Куль–Сяльверстава, Святлана Я. Беларусь на мяжы стагоддзяў і культур: Фармаванне культуры Новага часу на беларускіх землях (другая палова ХVIII ст. — 1820–я г.) / Навук. рэд. П.І. Брыгадзін. Мінск, 2000. 260.

Асноўны сюжэт рэцэнзаванай манаграфіі, які зададзены яе храналагічнымі рамкамі, у вельмі кароткай форме можа быць сфармуляваны так: гістарычная сустрэча шляхецкай рэспублікі Рэчы Паспалітай з абсалютнай манархіяй Расійскай імперыяй і вынік гэтай сустрэчы. Месца дзеяння — Беларусь. Змест дзеяння — культурныя працэсы.

Вельмі складана адказаць на пытанне: «чыя культура?», калі дагэтуль маецца вельмі цьмянае ўяўленне пра тое, якая яна была. Не, гэта, вядома, не азначае, што польскія гісторыкі не даследавалі розных аспектаў развіцця культуры таго часу. Ёсць і грунтоўныя працы расійскіх даследчыкаў па гэтай тэматыцы. Урэшце, штосьці рабілася і беларускімі гісторыкамі, і, не ў апошнюю чаргу, аўтарам рэцэнзаванай манаграфіі. Але пакуль гэта былі толькі «дрэвы», за якімі слаба праглядаецца «беларускі лес». Адзначаныя хібы павінна запоўніць кніга Святланы Куль–Сяльвеpставай.

Вобразна кажучы, перад намі прыклад гістарычнай археалогіі, калі даследчык мінулага пласт за пластом адкрывае ўсё новыя і новыя культурныя слаі, дасканала фіксуючы кожную знаходку і звяртаючы асаблівую ўвагу на яе датаванне і месца ў шэрагу іншых.

Месца самога гісторыка — у полі паміж задумай і сведчаннямі пра мінулае, паміж пытаннем і комплексам архіўных і іншых гістарычных матэрыялаў. Менавіта ў гэтым прамежку нараджаецца гістарычнае даследаванне, менавіта яно яго запаўняе. Калі заўгодна, крытэрыем сапраўднасці навуковага даследавання з’яўляецца наяўнасць гармоніі паміж зададзеным пытаннем, гістарычнымі фактамі і аргументацыяй аўтара. Часам у манаграфіі такая гармонія назіраецца.

Уся манаграфія — пошук магчымасцяў для культурна–гістарычнай трансфармацыі Беларусі на памежжы ХVIII і ХIХ ст., які ўключыў у сябе як вывучэнне дзейных асобаў гэтай трансфармацыі, так і даследаванне ўмоў, пры якіх яна адбывалася. Перад чытачом узнікае вельмі складаная карціна, насычаная людзьмі і падзеямі, і ён павінны быць удзячны за гэта аўтару. Але, напрыклад, у мяне пры чытанні даволі хутка ўзнікла і ў далейшым узмацнілася думка, што рэальная гістарычная рэчаіснасць была яшчэ больш складанай. У дадзеным выпадку гэта якраз не папрок, а камплімент аўтару. Яна ведала пра гэта, і, тым не менш, свядома пайшла на адпаведную навуковую рызыку — ахапіць неабсяжнае.

Даследаванне культурных працэсаў, на мой погляд, найбольш цяжкая праблема для гісторыка, бо ён сам уцягнуты ў гэтыя працэсы і яго праца — частка іх. Надзвычайная задача — быць унутры, адначасова спрабуючы даць выгляд звонку. Гэта не палітыка, вайна ці эканоміка, дзе гісторыку лягчэй захоўваць дыстанцыю, абстрагавацца ад уласнага ўваходжання ў аб’ект даследавання, ад уласных стэрэатыпаў і прыхільнасцяў. Для гістарычнага вандравання ў свет культуры як ніколі неабходны дакладны компас і прадуманы інструментарый гісторыка — ладная структура, вывераная тэрміналогія, абгрунтаваная перыядызацыя.

Нам уяўляецца прывабным крайні аскетызм «Зместу» манаграфіі Куль–Сяльверставай. Там, дзе звычайна гісторыкі культуры грашаць шматслоўем, якое пераходзіць у словаблудства, мы бачым выразнае структурнае дзяленне: формы арганізацыі; спажыўцы і стваральнікі, ідэйна–стылёвы і сутнасны лад культуры. Такі каркас працы стварыў трывалую аснову для інвентарызацыі культурных здабыткаў Беларусі другой паловы ХVIII — 1820–х г.

Цяжэй было выпрацаваць і аргументаваць неабходную тэрміналогію. Тут удалося не ўсё — супраціўлялася тэма даследавання, супраціўляўся гістарычны матэрыял і, галоўнае, трэба было вызначыць тое, што, па справядлівай заўвазе аўтара, пакуль часцей выкрывала сябе ў тэндэнцыях (с.5) і не набыло характару закончанай з’явы.

