Саветызацыя гістарычнай навукі ў Украіне і Беларусі
(некаторыя канцэптуальныя меркаванні)

Андрэй Партноў

Пра складанасць разгляданай тэмы найлепш сведчыць сукупнасць прац, ужо напісаных з гэтай нагоды. Гэтым працам часта бракуе даследчага такту, смеласці. Да таго ж, гістарычная навука агулам засвоіла канцэпцыю савецкага таталітарызму, паводле якога грамадства было не больш чым пасіўным аб'ектам усёмагутнай дзяржавы 1. Следства такой устаноўкі — звядзенне праблемы да разгляду палітычных рэпрэсій або неапраўдана спрошчанага сцвярджэння пра ненавуковы характар усіх гістарычных прац, што з'явіліся ва Ўкраіне з другой паловы 1940-х да канца 1980 г.2 Гэткія тэзісы грунтуюцца на разуменні саветызацыі як працэсу, што завяршыўся ў 1930—40 г., пасля чаго быццам існавала уніфікаваная пакораная гістарыяграфія. Насамрэч гэтак званая савецкая гістарыяграфія не была аднастайнаю 3, побач з прапагандысцкімі выходзілі адмысловыя навуковыя працы, часта створаныя ва ўмовах балючага кампрамісу з сістэмаю.

Канцэпцыя гэтага артыкула грунтуецца на прапанаваным С.Eкельчыкам разуменні дзяржаўнай палітыкі СССР як дыялогу з грамадствам, з рэпрэсаваным, прыгнечаным, але не знішчаным апазіцыйным дыскурсам 4, які пры кожнай нагодзе выяўляў сябе — у смелых выступах асобных вучоных, свядомым падыходзе іншых да археаграфіі і медыявістыкі, намаганні сказаць бадай «напаўпраўду» ў падцэнзурных публікацыях. Мяркую, што саветызацыя навукі працягвалася да апошніх дзён савецкай улады (а з-за інерцыі і пазней), але не была дастаткова паспяховаю, татальнаю, хоць і мела велізарны ўплыў на вучоных.

Адсюль вынікаюць дзве тэзы. Па-першае, падаецца дарэчным адрозненне падсавецкіх і савецкіх гісторыкаў, зыходзячы з іх стаўлення да панавальнай сістэмы. Гэткае адрозненне мае, перш за ўсё, навукова-пазнавальны, а не выкрывальніцкі характар, хоць не сакрэт, што тып гісторыка-партый ца, які жадаў партыйнага кіраўніцтва, адчуваў сябе без яго ніякавата, усё-такі быў створаны 5. Па-другое, увагі даследчыкаў заслугоўваюць такія праблемы, як стыль мыслення гісторыкаў, формы суіснавання вучоных і рэжыму, спосабы адаптацыі да яго патрабаванняў, аналіз стылістыкі іх прац з увагаю да словаўжытку, метафар і стэрэатыпаў, стварэнне «новамовы» савецкай навукі і намаганні вучоных змагацца з стандартызацыяй стылю і г.д.

Гэты тэкст змяшчае толькі папярэднія меркаванні, вынік вывучэння аўтарам гістарыяграфічных працэсаў у Савецкай Украіне з далучэннем для параўнальнага аналізу беларускага матэрыялу. Гіпатэтычнасць і правакацыйнасць асобных сцвярджэнняў свядома разлічаны на крытыку.

***

Некалькі словаў пра зробленае папярэднімі даследчыкамі ў вывучэнні пытання. Першыя публікацыі пра саветызацыю ўкраінскай гістарыяграфіі выходзяць з-пад пяра гісторыкаў -эмігрантаў, якія перажылі гэтыя працэсы, а пад час другой сусветнай вайны выехалі на Захад6. Увогуле, яны характары завалі 1920-я г. як час акадэмічнай свабоды, вольнага развіцця навуковай думкі, канец якому быў пакладзены ў 1930-я — час жорсткіх фізічных рэпрэсій. Пры гэтым у часы хрушчоўскай «адлігі» былі пашыраны спадзяванні на аздараўленне падсавецкай навукі, якія згаслі пад час новых уціскаў пары «застою» 7. Сярод беларускіх гісторыкаў-эмігрантаў гэтае пытанне вывучаў Павал Урбан, які ў працы «Смена тенденций в советской историографии» падаў узважаны аналіз зменаў партыйнай лініі адносна навукі, абгрунтоўваючы тэзіс, што «лібералізацыя заўжды праводзілася па ўказках зверху»8 . Яму ж належыць беларускамоўная публікацыя з той самай тэмы, што адрозніваецца вострым публіцыстычным стылем9.

