Інфлянцкія немцы ў Полацку ў сярэдзіне ХIII і пачатку ХIV ст.

Генадзь Сагановіч

У гістарычнай літаратуры даўно прынята лічыць, што трывалае ўваходжанне Полацка ў Вялікае Княства Літоўскае звязана з выгнаннем немцаў з горада ў пачатку ХIV ст. Сутнасць сюжэта наступная: прыкладна ў 1305 г. Полацк трапіў у залежнасць ад рыжскага арцыбіскупства, карыстаючыся чым у горад наехалі немцы і сталі актыўна ўводзіць каталіцтва, збудавалі касцёл. Гэта выклікала супраціў палачан, якія паўсталі і ў 1307 г. паклікалі на дапамогу літоўскага князя Віценя, з чыёй дапамогаю і выгналі немцаў са сваёй зямлі, а касцёл разбурылі. У выніку ў горадзе быў пасаджаны Віценеў сын Воін, і Полацк апынуўся пад уладаю літоўскага князя.

Пры невялікіх адрозненнях гэтая версія сягае да Мікалая Карамзіна 1, Васіля Данілевіча 2, потым сустракаецца ў Уладзіміра Пашуты3 і ў іншых аўтараў. У Беларусі ў той жа форме яе прыводзіў Сцяпан Шчарбакоў 4. Пры нязначных асаблівасцях інтэрпрэтацыі гэтая самая версія ўвайшла ў навукова-папулярную літаратуру 5 і амаль ва ўсе падручнікі па гісторыі Беларусі 6. Прымаецца яна і сучаснымі беларускімі гісторыкамі. Прыкладам, Вячаслаў Насевіч, спасылаючыся на познія беларуска-літоўскія летапісы, згадвае, «быццам апошні самастойны полацкі князь завяшчаў уладанні рыжскаму арцыбіскупу, пасля чаго ў горадзе пачалося засілле каталіцкіх ксяндзоў і нямецкіх купцоў з Рыгі. Полацкае баярства звярнулася па падтрымку да Віценя, які і выбіў рыжан з Полацка (верагодная дата — 1307 г.)», што прывяло да канчатковага далучэння Полацка да ВКЛ7.

Зноў жа ў літаратуры прынята лічыць, што страта Полацка ў 1307 г. выклікала незадавальненне рымскага папы Клеменса V. Па скарзе рыжскага арцыбіскупства дайшло да вялікага працэсу, распачатага Рымам супраць Нямецкага ордэна, у дакументах якога ўсплыло многа некарысных для рыцарскай дзяржавы фактаў, у тым ліку пра падзеі ў Полацку.

Між тым, у айчыннай гісторыі ёсць намнога ранейшы эпізод нямецкай прысутнасці ў Полацку, пра які быццам забылася айчынная гістарыяграфія, і звязаны ён таксама з літоўскім князем. Як вядома, першым літоўскім князем на полацкім стале лічыцца Таўцівіл, аднак вакол даты і акалічнасцяў яго ўкняжання яшчэ далёка не ўсё ясна8.

Пасля хронікі Генрыха Латыша, у якой так шмат гаворыцца пра полацкага князя, Полацк надоўга быццам знікае ў цемры гісторыі. Вызначаючы час яго магчымага падпарадкавання літоўскім князям, даследчыкі даўно не бяруць пад увагу легендарныя летапісныя аповесці пра Мінгайлу і Гінгвіла, а звяртаюцца да Іпацеўскага летапісу, у якім пад 1252 г. (6760) паведамляецца пра разлад у Літве, калі Міндоўг «изгна сыновца своего Тевтивила и Едивила, пославшю ему на войну ею съ вуем своимъ со Выконтом, на Русь, воевать ко Смоленску» 9. Згодна з летапісным сюжэтам, накіраваўшы пляменнікаў да Смаленска, Міндоўг захапіў іх землі, каб стаць адзіным уладаром.

