Михайло Брайчевський. Выбрані твори. Историко–археологічні студії. Публицистика. Нью–Йорк — Київ, 1999. 600.

 

Выданне ў 1999 г. выбраных гістарычных прац М.Брайчэўскага — значная падзея не толькі для творчай біяграфіі аўтара, але і для ўсёй украінскай гістарычнай навукі і, у прыватнасці, для ўкраінскага славяназнаўства.

Брайчэўскі, навуковыя інтарэсы якога ахоплівалі гісторыю, археалогію, філасофію, кібернетыку, найбольш значны ўнёсак зрабіў усё ж у вывучэнне старажытнай гісторыі ўсходніх славян і Старажытнай Русі. У манаграфіях „Калі і як узнік Кіеў“ (1963), „Ля вытокаў славянскай дзяржаўнасці“ (1964), „Паходжанне Русі“ (1968) аўтар выкладае свае погляды на перадкіеўскі перыяд гісторыі ўсходніх славян. Для тэарэтычнага абгрунтавання гэтых даследаванняў сярэдзіны — другой паловы 60–х г., якія вонкава абапіраліся на абавязковыя ў тыя часы марксісцкую фразеалогію і працы Маркса, Энгельса, Леніна, як можна пераканацца, дагматызм не характэрны. Наадварот, па некаторых істотных пытаннях Брайчэўскі адышоў ад артадаксальнай савецка–марксісцкай схемы ў разуменні заканамернасцяў славянскай гісторыі. Ужо ў пачатку 60–х у манаграфіі „Ля вытокаў славянскай дзяржаўнасці“ відавочнае адступленне Брайчэўскага ад фармацыйнага прынцыпу. Варта прыгадаць, што Б.Грэкаву спатрэбілася прыкласці вялікія намаганні, каб падагнаць пад марксавы фармацыі славянскую гісторыю; ён стварыў схему (артыкул 1931 г. „Рабаўладальніцтва ці феадалізм?“), згодна з якой славянская першабытнасць „абмінала рабаўладальніцкі лад, каб змяніцца на старажытнарускі феадалізм“1 .

Брайчэўскі вылучае працяглы перыяд славянскай гісторыі, які папярэднічаў Кіеўскай Русі, — раннекласавы. Гэтая ідэя ўжо прысутнічае ў першых „археалагічных манаграфіях“, развіты і аформлены яе тэарэтычна–метадалагічны пастулат у „Паходжанні Русі“ і „Антах“. Разам з тым, логіка навуковага мыслення, пошук заканамернасцяў у развіцці грамадства ў класікаў і Брайчэўскага ў некаторых пытаннях і, перш за ўсё, у пытанні сацыяльна–эканамічнага развіцця, супадалі. Як мы даведаемся, ён і пазней не змяніў ніводнай спасылкі ці цытаты пры перавыданні сваіх прац, напісаных у 60–я г., у той час, калі многія „сапраўдныя марксісты“ выкраслілі імёны былых куміраў са сваіх прац, нічога не выправіўшы ў іх па сутнасці.

У выданне „Выбраныя творы“, якое здзейснілася дзякуючы „КМ Academia“ (Нью–Ёрк, 1999), увайшлі манаграфічныя даследаванні па раннеславянскай і старажытнарускай гісторыі: „Калі і як узнік Кіеў“, „Паходжанне Русі“, „Анты“, праблемныя артыкулы па гісторыі ўкраінскага Сярэднявечча; гістарычная навуковая публіцыстыка.

Бальшыня прац з „Выбраных твораў“ былі апублікаваныя ў 70–я г. і ўжо сталі бібліяграфічнай рэдкасцю. Таму для гісторыкаў малодшага пакалення канца 90–х г. гэтае выданне стала першай сустрэчай з навукоўцам. Многімі з іх Брайчэўскі ўспрымаўся хутчэй як жывая легенда ўкраінскай гістарыяграфіі. Было вядома, што яго кнігі надоўга выключаліся з звароту і асабісты лёс вучонага быў звязаны з украінскім праваабарончым рухам 70–х г., у якім удзельнічала немалая колькасць навукоўцаў і публіцыстаў: І. Дзюба, І. Святлічны, Е. Компан і іншыя аўтары „забароненых“ гістарычна–публіцыстычных твораў2. 

Брайчэўскі адзін з першых пашырае храналагічныя межы крыніцазнаўчага выкарыстання археалогіі — для вывучэння позняга Сярэднявечча; паглыбляецца ў пытанні тэорыі і метадалогіі археалогіі3. 