Вартыя ўвагі англамоўныя кніжкі, што датычацца пераважна расійскай гістарычнай навукі і маюць характар дакладнай хронікі10 , сінтэтычных 11, аналітычных 12 даследаванняў, ды публікацыі польскіх гісторыкаў 13. Украінскія вучоныя з дыяспары ўважліва сачылі за працамі сваіх падсавецкіх калег. Апрача чыста інфармацыйных 14 з'яўляліся крытычна-аглядныя 15 працы, нават існавала спецыяльнае выданне «Recenzja», дзе рэцэнзаваліся выключна працы, выдадзеныя ў Савецкай Украіне.

Што ж да ўкраінскай і беларускай «мацерыковых» гістарыяграфій, то першыя публікацыі з крытычнай рэвізіяй спадчыны савецкай навукі пачалі з'яўляцца на пачатку 1990-х16. З гэтай тэмы паступова было знята табу маўчання, але канцэптуальных яе распрацовак з'явілася няшмат (да таго ж, яны пераважна выходзяць з-пад пяра заходніх даследчыкаў — Райнэра Лінднэра 17, Рыгора Грабовіча 18 і інш.). Увогуле ж, тэрміналагічная нявызначанасць, несвядомыя і свядомыя маніпуляцыі фактамі, страх пісаць шчыра і прынцыпова і надалей характарызуюць гістарычныя публікацыі з разгляданай тэмы.

1. Што такое савецкая гістарыяграфія?

1917 год быў сакральнаю датаю для савецкай навукі: гісторыя жорстка падзялілася на «да- і паслярэвалюцыйную». Таму і паняцце «савецкая гістарыяграфія» ахоплівае ўсе гістарычныя працы, што надрукаваны з 1917 да 1991 г. (нягледзячы на тое, што ў першыя паслярэвалюцыйныя дзесяцігоддзі выходзіла шмат даследаванняў, якія былі напісаныя яшчэ да рэвалюцыі — у прыватнасці, працы А.Яфіменкі, А.Праснякова і інш.).

Абгрунтаваным падаецца метадалагічны крытэр, але не трэба спяшацца з акрэсленнем савецкіх гістарычных прац як «марксісцкіх». Ю.Афанасьеў слушна падкрэслівае, што савецкая гістарычнaя навука была навукова-палітычным феноменам, арганічнаю часткаю таталітарнай сістэмы і, адначасова, інструментам дзяржаўнай палітыкі 19. Яе сацыяльная функцыя палягала ў выхаванні «савецкага чалавека» — будаўніка камунізму, у адпаведнасці з якім гісторыкі павінны былі як выкрываць «фальсіфікацыі» мінулага, так і ўсхваляць дасягненні сацыялізму.

Тэарэтычнаю падставаю савецкай гістарыяграфіі быў так званы марксізм-ленінізм — адно з прачытанняў марксізму, найважнейшыя тэзісы якога: разуменне гістарычнага працэсу як заканамернага і няўхільнага набліжэння камунізму; просталінейнае ўяўленне пра стадыйны (фармацыйны) характар грамадска-гістарычнай эвалюцыі; класавая барацьба як рухальная сіла гістарычнага працэсу; жорсткая залежнасць свядомасці ад сацыяльных фактараў (адсюль магчымасць падзяляць усе філасофскія ідэі, літаратурныя і навуковыя творы на «прагрэсіўныя» і «рэакцыйныя») 20.

Але для савецкай гістарыяграфіі вызначальнымі былі не гэтыя ідэалагічныя ўстаноўкі, а партыйныя дырэктывы. Ключом да высвятлення прыроды апошніх можа служыць тэзіс А.Івіна пра разуменне бальшавікамі мінулага як абгрунтавання і апраўдання сучаснасці, у адпаведнасці з чым са зменаю партыйнай лініі змянялася і мінулае21 . Так, «Вялікая савецкая энцыклапедыя», выдадзеная ў 1936 г., адзначала, што Б.Хмяльніцкі ў казацкай рэвалюцыі, якую ён узначальваў, «адыграў ролю здрадніка і лютага ворага паўсталых казацка-сялянскіх мас», бо «спрыяў замацаванню каланіяльнага панавання Расіі над Украінаю» 22, а менш чым праз 10 гадоў гетман ужо выступае «самаадданым барацьбітом за ўз'яднанне». Пры гэтым спроба Міхайлы Брайчэўскага раскрытыкаваць канцэпцыю «ўз'яднання» з чыста марксісцкіх пазіцый23 была кваліфікавана як дысідэнцтва, а сам вучоны пацярпеў за сваю смеласць.

Савецкая «навука» не спынілася і перад выкрыўленнем гістарычных фактаў. Сцвярджалася, што Петрыка — лідэра антыгетманскага паўстання — забіў агент І.Мазепы (насамрэч Петрык перажыў старога гетмана і памёр сваёй смерцю), што Ўкраінская Акадэмія навук была заснавана бальшавікамі (насамрэч — Паўлам Скарападскім пад час існавання незалежнай Украінскай Дзяржавы), шляхціч Іван Богун-Федаровіч быў пераўтвораны ў сялянскага сына і г.д. У гісторыі Беларусі расійскую экспансію 1654—1667 г. трактавалі як «вызвален не» гэтых земляў, а сацыяльную гісторыю беларусаў звялі да гісторыі сялянства.

