Будапешцкія канферэнцыі пра мовы ў ВКЛ*

 

У 1998 г. кафедра ўсходнеславянскай і балтыйскай філалогіі (да 1994 г. — кафедра рускай мовы) Будапешцкага універсітэта правяла канферэнцыю з тэматыкай «Мовы ў ВКЛ». Яе поспех натхніў кафедру на правядзенне ў 2000 г. другой канферэнцыі з той самай тэматыкай. Канферэнцыям папярэднічала выданне тэзісаў, а крыху пазней даклады ўдзельнікаў былі апублікаваныя ў перыёдыку кафедры Studia Russica, Vol. 17, 18. (Дарэчы, гэты перыёдык падае паштовыя і электронныя адрасы аўтараў для кантактаў.) Арганізатар гэтых мерапрыемстваў — д–р Андраш Золтан, вядомы, сярод іншага, і сваімі даследаваннямі старабеларускага перакладу «Аповесці пра Атылу».

Славістычная праблематыка невыпадковая для гуманітарнай навукі Венгрыі. Краіна з трох бакоў атулена славянскімі землямі, і гісторыя венграў (якія ў сваім шляху на Дунай у Панонію ішлі паўз славян) апошняе тысячагоддзе была звязана са славянскай. У венгерскай мове прысутнічае шмат славянізмаў — паводле падлікаў вучоных колькасць каранёў, запазычаных са славянскіх моў, амаль аднолькавая з колькасцю спрадвечнай фіна–угорскай лексікі.

Увага да полілінгвізму ВКЛ з боку філолагаў зразумелая. Менавіта ВКЛ на працягу чатырох стагоддзяў было арэнай інтэнсіўных культурных і моўных кантактаў, сляды якіх захаваліся дагэтуль, а вынікі адчувальныя да нашых дзён. Мова адлюстроўвае гісторыю народа, таму тэматыка будапешцкіх канферэнцый мае цікавасць не толькі для філолагаў, але і для гісторыкаў.

Не ўсе даклады на канферэнцых былі прысвечаны ВКЛ. Шмат у якіх працах разглядаўся сучасны стан моваў рэгіёну (перш за ўсё памежныя ўзаемадзеянні, а таксама арэальныя агульнасці). Шмат было прац па анамастыцы, асабліва польскіх навукоўцаў, у якіх гэтыя даследаванні традыцыйна добра развітыя. У большасці прац гістарычнай тэматыкі разглядаліся стасункі паміж ВКЛ (і шырэй, у больш позні час — Рэччу Паспалітай) і Масковіяй, пераважна ў галіне вестэрнізацыі апошняй. Такая праблематыка адлюстроўвае перавагу русістаў у сучаснай славістыцы і тыповая для Еўропы, якая пакуль ведае ўсходнеславянскія народы і іх культуры пераважна на прыкладзе расійцаў.

Броджы Беркаф у сваім артыкуле «О языковой ситуации в Великом Княжестве Литовском и в России (конец XVI — начало XVIII века» (т. 17, с. 11—21) крытыкуе і рэвізуе некаторыя палажэнні вядомага расійскага мовазнаўцы Б. Успенскага, які азначыў моўную сітуацыю ў Беларусі і Ўкраіне як дзвюхмоўе (руська–царкоўнаславянскае). На яе думку, такое азначэнне не адпавядае моўнай рэальнасці Рэчы Паспалітай, якая характарызавалася дыферэнцаванасцю і разнастайнасцю. Моўная сітуацыя ў Рэчы Паспалітай была непараўнальна іншая, чым у Масковіі. У Рэчы Паспалітай функцыянавалі розныя мовы (літаратурныя і размоўныя), якія мелі неаднолькавы ўжытак (але нярэдка і паралельны) у розных сферах (канфесійная, побытавая і г. д.) і ў розных сацыяльных пластах (шляхта, мяшчанства, сялянства, казацтва, вучоныя і рэлігійныя карпарацыі і г. д.) ці этнічных супольнасцях. Такая сітуацыя адлюстроўвала суіснаванне розных сацыяльных, культурных і этнічных групаў, якія часта знаходзіліся паміж сабой у палеміцы і канфліктах, што спрыяла ўжыванню ў грамадстве розных моваў.

