Праблемы выдання Літоўскай метрыкі і першая беларуская публікацыя*

Выданне Літоўскай метрыкі было адным з самых значных пачынанняў айчынных гісторыкаў-медыявістаў савецкай эпохі. Літоўскай метрыка, як бы яе ні вызначаць (побач з яе характарыстыкай як дзяржаўнага архіва Вялікага Княства Літоўскага існуе іншая — як калекцыя дакументаў, галоўную частку якой складалі матэрыялы канцылярыі княства1 ), з'яўляецца унікальным зборам матэрыялаў, што маюць дачыненне да Ўсходняй і Цэнтральнай Еўропы. Яна змяшчае кнігі копій, створаныя ў канцы ХVI ст.

Складаны шлях гэтага архіва ў канцы ХVI ст. завяршыўся ў Расійскай імперыі — спачатку ў Санкт-Пецярбурзе, а потым у Маскве. Менавіта тут у пачатку ХХ ст. яго матэрыялы дзякуючы намаганням Археаграфічнай камісіі сталі паслядоўна ўводзіцца ў навуковы зварот. Былі апублікаваныя найбольш старажытныя кнігі запісаў, адна з кніг перапісаў. Аднак першая сусветнай вайна, Лютаўская рэвалюцыя і, самае галоўнае, Кастрычніцкі пераварот паклалі канец выданню Літоўскай метрыкі. Толькі ў 1928 г. Дз.І.Даўгяла ў Менску здолеў выдаць 16-ю кнігу запісаў. Барацьба з беларускім «нацыяналізмам» прывяла да знікнення і беларускіх археографаў. Новая хваля цікавасці да Літоўскай метрыкі звязана з імем маскоўскага гісторыка М.Г.Беражкова. Аднак нягледзячы на выданне ў 1946 г. яго даследавання ранніх кніг запісаў2 , самі яны, таксама як і іншыя серыі кніг, не публікаваліся. На фоне выдання актавага матэрыялу, які паходзіў з Паўночна-Заход няй Русі, гэтая хіба рабілася ўсё больш і больш заўважнай. Асобныя дакументы з Літоўскай метрыкі прыцягваліся для даследавання розных рэгіёнаў былой Расійскай імперыі. Аднак ідэя аднаўлення серыі Літоўскай метрыкі пачатку ХХ ст. не карысталася ні разуменнем, ні тым больш падтрымкай з боку савецка-расійскіх гісторыкаў. Дастаткова сказаць, што агляд папярэдніх публікацый ЛМ (з прапановамі аднавіць выданне) не мог быць апублікаваны ў СССР, ён быў надрукава ны ў Польшчы3 .

Яшчэ ў сярэдзiне 70-х г. маскоўскія гісторыкі (таксама як і літоўскія) пачалі спрабаваць прадоўжыць дзейнасць імператарскай Археаграфічнай камісіі ў гэтай сферы. Пачаліся перамовы з польскімі калегамі, спачатку прыватныя, а з 1978 г. — афіцыйныя. У лютым 1979 г. была дасягнута прэлімінарная дамоўленасць пра сумесную дзейнасць для выдання матэрыялаў ЛМ. 17 снежня 1980 г. у Варшаве В.Т.Пашута ад імя Акадэміі навук СССР заключыў дагавор з Польскай Акадэміяй навук пра сумесную публікацыю дакументаў архіва Вялікага Княства Літоўскага. У гэтае мерапрыемства павінны былі быць уцягнуты гісторыкі Польшчы і шмат якіх рэспублік СССР — Расійскай, Літоўскай, Украінскай, Беларускай. За першае дзесяцігоддзе пасля заключэння дагавора ў Польшчы было выдадзена два тамы метрыкі4 . Пазней ініцыятыва перайшла да літоўскіх калег. Яны арганізавалі адну з дзвюх канферэнцый, прысвечаных метрыцы, першая адбылася ў Маскве5. А пасля атрымання незалежнасці менавіта Літва стала галоўным цэнтрам выдання кніг метрыкі6 і вывучэння яе гісторыі, якое праводзілася ў 70-я — пачатку 90-х г. пераважна Э.Д.Банёнісам. Некалькі кніг было падрыхтавана ва Ўкраіне і адна кніга — у Маскве. Аднак ва Ўкраіне ў 1999 г. была выдадзена толькі адна кніга, але не Літоўскай, а Рускай (Валынскай) метрыкі**, а ў Маскве да гэтага часу не выйшла ніводнай кнігі. У 2000 г. з'явілася першая беларуская публікацыя Літоўскай Метрыкі.

Каб зразумець, чаму гэтае мерапрыемства не здзейснілася ў Расіі і ў некаторых рэспубліках былога СССР, трэба спыніцца на некаторых асаблівасцях яго гісторыі. У савецкай гуманітарнай навуцы, што развівалася пад жорсткім кантролем Ідэалагічнага аддзела ЦК КПСС, ініцыятывы, якія пагражалі безумоўнаму дыктату партыйнага цэнтра і павышалі самастойнасць асобных рэгіёнаў (рэспубліка, горад, вобласць, райцэнтр, мястэчка, вёска ці калгас), не знаходзілі падтрымкі. У кожнай з іх можна было пры жаданні пабачыць праявы нацыяналізму, сепаратызму ці чаго-небудзь падобнага.