У эвалюцыі савецкага «марксізму-ленінізму» можна вылучыць некалькі этапаў:

1920—1930-я г. — час суіснавання «марксісцкай» і «буржуазнай» навукі, калі марксізм яшчэ не быў дагматызаваны і выклікаў шчырую зацікаўленасць вучоных, якія займаліся сацыяльна-эканамічнай гісторыяй 24;

1930—1940-я г. — паступовая дагматызацыя марксізму -ленінізму (звязаная з зацвярджэннем сталінскага таталітар нага рэжыму), арганічна злучаная з расійскім нацыяналізмам у трактаванні мінулага. «Патрыятызацыя» гісторыі была прыродным адлюстраваннем змены партыйнай лініі — калі арыентацыі на сусветную рэвалюцыю адпавядала «інтэрнацыяна лістычная» ўстаноўка на паказ Расійскай імперыі як турмы народаў, то канцэпцыя сацыялізму ў асобна ўзятай і максімальна цэнтралізаванай краіне выклікала карэнныя змены ў бок праслаўлення расійскага мінулага 25 (якія ўсталяваліся пад час і пасля завяршэння другой сусветнай вайны).

1950—1980-я г. — панаванне дагматызаванага марксізму і, адначасова, напаўпрыхаваныя праявы акадэмічнай апазіцыі да яго, выкарыстанне тэзаў класікаў ці для выключна вонкавага аздаблення працы, ці для пацвярджэння ўласных смелых гіпотэз26 . Тут трэба зазначыць, што межы акадэмічнай свабоды расійскіх гісторыкаў і вучоных нацыянальных рэспублік істотна адрозніваліся не на карысць апошніх. А асобныя дысцыпліны — усходазнаўства, візантыстыка, гістарычна-культуралагічныя даследаванні — былі манапалізаваныя сталічнымі навукоўцамі.

2. Рысы савецкай гістарычнай прадукцыі

1) Цытатна-ілюстрацыйны спосаб выкладання матэрыялу, «гістарыяграфічны прапагандызм» (выраз Н.Якавенкі), заняпад крыніцазнаўчай культуры даследаванняў. Варта прывесці прыклады кампрамісаў, на якія даводзілася ісці, выдаючы нават салідныя зборнікі дакументаў — І.Крып'якевіч ды І.Буціч, рыхтуючы да друку «Документи Богдана Хмельниць кого» (1961), мусілі ўключыць лісты гетмана да турэцкага султана і крымскага хана ў раздзел «Сумнеўныя дакументы» 27, са зборніка «Першодрукар Іван Федоров та його послідовники на Україні» (1975) былі выкраслены 5 актаў з Луцкіх гарадскіх кніг, якія выяўлялі Фёдарава як кіраўніка збройных сутычак паміж варожымі групамі сялянаў, што быццам кампраметава ла першадрукара 28, ва ўсіх дакументах зборніка «Класова боротьба селянства Східної Галичини» (1974) слова «жыд» было заменена на «карчмар» 29.

2) Ваяўнічая тэрміналогія, запазычаная з пісанняў бальшавіцкіх лідэраў. У сумнавядомым лісце да рэдакцыі «Пралетарскай праўды» «О некоторых вопросах истории большевизма» (1931) І.Сталін адзначыў: «Разве не ясно, что Слуцкий просто клевещет на Ленина, на большевиков», бо «никто не смеет отрицать» ісціннасць словаў правадыра. Выраз «разве не ясно» паўтораны ў артыкуле Сталіна яшчэ 4 разы, а аб'ект крытыкі — даследаванні Слуцкага — ахарактарызаваны ім як «галиматья», «жульническое крючкотворство», «троцкистский хлам»30. Сталінскі стыль старанна капіяваўся і ўважаўся ўзорам навуковасці, між тым не Сталін яго вынайшаў. Без заглыблення ў гістарычныя экскурсы (працы расійскіх «рэвалюцыянераў-дэмакратаў» ХIХ ст.) адзначу, што Ленін у артыкуле «О значении воинствующего материализма» (1922) ахарактарызаваў вядомых вучоных Р.Віпера і П.Сарокіна як «идейных рабов буржуазии», «современных крепостников, прикрывающихся, конечно, мантией учености» 31. У 1921 г. лідэр бальшавікоў з нагоды кнігі С.Маслова «Крестьянское хозяйство» выказаўся так: «насквозь буржуазная пакостная книжонка» 32.