Зрэшты, упершыню ў беларускай гістарыяграфіі дадзена разгорнутае вызначэнне інтэлігенцыі (14—15) і нават у асобную катэгорыю вылучана «праінтэлігенцыя» (147). Праўда, яе кола звужана да «стваральнікаў духоўных каштоўнасцяў», што прадыктавана тэмай даследавання. Што ж, таму, хто пойдзе далей, давядзецца даць адсутнае вызначэнне «інтэлектуальнай працы», падумаць пра ролю ў дадзены перыяд адвакатаў, медыкаў і тэхнічнай інтэлігенцыі, вырашыць ўсё ж, куды далучыць чыноўнікаў і, што яшчэ больш цікава, — афіцэрскі корпус і святароў.

У прынцыпе, не здзіўляе, што кніга пра культуру ўтрымлівае мноства «культур», «ментальнасцяў», «традыцый». Гэта і «сармацкая» ментальнасць шляхты — паняцце, уведзенае без азначэння (142), і «ліцвінская культурная традыцыя», і «традыцыйная субкультура», і «культура Новага часу».

Сустракаючыся са складанасцямі тэрміналогіі, якія выкліканы мноствам азначэнняў, што не носяць вычарпальнага характару, аўтары нярэдка спрабуюць пераадолець іх, прапануючы новы тэрмін. Гэты тэрмін, на іх меркаванне, здольны растлумачыць невытлумачальнае, стаць новым інтэгратарам. Для манаграфіі Куль–Сяльверставай такім ключавым паняццем стала «ардадамінантная культура». Аднак, у залежнасці ад кантэксту, яна выступае то ў абліччы суб–, то ў абліччы проста культуры. Тэрмін пазычаны з працы выдатнага расійскага даследчыка А.Мыльнікава і нясе на сабе асноўную сэнсавую нагрузку манаграфіі. Аднаго ўзора (13) для яго тлумачэння яўна малавата. Усё ж працэс чытання апрыёры мае на ўвазе і працэс разумення, што ўключае ў сябе своеасаблівую дамову наконт тэрмінаў паміж аўтарам і чытачом. Нават не падвяргаючы сумненню слушнасць і правамоцнасць выкарыстання тэрміна «ардадамінантная культура» ў рэцэнзаванай кнізе, чакаеш і не знаходзіш адказаў на цэлы шэраг пытанняў: Чаму ўзяты тэрмін, прапанаваны Мыльнікавым? Наколькі шырока выкарыстаў яго сам Мыльнікаў і іншыя даследчыкі? Дзе межы гэтага паняцця, гістарычныя і часавыя?

Што да перыядызацыі, то прынцыпова новым словам стала прапанова аўтара лічыць другую палову ХVIII — 1820–я г. межамі аднаго культурнага працэсу, адной культуры — культуры Асветніцтва на беларускіх землях. Такім чынам, застаючыся ў адзінай гістарычнай прасторы з палітычнымі і эканамічнымі зменамі, культурныя з’явы, тым не менш, даволі рэзка аддзелены ад іх паводле сваёй сутнасці і зместу, яны маюць свой гістарычны тэмп, у іх свае законы. Верагодна, апрача манаграфіі Куль–Сяльверставай, метадалагічная каштоўнасць гэтай перыядызацыі будзе пацверджана далейшымі працамі гісторыкаў.

Зразумела, у манаграфіі прасочаны далёка не ўсе сюжэты, якія тычацца абранай тэмы. Напрыклад, у гэты час як у Рэчы Паспалітай, так і ў Расійскай імперыі ішло інтэнсіўнае фармаванне феномена сядзібнай культуры — з’явы ў дастатковай меры сінхроннай і даволі падобнай. Знамянальна, што ў рамках менавіта сядзібнай культуры, нягледзячы на ўсе палітычныя падзелы і гістарычныя трансфармацыі, культурная традыцыя не перарывалася і насіла падобныя рысы. Хоць, несумненна, «паступовае перамяшчэнне культурнага жыцця з магнацкіх сядзібаў у гарады» (91) мела месца, тады ж узнікалі новыя шыкоўныя рэзідэнцыі са сваімі культурнымі традыцыямі, такімі, як Залессе М.Агінскага ці Гомельскі маёнтак графа М.Румянцава. Да таго ж, культурныя навацыі развіваліся ўшырыню, робячы ўсё больш разнастайным культурнае жыццё сярэдніх маёнткаў. Сюжэт пра сядзібную культуру дазволіў бы змякчыць залішне рэзкае супрацьпастаўленне Захаду і Ўсходу пры аналізе культурных працэсаў у Беларусі.