На чале выдання ЛМ стаў В.Т.Пашута, чалавек, цалкам адданы партыі і народу, які неаднаразова даказаў гэта на справе, да таго часу ўжо член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР. Аднак час, абраны для заключэння савецка-польскага пагаднення, мала садзейнічаў поспеху пачынання. Страх перад польскай «Салідарнасцю» быў, відаць, рухальным фактарам у дачыненні да аднаго з апошніх археаграфічных пачынанняў В.Т.Пашуты — выдання матэрыялаў Літоўскай метрыкі. Заключэнне польска-савецкай дамовы пад час росквіту руху «Салідарнасці» ў Польшчы, мабыць, выклікала пэўную насцярожанасць у Інстытуце гісторыі СССР. Ва ўсялякім разе ў гадавой справаздачы інстытута за 1981 г. з'явілася вартае ўвагі сціслае паведамленне, у якім не было ні слова пра заключэнне савецка-польскага выдавецкага пагаднення: «З навукоўцамі Інстытута гісторыі ПАН праведзена арганізацыйная праца (так!) па падрыхтоўцы 2 тамоў дакументаў архіва ВКЛ ХIV—ХVIII стст. — «Літоўскай метрыкі». Ад ІГ СССР у распрацоў цы занятыя супрацоўнікі сектара гісторыі СССР перыяду феадалізму і гісторыі найстаражытнейшых дзяржаваў на тэрыторыі нашай краіны»7 . У сувязі з ініцыятывай В.Т.Пашуты ІГ СССР быў вымушаны тэрмінова ўсталяваць кантакты з Інстытутам гісторыі Літоўскай ССР і правесці кансультацыі «наконт плана навуковых даследаванняў ІГ Літ. ССР на ХI пяцігодку і далейшага ўмацавання сувязяў з Інстытутам гісторыі СССР»8.

У гадавой справаздачы ІГ СССР за 1982 г. першая фармулёўка 1981 г. паўторана амаль літаральна («З навукоўцамі … Літоўскай метрыкі»), але з дадаткам: «У сувязі з гэтым ІГ СССР наведала група навукоўцаў гісторыкаў ПНР на чале з праф. Р. Керсноўскім». Ад ІГ СССР сярод удзельнікаў выдання названыя і супрацоўнікі сектара крыніцазнаўства гісторыі СССР дакастрычніцкага перыяду. Нарэшце пазначана: «У 1982 г. савецкім бокам былі распрацаваны асноўныя правілы выдання кірылічных тэкстаў ЛМ»9. Некаторае змякчэнне ідэалагіч ных прынцыпаў можна заўважыць у гадавой справаздачы за 1983 г.: «Плённыя навуковыя кантакты падтрымліваюцца з навукова-даследчымі цэнтрамі Беларусі, Літвы, Украіны і ДАУ СССР у сувязі з падрыхтоўкай публікацый ЛМ. Навукова-каардынацыйную працу па гэтым аб'екце вядуць д.г.н. Г.Л.Харашкевіч і к.г.н. М.Я.Бычкова» 10.

У кастрычніку таго ж года ў Маскве пад кіраўніцтвам Б.А.Рыбакова адбылося чарговае пасяджэнне савецка-польскай камісіі, з дакладамі выступілі Л.М.Пушкароў, Н.В.Сініцына, М.Я.Бычкова. Пасяджэнне сведчыла пра некаторыя змены ў дачыненні да польскіх калег. Нарэшце, у 1984 і 1985 г. у гадавых справаздачах чытаем: «У красавіку 1984 г. у Варшаве адбылося чарговае пасяджэнне членаў рэдакцыйнай калегіі, якая рыхтуецца да выдання Літоўскай метрыкі. З савецкага боку ў пасяджэнні ўдзельнічалі Ў.І.Мялешка, М.А.Ючас, М.І.Аўтакратава, М.Я.Бычкова, Н.Ф.Бугай» 11. Навукоўцы Інстытута гісторыі ПАН скончылі падрыхтоўку 1-га тома дакументаў, том перададзены ў выдавецтва. Пад час пасяджэння быў абмеркаваны таксама змест 2-га тома «Метрыкі». У ІГ СССР таксама была завершана падрыхтоўка да выдання першага тома «ЛМ»12. Нарэшце 29 траўня 1984 г. Бюро Аддзялення гісторыі Прэзідыума АН СССР заслухала пытанне пра стан падрыхтоўкі да друку ЛМ. У гадавой справаздачы ІГ СССР за 1984 г. чытаем: «Сумесна з ДАУ СССР і ЦДАСА, а таксама інстытутамі гісторыі АН Літ. ССР, Белар. і Ўкр. ССР працягваецца паспяховая падрыхтоўка шматтомавага выдання ЛМ», у складзе рэдкалегіі якой з савецкага боку значацца А.А.Праабражэнскі, С.М.Каштанаў, Г.Л.Харашкевіч, М.Я.Бычкова і інш.13 Аб'ект станавіўся прэстыжным, пра гэта можа сведчыць заўвага нам. дырэктара інстытута А.М.Сахарава, выказаная на абмеркаванні справаздачы В.І.Буганава пра дзейнасць сектара крыніцазнаўства 17 красавіка 1985 г.: «… сектар не змог скаардынаваць крыніцазнаўчую працу ў межах інстытута (супрацоўнікі сектара змаглі б прыняць удзел у выданні Літоўскай метрыкі, Лістоў і папер Пятра Вялікага») 14.