3) Росквіт калектыўных даследаванняў, паступовая уніфікацыя навуковага стылю, калі адрозніць аднаго аўтара ад іншага стала амаль немагчыма, а паняцце «творчасці» неяк не пасавала навуковай працы (можа, таму і адрознівалі «навуковую» і «творчую» інтэлігенцыю). Акрамя гэтага, у рэспубліках праводзілася палітыка максімальнага набліжэння нацыянальных моваў да расійскай. У прыватнасці, украінская і беларуская мовы, пазбаўленыя шматлікіх «нацыяналістычных» словаў, збяднелі лексічна і фразеалагічна, былі арыентаваны не на прадукаван не новых, а на трансляцыю ўжо гатовых думак33...

4) Стварэнне навуковых аўтарытэтаў («вядучых спецыялістаў»), якія фактычна манапалізавалі распрацоўку пэўнай тэмы (для адпаведных перыядаў гісторыі такімі аўтарытэтамі былі Б.Грэкаў, М.Ціхаміраў, Л.Чэрапнін, Н.Дружынін, М.Нечкіна, А.Сідараў, Б.Рыбакоў). Як адзначае Н.Ілерыцкая, «гісторыкам заставалася толькі падзяліцца паводле праблемна-хра налагічнага прынцыпу і згуртавацца вакол найбольш уплывовых фігур..., якія цалкам кантралявалі распрацоўку той або іншай тэмы»34.

5) Знішчэнне рэцэнзійнага жанру, культуры навуковай дыскусіі.

Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што вызначальнаю рысаю савецкай гістарыяграфіі была дзяржаўна-палітычныя дэтэрмінаванасць яе развіцця (адсюль — і планавасць даследаванняў, і таталітарны інстытут ВАКа, і безліч табуяваных тэмаў, імёнаў, дакументаў).

Такім чынам, насаджэнне гістарыяграфічнай практыцы комплексу пералічаных адзнак і ёсць працэс саветызацыі гістарычный навукі. Працэс, што меў на мэце знішчэнне творчасці, самастойнага мыслення. А супрацьдзеянне саветызацыі было заўжды праяваю індывідуальнасці даследчыка, якая супрацьстаяла сістэме, што самаўпэўнена прамаўляла ад імені «мы».

3. Украінскі і беларускі варыянты саветызацыі

Як украінская, так і беларуская гістарыяграфія ў 1920-х г. мелі акадэмічную свабоду і выразны нацыянальны характар, што заахвочвалася палітыкаю «карэнізацыі». Але тая свабода была часовай, бо ўзмацненне савецкай улады суправаджалася ўзмацненнем увагі да гістарычнай навукі. Спачатку — да найноўшай пары, гісторыі рэвалюцыі і бальшавіцкай партыі35. У далейшым — прыйшоў час мэтанакіраванага знішчэння нацыянальнай інтэлігенцыі, пачатага працэсамі над «Суполкаю вызвалення Ўкраіны» і «Саюзам вызвалення Беларусі» (1930)36 і падсумаванага стварэннем падкантрольных партыі Інстытута гісторыі Ўкраіны (1936) і Інстытута гісторыі Беларусі (1936).

Нават у часы, калі ўласная думка і асабістая годнасць маглі каштаваць чалавеку жыцця, паводзіны вучоных у таталітарным грамадстве былі рознымі. Можна вызначыць некалькі формаў:

1) пазіцыя нейтралітэту — адмова ад актыўнай публікацыі сваіх даследаванняў або адыход да ідэалагічна нейтральнай тэматыкі (што ўласціва асобным вучоным старэйшага пакалення, якія здабылі акадэмічнае прызнанне яшчэ ў перадрэвалюцыйны час). Прыклады — Мітрафан Доўнар-Запольскі, Зміцер Яварніцкі;

2) метадалагічная калабарацыя — шчыры або вымушаны (а дзесьці нават штучны) пераход на марксісцкія пазіцыі. Сярод украінскай старой прафесуры першым публічна заявіў аб прыняцці марксісцкага метаду Зміцер Багалій (1920 г.)37. У Беларусі — У.Пічэта, хоць яго калабарацыя была наступствам арышту і пераезду ў Маскву;

3) адэпты марксізму-ленінізму, барацьбіты з акадэмічнай традыцыяй, якія самі сталі ахвярамі рэжыму (М.Яворскі, В.Шчарбакоў);

4) захаванне магчымасці навуковай працы (а часта і жыцця) шляхам выезду за межы Ўкраіны і Беларусі. Найчасцей з-за такіх умоваў даводзілася адмаўляцца ад улюбёнай тэматыкі, але не заўсёды. Працуючы з 1948 г. у Маскве, Мікалай Улашчык напісаў працы па крыніцазнаўстве беларускай гісторыі, выхад якіх у Мінску быў немагчымы. Таксама ў Маскве працаваў вучань М.Грушэўскага Аляксей Барановіч, які ў 1959 г. выдаў грунтоўнае даследаванне сацыяльна-эканаміч ных перадумоваў Хмяльніччыны;

5) даследаванне ўкраінскай тэматыкі на Ўкраіне, але цаною шматлікіх рэверансаў у бок панавальнай ідэалогіі. Прыклад — Кастусь Гуслісты, Іван Гуржы.