Спынімся на праблемах паходжання Русі і ранніх славян, што мае непасрэднае дачыненне да тэмы артыкула. Заслуга Брайчэўскага ў распрацоўцы гэтай праблемы ў тым, што ён вылучае і дае канкрэтную характарыстыку дакіеварускаму антапалянскаму перыяду ў гісторыі ўсходніх славян і раскрывае яго сутнасць з дапамогай не толькі пісьмовых (візантыйскіх хронік Ярдана і Пракопія Кесарыйскага), але і археалагічных крыніц, перш наперш, матэрыялаў чарняхоўскай культуры. Згодна з яго сцвярджэннямі ў палян–антаў фармуецца „племянное княжанне“ — ранняя форма дзяржаўнасці — якая даследавана ў іншых славянскіх плямёнаў польскім гісторыкам Г.Лаўмяньскім і расійскім гісторыкам Б.Рыбаковым. У тэарэтычных адносінах гэтыя ідэі абапіраюцца на тэорыю раннекласавых грамадстваў з іх асаблівасцямі — ранняй формай дзяржавы, прыватнай уласнасці і эксплуатацыі.

У сувязі з гэтым асаблівую цікавасць уяўляе манаграфія Брайчэўскага „Калі і як узнік Кіеў“, выдадзеная ў Кіеве па–ўкраінску ў 1963 г., а ў 1964 г. па–расійску. Паколькі аналагаў дадзенаму даследаванню не было, кніга стала бестселерам яшчэ пад час першай публікацыі.

Ва ўводзінах, прысвечаных кароткаму гістарыяграфічнаму агляду праблемы, аўтар вылучыў два асноўныя кірункі: першае — разуменне ўзнікнення горада як іманентнага працэсу гістарычнага развіцця прыдняпроўскіх славян; другое — уяўленне пра заснаванне горада як выніку гістарычнага панавання тых ці іншых „заваёўнікаў“ — сарматаў, готаў, гунаў, і нарэшце, нарманаў.

Сам аўтар прытрымліваецца думкі, што склалася ў савецкай гістарыяграфіі ў 30–я г., згодна з якой старажытнарускія гарады былі заканамерным вынікам сацыяльна–эканамічнага развіцця ўсходніх славян. Брайчэўскі фармулюе асноўнае палажэнне наступным чынам: „Праблема паходжання горада Кіева павінна вырашацца ў кантэксце сацыяльна–эканамічнай гісторыі Русі“. Аднак пры фармальным падабенстве гэтага палажэння з поглядамі сваіх папярэднікаў Б.Грэкава, М.Каргера, М.Ціхамірава і іншых, Брайчэўскі істотна разыходзіцца з імі ў разуменні канкрэтнага шляху развіцця, які прывёў да ўзнікнення Кіева.

Найбольш блізкая яго пазіцыя ў пытаннях пра этапы ў гісторыі горада, а таксама крыніцазнаўчай базы для даследавання гэтай праблемы была да Ў.Даніленкі і Б.Рыбакова. Усе яны лічылі, што сярэднявечнаму Кіеву Х—ХIII ст. папярэднічалі больш раннія паселішчы, з якіх і ўзнік горад. Па Брайчэўскаму гэта быў раннекласавы перыяд развіцця старажытных славян.

Брайчэўскі першы вылучыў протагарадскі перыяд і пачатковы этап y фармаванні горада, раскрыў гістарычную сувязь паміж імі. У крыніцазнаўчым плане важныя два моманты. Па–першае, комплекснае выкарыстанне розных пісьмовых крыніц: Рускага летапісу, заходнеславянскіх і армянскіх паралеляў, легенд пра заснаванне Кіева, візантыйскіх крыніц, скандынаўскай традыцыі, Германарыкавай легенды; іх параўнальны аналіз раскрывае першакрыніцу таго ці іншага тэксту, яго іншамоўную кальку ці сюжэтную запазычанасць.

Па–другое, асаблівую ўвагу аўтар аддае археалагічным крыніцам. Археалогія прыцягваецца не толькі як адна з крыніц і як ілюстрацыя, але і набывае метадалагічнае значэнне: раскрывае этнакультурны і сацыякультурны змест кожнага з этапаў. Асноўны метад, які выкарыстоўваецца аўтарам, — гісторыка–археалагічныя аналогіі.

Для свайго часу Брайчэўскі здолеў сабраць амаль увесь археалагічны матэрыял, які быў атрыманы пад час раскопак ці выпадкова знойдзены ў межах старжытнага горада. Ім упершыню было пастаўлена пытанне пра прынцыповыя адрозненні найстаражытнейшых паселішчаў на тэрыторыі Кіева ад помнікаў пачатковага этапу гісторыі горада.