Такой стракатасці не было ў Масковіі, дзе адсутнічалі (дакладней, не маглі заявіць у літаратуры і пісьменстве пра сваё існаванне) рэзка дыферэнцаваныя сацыяльныя, культурныя ці этнічныя групы. Нават запазычанне некаторых формаў заходняй адукацыі (вывучэнне іншых моваў у вучэльнях) не змяніла становішча, бо адукацыйныя праграмы дзейнічалі ў Масковіі ў іншым сацыяльным асяроддзі, чым у Рэчы Паспалітай. Хоць у Славяна–грэка–лацінскай акадэміі выкладаліся сакральныя мовы, аднак апроч заняткаў не існавала ўмоваў для іх ўжывання ні на практыцы, ні ў літаратуры. На Масковіі, у адрозненне ад Захаду, шматмоўе было недарэчнае і немажлівае; там нават іншаземцы, як адзначае Броджы Беркаф, мусілі вучыцца расійскай мове.

У якасці прыкладу Броджы Беркаф характарызуе шматмоўе выдатных царкоўных эмігрантаў з Беларусі і Ўкраіны ў Масковіі: Сімяона Полацкага (аналіз літаратурных вартасцяў яго вершаў можна знайсці ў артыкуле Валерыя Ляпахіна «Некоторые особенности поэтического языка Симеона Полоцкого», т. 18, с. 125—133), Змітра Растоўскага (Туптала), Стафана Яварскага. Яна падкрэслівае поліфанію іх моўнай культуры, якая склалася ва ўмовах Рэчы Паспалітай у рэчышчы барочнай традыцыі. Аднак у Масковіі ім не было дзе (можа за выключэннем прыватных зносінаў) скарыстаць сваю моўную эрудыцыю — яны пісалі амаль скрозь па–царкоўнаславянску, прычым у маскоўскай рэдакцыі.

Спецыялістам даўно вядомы факт існавання ва ўсходніх славян дзвюх рэдакцый царкоўнаславянскай мовы, што склаліся ў выніку ізаляванага функцыянавання гэтай мовы ў розных краінах: ВКЛ / Рэчы Паспалітай і Масковіі. У падмурку гэтых адрозненняў (пераважна фанетыка–арфаграфічных) ляжала неаднолькавае ўспрыманне паўднёваславянскіх нормаў: беларуска–ўкраінская рэдакцыя была больш чуйнай і дакладнай у іх перадачы. З моўнымі асаблівасцямі гэтай рэдакцыі, якая арганічна спалучала таксама некаторыя беларускія і ўкраінскія рысы (замацаваныя нават царкоўнаславянскай граматыкай М. Сматрыцкага), можна пазнаёміцца на прыкладзе царкоўнаславянскага рукапісу XV ст. у артыкуле польскай даследчыцы Дароты Жылко «Kodeks Przemyski jako XV–wieczna cerkiewnosłowiańska ruska redakcja adaptacji białorusko–ukraińskiej Słów Izaaka Syryjczyka (biskupa Niniwy)» (т. 17, с. 154—167).

Заходняя культура, у тым ліку беларуска–ўкраінская, адзінаверная і блізкая паводле мовы, сустракала ў 1–й палове XVII ст. непрыхільную апазіцыю ў Масковіі, чаму прысвечана паведамленне Іштвана Ферэнца «Отражение идейной полемики (старомосковских) традиционалистов и (латинствующих) новаторов в письменности XVII века» (т. 17, с. 22—31). Паведамленне носіць, праўда, рэфератыўны характар і змяшчае даўно вядомы матэрыял з прац ледзь не XIX ст. выразнай прамаскоўскай і праваслаўнай тэндэнцыйнасці. Той самай вартасці і іншае яго паведамленне «Литовские князья и теория „Москва — третий Рим“» (т. 18, с. 59—64), у якім распавядаецца пра нараджэнне гэтай вядомай канцэпцыі пад пяром кіеўскага мітрапаліта Спірыдона–Савы, які ў Масковіі трапіў у вязніцу. Значна больш цікавую і новую інфармацыю пра стаўленне ў Масковіі да Беларусі і Ўкраіны падае даклад Таццяны Апарынай «Звучание слова „Русия“ при переводах с „простой мовы“ в Московском государстве первой половины XVII века» (т. 18, с. 192—198). Аўтарка аналізуе ўжыванне ўсходнеславянскіх харонімаў у тытулах і назвах інстытуцый ВКЛ і Масковіі.