Асобна трэба ўзгадаць Міхайлу Грушэўскага і Вацлава Ластоўскага — лідэраў нацыянальнай гістарыяграфіі, якія абодва вярнуліся з эміграцыі на Бацькаўшчыну пад час «карэнізацыі». Ужо была звернута ўвага на канцэптуальную аналогію «Ўкраіны-Русі» Грушэўскага і «Беларусі-Крывіі» Ластоўскага — гістарычных схемаў, што даводзілі самабытнасць, самастойнасць украінскага і беларускага гістарычных працэсаў, даўняй традыцыі нацыянальнай дзяржаўнасці 38. Паказальна, што пад час рэвалюцыі 1917—1920 г. самі гэтыя гісторыкі ўзначалілі, адпаведна, Украінскую і Беларускую Народныя Рэспублікі.

Патрабуючы Ластоўскага і Грушэўскага для часовай легітымізацыі сваёй улады як «нацыянальнай», бальшавіцкая партыя ў далейшым знішчыла абодвух. В.Ластоўскі ў 1930 г. быў пазбаўлены акадэмічных званняў, высланы ў Саратаў, дзе яго расстралялі ў 1938 г. М.Грушэўскі не страціў тытулаў і званняў, але пасля цкаванняў і арышту памёр на лячэнні ў Кіславодску пры не да канца высветленых абставінах.

1930-я г. — час рэпрэсій, інтэнсіўнага адзяржаўлення навукі, якая выявіла сябе ў абмежаванні вучоных не толькі ідэямі і зместам прац, а і формаю твора, стылем39. Забароненымі становяцца асобныя тэрміны. Яшчэ ў першыя паслярэвалюцый ныя гады нормаю стала вызначэнне ВКЛ як «літоўска-беларус кай дзяржавы», а напрыканцы 1920-х гэты тэрмін бясследна знікае40, беларуская гісторыя атаясамліваецца з гісторыяй «прыгнечаных класаў». Аглядаючы «гістарычны фронт Беларусі» ў 1930 г., М.Югаў адзначае адсутнасць на ім марксісцкіх артыкулаў 41. Леў Акіншэвіч, этнічны беларус, што працаваў ва Ўкраінскай Акадэміі навук42, на пачатку 1930-х вымушаны быў напісаць шэраг пагромніцкіх артыкулаў. У прыватнасці, ён выкрываў «палітычныя нацыянал-фашысцкія тэндэнцыі, што выяўляюцца ў замазванні класавай барацьбы ў гістарычным працэсе Беларусі» 43. Агульныя крытыка прац М.Доўнара-Запольс кага, М.Любаўскага, А.Ясінскага стала «добрым тонам» у публікацыях 1930-х г.44 Вучоных папракалі акадэмізмам, дакументалізмам, адсутнасцю прапаганды ў іх творах і палітычнай «неактуальнасцю» тэматыкі, г.зн. адзнакі якаснай навуковай працы. Што праўда, у далейшым ацэнкі сталі ўзважанымі — у 1942 г. У.Пічэта характарыз аваў М.Любаўскага як «виднейшего историка ВКЛ», М.Доўнара-Запольскага як «крупного историка» 45, хоць і крытыкаваў асобныя іх сцвярджэнні.

Руйнаванне навуковых і этычных пачаткаў рэцэнзійнага жанру ішло двума шляхамі — стварэннем навуковых аўтарытэтаў, працы якіх аналізу не падлягалі, і пошуку «ворагаў», у крытыцы якіх былі недарэчныя якая-небудзь тактоўнасць і гістарыяграфічная культура.

Непажаданы аўтар абвяшчаўся «пятлюраўскім недабіткам», «нахабным ворагам», «клерыкалам, фашыстам і гетманцам» 46, або «дробным буржуа», што «пераносіць на мінулае сваю палітычную праграму жаданага ў будучым ладу»47.

У 1930-я г. гістарычныя крытыка ператвараецца ў сродак рэпрэсіўнай палітыкі, пераймае стыль і спосаб аргументацыі партыйных лідэраў. Але аб'ектам крытыкі ўсё яшчэ заставаліся «буржуазныя» або «фашысцкія» ўхілы ў высвятленні сацыяльна -эканамічнай гісторыі. Тады як праявы нацыяналізму (перш за ўсё расійскага) далей уважаліся «антымарксісцкімі». Крытыкуючы С.Бахрушына за шавінізм у яго працы пра заваяванне Сібіры, С.Піянткоўскі патэтычна заўважае: «подменить историю народов СССР историeю Великороссии также не удастся, как не удастся заменить диктатуру пролетариата диктатурой буржуазии» 48. Гэта быў 1930 г. Неўзабаве «замену» правесці ўдалося.