Знаўца полацкай гісторыі Васіль Данілевіч лічыў, што да гэтых падзей літоўскі князь ужо сядзеў у Полацку. Таўцівіл, даводзіў ён, авалодаў Полацкам паміж 1239 і 1246 г. Гэта цалкам магчыма, аднак аргументацыя Данілевіча тут непераканаўчая. Калі 1239 годам датуецца апошняя згадка пра Брачыслава ў Полацку, піша ён, а ў 1246 г. Брачыславаў зяць Аляксандр Неўскі, заязжджаючы да сваякоў на Дзвіну, абмежаваўся толькі наведваннем Віцебска, то, маўляў, гэта значыць, што Васількавічы ўжо пакінулі Полацк, і прычынай гэтага магло быць падпарадкаванне Полацка літоўскім князем10. Але нез'яўленне Аляксандра Неўскага ў Полацку зусім неабавязкова звязваць з прысутнасцю там літоўскага князя. І Генрых Пашкевіч пісаў, што Полацк мог быць у літоўскіх руках ужо ў 1239 г., аднак не прыводзіў сур'ёзных абгрунтаванняў свайму дапушчэнню 11. Не заглыбляючыся ў праблему, канстатуем відавочнае: князь Таўцівіл з'явіўся ў Полацку да яго выгнання адтуль Міндоўгам. Калі ж магло адбыцца апошняе?

Адказ на гэтае пытанне звязаны з дакладным датаваннем падзей, апісаных у Іпацеўскім летапісе. Міхайла Грушэўскі ў свой час прапанаваў даволі аргументаваную храналогію Галіцка-Валынскага летапісу, у якой разлад між літоўскімі князямі аднесены ім да 1248 г. Сапраўды, як паказаў патрыярх украінскай гістарыяграфіі, калі дата хрышчэння Міндоўга дакладна вядомая, і гэта 1251 г., то на ўсе апісаныя летапісцам папярэднія падзеі патрабавалася не менш за два гады; тады 1248 г. як час уцёку Міндоўгавых пляменнікаў выглядае найпраўдападобней 12. Гэтым годам датаваў пачатак кааліцыйнай барацьбы супраць Міндоўга і Генрых Лаўмяньскі 13.

Такая ўвага да часу першага ўкняжання Таўцівіла ў Полацку невыпадковая. Калі прызнаць, што да 1248 г. ён ужо сядзеў у Полацку, то з імем гэтага князя лёгка звяжуцца незвычайныя падзеі полацкай гісторыі.

З летапісу вядома, што ў вынiку канфлiкту пляменнікі Мiндоўга ўцяклі да князя Данілы Галіцкага, жанатага з іх сястрой, і атрымалі яго пратэкцыю. Даніла накіраваў Віканта да яцвягаў, жамойтаў і ў Рыгу, каб прасіў падтрымкі. Місія Віканта была паспяховай, і немцы паабяцалі дапамагчы Таўцівілу. У чаканні нямецкай падтрымкі ён сам хутка апынуўся ў Рызе, дзе, каб умацаваць саюз з немцамі, прыняў каталiцтва 14. Апрача Іпацеўскага летапісу хрышчэння Таўцівіла непасрэдна тычыцца вядомая була рымскага папы ад 15 верасня 1248 г., вакол адрасату якой даўно вядуцца спрэчкі.

Пасланне папы скiравана да «Alexandro illustri regi Nougardiae», і з тэксту яго вынiкае, што названы кароль Аляксандр выказаў рыжскаму бiскупу Мiкалаю жаданне быць па-сапраўднаму пакорным папу, i ў знак гэтага збудаваць у «сваiм горадзе Pleskow» лацiнскі кафедральны касцёл (In ipsius obedientiae signum affectans in Pleskow, Civitate tua, Latinorum ecclesiam erigere cathedralem)15.

Каму адрасавана була? Яшчэ ў рэгестах Дзяржаўнага Архiва Караляўца (цяпер Сакрэтны Дзяржаўны Архіў Прускае спадчыны ў Берліне) ў назве гэтага дакумента архівістам было пазначана, што пасланне адрасуецца князю Аляксандру Неўскаму. Магчыма, гэты запіс і схiляў некаторых даследчыкаў да прыняцця менавiта такой пазіцыі. Сярод іх быў і вядомы польскi літуаніст Генрых Лаўмяньскi, а з сучасных гісторыкаў да падобнай думкі схіляецца і літоўскі гісторык Эдвардас Гудавічус 16, які нядаўна ў манаграфіі пра Міндоўга зноў выказаўся, што меркаванне пра ўмацаванне Таўцівіла ў Полацку да ўнутранай вайны ў Літве і прыняцці ім каталіцтва непрымальнае 17.

