актаў, с. 279—294) і беларускай (з таксама небездакорнымі аўтарскімі загалоўкамі ўсіх актаў, 295—309) мовах (277—310). Напрыклад, у аўтарскім загалоўку акта № 139 ніяк не адлюстравана, у прыватнасці, наяўнасць у гэтым «листе»—пацвярджэнні Жыгімонта Аўгуста ад 20 лістапада 1551 г. копій двух ранейшых «листов» ад 4 лістапада 1547 г. і 14 ліпеня 1549 г., а таксама шэрагу іншых маёнткаў, акрамя «Суховерховщины». Да таго ж гэтыя, устаўныя, лісты «слово от слова» ў публікацыі не ўзяты ў двукоссі.

Такім чынам, публікацыя 28-й кнігі Метрыкі ВКЛ завяршыла працяглую і складаную працу па яе падрыхтоўцы да друку. Усе, хто цікавіцца гісторыяй ВКЛ, атрымалі чарговую кнігу Метрыкі ВКЛ, выдадзеную на належным навуковым і паліграфічным узроўні. Віншуем усіх, хто спрычыніўся да яе публікацыі, асабліва Валерыя Мянжынска га, з відавочным навуковым дасягненнем і жадаем хутчэйшай і бездакорнай ва ўсіх адносінах публікацыі чарговай кнігі каштоўнага архіўнага фонду.

Міхаіл Спірыдонаў
Менск


1 Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. Кн. 28: Кн. запісаў 28 (1522—1552 гг.) / Падрыхт. тэкстаў да друку і навук. апарат: В. Мянжынскі, У. Свяжынскі. Менск: Athenaeum, 2000. — 312 с.: іл. 8 (Калекцыя «Помнікі». Т. 1).
2
Методические рекомендации по изданию и описанию Литовской метрики / Сост. А.Л. Хорошкевич, С.М. Каштанов. Вильнюс, 1985.
3
Литовская Метрика. Кн. 1: Кн. записей 1 (1380—1584) / Подгот. А. Балюлис, Р. Фирковичюс. Вильнюс, 1998; Литовская Метрика. Кн. 3: Кн. записей 3 (1440—1498) / Подгот. Л. Анужите, А. Балюлис. Вильнюс, 1998; Литовская Метрика. Кн. 5: Кн. записей 5 (1427—1506) / Подгот. Э. Банёнис. Вильнюс, 1994; Литовская Метрика. Кн. 8: Кн. записей 8 (1449—1514) / Подгот. А. Балюлис, Р. Фирковичюс, Д. Антанавичюс. Вильнюс, 1995; Литовская Метрика. Кн. 10: Кн. записей 10 (1440—1523) / Подгот. Э. Банёнис, А. Балюлис. Вильнюс, 1997; Литовская Метрика. Кн. 11: Кн. записей 11 (1518—1523) / Подгот. А. Дубонис. Вильнюс, 1997; Литовская Метрика. Кн. 25: Кн. записей 25 (1387—1546) / Подгот. Д. Антанавичюс, А. Балюлис. Вильнюс, 1998; Литовская Метрика. Кн. 224: Кн. судных дел 4 (1522—1530) / Подгот. С. Лазутка, И. Валиконите и др. Вильнюс, 1997; Литовская Метрика. Кн. 225: Кн. судных дел 6 (1528—1547) / Подгот. И. Валиконите, С. Лазутка и др. Вильнюс, 1995; Литовская Метрика. Кн. 227: Кн. судных дел 8 (1533—535) / Подгот. И. Валиконите, С. Лазутка, Н. Шлимене. Вильнюс, 1997; Литовская Метрика. Кн. 530: Кн. публичных дел 8 (1566—1572) / Подгот. Д. Баронас, Л. Ёвайша. Вильнюс, 1999; Литовская Метрика. Кн. 564: Кн. публичных дел 7 (1553—1567) / Подгот. А. Балюлис. Вильнюс, 1996.
4 Спірыдонаў М.Ф. Карысны дапаможнік па археаграфіі // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1980. № 5. С. 132—133. Рэц. на кн.: Ковальский Н.П. Источниковедение истории Украины (XVI — первая половина XVII в.). Ч. 1—3. Днепропетровск, 1977—1978; Яго ж. Архіўныя крыніцы па гісторыі Украіны // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1981. № 6. С. 136—138. Рэц. на кн.: Ковальский Н.П. Источниковедение истории Украины XVI — первой половины XVII в. Ч. 4—5. Днепропетровск, 1979.
5 Спиридонов М.Ф. Заславль в XVI в. Минск, 1998. С. 6, 12 і інш.
6 Спірыдонаў М. Узнаўленне публікацыі Метрыкі ВКЛ // Беларускі Гістарычны Агляд. 1996. Т. 3, сш. 2. С. 272 і інш. Рэц. на кн.: Литовская метрика. Кн. 225: Кн. судных дел 6 (1528—1547). Вильнюс, 1995; Ён жа. Метрика Великого княжества Литовского как источник по истории поселений // Lietuvos Metrika. 1991—1996 metu tyrinejimai. Vilnius, 1998. С. 121 і інш.
7 Спиридонов М.Ф. Населённые пункты Беларуси, упоминающиеся в 225-й книге Метрики ВКЛ. 1:3 670 000. Гл. у: Яго ж: Метрика Великого княжества Литовского как источник по истории поселений. Приложение 2 // Lietuvos Metrika, 1991—1996. Vilnius, 1998.
8 Гл., напр.: Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы: Больш за 65 тысяч слоў. Мінск, 1996.

зьмест