На працягу 1934-1954 г. была створана антымарксісцкая па сутнасці схема тлумачэння мінулага нерасійскіх народаў СССР. Падаю яе ключавыя тэзісы паводле абагульняльнага даследавання С.Вялічанкі 49:

1) русацэнтрызм, ідэя апякунства Расіі над палітычным і культурным развіццём нерасійскіх народаў;

2) разгляд гісторыі нерасійскіх народаў праз прызму прыгнечання працоўных мас, пастаяным саюзнікам якіх выступаюць расійскі пралетарыят і сялянства;

3) ацэнка палітычных лідэраў паводле іх сімпатый ці антыпатый да Расіі;

4) паказ анексіі Расіяй нерасійскіх земляў як «прагрэсі ўнай» з'явы (з ужыткам дыяметральна супрацьлеглых крытэраў да гісторыі самой Расіі).

Такім чынам, імператывам развіцця нерасійскіх народаў была абвешчана прага да «ўз'яднання» з Масквою, ідэалы ж уласнай дзяржаўнасці сталі «рэакцыйнымі» і «буржуазнымі».

Але нягледзячы на ўвесь комплекс задзейнічаных сістэмаю механізмаў навука не стала аднастайнаю. Найменшае паслабленне ціску (напрыклад, пад час «адлігі») прыводзіла да з'яўлення таленавітых, высокапрафесійных даследаванняў. Крыніцазнаўчыя працы Івана Буціча, Яраслава Дашкевіча, Яраслава Ісаевіча, Міколы Кавальскага, Алены Компан, Алега Купчынскага, Фёдара Шаўчэнкі і іншых, напісаныя звычайна пазітывісцкім метадам, з'яўляюцца гонарам украінскай падсавецкай гістарыяграфіі. Для Беларусі такая постаць — Мікалай Улашчык. Але (і гэта трэба сумленна прызнаць) большасць навукоўцаў і Ўкраіны, і Беларусі засвоілі этыку і стыль савецкай гістарыяграфіі. Яе рудымент працягвае існаваць у прыхаванай і адкрытай, свядомай і падсвядомай, агрэсіўнай і ліберальнай выявах у сучаснай гістарыяграфіі 50. Напэўна, яны ёсць і ў гэтым артыкуле.

Замест стройных высноваў хачу на завяршэнне падкрэсліць важнасць папярэдняй дасавецкай традыцыі. Нягледзячы на выразнае тыпалагічнае падабенства палітыкі саветызацыі ва Ўкраіне і Беларусі, умоваю яе параўнальна большай паспяховасці ў Беларусі быў недахоп дасавецкай нацыянальнай акадэмічнай традыцыі, якая, хоць і квола, але існавала ва Ўкраіне.