Аднак нямецкiя гiсторыкi Альберт Аман і Міхаэль Таўбе яшчэ ў 1930-х г. дастаткова пераканаўча аспрэчылi гэтае меркаванне, выказаўшы цэлы шэраг сур'ёзных аргументаў супраць таго, што згаданая була адрасавалася князю Аляксандру Ўсеваладавічу 18. Па-першае, рымскi папа тады дакладна ведаў, куды пiсаць Аляксандру Неўскаму, бо папская була ад 22 студзеня 1248 г. адрасавалася дакладана: «nobili virо Alexandrо Dux Susdaliensis». Па-другое, Аляксандр Неўскi ў той час ад'ехаў у Арду, а вярнуўся толькi ў 1250 г., i пра гэта не мог не ведаць папскi легат Альберт Сюрбэер, што знаходзiўся тады ў Балтыйска -Дзвінскім рэгiёне. Па-трэцяе, Аляксандр Неўскi не быў «каралём» Ноўгарада, і згаданы Pleskow (цi Ploskow) не мог лічыцца «яго горадам». Урэшце, па-чацвёртае, була пасылалася асобе не проста лаяльнай, а выразна прыхільнай да лацінян. У гэтай сувязі Аляксандр Неўскі псiхалагiчна выключаецца з кола магчымых адрасатаў, бо ў кантэксце вядомых фактаў яго нецярпімасці немагчыма ўявіць, каб ён мог прасiць аб падпарадкаваннi Рыму.

Калі згадаем пра 1248 г. як час выгнання Таўцівіла з Полацка, то менавіта гэты князь падаецца самым верагодным адрасатам згаданай папскай булы, на што звярталі ўвагу А. Аман і М.Таўбэ. Сапраўды, у яго горадзе было праваслаўнае епіскапства, ён увайшоў тады ў саюз з лацінянамі, а імя Аляксандр мог атрымаць пры хрышчэннi ў Рызе (што, вядома ж, дапускаецца чыста гіпатэтычна).

Адмаўляючы такую магчымасць, Э.Гудавічус сцвярджае, што ў сярэднявечных крыніцах „Pleskowe" мусіла азначаць Пскоў, а не Полацк19. Назвы гэтых гарадоў у лацiнскiх i нiжненямецкiх тэкстах часта блыталiся, і Полацк фігураваў то як Ploskow, то як Pleskaw. Сапраўды, часцей назва Полацка пісалася як Ploscoviensis або Ploskow, а Пскоў — часцей як Pleskow, аднак у дачыненні да Полацка ў крыніцах ХIII — ХV ст. дастаткова многа разоў выкарыстоўваліся іншыя формы: так, у храніста Віганда Марбургскага гэта Poleskow i Pleskow20, у інфлянцкіх дакументах — Pleskovia21, у карэспандэнцыі Тэўтонскага ордэна сустракаецца Pleskau22, у ганзейскіх пасланнях можна спаткаць Ploskow, Ploskaw, Pleskouw23 і інш. Так што аргумент з назвай не пераканаўчы.

Такім чынам, можна дапускаць, што була папы Інакенція IV ад 15 верасня 1248 г. адрасавалася Таўцівілу, які паабяцаў заснаваць у Полацку каталiцкае бiскупства i збудаваць касцёл24. Вельмі верагодна, што менавіта гэтае абяцанае біскупства і касцёл дакументальна былі засведчаны ў адным з папскiх пасланняў 1254 г., у якім згадваецца «episcopatus Ruteniensis»25.

У 1255 г., калi пасля прызначэння Альберта Сюрбэера на месца памёрлага рыжскага арцыбiскупа Мiкалая спатрэбiлася вызначаць тэрыторыю распаўсюджвання яго кампетэнцыяў, папа Аляксандр IV пералiчыў бiскупствы рыжскай метраполii, якiя належыць падтрымлiваць, i сярод iншых дзевятым назваў бiскупства Rutheniensem26. Ці не Полацк тут маецца на ўвазе?