У сярэдзіне 80-х г., здаецца, быў зняты мараторый на ўзгадванне сучасных польскіх даследчыкаў і на кантакты з імі. Паралельна з выданнем з мэтай вывучэння лацінскіх сярэднявечных крыніц і ЛМ у Польшчы ў тым годзе працавала Н.І. Шчавялёва 15. Больш за тое, у Маскве, праўда, не ў акадэмічным выдавецтве «Наука», а ў пазаведамасным «Прогрессе» ў 1985 г. выйшаў пераклад кнігі Г.К.Лаўмяньскага 16 з уступным артыкулам В.Т.Пашуты. Здавалася б, атмасфера паляпшаецца, узніклі надзеі, што і выданне Літоўскай метрыкі зварухнулася. І вось пераможная рэляцыя 1985 г.: «Завершана навуковая праца па 1-м томе дзяржаўнага архіва ВКЛ (Літоўскай метрыцы)». 27 чэрвеня 1985 г. рукапіс тома актаў 1496—1506 г. зацверджаны да друку. «У ПАН для працы над томам і вызначэння зместу 2-га тома, а таксама для працы ў архівах па тэме двухбаковага супрацоўніцтва выязджала М.Я. Бычкова. Выданне ў СССР першага тома і праца над другім, — паведамляе справаздача 1985 г., — запланаваны на ХII пяцігодку. У працы над гэтай тэмай удзельнічаюць таксама Н.І.Шчавялёва і І.П.Старасціна» 17. Частка звестак справаздачы цалкам дакладная. Сапраўды, у адпаведнасці з дамовай, якая была заключана ў 1980 г., ІГ СССР павінен быў падрыхтаваць два тамы. Першы з іх (6-я кніга запісаў), складзены М.Я.Бычковай з удзелам Н.І.Шчавялёвай і І.П.Старасцінай, 18 чэрвеня 1985 г. быў абмеркаваны ў Аддзеле феадалізму. Яго ўхваліў прызнаны аўтарытэт па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, гісторык беларускай археаграфіі і выдавец беларуска-літоўскіх летапісаў М.М.Улашчык. Ён адзначыў высокі ўзровень археаграфічнай апрацоўкі, дакладнасць загалоўкаў. Пры абмеркаванні былі ўнесены толькі прапановы па некаторай уніфікацыі загалоўкаў і набліжэнні іх фармулёвак да дыпламатычнай практыкі ВКЛ, а таксама складанні геаграфічнага і асабовага паказальнікаў у Беларусі 18. Працу па каментараванні матэрыялаў тома вяла І.П.Старасціна. Яна рыхтавала і другі том — 9-ю кнігу запісаў, адзіны з тамоў Літоўскай метрыкі, які захаваўся ў арыгінале, а не ў копіі канца ХVI ст.19.

Аднак падзеі канца 80-х — пачатку 90-х г. адсунулі ЛМ нашмат далей. Час брэжнеўскага «застою» не стварыў умоваў для ажыццяўлення такога фундаментальнага пачынання. Смерць у 1983 г. В.Т.Пашуты, спецыяліста па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, пазбавіла пачынанне ўплывовага кіраўніка і «лабіста» гэтага выдання. Акрамя таго, фінансавыя магчымасці Інстытута на гэты час таксама скараціліся. Такім чынам ІГ СССР не паспеў выдаць ніводнага тома ЛМ. Тое самае тычыцца і Інстытута расійскай гісторыі РАН, правапераемніка Інстытута гісторыі СССР (перайменаванне адбылося ў 1992 г.). Правал выдання ЛМ у Маскве — натуральны вынік цэлага шэрагу сацыяльна-палітычных, ідэалагічных і нават выпадковых прычын.

Выданне ЛМ практычна перайшло да польскіх і літоўскіх гісторыкаў, да якіх толькі ў 1999 г. далучыліся, нарэшце, і ўкраінскія, а ў 2000 г. — беларускія. Матэрыялы Вялікага Княства Літоўскага, у склад якога ўваходзілі не толькі ўкраінскія, беларускія і літоўскія землі, але таксама і рускія, і малдаўскія, — цудоўная крыніца для параўнальна-гістарычнага вывучэння краін Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы і міжнародных адносін дзяржаваў гэтага рэгіёна. Іх выдаюць цяпер толькі за межамі Расіі. Зразумела, што афармленне новых тамоў ЛМ вельмі адрозніваецца нават у межах Літвы, так што запланаванай серыі па вонкавым выглядзе, ды і па прынцыпах выдання не атрымоўваецца. Кожная краіна абірае тыя тамы кніг (перш за ўсё кніг запісаў), у якіх найбольш істотны матэрыял менавіта пра мінулае адпаведнай радзімы.

Цяпер пра згаданы раней першы том публікацыі ЛМ у Менску. Тыя самыя прычыны правалу выдання ЛМ дзейнічалі і ў Беларусі. Але да маскоўскага комплексу тут далучаліся некаторыя спецыфічныя асаблівасці развіцця гістарычнай навукі ў Беларусі. За гады савецкай улады былі страчаны традыцыі археаграфічнай працы, як страчаны і прадстаўнікі гэтай сферы гістарычных ведаў. Разгром нацыянальнай гістарычнай школы ў канцы 20 — пачатку 30-х г. прывёў да заняпаду крыніцазнаўства і публікатарскую дзейнасць. За выключэннем «Беларускага архіва» 1527 г., ужо згаданага выдання Дз.Даўгялы 1928 г. і некаторых іншых цяжка нават прыгадаць спецыяльныя археаграфічныя зборнікі 20. Беларуская навука не мела кадраў, каб здолець заняцца выданнем гэтага помніка. Толькі В.С.Мянжынскі, які ў 1987 г. скончыў аспірантуру пры ІГ СССР, узяўся за падрыхтоўку аднаго тома кнігі запісаў. Гэтая праца была цалкам скончана да пачатку 90-х г., але на той момант вычарпаліся фінансавыя магчымасці АН Беларусі. Том выйшаў толькі дзякуючы прыватнаму выдавецтву «Athenaeum» у серыі «Commentarii historia et culturae» ў якасці першага тома калекцыі «Помнікі».

Для выдання была абрана 28-я кніга запісаў ЛМ, што змяшчае 161 дакумент за 1522—1552 г., на самай справе пераважна 1541 (66 дакументаў), 1542 (46) і 1551 (38) — 1552 (8) г. На думку В.С.Мянжынскага, у кнізе-копіі перапісаны дакументы дзвюх кніг, якія выразна падзяляюцца па храналагіч най прыкмеце. Большасць матэрыялаў тычыцца Беларусі (70), Літвы (50), Украіны (24), цалкам ВКЛ (10), па некалькі дакументаў — Польшчы, Расіі, Малдавіі, прычым гэтыя апошнія, пераважна дыпламатычныя дакументы, прысвечаны агульным знешнепалітычным пытанням, зносінам з татарамі, Масквой, Малдавіяй, абароне межаў і г.д. Пераважная маса дакументаў, што паходзяць з Літвы, складзена ў Вільні, 8 — у Кракаве, 2 — у Пётркуве, па адным — у Берасці, Радуні, Маскве.