1 Гл. крытыку гэтай канцэпцыі ў: Yekelchyk S. How The «Iron Minister» Kaganovich Failed to Discipline Ukrainian Historians: a Stalinist Ideological Campaign Reconsidered // Nationalities Papers. Vol. 27. 1999. № 4. Р. 579—604.
2 Потульницький В. Основні етапи розвитку української історичної думки в європейському контексті /1800—1991 // Схід-Захід. Вип. 2. Харків, 1999. С.42
3 Гэтая думка выказана ў некаторых сучасных украінскіх публікацыях: Ісаєвіч Я. Наші три відродження — не лише здобутки, але й втрати // Сучасність. 1998. № 12. С. 136; Ковальський М. Деякі теоретичні питання української історіографії // Джерелознавчі та історіографічні проблеми історії України. Дніпропетровськ, 1995. С. 10—11.
4 Yekelchyk S. How The «Iron Minister» … Р. 598.
5 Гл.: Афанасьев Ю.Н. Феномен советской историографии // Советская историография. Серия «Россия. ХХ век». Кн. 2. Москва, 1996. С. 24—25.
6 Крупницький Б. Українська історична наука під совєтами (1920—1950). Мюнхен, 1957; Полонська-Василенко Н. Історична наука в Україні за совєтської доби та доля істориків // Записки Наукового Товариства ім. Шевченка. Т.С ХХIII. Париж-Чікаго, 1962. С. 7—111; Оглоблин О. Думки про сучасну українську совєтську історіографію. Нью-Йорк, 1963.
7 Калі ў 1963 г. А. Аглоблін настойваў на тым, што ўкраінская навука на эміграцыі «мусіць быць дадаткам і працягам ... навуковай дзейнасці ва Ўкраіне», то ў 1978 г. ён сцвярджаў, што «ўкраінская гістарычная навука на Бацькаўшчыне перастала існаваць»: Оглоблін О. Завдання української історіографії на еміграції / Український Історик. 1978. № 4. С. 59—63.
8 Урбан П.К. Смена тенденций в советской историографии. Мюнхен, 1959. С.29.
9 Урбан П. Сучасныя палітычныя тэндэнцыі ў савецкай гістарычнай навуцы // Беларускі Зборнік. Кн. 7. Мюнхэн, 1957. С. 40—63.
10 Shteppa K.F. Russian Historians and the Soviet State. New Brunswik, 1962.
Таленавіты гісторык К.Штэпа ў 1920—30-я г. працаваў ва Ўкраіне, быў знаным медыявістам, прафесарам Кіеўскага універсітэта і адначасова з 1927 г. — таемным супрацоўнікам HKУС. У час акупацыі Кіева немцамі працаваў ва ўкраінскіх установах і адначасова супрацоўнічаў з СД. На эміграцыі напісаў названую кнігу бясспрэчнай навуковай вартасці, праўда, прамаўчаўшы пра гістарыяграфічны працэс ва Ўкраіне.
11 Mazour Anatole G. Modern Russian historiography. Princeton-Toronto, 1958.
А.Мазур — гісторык-эмігрант, які ў свой час скончыў Кіеўскую гімназію, браў удзел у першай сусветнай ды грамадзянскай войнах. Прыцягваюць увагу яго антышавіністычныя погляды і ўзважанае стаўленне да ўкраінскай гістарыяграфіі, у прыватнасці, да прац М.Грушэўскага.
12 Tillett Lowell The Great Friendship: Soviet Historians and the Non-Russian Nationalities. Chapel Hill, 1969.
13 Lengauer W. Kierunki rozwoju radzieckiej historiografii staroїytnoœci w latach 1917—1956 // Przegl№d Historyczny. T. LXXXI. 1990. Zes. 1/2. S. 1—25; Grabski A.F. Stalinowski model historiografii // Dzieje Najnowsze. 1992. № 3. S. 23-45.
14 Korduba M. Littйrature Historique Sovetique-Ukrainienne. Compte-rendu 1917—1931. Mьnchen, 1972 (перадрукоўка выдання 1938 г.)
I5 Сярод шэрагу такіх артыкулаў з навуковага погляду адрозніваецца праца:
Pelenski J. Soviet Ukrainian Historiography after World War II // Jahrbьcher fьr Geschichte Osteuropas. Band 12. 1964. Hebt 3. Н.375-418.
16 Ва Ўкраіне такім першым смелым выступам стаў артыкул Сяргея Белаконя «Чи маємо ми історичну науку?» //(Літературна Україна. 1991. 3, 10 січня.
17 Лінднэр Р. Беларускія гісторыкі пад Сталіным // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 5. Сш. 2. Менск, 1998. С. 365-395.
18 Грабович Г. Совєтизація української гуманістики. 1. Історія та насильство // Критика. 1997. №1. С. 18-22; 2. Ідеологія та культурний стиль // Тамсама. 1997. № 2. С. 12—14.
19 Афанасьев Ю.Н. Феномен советской историографии... С.10, 19, 37.
20 Гл.: Зашкільняк Л. Методологія історії від давнини до сучасності. Львів, 1999. С. 152—162; Koіakowski Leszek Gіуwne nurty marksizmu. Londyn, 1988; Topolski J. Marksizm i historia. Warszawa, 1977; Marcuse H. Soviet Marxism: A Critical Analysis. New York, 1958 і інш.
21 Ивин А.А. Введение в философию истории. Москва, 1997. С. 189.
22 Цыт. з: Гриневич В. Як гетьман-«зрадник» став героєм, або Дещо про совітські маніпулювання історією // Пам'ятки України. 1991. № 5. С. 4.
23 М.Брайчэўскі ў працы «Приєднання чи возз'днання?» (1966) пісаў, што канцэпцыя «ўз'яднання» выводзіць расійскі народ за межы тых заканамернасцяў, якія складаюць змест гістарычнага матэрыялізму, паколькі ўсе гістарычныя з'явы разглядаюцца не з пункту погляду іх класавай сутнасці, а з пазіцый у дачыненні да Расіі. Цыт. з: Брайчевський М. Вибрані твори. Київ, 1999. С. 493, 498.
