MUELLER, ROLF–DIETER / UEBERSCHAER, GERD R. Hitlers Krieg im Osten. 1941—1945. Ein Forschungsbericht. Darmstadt, 2000. 451 s.

Пачнем з удакладнення, якое неабходна зрабіць у сувязі з тым, што нямецкія аўтары новай гістарыяграфічна–бібліяграфічнай працы Рольф–Дзітэр Мюлер і Герд Р.Юбершэр часткова змянілі назву свайго першапачатковага англамоўнага выдання Hitler’s war in East, 1941—1945: a critical assesment, падрыхтаванага чатырма гадамі раней дзякуючы творчаму супрацоўніцтву навукоўцаў Цэнтра ваенна–гістарычных даследаванняў у Патсдаме і Федэральнага ваеннага архіва ў Фрайбургу. Што падштурхнула аўтараў да ўнясення зменаў у назву новага выдання? Наколькі яно адрозніваецца ад папярэдняга? У чым каштоўнасць рэцэнзаванай кнігі для сённяшняга беларускага студэнта, чытача, навукоўцы?

Адразу зазначым, што больш пільнай увагі патрабуе іншы момант працы — аўтарская канцэпцыя, у межах якой даследуецца адна з самых складаных і важных праблем, якія, з аднаго боку, з’яўляліся кропкай ідэалагічнага непаразумення, нават навуковага супрацьстаяння, а з другога — аб’ектам пастаяннага вывучэння з дэтэрмінаванымі поглядамі, падыходамі, тэхналогіямі, высновамі, ацэнкамі, канцэпцыямі і г.д. Таму аўтарам працы давялося не толькі асэнсаваць сутнасць такой сітуацыі, але і ўзяць на ўлік шэраг аспектаў палітычнага, навуковага і грамадскага характару і толькі потым прыйсці да ўласнага гістарыяграфічна–бібліяграфічнага доследу. Як вынік — аўтарам удалося знайсці арыгінальную канцэпцыю навуковай сістэматызацыі, аналізу і выкарыстання больш за 4 тыс. выданняў па тэме «Вайна Гітлера на Ўсходзе».

Спачатку параўнаем назвы абодвух выданняў. Адразу відавочна перавага англамоўнага варыянта, паколькі ён насіў больш прывабны характар, засяроджваў увагу чытача на крытычным аналізе другой сусветнай вайны на «ўсходзе». Аднак сваю задачу аўтары бачылі якраз у аналізе бібліяграфічных выданняў, а не ў даследаванні гісторыі вайны. У новым жа выданні акцэнт пастаўлены не столькі на аналіз навуковых прац, збораў дакументальных крыніц і літаратуры, колькі на вынікі даследавання гэтай гістарычнай праблемы ў шырокім міжнародным кантэксце. З унясеннем такога ўдакладнення, на наш погляд, праца не страціла сваёй навуковай каштоўнасці. Бясспрэчна, што яна была раней і з’яўляецца цяпер першым у сусветнай гістарыяграфіі даследаваннем такога кшталту.

Звернемся да тэхналогіі правядзення доследу ці метадалагічных асноў навуковай канцэпцыі Р.–Д.Мюлера і Г.Р.Юбершэра. На наш погляд, і першае, і другое з’яўляюцца падмуркам для вывучэння міжнароднай бібліяграфічнай спадчыны тэмы другой сусветнай вайны. Вось чаму нямецкія аўтары як у англа–, так і ў нямецкамоўным выданнях зыходзілі з галоўнай навуковай тэзы — даследаванне асобных гістарычных праблем ці цэлых кірункаў мінулага нельга лічыць завершаным без сістэмнага гістарыяграфічнага аналізу (с. Х), які з’яўляецца самай эфектыўнай рухальнай сілай даследчага пошуку. Нямецкія гісторыкі звяртаюцца да альтэрнатыўных ацэнак і пошуку абгрунтаваных высноў. Такі даследчыцкі ключ сёння ўжо нельга пакінуць незаўважаным і беларускім даследчыкам толькі па той прычыне, што ў айчыннай гістарычнай навуцы параўнальны аналіз пакуль не выйшаў за межы традыцыйных падыходаў. Як вынік — праблемныя пытанні ці цэлыя кірункі не толькі гісторыі другой сусветай вайны, а, перш за ўсё, і акупацыі Беларусі пакуль не даследаваны ў кантэксце патрабаванняў сусветнай гістарычнай навукі і ў святле «новага крытычнага вывучэння гісторыі» (ХI).