Ізаляцыя Масковіі ад Захаду не перапыняла, аднак, заходняга ўплыву, які ішоў праз пасярэдніцтва суседніх беларусаў і ўкраінцаў. Ганна Болек у сваім дакладзе «К истокам „двоестрочного согласия“ — первые русские опыты переводных рифмованных виршей» (т. 18, с.24—30) абвяргае тэзіс некаторых расійскіх вучоных пра самабытнае зараджэнне паэзіі ў Масковіі і ўказвае на ролю ў гэтым працэсе беларуска–ўкраінскіх паэтычных твораў XVI—XVII ст., што яшчэ ў Смутны час спрычыніліся да паўстання першых рыфмаваных вершаў у Масковіі (вершы князя І.А.Хварасцініна). Выспяванне культурных навацый у маскоўскай кніжнасці пачатку XVII ст. пад беларуска–ўкраінскім уплывам аналізуе Алена Кузьмінава ў сваім паведамленні «Рецепция грамматики Лаврентия Зизания в Московской Руси» (т.18, с. 115—118).

З сярэдзіны XVII ст., за часам цара Аляксея Міхайлавіча, афіцыйнае стаўленне да беларуска–ўкраінскай кніжнасці мяняецца. І яна сама (у сваім царкоўнаславянскім варыянце), і яе носьбіты не толькі пачалі прымацца ў Масковіі, але нават служыць там узорам, што не замарудзіла адбіцца на лінгвістычнай і тэксталагічнай рэдактуры маскоўскіх выданняў. Аспекты такой рэдактуры разглядае ў сваім артыкуле маскоўская даследчыца Наталля Запольская («Книжная справа XVII века: проблема культурно–языкового реплицирования», т. 18, с. 305—314). Менавіта дзякуючы гэтай рэдактуры беларускі і ўкраінскі ўплыў на літаратурную мову Масковіі становіцца адметным у галіне лексікі, граматыкі, фразеалогіі. Ролю эмігрантаў з Беларусі і Ўкраіны ў навацыйных працэсах культурнага і рэлігійнага жыцця Масковіі, а таксама стаўленне да эмігрантаў закранае Сяргей Філіпаў у дакладзе «Раскол в русской церкви и юго–западнорусская учёность» (т. 18, с. 65—70). На яго думку, роля знешніх (у т. л. беларуска–ўкраінскіх) уплываў у адмаўленні Масковіі ад культурнай ізаляцыі перабольшана.

Аднак нават і ў часы адмовы ад культурнага адасаблення ў канцы XVII — пачатку XVIII ст. мова царкоўнаславянскіх тэкстаў з Беларусі і Ўкраіны пры перавыданні ў Масковіі падлягала самаму пільнаму выпраўленню на ўзор маскоўскай рэдакцыі. Пасля пераходу Кіеўскай мітраполіі ў 1686 г. у юрысдыкцыю Маскоўскага патрыярхата ва Ўкраіне з канца XVII ст. усталявалася цэнзура для царкоўных выданняў. Такая цэнзура мела на мэце не толькі вытрымліванне ідэалагічнай беззаганнасці, але і культурную уніфікацыю Маскоўскай дзяржавы, што шпарка ператваралася ў імперыю, дзе не магло быць рэзкай дыферэнцыяцыі, як адзначала Броджы Беркаф. Асаблівасці гэтага працэсу разгледжаны ў паведамленні Лаёша Соке «Цензура и украинский извод церковнославянского языка в XVIII в.» (т. 18, с. 262—264). У ім адзначаецца, што некаторыя дробныя рысы беларуска–ўкраінскай рэдакцыі захаваліся (да Елізавецінскіх часоў) у складзе маскоўскай.