Сярод апублікаваных крыніц вядомыя прынамсі тры дакументы, якiя канкрэтна сведчаць пра гвалтоўную лiквiдацыю каталiцкага асяродка ў Полацку. Гэта скарга на Інфлянцкi ордэн з боку рыжскага арцыбiскупа Фрыдрыха ад 14 верасня 1305 г.27, падобная скарга папы Клеменса V у пасланнi ад 19 чэрвеня 1310 г.28 i паказанне з «вялiкага працэсу» супраць Ордэна ў 1312 г.29. У апошнім дакуменце ў 14-м пункце сёмага сведкi цыстэрыянскага святара Генрыха з Фолькенаў сярод іншага гаворыцца: «Калi кароль Полацка i яго падданыя былi навернутыя ў хрысцiянства, i мелiся бiскупы, i прэлаты, ды й iншыя духоўныя, згаданых падданых так прыгняталi браты Ордэна, што тыя паклiкалi на дапамогу паганых, якiя з'явiлiся, названых братоў каго прагналi, каго пабiлi, каго паланiлi, у вынiку чаго і ўспомнены кафедральны касцёл быў разбураны». Пра падобнае ж пiсаў у буле ад 19 чэрвеня 1310 г. рымскi папа, у якога таксама дакладна гаворыцца пра «Regnum Polochense». Згодна з ім рыцары Ордэна «Полацкае каралеўства, якое некалі полацкі кароль, не меўшы нашчадкаў, навярнуўшыся на веру Хрыстовую, ахвяраваў рыжскай кафедры для збавення сваёй душы, саступілі згаданым паганым не без страты вялікай колькасці верных. З той прычыны дзве прыгожыя кафедры, а менавіта ў Селоніі і ў Русі, што знаходзіліся ў названым каралеўстве, былі аддадзены поўнаму знішчэню...» 30. У скарзе арцыбiскупа Фрыдрыха фон Перштэйна вядзецца пра «сastrum Plozk», залежны ад арцыбiскупii, але страчаны немцамі на карысць паганых, як быў страчаны і Дынабург, прададзены за 300 марак. І ў іншых месцах Ордэну інкрымінуецца, што ён саступіў паганым (г.зн. літоўцам) «Полацкае каралеўства» 31.

Даследчыца полацкіх граматаў Ганна Харашкевіч у свой час пісала, што і пасланне рыжскага арцыбіскупа Фрыдрыха ад 14 верасня 1305 г., і папскае брэве ад 19 чэрвеня 1310 г. зусім не тычыліся Полацка32 . Спаслаўшыся на Аўгуста Серафіма, яна палічыла магчымым уважаць, што памежны замак, пра які вялося ў згаданых дакументах, ператварыўся ў горад Полацк пад пяром пракуратара Нямецкага ордэна, які апраўдваўся за страту памежных замкаў33. Аднак у дакументах шматкроць фігуруе менавіта «Полацкае каралеўства», якім ніяк не называлі б памежны замак, і «полацкі кароль». Так што на ўвазе меўся ўсё ж, думаю, горад Полацк.

Калі ўсё гэта магло адбывацца? Гістарыяграфічная традыцыя, якая адносіць выгнанне немцаў з Полацка да 1307 г., абапіраецца фактычна толькі на запіс Мацея Стрыйкоўскага, які цьмяна спасылаецца на нейкія «старыя рускія летапісы» 34. А ці можна дапускаць, што пералічаныя сведчанні тычацца падзей больш далёкіх, а не двух-трохгадовай даўнасці? Думаю, што для гэтага ёсць нават пэўныя падставы. У тэкстах размова вядзецца пра тое, што адбылося даўно. Прыкладам, папа Клеменс V згадвае полацкага караля, які «некалі», у сэнсе «калісь даўно» прыняў лацінскую веру і ахвяраваў свае ўладанні рыжскай кафедры. Зразумела, што адбывалася гэта ніяк не ў 1305 г., якім датавана і апеляцыя рыжскага арцыбіскупа, а намнога раней. Канкрэтным пацвярджэннем даўнасці справы можна лічыць фразу ў адказе ордэнскага пракуратара на скаргу арцыбіскупа: у 1306 г. ён напісаў, што, як і земгальскае біскупства, кафедра ў Полацку ужо «гадоў сто і болей» ва ўладзе русінаў35 .