„…Археалогія Кіева разгортвае… поўную карціну гісторыі сярэднедняпроўскіх плямёнаў — ад часу з’яўлення чалавека ў верхнім палеаліце і да часоў, калі пачынаецца гісторыя славянскага Кіева“4.

Пачатак гісторыi Кіева Брайчэўскі адносіць да схілу нашай эры і звязвае са „з’яўленнем паселішча, якое ў далейшым непасрэдна стварае ядро будучага горада“. Гэта — „протакіеўскія“ паселішчы, што былі пакінуты прадстаўнікамі зарубінецкай культуры, якія ў крыніцах I—II ст. выступаюць пад імем вянедаў.

Археалагічныя даследаванні 70–х г. на Абалоні толькі пацвердзілі высновы Брайчэўскага пра канцэнтрацыю насельніцтва на тэрыторыі будучага горада ў Зарубінецкую эпоху. У далейшым мэтанакіраваныя і шырокамаштабныя працы Кіеўскай экспедыцыі ўдакладнілі адносіны ўсіх прыгаданых культур да сярэднявечнага горада і пацвердзілі слушнасць высноваў Брайчэўскага.

Чацвёрты раздзел прысвечаны тэарэтычным праблемам утварэння „старажытнарускіх“ сярэднявечных гарадоў.

Брайчэўскі, які фармальна прытрымліваўся палажэнняў марксізму пра значэнне падзялення працы, у прыватнасці, пра вылучэнне рамяства пад час утварэння сярэднявечных гарадоў Еўропы, пашырыў метадалагічную базу, распрацаваў арыгінальную канцэпцыю. Горад прынцыпова адрозніваецца ад патрыярхальных паселішчаў наяўнасцю ў ім рамеснай вытворчасці і канцэнтрацыяй купецтва. „Сутнасць выдзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі і вылучэння самастойных галін вытворчасці менавіта ў тым, што гэтыя галіны пачынаюць працаваць на абмен“. Утвараецца клас, які займаецца не вытворчасцю, а толькі абменам прадуктаў — купецтва. „Рамеснік і купец непарыўныя паміж сабой як рамяство і гандаль“.

У святле гэтай тэорыі перадумовы з’яўлення гарадоў ва ўсходніх славян склаліся ў выніку ўнутраных працэсаў на рубяжы нашай эры, калі ў іх складваюцца такія галіны рамяства, як жалезавытворчае і ганчарнае. Утварэнне горада было працяглым працэсам. Пад час напісання кнігі яшчэ не быў адкрыты металургічны цэнтр у Люцежы, але Брайчэўскі не выключае такой магчымасці. Разам з тым ён звяртае ўвагу на другую акалічнасць — знаходкі рымскіх манет. Рымская манета распаўсюдзілася сярод варварскіх плямёнаў Еўропы дзякуючы гандлю з Рымскай імперыяй. Аднак Брайчэўскі абараняе пастулат пра тое, што рымская манета выкарыстоўвалася і для ўнутранага абарачэння. На тэрыторыі Кіева знойдзена, па падліках аўтара, каля 6 тыс. рымскіх манет. Яны канцэнтруюцца на месцах старажытных паселішчаў: Падолле, Старакіеўская гара, Замкавая гара.

Аўтар звяртае ўвагу на тое, што цяжка пераацаніць узровень развіцця гандлю на паселішчах першых стагоддзяў н. э. — протагарадскіх, протакіеўскіх.

Заканамернай з’явай стала будаўніцтва замкаў князямі–кіраўнікамі. Іх рэшткі — тысячы гарадзішчаў, недастатковая вывучанасць якіх не дазволіла Брайчэўскаму адказаць на пытанне пра час іх узнікнення. Аднак наяўнасць ляпной керамікі на многіх з іх давала падставы аўтару казаць, што ўзнікненне апошніх адносіцца да сярэдзіны I тыс., што потым пацвердзілася раскопкамі Старакіеўскага гарадзішча 70—80–х г. Пацвярджэнне гэтага палажэння Брайчэўскі знаходзіць у працы К.Маркса і Ф.Энгельса, якія пісалі, што „супрацьлегласць паміж горадам і вёскай можа здзяйсняцца толькі ў межах прыватнай уласнасці. Менавіта адтуль з’яўляецца традыцыя ўмацавання горада, што так выразна выяўляецца ў старажытныя часы“5. У сваёй метaдaлагічнай распрацоўцы праблемы Брайчэўскі асаблівую ўвагу аддае пытанню гарадзішчаў, умацаваных цэнтраў. Замкі як фарпосты феадалізму „…былі неабходныя феадалам для абароны сваіх уладанняў і маёмасці ад іншых феадалаў“. Замкі, па Брайчэўскаму, сталі пунктам, вакол якога ажыццяўлялася канцэнтрацыя рамесна–гандлёвага нaсельніцтва.