На дакладах, у якіх закранаецца ўласна беларуская тэматыка, варта спыніцца больш падрабязна.

Некалькі падыходаў для вырашэння даўняга пытання наконт паходжання казацтва робіць венгерская даследчыца Беата Варга. У дзвюх сваіх працах «Литовско–украинское содружество и казачество в XV веке» (т. 17, с. 135—140) і «Сопоставление положения татар и украинских казаков на службе польско–литовского государства» (т. 18, с. 281—287) яна зыходзіць з вядомай канцэпцыі неславянскага (цюрска–татарскага) паходжання казакоў (пра што сведчыць этымалогія слова казак і яго значэнні ў ранніх помніках). Узніклае на ўзор татарскіх казакоў, украінскае казацтва напачатку было не станам ці слоем, а толькі заняткам, у якім мог удзельнічаць любы спрытны і мужны чалавек: удзел у казацкай ватазе мог быць спынены ці яна сама магла распасціся. Арганізацыя ўкраінскіх казакоў пачалася на мяжы XV—XVI ст., калі ўрад ВКЛ пачаў выкарыстоўваць іх дзеля аховы паўднёвых межаў ад наездаў татар. Так узнікла гарадское аселае казацтва, якое ў сярэдзіне XVI ст. (у выніку вайсковых і эканамічных паходаў, а таксама канфліктаў з уладамі) дало пачатак нізавому і запарожскаму казацтву, не падначаленаму дзяржаўнай уладзе, якое папаўнялася ўцекачамі з паўночных аселых земляў. Але з ірэгулярнага войска ў магутны стан, які паставіў пад кантроль вялізныя абшары Ўкраіны, казацтва ператварылася з шэрагу прычын: эканамічна–сацыяльных і культурных (кантакты з культурай качэўнікаў і захаванне грамадовых традыцый ва Ўкраіне), а таксама дзякуючы палітыцы ўрада ВКЛ, які ў XVI—XVII ст. ператварыў казацкі занятак у дзяржаўную службу.

Італьянскі даследчык П’етра Дзіні ў сваім дакладзе «Polyglossia and linguistic variations in the Grand Duchy of Lithuania according to Miechovita (XVI cent.)» (т. 18, с. 49—54) звяртае ўвагу на моўную сітуацыю і функцыянаванне моваў у ВКЛ паводле трактата «Пра дзве Сарматыі» Мацвея з Мехава (Кракаў, 1517; Базель, 1582). Між іншым, тагачасны польскі гісторык, гаворачы пра «руськую» мову (lingua Ruthenica), адзначаў, што на ёй размаўляюць таксама ў Ноўгарадзе, Пскове, Полацку, Смаленску і іх ваколіцах, не кажучы ўжо пра Кіеў (с. 52).

Вядомы маскоўскі даследчык Юры Лабынцаў у сваім паведамленні «Литовская кирилловская письменность XIII—XV вв. в контексте кирилло–мефодиевской традиции Великого Княжества Литовского» (т. 17, с. 49—53) намагаецца рэканструяваць кірылічныя здабыткі этнічных літоўцаў XIII—XVI ст., ахрышчаных у праваслаўе. Яго доказы грунтуюцца (апрача той падставы, што кірылічнае пісьменства ў праваслаўных літоўцаў мела быць) на ўскосных дадзеных, а прыцягнуты ім матэрыял сціплы і даўно вядомы. Напрыклад, звесткі аб праваслаўных сімпатыях этнічных літоўцаў і іх няпрыязі да каталіцтва ўзяты толькі з працы мітрапаліта Макарыя, афіцыйнага гісторыка рускай праваслаўнай царквы ХIХ ст. Кірылічнае Лаўрышаўскае евангелле (пач. XIV ст.) Лабынцаў лічыць узорам літоўскай кірылічнай традыцыі, хоць сам прызнаецца, што вылучыць гэтую традыцыю «не так і проста» (с. 52).