Такое супрацьпастаўленне стала адным з лейтматываў манаграфіі. Сапраўды, Беларусь канца ХVIII — пачатку ХIХ ст. апынулася паміж Варшавай і Пецярбургам. Першая заняпала, уплыў другога не набраў сваёй моцы. Беларускія землі на час апынуліся быццам бы самі па сабе. Гэта прывяло да абуджэння мясцовага патрыятызму, узнікла гістарычная неабходнасць стварэння і ўсведамлення ўласных культурных каштоўнасцяў і арыенціраў. Пра гэта шмат і пераканаўча гаворыцца ў манаграфіі. Шкада, што ў сваёй аргументацыі аўтар ніяк не адзначае стварэння Царства Польскага ў 1815 г. Гэтым актам імператар Аляксандр I, па сутнасці, зноў адсек Польшчу ад былых земляў ВКЛ, што аб’ектыўна працавала на фармаванне беларускай нацыі і яе культуры.

Мы ў еўрапейскім кантэксце ці еўрапейскі кантэкст у нас? Гэтае пытанне — не парадокс ці голая сафістыка. Нічога не маю супраць становішча Беларусі «на мяжы» стагоддзяў ці розных іншых храналагічных адрэзкаў. Але як пагадзіцца з традыцыйным размяшчэннем Беларусі на мяжы чужых палітык, эканомік і культур?

Культурнае лідэрства Захаду цяжка падвергнуць сумненню, але гэта калі мы мяркуем па еўрапейскіх маштабах. У маштабах Беларусі адказ на пытанне: Чаму роўная культура, памножаная на геаграфію? не выглядае гэтак адназначна. Па меркаванні аўтара, «захад і цэнтр Беларусі на працягу канца ХVIII — першых дзесяцігоддзяў ХIХ ст. мелі лідэрства ў інтэнсіўнасці культурнага жыцця і паступальнасці працэсаў, што ў ім адбываліся» (258). Аднак з чым мы сапраўды маем справу? З натуральнай хадой культурнага працэсу ці культурнымі зменамі, якія выкліканы палітычнымі прычынамі? Дык услед за падзеламі адбывалася перасоўванне з усходу на захад значных слаёў набілітэта і носьбітаў той самай «ардадамінантнай культуры» з усходу на захад. Адпаведна з імі перасоўваўся і культурны імпульс, ды яшчэ і канцэнтраваўся на меншай тэрыторыі.

Паміж першым і трэцім падзеламі Рэчы Паспалітай — больш за два дзесяцігоддзі. У гэты перыяд разам з беларускімі землямі, якія заставаліся ў яе складзе, Рэч Паспалітая была скавана пятлёй сціснутых межаў, унутры якіх, як перад плацінай, ішло збіранне культурна–інтэлектуальных сілаў — прыкладаў таму ў манаграфіі прыведзена мноства. Тыя ж беларускія землі, якія апыналіся ў складзе Расійскай імперыі, мелі мяккую ўмоўную мяжу на ўсходзе, якая не канцэнтравала, а якраз рассейвала гэтыя сілы. Пра тое, колькі носьбітаў культуры ў гэты час мы «падаравалі» Расіі, колькі іх згубілася для гістарычнай радзімы на імперскіх абшарах, у пецярбургскіх гасцёўнях і салонах, і як гэта ўплывала на айчынныя культурныя працэсы, у манаграфіі можна было б сказаць болей.

Манаграфія даволі шчыльна «заселена» гістарычнымі асобамі. Гэта яе несумненны плюс. І ўсё ж, на мой погляд, застаўся забыты Адам Чартарыйскі і, у адпаведным сэнсе, Міхал Клеафас Агінскі. Постаці далёка не апошнія, амаль знакавыя ў культуры таго часу. Ці не А.Чартарыйскі зрабіў прышчэпку Асветніцтва на расійскую імператарскую глебу?

Беларуская гістарыяграфія за апошняе дзесяцігоддзе перажыла даволі імклівую трансфармацыю, прайшоўшы шлях ад ранейшага татальнага нівелявання сваёй гісторыі пад «чужыя» ва ўмовах жорсткага марксісцка–ленінскага ідэалагічнага прэса да стараннага, на мяжы калекцыянавання, пошуку адрозненняў і спецыфікі беларускай гісторыі. Сёння гэтага ўжо мала. Пара ісці далей. Ад прызнання «непадобнасці» айчыннай гісторыі да іншых перайсці да тэзы пра яе самакаштоўнасць і самадастатковасць. Іншымі словамі, забыць пра спецыфіку гісторыі Беларусі, бо гэтая «спецыфіка» і ёсць асноўны, а не адметны змест нашай гісторыі. Крок новы, і як ўсё сапраўды новае не пазбаўлены ўнутраных супярэчнасцяў, частка якіх адзначана вышэй.

Дадзеная рэцэнзія — толькі першае прачытанне тэксту. Безумоўна, у кнігі Куль–Сяльверставай будуць свае чытачы і свае крытыкі. У канечным выпадку гэта і ёсць галоўная мэта кожнага аўтара.

 

Менск
Андрэй Кіштымаў

змест