Выданне ўключае ўводзіны на 3 мовах (беларускай, расійскай і англійскай), навукова-даведачны апарат паказаны спісам скарачэнняў, трыма паказальнікамі (імянным, геаграфічным і прадметным), слоўнікам, які змяшчае пераклад толькі на беларускую мову, і 4 табліцамі. У лік апошніх уваходзяць: 1. Храналагічны спіс дакументаў; 2. Суадносіны новых і старых шыфраў рукапісу; 3. Фармат і змест надпісаў ярлыкоў адваротнага боку кнігі; 4. Пералік публікацый дакументаў. Змешчаны таксама спіс ілюстрацый. Прыемна адзначыць наяўнасць спіса папярэдніх публікацый асобных дакументаў, якога, як правіла, няма ў іншых выданнях ЛМ.

Ва ўводзінах даецца характарыстыка пісцоў, праўда, даволі сціслая21 . Загалоўкі выдаўца ў тэксце адсутнічаюць, яны знаходзяцца толькі ў раздзеле «Змест» на англійскай, літоўскай, расійскай і, нарэшце, беларускай мовах. Занадта кароткія, калі яны ёсць увогуле, абгрунтаванні датаванняў. Часам хацелася б большай дакладнасці. Так, напрыклад, 11 сакавіка субота трэцяга тыдня посту, зразумела, Вялікага, 13 сакавіка, панядзелак чацвёртага тыдня посту і 21 сакавіка, аўторак перад Дабравешчан нем чамусьці не ўнесены ў дату дакумента (84, 85, 86), ды і год уяўляецца недакладным — лепш аддаць перавагу 1542, чым 154122. Гэтыя тры дакументы паводле спосабу вызначэння часу іх напісання вельмі адрозніваюцца ад асноўнай масы, і падобныя звесткі істотныя не толькі для датавання дакументаў, але і для вызначэння сацыяльнай і рэлігійнай прыналежнасці пісцоў арыгінальнай кнігі. У дадзеным выпадку можна меркаваць, што № 84—86 належалі руцэ іншага, чым уся першая кніга, пісара, хутчэй за ўсё не проста праваслаўнага, але і царкоўнага.

Публікацыя тэксту прынесла складальнікам і выдаўцам некаторыя цяжкасці, бо ці львоўская друкарня «Гердан», ці ўласна выдавецтва не мела тэхнічных магчымасцяў для друкавання і дастатковага набору шрыфтоў для перадачы старажытных тэкстаў, напісаных з дапамогаю літар, якія ўжо не выкарыстоўваюцца. У сувязі з гэтым была ўжыта сістэма ўмоўных знакаў: украінскае зваротнае º пазначана як е з кропкай, юс — я таксама з кропкай. У астатнім выдавец прытрымлі ваўся правілаў, што прыняты для перадачы старажытных тэкстаў: цітлы раскрыты, вынасныя пазначаны курсівам ў радку ў круглых дужках — з улікам асаблівасцяў старабеларскай, стараўкраінскай («руской мовы») ці мовы справаводства літоўскай канцылярыі 23. Паерок (вынасная літара и) перададзена курсіўным й. У гэтым і ёсць адрозненні ад украінскага выдання кнігі за 1652—1673 г. Рускай (Валынскай) метрыкі, дзе цітлы не раскрываюцца, скарачэнні не разгортваюцца 24.

Выданне 28-й кнігі адрозніваецца незвычайнай дбайнасцю падрыхтоўкі. Да памылак у тэкстах, указаных у спісе абдрукаў цяжка нават дадаць так званыя «зрокавыя» (два выключэнні: на с. 75 у радку 10 знізу трэба чытаць Иванович; на с.95 у радку 14 зверху — Ивана; абодва разы з вялікай літары). Між іншым, ёсць і спрэчнае прачытанне: не высветлена, напрыклад, як трэба пісаць «наймя». Верагодна, магчыма і асобнае напісанне прыназоўніка з назоўнікам, нягледзячы на тое, што апошні пачынаецца з вынасной літары. Выклікае сумненне прачытанне «копей» у радку 24 с. 126, сэнсава тут просіцца «купли».

Вельмі падрабязныя і поўныя паказальнікі (сярод іх прадметны паказальнік, слоўнік і аўтарскі спіс загалоўкаў належыць У.Свяжынскаму). Недахопам слоўніка неўжываных сёння словаў з'яўляецца пераклад іх толькі на беларускую мову: у выніку для асобаў, якія не ведаюць беларускай мовы, адна загадка заменена на іншую. Шкада, што акрамя рэестра справаў «Книги данин, потверженья и инших розных справ поточных», якімі і пачынаецца кніга (с.36—47), няма спісу саманазваў дакументаў, які, як правіла, суправаджае публікацыю рускіх актаў25. Праўда, у гэтым выпадку зрабіць такі спіс даволі цяжка, бо загалоўкі асобных дакументаў належаць перапісчыкам кніг канца ХVI ст., якія не асабліва абцяжарвалі сябе пошукамі дакладнага эквівалента зместу, бо ў саміх дакументах саманазва ёсць далёка не заўсёды, і пераважна ўжывалі тэрміны «лист», «потверженье» (папярэдняга прывілея ці суда — 35), «привилей». Часам да назоўніка «лист» яны дадавалі азначэнне ліст «даный», «писаный», «кглейтовный», пасля чаго ішло найменне адрасата і апісальная, але сціслая характарыстыка зместу дакумента. «Лист, писаный до всх панов рад Великого князьства литовского» пра мерапрыемствы, ужытыя вярхоўнай уладай у сувязі з забаронай пераходу хрысціян Кароны Польскай у іудаізм (34), можна было б з упэўненасцю назваць «азнаямляльным», бо дыспазіцыя адкрываецца дзейнікам «ознаймуем». Аднак такога азначэння ў загалоўку няма. У загалоўкі канца ХVI ст. не выносіліся нават саманазвы актаў, што былі ў самім тэксце акта — «лист дозволеный» (46), у дыспазіцыі якога мы сустракаем той самы дзеяслоў «ознаймуем», «позовный, продажный, купчий, веновный, меновный» і г.д. Часам яны мадыфікаваліся ў адпаведнасці з больш позняй традыцыяй. Так, «лист судовый» ад 20 ліпеня 1540 г. у загалоўку названы «вырокам» (25). Той самы тэрмін капіістам канца ХVI ст. ужыты ў адносінах да дакумента 9 жніўня 1540 г., адрасаванага баярыну Троцкага павета з загадам выконваць рашэнне суда ў дачыненні да яго доўгу згодна з «судовым лістом» троцкага намесніка (67). Такім чынам, юрыдычныя недакладнасці пісараў канца ХVI ст. перашкаджаюць правільнай дэфініцыі актаў.