Ясна, што справядлівае сумненне можа выклікаць не толькі прынятая ў літаратуры дата з'яўлення немцаў у Полацку, але і год іх выгнання. У сваёй спецыяльнай працы В.Данілевіч прыйшоў да высновы, што літоўскі князь, які прыняў каталіцтва і завяшчаў Полацк немцам, валодаў гэтым горадам «у другой палове ХIII ст., а хутчэй за ўсё ў яго трэцяй чвэрці»36 . Паўторана гэта шматкроць за ім у падручніках. Ведаем, што пасля смерці таго князя немцы авалодалі Полацкай зямлёй і ўзяліся пашыраць каталіцтва. Колькі ж гадоў гэта магло працягвацца, калі палачане быццам толькі ў 1307 г. паклікалі на дапамогу Віценя?

У гэтай сувязі дарэчы згадаць, што ў свой час і Генрых Лаўмяньскi, адмаўляючы пашыраную версiю аб кароткатэрмiновым заваяваннi Полацка iнфлянцкiмi немцамi ў пачатку ХIV ст., пісаў, што згаданае пасланне папы Клеменса V з 1310 г. нiяк нельга звязваць з часамi Вiценя37. А вопытная даследчыца Ганна Харашкевіч перыяд т.зв. «першай любові» паміж Полацкам і Рыгай адносіць да часоў, якія папярэднічалі 1304 г.38.

Калі цытаваныя вышэй дакументы пра ліквідацыю біскупства і касцёла ў Полацку тычацца не пачатку ХIV ст., а сярэдзіны — другой паловы ХIII ст., то першым жа паўстане справядлівае пытанне: чаму гэтыя сведчанні з'явiлiся з такім спазненнем? Хіба таму, што толькi тады дайшло да вострага канфлiкту памiж Ордэнам i апостальскай сталіцай. Палiтыка папаў, якiя iмкнуліся пашыраць хрысцiянства ў Балтыйскiм рэгiёне, гарантуючы нэафiтам свабоду, i ствараць там свае структуры ўлады, уваходзiла ў супярэчнасць з планамi Ордэна, дзейнасць якога часта замінала і шкодзiла місіі папскіх легатаў. Пасля сапраўднай вайны, праведзенай інфлянцкімі рыцарамi супраць Рыгi, дайшло да вялiкага суду над Ордэнам, пад час якога агалошвалiся ўсе факты, што кампраметавалi братоў, у тым лiку i полацкая справа.

Выходзіць, увесь эпізод з прыходам немцаў у Полацк у 1305 г. ды іх хуткім выгнаннем пры дапамозе князя Віценя можа быць гістарыяг рафічным фантомам? Не выключана. Вядома, падобны перагляд адразу ставіць мноства новых пытанняў, вырашэнне якіх можа яшчэ больш складанае. Для гісторыка, аднак, часам важней спачатку паставіць пад радыкальны сумнеў тое, што лічыцца агульнапрынятым. А яго рэінтэрпрэтацыю пакінем для наступнага артыкула.



