Віałoruskie Zeszyty Historyczne Nr 1—14, Białystok 1994—2000. (red. J.Kalina: Nr. 1—4, E. Mironowicz: Nr. 5—14).

„Беларускі Гістарычны Зборнік“ (Віałoruskie Zeszyty Historyczne) з першых сваіх нумароў перайшоў рамкі ад пачатку падрыхтаванай яму ролі маргінальнага выдання адной з нацыянальных меншасцяў Трэцяй Рэчы Паспалітай. Звязаўшы асноўны свой кірунак — гісторыю беларуска–польскага памежжа — з асвятленнем агульных праблемаў беларускай гісторыі, выдаўцы зборніка перанесліся праз усходнюю мяжу і паставілі свой паўгадавік на заўважнае месца сярод выданняў метраполіі. Месца гэтае сапраўды адметнае па дзвюх прычынах. Па–першае, на беларускім рынку гістарычнай літаратуры цяжка згубіцца, бо ён амаль пусты. Па–другое, зборнік сам па сабе — салідны навуковы перыёдык. Даваць яму такую ацэнку на сённяшні дзень уяўляецца цалкам правамерным, бо за мінулыя ад пачатку выдання сем гадоў і чатырнаццаць выдрукаваных нумароў БГЗ, несумненна, набыў уласнае аблічча.

Адна з выразных рысаў гэтага аблічча — дамінаванне ў выданні матэрыялаў з найноўшай гісторыі. Такая дыспрапорцыя дакладна адлюстроўвае агульную сітуацыю ў беларускай гістарыяграфіі як у краіне, так і за мяжой, і тут нічога нельга змяніць, па меншай меры, у бліжэйшае дзесяцігоддзе. Важна, аднак, што зборнік друкуе тэксты з сапраўды беларускай суб’ектнай гістарыяграфіі, якая разглядае гісторыю краіны з пазіцыі „рацыі стану“ яе народа. На ягоныя старонкі не пранікаюць (за вельмі рэдкім выключэннем) узоры неасавецкай, каланіяльнай па сваёй сутнасці, гістарыяграфіі, якая сёння на Беларусі стала афіцыёзам.

Аксіёма „народ — суб’ект уласнай гісторыі“ з’яўляецца ідэалагічным падмуркам нацыянальнай гістарыяграфіі кожнай краіны і ўспрымаецца грамадствам як нешта бясспрэчнае і натуральнае. З гэтай прычыны і небеларускія аўтары „Беларускага Гістарычнага Зборніка“ ў сваіх тэкстах прымаюць пад увагу беларускую рацыю стану. Анамальная сітуацыя ў самой Беларусі, дзе пад патранатам рэжыму Лукашэнкі ўзмацняе свае пазіцыі прарасейская гістарыяграфія, замежнымі гісторыкамі ўспрымаецца як недарэчнасць. Часта ўспамінаецца здзіўлены выраз твару добрага гісторыка і калегі з Торуня Збігнева Карпуса, калі пасля прачытання кнігі пра стварэнне БССР ён наіўна запытаўся: „Чаму не ўсе беларускія гісторыкі пішуць гісторыю Беларусі, зыходзячы з яе інтарэсаў?“

Сёння „Беларускі Гістарычны Зборнік“ — адзін з двух вядучых, побач з „Беларускім Гістарычным Аглядам“, беларускіх навуковых выданняў у галіне гісторыі. Абодва гэтыя перыёдыкі маюць яшчэ адну агульную рысу — поўную адсутнасць узаемасувязяў (ідэалагічных, фінансавых ці якіх іншых) з беларускімі ўладамі. Адзіны ў краіне дзяржаўны „Беларускі гістарычны часопіс“ за апошнія пяць гадоў моцна дэградаваў у выніку, па–першае, няўдалага пераўтварэння яго ў „часопіс для настаўнікаў“, па–другое, з–за празмернага запабягання перад уладамі (напрыклад, публікацыя хронікі жыцця Лукашэнкі). Спробы стварэння іншых навуковых часопісаў, у тым ліку нашага гарадзенскага „Гістарычнага Альманаху“, яшчэ рана ацэньваць як стабільна рэалізаваныя. Адсюль вынікае, што „Беларускаму Гістарычнаму Зборніку“ незалежна ад жадання ці нежадання ягоных творцаў давядзецца выступаць у ролі лідэра беларускай гістарычнай перыёдыкі на працягу не акрэсленага дакладна часу.