У кнізе ёсць адкрытыя лісты на шляхецтва ў Кароне Польскай з вельмі разгорнутым першапачатковым пратаколам — багаслоўем і публікацыяй (47), на вызваленне ад пасады ў Літоўскім княстве (41), пацвярджэнне куплі маёнтка полацкаму ваяводу (76).

Аднак не заўсёды можна нават вызначыць, уяўляў той ці іншы дакумент адкрыты ці закрыты ліст. Фармальнай прыкметай першага, г.зн. адкрытага, дакумента павінен быў служыць такі элемент пратакола, як публікацыя («Чиним знаменито»), які ў кнігах копій часта адсутнічаў нават там, дзе несумненна павінен быў быць. Асаблівую разнавіднасць «адкрытых» лістоў уяўляюць лісты на свабодны праезд і бяспошлінны ці льготны гандаль турэцкаму купцу Андрэю Грэку — 2, 3, 64, 74, (13.Х, 15. Х, 30. ХI і 13.Х. 1541). Тры з іх, як і ліст на бязмытны гандаль кафінскага купца Серкіза Хачыма (33), адрасаваны «князем и паном, воеводам и старостам, державъцам, земяном, бояром и дворяном нашим, войтом, бурмистром и рядцам, и мытником … везде по отчызне нашой…», адзін мае канкрэтнага адрасата — кіеўскага ваяводу (3).

Склад дакументаў кнігі вельмі разнастайны. Пры тым, што большасць дакументаў выйшла з вялікакняскай канцылярыі, гэтае багацце дакументаў рознага кшталту проста здзіўляе. Высокая інфармацыйнасць апублікаваных актаў дае матэрыял для меркавання пра своеасаблівасць шляхоў развіцця не толькі асобных рэгіёнаў Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай, але і для параўнання іх з суседнімі краінамі, перш за ўсё княствам усяе Русі (што рэцэнзента цікавіць у першую чаргу).

Адміністрацыйнае кіраўніцтва ажыццяўлялася з дапамогай лістоў, накіраваных то зямянам браслаўскім і Веніцы пра прызначэнне стараст (9, 9.1), то лістоў пра прызначэнне на ваяводства віленскае, кіеўскае, полацкае, наўгародскае, віцебскае, Бірштаны, дарсунішскае, на староства жамойцкае (95-102, 109-111), то прывілеяў і пацвярджэнняў на розныя іншыя адміністрацыйныя пасады і ўрады: пацвярджэнне на трыманне замка (7), на вайтоўства (39), на староства (134), на ляснічае дарсунішскае (142), на гараднічае (148), цівунства і гараднічае (31). Апошнія суправаджаліся часам лістом «на увезанье» (49), што знаходзіць дакладную аналогію ў актах княства ўсяе Русі і Расійскага царства, ці лістом — «поведаньем пдскарбьему на увезанье» (40). Падабенства да «послушных грамот» паўночнага ўсходу Русі выяўляе каралеўскае «поведанье» пра прызначэнне новага драгічанскага старасты з заклікам да жыхароў быць «во всем послушними»; адно «поведанье» было адрасавана «подкоморому, и суд(ь)и, и подсудку дорогицко му, и писару земъскому, и всим земяном, шляхте повету дорогицкого, и теж войтом, и всим людем, которыи прислухают к тому замъку дворцом дорогицким», а другое — войту, бурмістрам і радцам «места Дорогицкого» (94—94.1).

Некаторых такіх адміністрацыйных пасад на тэрыторыі Паўночна-Ўсходняй Русі не было. Гэта тычыцца і пасады «лесничего». Мабыць, больш ранняе з'яўленне такога ўрада тлумачыцца параўнальна развітай эксплуатацыяй і экспартам на захад лясных багаццяў (леса, лясных тавараў, попелу) у Вялікім Княстве Літоўскім. У арганізацыю вытворчасці і ў продаж ванчосаў, клёпак і попелу былі вельмі рана ўцягнуты і віленскі бурмістр, і нямецкі купец з Коўна (Каўнаса), якія атрымалі адпаведны прывілей (83, 92).

Дзейнасць мясцовых уладаў рэгулявалася граматамі, што змяшчалі некаторыя нарматыўныя дакументы. Так, браслаўскі стараста Богуш Карэцкі, які быў вядомы сваімі і сваіх слуг злоўжываннямі, атрымаў судовы «устав децким» (149). Фінансавыя абавязкі свіслацкага старасты ў дачыненні да дзяржаўнага скарбу (казны) Кузьмы Іванавіча Жэслаўскага рэгламентаваліся адкрытым лістом Жыгімонта I (89).