1 Карамзин Н.М. История государства российского. Изд. 5–е. Кн. 1. Том IV. С–Петербург, 1842. С.83.
2 Данилевич В.Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца ХIV столетия. Киев, 1896. С.152–153.
3 Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. Москва, 1959. С.392.
4 Шчарбакоў С.А. Барацьба беларускага народа супраць нямецкай агрэсіі ў ХIII–ХIV стст. // Весці АН БССР. Серыя гуман. навук. 1966. №1. С.66.
5 Прыкладам, у гістарычным нарысе пра Полацк канчатковае ўключэнне горада ў склад ВКЛ адназначна звязваецца з тым жа Віценем: у канцы ХIII ст. нямецкія феадалы скарысталі часовую залежнасць Полацка ад рыжскага арцыбіскупа, «праніклі ў Полацк і іншыя гарады Полацкай зямлі ды пачалі насаджваць там каталіцтва», што суправаджалася «гвалтам і бясчынствамі» і выклікала незадавальненне насельніцтва. У 1307 г. палачане з дапамогай Віценя выгналі немцаў з горада і разбурылі касцёл (Гл.: Полоцк: Исторический очерк. П.Т.Петриков (отв. ред.) и др. 2–е изд. Минск, 1987. С.31).
6 У аўтарытэтнай акадэмічнай «Гісторыі БССР» падаецца, што калі ў 1305 г. у залежнасць ад рыжскага арцыбіскупа часова трапіў Полацк, то «нямецкія феадалы» выкарысталі гэта, праніклі ў горад і сталі насаджваць каталіцтва, у выніку «ў 1307 г. палачане пры дапамозе літоўскага князя Віценя выгналі немцаў з горада» (Гісторыя БССР. У 5 т. Т.1. Мінск, 1972. С.120). Амаль дакладна такую трактоўку знаходзім у новым універсітэцкім дапаможніку: пасля перадачы Полацка рыжскаму біскупству ў горадзе з’явіліся нямецкія рыцары і місіянеры, што абурыла палачанаў і тыя папрасілі дапамогі ў Літвы, у выніку князь Віцень у 1307 г. выгнаў нямецкіх рыцараў з Полацка і заняў горад (Гл.: Гісторыя Беларусі. У 2 частках. Пад рэд. Я.К.Новіка і Г.С.Марцуля. Частка 1. Мінск, 1998. С.88). Сціслая форма таго ж варыянту ў кнізе І.Коўкеля і І.Ярмусіка (Гл.: Ковкель И.И., Ярмусик Э.С. История Беларуси с древнейших времен до наших дней. Минск, 2000. С.20). У адным з найноўшых дапаможнікаў гарадзенскіх гісторыкаў пра акалічнасці падпарадкавання Полацка літоўскім князем напісана больш асцярожна: «існуе гіпотэза», што полацкі князь Канстанцін завяшчаў горад рыжскаму арцыбіскупу, а ўвядзенне каталіцтва справакавала паўстанне палачанаў, якія папрасілі дапамогі ў Віценя (Гл.: Гісторыя Беларусі. У 2 частках. Частка 1. Са старажытных часоў да канца ХVIII ст. Курс лекцый / І.П.Крэнь, І.І.Коўкель, С.В.Марозава, С.Я.Сяльверстава, І.А.Фёдараў. Мінск, 2000. С.201–202).
7 Насевіч В. Пачаткі Вялікага Княства Літоўскага: падзеі і асобы. Мінск, 1993. С.72.
8 Асобнай увагі заслугоўвае пытанне пра акалічнасці з’яўлення Таўцівіла на полацкім стале. Няма ніводнай крыніцы, якая сведчыла б пра заваяванне Полацка літоўцамі. Яшчэ Карамзін, а потым шэраг іншых аўтараў, у тым ліку абазнаны ў полацкай гісторыі Баўмгартэн (гл.: Baumgarten N. Polotzk et la Lithuanie // Orientalia Christiana Periodica. Vol. II. 1936), заўважалі, што верагодней за ўсё літоўскі князь быў запрошаны самімі палачанамі. У святле цяперашніх ведаў аб ролі полацкага веча такі варыянт выглядае найпраўдападобней. Узгадняецца з ім і паведамленне Мацея Стрыйкоўскага пра тое, што ў Полацку Таўцівіл прыняў праваслаўе (Гл.: Stryjkowski M. Kronika polska, litewska, żmudska i wszystkiej Rusi. Warszawa, 1846. S.276).
9 Ипатьевская летопись. ПСРЛ. Т.2. Москва, 1962. С.815.
10 Данилевич В.Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца ХIV столетия. Киев, 1896. С.136.
11 Paszkiewicz H.Jagiellonowie a Moskwa. T.1: Litwa a Moskwa w XIII i XIV wieku. Warszawa, 1933. S.62—63.