Акрамя таго, БГЗ ідэальна надаецца для рэалізацыі яшчэ адной надзвычай важнай справы, а менавіта — арганізацыі на яго старонках навуковага дыялога–дыскусіі (а не спрэчкі) паміж польскімі і беларускімі гісторыкамі па праблемах нашай агульнай гісторыі. Выпрацоўка прымальных для абодвух бакоў падыходаў да ацэнкі такіх важных падзеяў і з’яваў, як унія ВКЛ з Польшчай, польска–беларускія міжэтнічныя стасункі (гісторыя палякаў у Беларусі і беларусаў у Польшчы) ад Сярэднявечча да Новага часу, палітычна–нацыянальныя адносіны ў найноўшы час, патрэбна не толькі для развіцця гістарычнай навукі. Такія навуковыя даследаванні, несумненна, акажуць свой уплыў і могуць стаць мадэллю для пабудовы беларуска–польскіх міждзяржаўных узаемаадносінаў пасля вяртання Беларусі на шлях дэмакратыі. Навукоўцам варта ўжо цяпер працаваць, каб быць гатовымі да такой змены. Змешчаны ў апошнім нумары (№14) артыкул люблінскага этнолага Рышарда Радзіка «Вобраз Польшчы і Расеі ў „Кароткай гісторыі Беларусі“ Вацлава Ластоўскага» ўжо самой назвай просіцца да абвяшчэння яго пачаткам такой дыскусіі–дыялога.

Да лідэра заўжды завышаныя патрабаванні. Зыходзячы менавіта з такой пазіцыі, лічу, што галоўны кірунак паляпшэння БГЗ — павышэнне ўзроўню культуры выдання. Зборніку яўна бракуе тэхнічнай завершанасці, і гэта відаць практычна на кожным выдадзеным нумары. Для ўсіх ягоных стваральнікаў зборнік — грамадская справа, другасная пасля асноўнага занятку. Аднак падрыхтоўка выдання такога кшталту патрабуе шмат кваліфікаванай тэхнічнай працы, якая мае добры вынік пры ўмове арганізацыі яе на сталай аснове. Фармаванне рэдакцыйнага партфелю (БГЗ не можа паскардзіцца на недахоп аўтараў) і зместу кожнага нумару належыць да кампетэнцыі найперш рэдакцыйнай рады. Затое давядзенне яго да ладу — задача рэдактарская ды сакратарская, і забірае яна намнога больш часу і высілкаў.

Рэдакцыя пакідае за сабой права праўкі стылю тэкстаў без кансультацыі з аўтарам. У выніку праз скарачэнне часу падрыхтоўкі тэксту да друку дасягаецца аператыўнасць выдання. Аднак пры гэтым губляецца нешта іншае, на мой погляд, больш істотнае, а менавіта — дакладнасць перадачы аўтарскай думкі і часта з тым звязаная дакладнасць факталагічная. У выпадку з маімі тэкстамі практычна ніводная рэдакцыйная праўка не абышлася без памылак. Або пераблытаныя нумары і подпісы пад ілюстрацыямі („Праблема лакалізацыі сярэднявечнай Літвы“, № 8), або зроблены арфаграфічныя памылкі і скажоны сэнс выказвання. Характэрны выпадак у № 11 (артыкул „Formowanie się koncepcji genezy Wielkiego Księstwa Litewskiego w polskiej historiografii“) на с. 7 і 8. З–за рознага прачытання адной літары — „и“ ці „й“ у летапісным слове „старейшей(и)“ (адсюль выснова пра наяўнасць аднаго ці некалькіх вялікіх князёў на Літве ў 1219 г.) — у польскай гістарыяграфіі разгарэлася цэлая дыскусія пра генезіс ВКЛ. Пад час праўкі майго артыкула рэдактар змяніў у тым слове іншую літару, дакладней, проста выкінуў яе, і атрымалася нешта бессэнсоўнае — „тарейшеи“ і „тарейшей“. У гэтым выпадку мінімальнымі сродкамі нанесена значная шкода ўсёй публікацыі.