Сацыяльная палітыка афармлялася прывілеямі і «наданьями» (згодна з «листом даным») на землі — двары, маёнткі, людзей (1, 13, 17, 42, 57, 72 (адкрыты ліст), 91, 135, 138, 140, 143), аналагамі рускіх даравальных і дадзеных грамат. Пра некаторую шчыльнасць асвоеных земляў сведчыць перавага не «наданняў», а пацвярджэнняў як папярэдніх уладанняў (68, 70, 75), так і купляў (16, 18, 139), былі і дазваленні мены (46, параўн. 56), дазвол на продаж ці куплю зямлі (29, 30). Прывілеі выдаваліся і на права гандлю і арганізацыю карчмы, напрыклад, аднаму з прадстаўнікоў знатнага полацкага роду Зяновічаў (146) ці Астафію Корсаку на права гандлю ў Забор'і (137). Сярод аб'ектаў пажалавання звяртае на сябе ўвагу іх аднастайнасць (землі, двары, людзі). Вельмі рэдка сярод іх узнікаюць вытворчыя аб'екты, толькі Марцін Палецкі атрымаў прывілей на «гуту скляную» (155). Магчыма, перыядычна і выбарачна праводзілася праверка ўладальніцкіх правоў і дакументаў («твердостей»), як гэта адбылося ў Маркаўскім павеце ў 1541 г. у сувязі з падазрэннем «о забраньи земль, людей и пущи» князем Слуцкім, жонкамі віленскага ваяводы і пана троцкага, некаторымі іншымі (84).

Шмат дакументаў звязана са спробамі баяр захаваць свой сацыяльны статус, а не быць зведзенымі да ўзроўню путных слуг. Так, пенянскім і аршанскіх баярам захавалі іх землі (73, 131), пры сваіх абавязках засталіся ваўкавыскія баяры, на якіх пад час вопісу былі накладзены не належныя ім абавязкі плаціць асадныя грошы і выконваць натуральныя службы. Пра рашэнне Жыгімонта I Старога паведамілі і віцебскаму ваяводу, і баярам (87, 88). Асаблівы статус троцкіх татараў быў замацаваны 16 жніўня 1541 г. (69).

У сувязі з сацыяльнай палітыкай вельмі цікавыя ўставы. Адзін з іх дадзены мяшчанам і Свіслацкай воласці, ён рэгламентаваў памеры даніны і ўсіх астатніх падаткаў урадніку (66), другі — цэны і парадак гандлю аўсом, сенам і дровамі ў межах сталіцы Вялікага Княства. Апошні дакумент («постанове нье») быў уключаны ў «извещение» падскарбія Івана Гарнастая, а прыняты па просьбе віленскіх мяшчан і паноў панамі радаю і каралём (58). Згодна з гэтым «постановеньем» сяляне павінны былі жорстка трымаць сезонныя кошты, якія падымаліся толькі ў перыяд восеньскага і вясновага бездарожжа, а жыхары гарадоў не мелі права перакупліваць гэтыя тавары ў сялян на бліжэйшых да горада шляхах.

Падобныя дакументы 28-й кнігі запісаў ставяць пад сумненне традыцыйны погляд на характар унутранай палітыкі каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх у межах Вялікага Княства. Дзяржаўная ўлада, хоць і ішла на просьбы насельніцтва, тым не менш праводзіла дастаткова актыўную ўласную палітыку па падтрыманні сацыяльнага міру і ўсталявана га парадку ў межах краіны. Уласна ж сацыяльныя групы на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай больш часта, чым на ўсходзе Еўропы, выступалі ў якасці суб'ектаў, на якіх былі звернуты тыя ці іншыя граматы вярхоўнай улады. Сярод такіх суб'ектаў варта згадаць мяшчан Луцка, якія з таго часу мелі права свабодна і бязмытна гандляваць у межах Валынскай зямлі і праводзіць у сябе тры кірмашы штогод (154), Менска, якія атрымалі магдэбургскае права ці, дакладней, яго пацвярджэнне ў 1552 г. (144), мяшчан Ноўгарада Северскага, якія здолелі атрымаць для сябе замену грашовага плацяжу павіннасцю пастаўляць падводы для каралеўскіх ганцоў, маскоўскіх і татарскіх паслоў (112), а таксама жыхароў Браслава і Веніцы, якім паведамілі пра пацвярджэнне каралеўскага прызначэння старастам гэтых гарадоў князя Сямёна Глебавіча Пронскага, нягледзячы на скаргі на яго, «выступы и противности» жыхароў і «записны лист», які даў ім у хвіліну слабадушнасці стараста (65).

Фінансавая палітыка караля і літоўскага князя адлюстравана ў лістах пра прымусовы збор серабшчыны (4, 26), згодна з усталяваным парадкам (141) у 1551 г. — на 3 гады для абароны ад татар (152), мыта ў Мсціславе (133). Шматлікія выняткі з ліку падаткаплацельшчыкаў афармляліся лістамі на вызваленне (двара Ушпольскага, 11), віленскага бурмістра — ад абавязку даваць жыллё — ад «стоянья» (147), мостніка ковенскага ад выплаты мыта ў гандлі соллю ў Гданьску (90) і інш. Затое «жиды», прадмет няспыннага клопату вярхоўнай улады, абкладаліся вельмі высокімі падаткамі: пінскія жыды павінны былі выплаціць 1000 злотых (156). Часам фінансавая палітыка абумоўлівалася дыпламатычнымі зносінамі, якія прыводзілі да некалькі нечаканых наступстваў. Так, у 1522 г. пасля праезду царскага вялікага пасольства з 1000 чалавек аршанскія мяшчане на 10 гадоў былі вызвалены ад выплаты мыта (130).