Разгляд структуры і зместу новай працы нямецкіх аўтараў паказвае, што яны акцэнтуюць увагу на вузлавых праблемах гісторыі другой сусветнай вайны на «ўсходзе» і менавіта праз іх кампазіцыйна дзеляць кнігу на 7 раздзелаў, прысвечаных нацысцкай палітыцы і стратэгіі; кіраўніцтву ваеннымі аперацыямі; вайне светапоглядаў і вайне на вынішчэнне; палітыцы акупацыі; наступствам вайны; пераадоленню мінулага; заключэнню. Змястоўнае вывучэнне кожнага з іх прыводзіць да высновы: праца «Вайна Гітлера на Ўсходзе» мае трывалы падмурак навуковых крыніц, збораў дакументаў, аўтарскіх і калектыўных манаграфій, артыкулаў і інш., што складае бібліяграфічную частку рэцэнзаванага даследавання. У пералік літаратуры, створанай за пасляваенныя гады, трапляюць побач з заходнімі выданнямі і найбольш значныя працы прадстаўнікоў савецкай, сённяшняй расійскай і беларускай школ гісторыкаў, а таксама навукоўцаў ГДР (Х, ХI). Характэрным крытэрыем выяўлення і адбору такіх публікацый быў прынцып навуковай адпаведнасці ці метадалагічны падыход, у якім гісторыя вайны на Ўсходзе разглядаецца комплексна, г.зн. шырэй, чым «чыста аператыўныя дзеянні», але з улікам «самых розных знешніх, унутраных, эканамічных і грамадскіх праяў» (IХ).

Асноўную частку працы Р.–Д.Мюлер і Г.Р.Юбершэр прысвяцілі тэматычнай сістэматызацыі літаратуры агульнай колькасцю амаль у 3,5 тыс. выданняў, якія скампанаваны ў чатырох раздзелах. У кожным з іх аўтары адлюстравалі: па–першае, гісторыю палітыкі і стратэгіі Гітлера з моманту ўсталявання яго рэжыму ў 1933 г. (46) і да ліквідацыі ў 1945 г.(65), а таксама праграму па стварэнні «ўсходняй імперыі» (71); па–другое, планы вышэйшага кіраўніцтва Нямеччыны па падрыхтоўцы і правядзенні ваенных аперацый у рамках дырэктывы «Барбаросы» (162) і да заканчэння ваенных падзей у Берліне ў траўні 1945 г. (217); па–трэцяе, праблемы гістарычнага ўдзелу вермахта ў выкананні «злачынных загадаў» вышэйшага нацысцкага кіраўніцтва (277) у адносінах да камісараў, камуністаў, ваеннапалонных, а таксама ў «генацыдзе яўрэяў» (281); па–чацвёртае, пытанні дзейнасці акупацыйнага рэжыму як на ўсходзе ўвогуле (310—373), так і на тэрыторыі Беларусі (359—361, 365—371) у прыватнасці; па–пятае, месца ваеннай праблематыкі ў навуковым, палітычным і грамадскім развіцці краін Усходу і Захаду на працягу амаль 50 пасляваенных гадоў (396—409), ролю гістарычнай навукі Нямеччыны ў вяртанні «праўды» грамадству (435) і інш.

Такім чынам, нават агульнае знаёмства з бібліяграфічнай часткай рэцэнзаванай працы Р.–Д.Мюлера і Г.Р.Юбершэра пераканаўча сведчыць пра каштоўнасць такога выдання, неабходнасць яго выкарыстання ў якасці даведніка па гісторыі другой сусветнай вайны і гісторыі вайны Гітлера на Ўсходзе, у тым ліку ў Беларусі. І вывучэнне гістарыяграфічнай часткі працы з’яўляецца патрэбай дня на падставе таго, што без уліку сучасных высноў і заключэнняў беларускім даследчыкам амаль немагчыма скласці сістэмнае ўяўленне пра сутнасць вузлавых гістарычных падзей, якія б да ўсяго адпавядалі сусветным навуковым здабыткам.

Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова звярнуцца да некаторых момантаў чацвёртага раздзела. Галоўны вынік, з якога аўтары пачынаюць знаёміць чытачоў са сваімі матэрыяламі, заключаецца ў тым, што вельмі цяжка адшукаць паралелі паміж першай і другой сусветнай войнамі на Ўсходзе (310). Яшчэ больш кантраставымі з’яўляюцца разыходжанні нямецкай акупацыйнай палітыкі на захопленай тэрыторыі. З першых дзён свайго ўсходняга паходу немцамі вялася «вайна на вынішчэнне». Пры гэтым аўтары прыходзяць да высновы, што абодва бакі вялі «татальную вайну». Заваёва ўсходніх тэрыторый на новы лад між тым не магла разглядацца толькі як адзіны крок па стварэнні падмурка для нямецкага сусветнага панавання. Наступным крокам была гаспадарчая перабудова як «непасрэдная перадумова» эканамічнага панавання (312). Роля выканаўцы такіх праграм на Ўсходзе была адведзена «нямецкаму акупацыйнаму рэжыму», які ўсталяваўся на захопленай тэрыторыі і трымаўся пры гэтым «на чатырох слупах — вермахце, войсках СС, гаспадарцы і грамадзянскай адміністрацыі» (312). Разгляд гісторыі акупацыі ў Беларусі аўтары паказваюць праз шэраг англа– і нямецкамоўных публікацый, але асаблівую ўвагу аддаюць даследаванням сваіх калег–гісторыкаў: Вольфганга Бенца, Крысціяна Герлаха, Ганнеса Герра, Бернгарда К’яры, Ёгана Шлотца і інш. Беларускім гісторыкам ужо вядомыя гэтыя прозвішчы, аднак айчынны чытач толькі цяпер пачынае знаёміцца з іх гістарычнымі даследаваннямі, прысвечанымі гісторыі нямецкай акупацыі, калабарацыі, супраціву на Беларусі ў гады другой сусветнай вайны і г.д.

 

Менск
Сяргей Новікаў

змест