Мне здаецца, калі выбіраць паміж аператыўнасцю і дакладнасцю публікацыі навуковага тэксту, перавагу трэба аддаць прынцыпу дакладнасці перадачы аўтарскай думкі. Арганізацыя пастаяннай сувязі з аўтарам (перасылка тэксту на верыфікацыю, узгадненне правак) складае частку чарнавой сакратарскай працы, без якой цяжка падтрымліваць адпаведны ўзровень выдання, а значыць, і яго прэстыж.

Практыка паказвае, што пры публікацыі навуковых тэкстаў, якія часта бываюць вузкаспецыялізаваныя, патрэбна іх навуковае рэцэнзаванне. З той жа практыкі ведаю, што найлепей мець сталае кола вартых даверу рэцэнзентаў, якія могуць аператыўна вычытаць тэкст з мэтай выяўлення відавочных для спецыялістаў памылак, супярэчнасцяў (так характэрных для аўтараў нашага занадта імклівага часу) і ў адным–двух абзацах падаць сваё меркаванне наконт магчымасці публікацыі.

Акрамя рэцэнзавання (хоць бы найважнейшых матэрыялаў) ды карпатлівай сакратарскай працы (сувязь з аўтарамі, рэцэнзентамі, кампутаршчыкамі, выдаўцамі, кантроль за датрыманнем належных тэрмінаў) патрэбна яшчэ і пільнае вока рэдактара, здольнае адсачыць яўныя лагічныя недакладнасці і недахопы тэксту. Напрыклад, у апошнім, 14–м нумары змешчана цікавая публікацыя пра пасла Генадзя Шыманоўскага (с.148—156). У ёй толькі з апошняга абзаца тэксту высвятляецца, што змест артыкула — пераказ успамінаў гэтага беларускага дзеяча, апублікаваных выдавецтвам Адама Маршалка. Аднак поўныя выдавецкія дадзеныя (назва, год выдання) тых успамінаў не падаюцца. У гэтым выпадку відавочная яўная недапрацоўка рэдактара. Акрамя таго даволі часта рэдакцыйныя праўкі пунктуацыі не адпавядаюць нормам беларускай мовы, прынятым на Беларусі.

Таксама ўзнікаюць праблемы і з адборам матэрыялаў да публікацыі. Тэксты, змешчаныя ў адным нумары, часам значна розняцца сваім навуковым узроўнем. Напрыклад, незразумела, якую навуковую каштоўнасць маюць неапрацаваныя інвентары праваслаўных манастыроў Падляшша з 1786—1789 г., што занялі ў № 11—13 некалькі дзесяткаў старонак. На мой недасведчаны погляд, толькі далучаныя да гэтай публікацыі план і два малюнкі Драгічына ХIХ ст. уяўляюць сабой неаспрэчную навуковую вартасць.

Як да лідэра да БГЗ можна прад’явіць прэтэнзію за перавагу ў ім публікацый канкрэтных матэрыялаў над абагульняльнымі і тэарэтычнымі артыкуламі. Таму часам розніца паміж рубрыкамі „Артыкулы“ і „Камунікаты“ заключаецца толькі ў памерах тэкстаў.

Выказаныя вышэй заўвагі, нягледзячы на іх шматлікасць і прыдзірлівасць, не могуць уплываць на агульную станоўчую ацэнку «Беларускага Гістарычнага Зборніка». Наадварот, лічу сваім абавязкам выказаць шчырую павагу і захапленне пасвячэннем і ахвярнасцю нашых калегаў у Польшчы, якія здолелі распачаць і падняць справу зборніка на міжнародны ўзровень.

 

Гародня
Аляксандр Краўцэвіч

змест