Дыпламатычнай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага прысвечана цэлая серыя разнастайных дакументаў. Яны тычацца праезду і ўмоў знаходжання замежных паслоў (гэта, у прыватнасці, «приказ» на стацыю і падводы крымскім паслам (48), «опасная» грамата вялікакняскім маскоўскім паслам у Вялікае Княства Літоўскае, выдадзеная ў Маскве (38), «глейт» паслам Малдаўскага ваяводы 2 верасня 1551 г. (136), даверчы ліст вялікім паслам ў Маскву (78), Яну Юр'евічу Глябовічу і Мікалаю Цяхноўскаму — паслам у Маскву (82), «наказ» паслу ў Крым Анікею Гарнастаю (50), «приказ» паслам у Маскву, накіраваны аршанскаму дзяржаўцу, а таксама ў Мціслаў, Крычаў, Магілёў, Чачэрск, Прапойск, Рэчыцу, Гомель, што дазваляе прасачыць шлях пасольства (59, 59.1), адказ малдаўскім паслам 21 снежня 1551 г. (153), Пятру Валошскаму (71), прысяжны ліст крымскага пасла Агаліча (44), старасту берасцейс каму пра абмен палоннымі Андрэя Валфрамеевіча, што знаходзіўся ў палоне 25 гадоў, на жыхара Мязецка Івана Чаглокава (45). Такім чынам, у той ці іншай ступені асветлены ўсе этапы дыпламатычных перамоваў — ад падрыхтоўкі да іх і да заключнай фазы — афармлення дасягнутага пагаднення і яго рэалізацыі. Часам вялікакняскія дакументы ўзнікалі ў выніку або для ліквідацыі гандлёвых канфліктаў, якія адбыліся, напрыклад, у Логвіна Берасцянікава з прадстаўніком адной са знакамітых маскоўска-наўгародскіх гандлёвых сямей — Рыгорам Старковым (79), ці турэцкага купца і жыхароў Веніцы (85), дакладней, слугі С.С. Давойны Івана Шчарбіны, што абакраў Андрэя Грэка (86).

Абароны Літоўскага Княства і Кароны Польскай тычацца шматлікія распараджэнні-загады пра накіраванне працоўнай сілы на будаўніцтва кіеўскага замка (14), пра дастаўку харчу ва ўскраінныя замкі (36), асабліва шмат іх у 1552 г. (абарона Чаркасаў і Канева, куды накіроўваліся ротмістр з атрадам, драбы, конныя і пешыя воіны, будаваўся замак і г.д. 113—116, 118).

Рэлігійнай, а часткова і нацыянальнай палітыкі вялікага князя літоўскага тычацца акты, дадзеныя прадстаўнікам праваслаўнай царквы, у першую чаргу мітрапаліту галіцкаму, кіеўскаму і ўсяе Русі Макарыю пра кіраванне віленскай царквой (23, 24), Кіева-Пячорскаму манастыру на права захавання абшчыны, выбару архімандрыта, вызваленне ад стацый і падвод (5, 150), свабоднага праезду ў северскія гарады Старадуб і Ноўгарад-Северскі для збору даніны (12, 19, 20), надання двара праваслаўнаму святару (60), жыдам — хрысціян не абразаць і ў Турцыю не ездзіць (63), пробашчу кракаўскаму на касцёл у Лукініках і заснаванне корчмаў (61), фундуш на касцёл св. Ганны ў месце Шаўдоўскім (77), архімандрыту мінскага Ўваскрасенскага манастыра на архімандрытыю ў Пячорскім манастыры (108), таму самаму мінскаму Ўваскрасенскаму манастыру на землі і млын (145), віленскаму святару Іосіфу на ўладзімірскую і луцкую епіскапію (150), ерусалімскім манахам на свабодны праезд у Маскву (132). Бадай, прыведзены спіс актаў, што тычыцца насельніцтва Літоўскага Княства і Кароны Польскай, сведчыць пра амаль поўную адсутнасць рэлігійнай нецярплівасці, калі не лічыць жыдоў.

Узровень культуры палітычнай эліты яскрава дэманструе працэдура зацвярджэння дамовы з Валахіяй, выкладзеная ў адказе паслам ваяводы Малдаўскай зямлі Стэфана ад 21 снежня 1551 г. «Панове рада литовские вси, которые по латине умели… — чытаем у «отказе», — присягу чинили при короле его милости, а которые по латине не вмели, тым руским языком тая ж рота была выложона и там же присегали» (153. С. 201). Відавочна, што непісьменных сярод паноў рады не было.

Як ні дзіўна, знаёмства чалавека пачатку трэцяга тысячагоддзя з дакументамі першай паловы і сярэдзіны ХVI, здавалася б, такога далёкага ад нашага часу стагоддзя, наводзіць на роздум пра сучасны стан асобных сацыяльных груп, прававое іх становішча і ўвогуле пра ролю права — грамадзянс кага і крымінальнага — у развіцці не толькі сярэднявечнага, але і постіндустрыяльнага грамадства. А часам прыводзіць і да несуцяшальных высноваў пра тое, што апошняе па шэрагу пазіцый саступае свайму далёкаму папярэдніку.

Кароткі агляд перадгісторыі першага ўсходнееўрапейс кага выдання Літоўскай метрыкі і такая ж кароткая яго характарыстыка, як і павярхоўны агляд зместу 28-й кнігі запісаў Літоўскай метрыкі сведчыць і пра шмат што іншае: пра несумненны і вельмі сур'ёзны зрух у археаграфічнай працы беларускіх калег, з аднаго боку, і пра іх удалы выбар кнігі для публікацыі — з другога. Матэрыялы гэтай кнігі маюць вельмі важнае, часам нават кардынальнае значэнне для разумення працэсаў сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця не толькі Літоўскага Княства і Кароны Польскай, але і ўсёй Усходняй і, магчыма, нават Цэнтральнай Еўропы. Можна спадзявацца, што ўвядзенне ў навуковы зварот кніг метрыкі створыць базу для сапраўды навуковага, а не павярхоўна-эскізнага вывучэння заканамернасцяў эвалюцыі вялікага рэгіёна Еўропы.