Маскоўская даследчыца Ларыса Шчавінская ў сваім паведамленні «Языковой феномен человека польско–восточнославяно–литовского пограничья XVII в.: Вильнюсский воевода Януш Радзивилл — читатель кириллических рукописей» (т. 17, с. 129—132) разглядае постаць князя Януша Радзівіла (1612—55), пратэстанта, што выступаў абаронцам іншаверства ў Рэчы Паспалітай (у т. л. і праваслаўных) і фундаваў друк на літоўскай мове. У 1654 г. у бібліятэцы Супрасльскага манастыра (які месціўся на яго землях) князь узяў на чытанне дзве кнігі: Kroniką y Jarmoloy. На падставе распіскі даследчыца мяркуе, што гэтай кронікай мог быць знакаміты Радзівілаўскі летапіс (трапіў пазней у Кёнігсберг менавіта ад Януша Радзівіла), і выводзіць, што найвышэйшыя асобы ВКЛ, «непасрэдна не звязаныя... з праваслаўнай культурай, працягвалі нядрэнна ведаць царкоўнаславянскую і гэтак званую руськую [у аўтаркі — «рускую»] мовы, цікавіліся кніжнасцю і літаратурай кірылічнай традыцыі» (с. 131). Такая выснова абсалютна заканамерная для расійскіх вучоных, якія ўсю сярэднявечную літаратуру (як і мову) беларусаў і ўкраінцаў гатовы выводзіць з царкоўнаславянскай, а ўсю іх культуру — з праваслаўя. Што ж да кронікі, згаданай у распісцы, то малаверагодна, што яна была славутым летапісам. Лацінская правінэнцыя на маргінэсе летапісу, зробленая Станіславам Зіноўевічам (дарэчы, паводле імя — не праваслаўнага), указвае хутчэй на тое, што летапіс быў паднесены князю з прыватнай маёмасці, а не з манастырскай. Князь мог узяць у манастыры зусім іншы летапіс (напрыклад, дзеля параўнання з дараваным яму летапісам). У вядомым пераліку кніг бібліятэкі Супрасльскага манастыра з 1645 г. фігуруе кройніка руська 1, якая паўтараецца і ў пераліку 1668 г. — хутчэй за ўсё, гэта тая самая кроніка.

Уладзімір Мякішаў («„Русская мова“ Литовского Статута 1588 года и виленских актовых книг конца XVI века», т. 17, с. 58—64) аналізуе моўную норму Літоўскага Статута 1588 г. (і яго перавыданні 1591 і 1600 г.) і параўноўвае з моўнай нормай актавых кніг віленскіх гродскіх і земскіх судоў таго ж часу. Аднак матэрыял для гэтага падаецца нерэпрэзентатыўны, у выніку чаго даследчык прыходзіць да трывіяльнай ацэнкі, што дыяпазон варыянтаў у актавай кнізе значна шырэйшы за кодэкс Статута (што натуральна для рукапіснай кнігі параўнальна з друкаванай). Таму пастаўленае ім пытанне — ці ўплывалі нормы Статута як галоўнага кодэкса законаў на пазнейшую актавую пісьменнасць? — застаецца, строга кажучы, без адказу. Друкаваны Статут не мог зменшыць ступень хістанняў у рукапісных тэкстах. Найбольш цікавы матэрыял артыкула тычыцца суадносінаў нормы Літоўскага Статута ў выданні 1588 г. і яго перавыдання 1600 г. Параўнанне арфаграфічных рысаў абодвух выданняў прывяло даследчыка да высновы, што моўная сістэма Статута паступова ўкраінізуецца (с. 61—63). У гэтых высновах ён абапіраецца на крытэрыі, вызначаныя шэрагам мовазнаўцаў: І. Агіенкам, У. Анічэнкам, А. Булыкам.