Брайчэўскі адзначае, што сацыяльнае значэнне гарадзішчаў — такіх, якім быў Кіеў, не абмяжоўвалася гаспадарча–адміністрацыйнымі функцыямі, яны былі таксама і рэлігійнымі цэнтрамі, што пацвярджаецца раскопкамі на Старакіеўскай гары — адкрыццём В.Хвойкам язычніцкага капішча.

Разуменне Брайчэўскім працэсу ўзнікнення старажытнарускага горада як адлюстравання заканамернасцяў унутранага развіцця ўсходніх славян падводзіла яго да рашэння вельмі актуальнай праблемы пра ролю нарманаў ва ўтварэнні старажытнарускіх гарадоў. Гэтаму пытанню прысвечаны пяты раздзел, раздзел пра гісторыю Кіева часоў антаў і Русі, палянскага княства, Аскольда і Дзіра, Алега, Вольгі і Ўладзіміра, у якім разглядаюцца вытокі канцэпцыі нарманізму.

На падставе дакументаў аўтар крытыкуе нарманскую тэорыю і лічыць яе састарэлай для сённяшняга дня. Брайчэўскі не абвяргае актыўнай палітычнай ролі нарманаў на Русі ў IХ—ХI ст. і скандынаўскага паходжання дынастыі Рурыкавічаў, аўтар катэгарычна не згодны з тэндэнцыяй прызнаваць нарманскіх авантурыстаў стваральнікамі старажытнарускай дзяржавы і старажытнарускіх гарадоў, у тым ліку і Кіева. Апошняе абгрунтоўваецца ўсёй аргументацыяй праблемы дадзенай манаграфіі.

Кіеў
Наталля Бандарэнка


1 Греков Б. Киевская Русь. Москва, 1953; История СССР. Т. 1. С древнейших времен до конца ХVIII в. / Под ред. Б.Грекова. Москва, 1947.
 2 Творчая біяграфія М. Брайчэўскага пачынаецца ў канцы 40–х г., калі пасля заканчэння Кіеўскага дзяржаўнага універсітэта ён стаў працаваць ў Інстытуце Археалогіі, якім у тыя гады кіраваў выбітны навукоўца П.Ефіменка. Брайчэўскі рэгулярна ўдзельнічаў у археалагічных экспедыцыях, спачатку пад кіраўніцтвам карыфеяў — П.Ефіменкі, Б.Рыбакова, М.Рудынскага; потым стаў кіраўніком раннеславянскай (Пароскай) экспедыцыі. Ён вёў раскопкі помнікаў чарняхоўскай культуры (Лескі, Чарапін — на Росі), пачаў распрацоўку Пастырскага гарадзішча (1949). У той жа час Брайчэўскі выканаў шэраг даследаванняў, сабраў і сістэматызаваў велізарны археалагічны матэрыял па раннеславянскай археалогіі і нумізматыцы, абагульніў яго ў манаграфіях і дысертацыях. Першай была „Рымская манета на тэрыторыі ЎССР“ (у 1955 г. на гэтую тэму абаронена кандыдацкая дысертацыя). Названая праца як у сваёй крыніцазнаўчай частцы, так і ў гістарычнай не страціла актуальнасці, пра што сведчыць індэкс спасылак.
У 1960 г. Брайчэўскі падрыхтаваў доктарскую дысертацыю на тэму „Усходнія славяне ў 1–м тыс. н.э.“. Аднак яна была адхілена Вучоным саветам з ідэалагічных меркаванняў (толькі ў 1989 г. Брайчэўскі атрымаў доктарскую ступень). На працягу 60–х Брайчэўскі выдаў шэраг манаграфій: „Калі і як узнік Кіеў“, „Ля вытокаў славянскай дзяржаўнасці“, „Паходжанне Русі“ …, у якіх ён выклаў свае погляды на дакіеўскі перыяд гісторыі ўсходніх славян.
 3 Брайчевский М. Информационный поиск в области археологической литературы // Научн.–техн. Информ. ВИНИТИ. 1963. № 8. С. 5—7; Брайчевский М. Археологія і кібернетика. I. Застосування ручних перфокарт в археoлогії // Археология. Т. 21. Київ, 1968. С. 36—49; яго ж. Перспективи дослідження українських старожитностей ХIV—ХVIII ст. // Середні віки на Україні. Вип. I. Київ, 1971. С. 20—31 еtc.
 4 Брайчевский М. Вибрані творі. Київ, 1999. С. 49.
 5 Маркс К., Энгельс Ф. Немецкая идеология. Т. 3.

змест