Marek Ferenc. Dwor Zygmunta Augusta. Organizacja i ludzie. Krakow, 1998. 311.

Даследчык гісторыі Беларусі ХVI ст. звычайна сутыкаецца з фактамі таго ўплыву, які аказвала на развіццё падзей цэнтральная ўлада і яе інстытуты. Вельмі часта для Вялікага Kняства Літоўскага асноўную ролю ў вызначэнні ўнутранай і знешняй палітыкі выконвала магнатэрыя, што займала найвышэйшыя дзяржаўныя пасады, але і асоба вялікага князя, і склад яго двара таксама накладвалі свой адбітак на гістарычныя працэсы ў дзяржаве.

Роля вялікакняжацкага (у нашым выпадку каралеўскага) двара ў дзяржаве і грамадстве шматбаковая і дастакова ўплывовая, бо менавіта ён фармаваў частку палітычнай і грамадскай эліты, дазваляў шляхцічу праз прыдворную кар’еру выйсці на новы грамадскі ўзровень, павысіць уплыў свайго роду. Асноўную ўвагу аўтар сканцэнтраваў на прадстаўніках Кароны пры двары Жыгімонта Аўгуста, аднак не абмінуў і тых прыдворных, якія паходзілі з Вялікага Kняства Літоўскага. У сувязі з гэтым праца Марэка Феранца мае несумненную цікавасць, бо ўтрымлівае вялікую колькасць звестак пра структуру, прынцыпы пабудовы двара, ерархію прыдворных пасадаў і іх функцыі, а таксама асабовы склад каралеўскага двара.

Кніга амаль цалкам напісана на падставе архіўных крыніц (пераважна з АГАДа), у бальшыні з выкарыстаннем звестак з «кнігі маршалкоўскай» і рахункаў каралеўскага двара, якія часткова публікаваліся польскімі навукоўцамі. Шырока скарыстаны і матэрыялы кароннай метрыкі, разнастайных хронік і арыгінальных публіцыстычных твораў ХVI ст.

Праца пабудавана на падставе ўяўлення аўтара пра каралеўскі двор, які складаецца з дзвюх частак: прыдворных і службы дворскай. Гэта значыць да каралеўскага двара прылічваюцца толькі тыя людзі з атачэння Жыгімонта Аўгуста, хто атрымліваў сталую аплату за прыдворную службу. Склад двара, функцыі яго службоўцаў былі акрэслены пэўнымі правіламі, таму аўтар скарыстаўся аналагічным фармальным падыходам да аналізу матэрыялу, што дазволіла яму сістэматызаваць вялікі факталагічны матэрыял і лагічна выкласці яго.

У працы дастаткова падрабязна падаецца пазіцыя М.Феранца па праблемах фармавання і функцыянавання каралеўскага двара, а таксама яе параўнанне з падыходамі шэрагу польскіх навукоўцаў, што стваралі біяграфіі апошняга Ягелона ці аналізавалі асобныя бакі прыдворнага жыцця — Ф.Фухса, М.Каролькі, С.Тамковіча, С.Цынарскага, З.Гаральскага, К.Хлапоўскага і інш.

Праца Феранца складаецца з 15 раздзелаў, прысвечаных розным катэгорыям прыдворных, і двух дадаткаў: спісу дваран, якія былі на каралеўскай службе, і імяннога паказальніка. Пра грунтоўны ўзровень працы і сапраўды навуковы падыход сведчыць кола скарыстаных крыніц і вялікія табліцы ў раздзелах, складзеныя на падставе архіўных дакументаў.

Першы раздзел «Ерархія дворская» прысвечаны пытанням прыдворнай ерархіі і вызначэнню аб’екта навуковага даследавання. Пры аналізе імяннога паказальніка можна заўважыць, што там прыведзена нязначная колькасць літоўскіх шляхцічаў. Але гэта тлумачыцца тым, што прыдворныя з Вялікага Княства Літоўскага пераважна займалі кіраўнічыя «надворныя» пасады і служылі непасрэдна самому каралю, таму іх нельга аднесці ні да дваран конных, што маглі ўтрымліваць за каралеўскі кошт коней і службы, ні да дваран платных, якія жылі за кошт каралеўскіх узнагарод. У працы пераважна разглядаецца тая частка шляхты, для якой прыдворная служба была асноўнай магчымасцю зрабіць кар’еру, бо прыналежнасць да пэўнай катэгорыі прыдворных вызначала і грамадскае становішча чалавека. У дадзеным раздзеле дастаткова дакладна вызначаюцца сацыяльныя групы, з якіх фармуюцца тыя ці іншыя катэгорыі службоўцаў, а таксама прыводзіцца сама ерархічная лесвіца. Па аналагічнай ерархічнай схеме пабудавана астатняя частка кнігі.