У іншым дакладзе («„Мовы“ Великого Княжества Литовского в единстве своих противоположностей», т. 18, с. 165—172) Мякішаў спрабуе рэанімаваць канцэпцыю, выказаную яшчэ ў 1971 г. украінскім мовазнаўцам П. Плюшчом пра існаванне ў ВКЛ дзвюх літаратурных моваў: простай і руськай (аўтар у абодвух дакладах піша русская). Нараджэнне руськай мовы Мякішаў звязвае з канцылярскай практыкай ВКЛ XIV ст., а простай — з канфесійнымі перакладамі на хвалі ідэй Рэфармацыі 1540–х г. (с. 165—166, 169). Простая мова, на яго думку, узнікла на грунце руськай і «склала адзіную мову тагачаснай інтэлігенцыі ўсходніх земляў» Рэчы Паспалітай (с. 170). У структуры руськай пераважаюць беларускія рысы і паланізмы, а ў структуры простай — рысы ўкраінскія і царкоўнаславянізмы (с. 169–170). Вылучаючы дзве розныя мовы, Мякішаў, аднак, падкрэслівае, што ён вядзе гаворку пра адну моўную сістэму (с. 170). Як гэта магчыма, што «ўзаемазвязаныя, але дастаткова самастойныя моўныя арганізмы» (с. 165) утвараюць «непадзельнае адзінства» (с. 170) — вядома толькі аўтару.

Уяўленні пра гісторыю ўзнікнення і развіцця літаратурна–пісьмовай мовы ВКЛ у сп. Мякішава фантастычныя і, сфармаваныя працамі Жыцецкага (1889) і Мартэля (1938), мякка кажучы, не зусім сучасныя. Чаго варты такі пасаж (цытуецца на мове арыгіналу), як: «в XVIII веке она [г. зн. мова] постепенно выгасает, чтобы незаметно умереть естественной смертью от отсутствия чувства меры, иноязычной всеядности и стилистической безвкусицы» (с. 167). У духу прац ХIХ ст. Мякішаў разглядае мову як нейкі арганізм ці канструкт і мяркуе, што менавіта «мэтавыя арыентацыі» (імкненне «падцягнуць» гутарковую мову ці «спрасціць» царкоўнаславянскую) выклікалі да жыцця абедзве вызначаныя ім мовы (с. 169).

Каб давесці існаванне дзвюх моў, даследчык звяртаецца да аналізу лінгвонімаў, хоць доказам такі аналіз служыць не можа, бо лінгвонімы ў Сярэднявеччы часта блыталіся і не мелі стабільнага сэнсавага напаўнення. Аднак нават тагачаснае мовавыкарыстанне не пацвярджае прапанаванага ім падзелу літаратурнай мовы ВКЛ на простую і рускую. Не без збянтэжанасці Мякішаў канстатуе, што назва мова руськая ў тыя часы аднолькава прыкладалася як да канцылярскай мовы, так і да літаратурнай (с. 168). Але ў гэтым ён бачыць загану адукаваных людзей таго часу, якія не дадумаліся да яго, мякішаўскай, ідэі, і тым самым нарадзілі «карані цяперашняга тэрміналагічнага разнабою». І зусім дзіўна чуць, што назва руськая мова з’явілася з вялікім спазненнем, толькі ў 1560–я г., а да таго «тубыльцы» ВКЛ абыходзіліся без спецыяльнага наймення канцылярскай мовы (с. 167). Актавая мова ВКЛ здавён называлася паводле назвы народа, г. зн. руськай.

Аўтар таксама вымушаны канстатаваць, што ўжыванне тэрміна простая мова ў тыя часы было зусім не ў мякішаўскім рэчышчы. Значэнне гэтага тэрміна яму так і засталося няўцямным, і таму ён характарызуе яго як сэнсава і функцыянальна недыферэнцаваны (с. 168) і функцыянальна неканвертаваны (с. 169). На самай справе, тэрмін меў тады дастатковую дыферэнцаванасць і канвертаванасць. Гэта быў сацыялінгвістычны тэрмін, які паказваў статус мовы ў грамадстве, яе прэстыжнасць. Назва простая мова — гэта старабеларускі пераклад лацінскага тэрміна lingua rustica ‘вясковая мова’ (у пераносным сэнсе — ‘прафанная мова’), процілеглы яму тэрмін — lingua sacra ‘сакральная мова’ (у пераносным сэнсе — ‘мова для пасвечаных’). Таму нездарма тэрмін простая мова заўжды супрацьпастаўляўся царкоўнаславянскай мове і (на здзіўленне Мякішава) не стасаваўся да актавага канцылярскага пісьменства, а выступаў у спалучэнні са стратыграфічнай тэрміналогіяй: мова (для) простых людзей.