Хацелася б толькі выказаць пажаданне, каб наступныя кнігі Літоўскай метрыкі не чакалі так доўга свайго выдання, а даследчыкі, многім з якіх яны недаступныя з-за незалежных ад іх волі ўмоваў, не знемагалі б дзесяцігоддзямі ад няздзейсненага знаёмства з найкаштоўнейшымі матэрыяламі.

Масква
Ганна Харашкевіч


1 Першы пункт погляду традыцыйны для савецкай гістарыяграфіі. Ён бярэ пачатак з даследaвання С.Л. Пташыцкага (Пташицкий С.Л. Описание книг и актов Литовской метрики. С.-Петербург, 1887. С. 3). Другі ў нашыя дні абгрунтавала П. Кенэдзі Грымстэд (Kennedy Grimsted P. With the coll. of I. Sulkowska-Kurasiowa & The «Lithuanian Metrica» in Moskow and Warsaw: Reconstructing the Archives of Grand Duchy of Lithuania. Cambridge, Mass., 1984. P. 4—9). У беларускім выданні 2000 г. Літоўская метрыка названа архівам канцылярыі вялікага князя літоўскага.
2 Бережков Н.Г. Литовская метрика как исторический источник. Ч. 1. О первоначальном составе книг Литовской метрики по 1522 г. Москва, Ленинград, 1946. Высновы Беражкова М.Г. удакладнены Э.Д. Банёнісам у цэлай серыі артыкулаў.
3 Хорошкевич А.Л. К истории издания и изучения Литовской метрики // Acta baltico-slavica. T. VIII. 1973.
4 Гэта былі кнігі сігілят 1709—1719 г. і рэестры падымнага Вялікага Княства Літоўскага. Віленскае ваяводства 1690 г.
5 Литовская метрика: исследования 1988 г. Vilnius, 1992; Исследования по истории Литовской метрики. Сборник научных трудов. Москва, 1989. [Вып.] I—II. Бібліяграфію за 1983—1989 г. гл.: Тамсама. Вып. II. С. 375—380.
6 Інстытутам гісторыі Літвы выдадзены 1, 3, 5, 8, 10, 11, 25, 51 кнігі запісаў, 530, 564 кнігі публічных спраў, Вільнюскім універсітэтам — 4, 6, 8 кнігі судовых спраў. Гл. падрабязней: Новости Литовской метрики. 1996—1999. № 1—3.
7 Годовой отчет Института истории СССР за 1981 год (далей — ГО). Москва, 1981. С. 81.
8 ГО. 1981. С. 56.
9 ГО. 1982. С. 71.
10 ГО. 1983. С. 58.
11 Бугай Н.Ф., Бычкова М.Е. О сотрудничестве историков СССР и Польши // Вопросы истории. 1984. № 8. С. 151—152.
12 ГО. 1984. С. 71.
13 ГО. 1984. С. 62.
14 ОРФ ИРИ РАН. Материалы канцелярии. Протоколы заседаний дирекции. № 6. 17. IV. 1985. С. 68.
15 ГО. 1984. С.74.
16 Ловмяньский Х.К. Русь и норманы. Москва, 1985.
17 ГО. 1985. С. 48, 84—85, 105; ОРФ ИРИ РАН. Отдел истории феодализма. Протоколы заседаний дирекции. К протоколу № 12. 24. Х. 1985. С. 145. Отв. ред. В.Л. Янин. Состaвитель М.Е. Бычкова.
18 ОРФ ИРИ РАН. Отдел истории феодализма. Протоколы заседаний Ученого совета. № 14 от 18 июня 1985 г. С. 42.
19 ОРФ ИРИ РАН. Планкарты 1986 г. Планкарта И.П. Старостиной.
20 Трагічная гісторыя беларускай гістарычнай навукі стала прадметам спецыяльнага даследавання М.М. Улашчыка, які на ўласным прыкладзе адчуў усю зменліваць лёсу даследчыка беларускага мінулага, што меў няшчасце жыць і ствараць у савецкі час (Улащик Н.Н. Очерки по историографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. Москва, 1973).
21 Мяркуем, што складальнікі дарма скупіліся. Была б пажаданая больш разгорнутая характарыстыка накшталт той, што даў П. Кулакоўскі да заключнага тома «Рускай» (Валынскай) метрыкі за 1652—1673 г., якая была выдадзена на год раней у 1999 г. у серыі «Помнікі гісторыі Ўсходняй Еўропы».
22 У 1542 г. супадаюць дні тыдня і лічбы, што ўказаны ў актах (Каменцева Е.И. Русская хронология. Москва, 1960. Таблица 1. С. 46).
23 Не закранаем спрэчнага пытання пра мову метрыкі, для якой існуе маса не зусім дакладных азначэнняў.
24 Руська (Волинска) метрика. Книга за 1652—1673 рр. Підг. до друку П. Кулаковський // Пам'яткі історі¿ східно¿ Европи. V. Острог, Варшава, Москва, 1999.
25 Ён ёсць, напрыклад, у «Актах социально-экономической истории Северо-Восточной Руси ХIV — начала ХVI в.» (Т. 1—3. Москва, 1952—1964). Аднак новыя выданні таксама бываюць пазбаўлены такога спіса (гл. падрабязней: Хорошкевич А.Л. Акты, акты и еще раз акты… Новые миры средневековой Руси, эдиционная техника и научная традиция // Отечественная история, 2000. № 5. С. 127—138).
* Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. Архіў Канцылярыі вялікага Князя Літоўскага. Кніга 28 (1522—1552). Кніга запісаў 28 (Копія канца ХVI ст.). Падрыхтаваў В.Мянжынскі. Менск, 2000.
** Руська (Волинська) метрика. Книга за 1652—1673 рр. Підготував П.Кулаковський / Памятники истории Восточной Европы. Источники XV—XVII вв. Ред. серии И.Граля. Т.5. Острог—Варшава—Москва, 1999.
Новая літаратура: агляды і рэцэнзіі

змест