У другім раздзеле «Урады дворскія — кола абавязкаў» разглядаецца пытанне абавязкаў менавіта вышэйшых прыдворных чыноў, г.зн. officiales, якія кіравалі непасрэдна жыццём каралеўскага двара і прызначаліся на гэтыя пасады пажыццёва самім уладаром. У той жа час адзначаецца, што гэтая праблема вымагае асобных падрабязных навуковых даследаванняў, і таму ў дадзенай працы яна паказана дастаткова схематычна, толькі ў сувязі з арганізацыяй двара Жыгімонта Аўгуста. Вызначэнне такіх ураднікаў дастаткова складанае, бо дакументы не адносяць іх да асобнай катэгорыі прыдворных, а значыць, яны і не фігуруюць разам у рахунках і іншых фінансавых дакументах. Усяго ў гэтым раздзеле аналізуюцца функцыі 58 асоб, якія займалі ўрады дворскія. У часы Жыгімонта Аўгуста канчаецца фармаванне структуры прыдворных урадаў і да старых дадаецца толькі адзін — гетмана надворнага. Таму Феранц разглядае класічную схему арганізацыі дворскіх урадаў і прыводзіць апісанне функцый наступных ураднікаў — маршалка надворнага, падскарбія надворнага, гетмана надворнага, каменданта драбантаў, рэферэндарыя, інстыгатара, асабістага сакратара, падкаморыя, харунжага, мечніка, канюшага, абознага, падчашага, крайчага, стольніка, кухмістра і памочнікаў апошніх. Акрамя гэтага прыводзяцца дадзеныя на тых асобаў, якія займалі гэтыя пасады пры двары Жыгімонта Аўгуста, і абставіны іх прызначэння, час выканання функцый.

Наступныя адзінаццаць раздзелаў прысвечаны кожнай катэгорыі службоўцаў, вызначаных прыдворнай лесвіцай, а менавіта: дваранам конным, драбантам, кур’ерам, юргельднікам свецкім і духоўным (часцей за ўсё капланам), службе пакаёвай, медыцынскай, паляўнічай, стайневай, кухні і рамеснікам.

У гэтых раздзелах падрабязна разглядаецца колькасць службоўцаў у розныя часы, сістэма кіравання імі, функцыі, іх этнічнае і сацыяльнае паходжанне, тэрмін выканання абавязкаў. Кожны раздзел багата праілюстраваны табліцамі, у якіх ёсць звесткі пра пагадовую колькасць людзей на той ці іншай службе. У раздзелах пра вышэйшых рангам службоўцаў прыведзены табліцы з дадзенымі іх далейшага прасоўвання па службе, а таксма пра тыя пасады, што яны займалі пазней (табліцы кірункаў прасоўвання).

У раздзеле чатырнаццатым «Кваліфікацыя і прынцыпы рэкрутацыі» разглядаюцца пытанні, звязаныя з вызначэннем якасцяў, неабходных для прыдворнай службы. Сам ідэал шляхціча не вызначаецца, бо за аснову ўзяты «дваранін польскі» Лукаша Гурніцкага. Шэраг прыдворных пасадаў вымагалі пэўнага ўзроўню адукацыі, які шляхта магла атрымаць як ў Кракаве, так і за мяжой. У раздзеле акрэслены асноўныя цэнтры навучання і пасады, для якіх універсітэцкая адукацыя была пажаданай. У шматлікіх спасылках падаюцца як імёны такіх студэнтаў, так і месца іх навучання. Вызначаецца роля ваеннай службы пры заходнееўрапейскіх дварах для шляхцічаў і высокай прафесійнай падрыхтоўкі для рамеснікаў, лекараў і г.д. У якасці прынцыпаў рэкрутацыі новых прыдворных вылучаны наступныя: пратэкцыя, асабістая воля караля і групавы прыём на службу (для драбантаў).

Раздзел пятнаццаты «Узнагароджванне дваран і службы дворскай» цалкам пабудаваны на архіўным матэрыяле і фінансавых дакументах. Дадзеныя выкладзены ў выглядзе табліц па наступных пазіцыях: пасада, імя і прозвішча, утрыманне ў грошах (пагадовае), выдаткі на харчанне (тыднёвыя) і аплата натуральнымі прадуктамі (тканіна на вопратку і зерне), а таксама заўвагі да згаданых пазіцый. Аналіз гэтых дадзеных дазваляе нам вылучыць найбольш прывілеяваныя групы службоўцаў, а таксама крытэрыі, якія вызначалі дадатковую аплату.

Асаблівую каштоўнасць для даследчыка, які цікавіцца праблематыкай, звязанай з шляхецтвам, уяўляе спіс дваран і службы дворскай Жыгімонта Аўгуста. У ім, у залежнасці ад катэгорыі службоўца, падаюцца ў алфавітным парадку імёны прыдворных з спасылкамі на архіўныя крыніцы, дзе захоўваюцца ўспаміны ці інфармацыя пра іх, а таксама са спасылкамі на наяўную літаратуру. Ёсць інфармацыя пра пасаду, тэрмін службы і далейшую кар’еру шляхціча.

У алфавітным паказальніку акрамя прозвішчаў пазначана яшчэ пасада і прафесія, калі чалавек не належаў да шляхты.

Відавочна, што праца Марэка Феранца заслугоўвае ўвагі з боку шырока кола гісторыкаў, асабліва тых, хто займаецца перыядам панавання Жыгімонта Аўгуста ці арганізацыяй прыдворнага жыцця.

 

Менск
Анастасія Скеп’ян

змест