12 Грушевський Г. Хронольогія подій Галицько–Волинськоі літописи // Записки Наукового Товариства ім. Шевченка. Т.ХLI. 1901. Кн.3. С.35.
13 Гл.: Łowmiański H. Studia nad początkami społeczeństwa i prawa litewskiego. T.2. Wilno, 1932. S.339.
14 Ипатьевская летопись. ПСРЛ. Т.2. Москва, 1962. С.817.
15 Theiner A. Vetera Monumenta Poloniae, Lithuaniae etc. 1. Rom, 1860. Nr.96; Liv_, Est_ und Curländisches Urkundenbuch. Hrsg. v. F.G.v.Bunge. Bd.3. Reval, 1856. Nr.223 (далей — LUB).
16 Gudavičius E. Polityczny problem królewstwa litewskiego w połowie XIII w. // Ekspansja niemieckich zakonów rycerskich w strefie Bałtyku od XIII do połowy XVI w. Toruń, 1990. S.65.
17 Гл.: Gudavičius E. Mindaugas. Vilnius, 1998. P.212.
18 Amman A. Kirchenpolitische Wandlungen im Ostbalticum zum Tod Alexander Newski's. Studien zum Werden der russischen Orthodoxie // Orientalia Christiana Analecta, 105 (1936). S.272; Taube M. Russische und litauische Fürsten an der Düna zur Zeit der deutschen Eroberung Livlands // Jahrbücher für Kultur und Geschichte der Slaven. N.F. Bd.XI (1935), Hf.3/4. S.406; ён жа, Internationale und Kirchenpolitische Wandlungen im Ostbaltikum und Russland zur Zeit der deutschen Eroberung Livlands // Jahrbücher für Geschichte Osteuropas. Bd. 3 (1938). S.38.
19 Gudavičius E. Polityczny problem krlewstwa litewskiego w polowie XIII w. S.76. Спас.30.
20 SRP. II (1863). S.608.
21 Mitteilungen aus dem Gebiete der Geschichte Liv_, Est_ und Kurland's. Bd.5. (1850). S.401.
22 OBA, 8911.
23 LUB. Bd.X., 170; Bd.XII, 752; Goetz L. Deutsch–russische Handelsgeschichte des Mittelalters. Lubeck, 1922. S.510, 515 ff..
24 Цікава, што не ўдаючыся ў дэталі, верагоднасць гэтага дапускаў і Ул.Пашута (Гл.: Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. С.378. Спас.77). З цяперашніх беларускіх гісторыкаў пытанне часу замацавання першага літоўскага князя ў Полацку ўскосна кранаў бадай адзін Алесь Краўцэвіч, які згадаў меркаванне М.Таўбэ пра тое, што адрасатам папскай булы ад 15 верасня 1248 г., г.зн. тым самым «новаахрышчаным» князем Полацка мог быць Таўцівіл, але засумняваўся ў самой магчымасці гэтага, спаслаўшыся на факт знаходжання Таўцівіла ў 1253 г. пры двары Данілы Галіцкага (Гл.: Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Мінск, 1998. С.143). На жаль, хоць у працы разглядаюцца падзеі да Гедыміна, аўтар апусціў полацкі сюжэт 1305–1307 г.
25 Такой думкі трымаўся і знаўца гісторыі сярэднявечных Інфлянтаў Манфрэд Гельман. Гл.: Hellmann M. Das Lettenland im Mittelalter. Münster / Köln, 1954.
26 Була ад 31 сакавіка 1255 г., апублікаваная ў: LUB. Bd.1. Nr.282.
27 LUB. Bd.2. Nr.616. Regesten Nr.710.
28 LUB. Bd.2. Nr.630; Preussisches Urkundenbuch. Bd. II/1. Nr.13.
29 LUB. Bd.2. Nr.638. Цалкам гл. у: Seraphim A. Das Zeugenverhör des Franciscuc de Moliano (1312). Quellen zur Geschichte des Deutschen Ordens. Königsberg, 1912. S.169.
30 Цыт. паводле Яна Длугаша. Długosz J. Roczniki czyli Kronika sławnego królewstwa Polskiego. Ks.9. Warszawa, 1975. S.96.
31 Seraphim A. Das Zeugenverhör des Franciscuc de Moliano. ХХIII.
32 Полоцкие грамоты. Сост. А.Л. Хорошкевич. Вып.3. Москва, 1980. С.124.
33 Тамсама. С.125.
34 Stryjkowski M. Kronika polska, litewska, żmudzka i wszystkiej Rusi. Warszawa, 1846. S.349.
35 LUB. Bd.II. Regesten. Nr.714.
36 Данилевич В. Очерк истории Полоцкой земли. С.152.
37 Ловмянский Г. Роль рыцарских орденов в Прибалтике (XIII—XIV вв.)//Польша и Русь. Черты общности и своеобразия в историческом развитии Руси и Польши XII—XIV в. Москва, 1974. Спас.13.
38 Полоцкие грамоты. Сост. А.Л. Хорошкевич. Вып.3. С.125.

зьмест