Прапанаваная Мякішавым дыстрыбуцыя тэрмінаў — суб’ектыўная спекуляцыя, якая не знаходзіць адпаведнасці ў тагачасным ўжытку і рэальна не апісвае аніякай розніцы моўных сістэм. Яна пабудавана на павярхоўным знаёмстве аўтара з літаратурнай мовай беларусаў і ўкраінцаў. На жаль, большасць дакладаў і паведамленняў, дзе разглядаюцца пытанні беларуска–ўкраінскай гісторыі, хібяць на гэткую ж павярхоўнасць. Яны напісаны пераважна русістамі, якія часам неглыбока знаёмыя з гісторыяй і мовай беларускага ды ўкраінскага народаў і часта пераносяць на іх тыя мадэлі і ўяўленні, што склаліся пры вывучэнні гісторыі і мовы расійскага народа.

Шэраг прац прысвечаны адносна нядаўняй моўнай і этнічнай гісторыі былых народаў ВКЛ. Як заўжды, цікавыя думкамі і трапнымі ацэнкамі працы Рышарда Радзіка, даследчыка з Любліна, які падрыхтаваў два даклады: «Języki Białorusi w XIX—XX wieku (białoruski, polski, rosyjski) — ewolucja ich funcji i zmienność relacji» (т. 17, с. 93—101) і «Język a tożsamość narodowa w Europie Środkowo–Wschodniej w XIX—XX w.» (т. 18, с. 231—238). Ролі калькавання ў развіцці моваў гэтых народаў ў ХIХ–ХХ ст. прысвечаны шэраг дакладаў, гл.: Аранкі Лацхазі «Развитие литовской философской терминологии» (т. 17, с. 187—193), «Роль калькирования в развитии словарного состава литовского литературного языка во второй половине XIX в.» (т. 18, с. 119—124), Зузаны Радулі «Kalki niemieckie w języku polskim i ich odpowiedniki w języku rosyjskim, ukraińskim i białoruskim» (т. 17, с. 88—92), Сяргея Запрудскага «Да гісторыі некаторых вандроўных запазычанняў–калек у беларускай мове» (т. 18, с. 315—320).

У цэлым, будапешцкія канферэнцыі характарызуе высокі навуковы ўзровень і шырокая прадстаўнічасць (чаго часта нестае беларускім мерапрыемствам такога кшталту). Застаецца толькі шкадаваць, што ў Беларусі канферэнцыі з такой тэматыкай і на такім узроўні пакуль што немагчымыя. Выбар тэмы ВКЛ менавіта венгерскімі славістамі на першы погляд нечаканы. Большасць кафедраў славістыкі ў неславянскіх краінах зацыклілася на Кіеўскай Русі / Масковіі / Расіі і зусім не бачыць Беларусі і Ўкраіны. Але, як паказваюць будапешцкія канферэнцыі, без уліку беларускага і ўкраінскага «фактару» вытлумачыць шмат якія працэсы нават у той самай расійскай дзяржаве немагчыма, не кажучы ўжо пра тое, што ігнараванне беларускай і ўкраінскай тэматыкі сур’ёзна збядняе замежную славістыку. Таму тэма, заяўленая венгерскімі славістамі, мае значныя перспектывы, а яе распрацоўка абяцае адкрыццё новых даляглядаў. Застаецца спадзявацца, што такія канферэнцыі будуць працягнуты ў Венгрыі далей, а беларусазнаўчыя доследы ў гэтай краіне набудуць з іх дапамогай моцныя імпульсы.

Менск
Ігар Клiмаў

 

* Studia Russica, 1999. Vol. 17. 445 с. Studia Russica, 2000. Vol. 18. 495 с.

змест