24 Гл. напр.: 3лотников М.Ф. К вопросу об изучении истории рабочего класса и промышленности / Критика «Русской фабрики» М.И.Туган-Барановского // Каторга и ссылка. 1935. № 1. С. 37-65; Бречкевич М.В. Доба західньо-европейського феодалізму в новітніх працях радянських істориків // Записки Дніпропетровського Ін-ту Haр. Освіти. 1927. T. I. С. 281—296.
25 Szporluk R. History and Russian Nationalism // Szporluk R. Russia, Ukraine, and the Breakup of the Soviet Union. Stanford, 2000. Р.164.
26 Пра «мастацтва выкарыстання класікаў марксізму» ў падсавецкіх умовax гл.: Шмидт С.О. Путь историка: Избр. труды по источниковедению и историографии. Москва, 1997. С. 8-9.
27 Дашкевич Я. Іван Крип'якевич — історик України // Крип'якевич І. Історія України. Львів, 1992. С.14.
28 Ковальський М. Джерелознавчі аспекти історії культури України ХVI-ХVIII ст. у працях Ярослава Ісаєвича // Україна: культурна спадщина, національна свідомість, державність. Вып. 5. Львів, 1998. С. 324.
29 Вусная інфармацыя Алега Купчынскага.
30 Сталин И.В. Вопросы ленинизма. Москва, 1953. С. 384-395.
31 Ленин В.И. Сочинения. Т. 33. Москва, 1950. С. 205-208.
32 Владимир Ильич Ленин. Биография. Москва, 1981. С. 589.
33 Забужко О. Мова і влада // Забужко О. Хроніки від Фортінбраса. Київ, 1999. С. 116.
34 Иллерицкая Н.В. Становление советской историографической традиции: наука, не обретшая лица // Советская историография... С. 170—171.
35 У 1925 г. ЦК КП(б)У крытыкавала тагачасную гісторыю ўкраінскай партыйнай арганізаціі як «трацкізм» і даручыла Н.Папову напісаць іншую. Гл. Velychenko S. Shaping identity in Eastern Europe and Russia: Soviet-Russian and Polish Accounts of Ukrainian History 1914-1991. New York, 1993. Р. 90.
36 Дакл. гл.: Полонська-Василенко Н. Українська Академія Наук: Нарис історії. Київ, 1993.; Касьянов Г. Українська інтелігенція 1920—30-x pp.: соціальний портрет та історична доля. Київ-Едмонтон, 1992; Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. Мінск, 2000.
37 Кравченко В.В. Д.И.Багалей: научная и общественно-политическая деятельность. Харьков, 1990. С. 115.
38 Лабынцев Ю. Польская культура в концепции истории духовной жизни белорусского народа Вацлава Ластовского // Україна: культурна спадщина ... С. 367-368.
39 Оглоблин О. Академічна свобода й Історична наука в СССР // Український Історик. 1997. № 1/4. С. 174.
40 Пра гэта сведчыць параўнанне двух бібліяграфічных паказальнікаў: Беларускі перыядычны друк. 1917—1927. Менск. 1929 і Летапіс часопісных артыкулаў. 1928—1933. Мінск, 1992.
41 Югов М. Положение и задачи исторического фронта в Белоруссии // Историк-марксист. 1930. № 17. С. 41. Сам Югаў у далейшым стаў аб'ектам пагромнай крытыкі: Немец Т., Гурэвіч Ц. Кантрабанда неразброіўшагася трацкіста // Бальшавік Беларусі. 1931. № 12. С. 52—59; 1932. № 1/2. С. 60—71.
42 Гл.: Партноў А. Леў Акіншэвіч — гісторык украінскі і беларускі // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 6. Сш. 1—2. Менск, 1999. С. 248—255.
Окіншевич Л. [Рэц. на] Беларуская Академія Навук. Працы клясы гісторыі. Т. III. Менск, 1929 // Україна. 1932. № 1—2. С. 177—182.
44 Б.Л. Супраць буржуазнай метадалогіі ў вывучэнні гісторыі Беларусі // Сав. краіна. 1931. № 2. С. 54—57.; Скардзіс В., Бобрык З. Гісторыя Беларусі ў святле поглядаў Любаўскага // Сав. краіна. 1931. № 6. С. 28—4З; Ротман. Афіцыйны гісторык нацдэмаў (Доўнар-Запольскі) // Сав. краіна. 1931. № 7. С. 10—18.
45 Пичета В. История Белорусии в советской историографии // 25 лет исторической науки в СССР. Москва—Ленинград, 1942. С. 184.
46 Кравченко I. Фашистські концепції Грушевського і його школи в українській історіографії // Записки Історично-Археографічного Інституту. T.I. Кіїв, 1934. С. 29. Такім эпітэтам І. Краўчанка ўзнагародзіў заходнеўкраінскага гісторыка Івана Крып'якевіча, які пасля акупацыі Савецкім Саюзам Заходняй Украіны стаў акадэмікам АН УРСР.
47 Окіншевич Л. Шлях до фашизму / Історично-юридичні праці М.ª.Слабченка // Україна. 1932. № З. С. 38. Акіншэвіч злучыў тэзіс Слабчанкi пра «братэрскую» арганізацыю сечавога казацтва з «фашысцкімі канцэпцыямі пра братэрства ў класава-салідарнай нацыянальнай дзяржаве» (С. 35).
48 Пионтковский С. Великодержавные тенденции в историографии России // Историк-марксист. 1930. № 17. С. 26.
49 Величенко С. Перебудова та минуле неросійських народів // Український Історичний Журнал. 1992. № 4. С. 93.
50 Дакл. гл.: Савченко С. Сучасна українська історіографія: спроба характеристики // Сучасність. 1999. № 11. С. 127—131; Lindner R. Besieged Past: National and Court Historians in Lukashenka's Belarus // Nationalities Papers. Vol. 27. 1999. № 4. P. 631—647; Сагановіч Г. Вяртанне ў «Северо-Западный край»? // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 5. Сш. 2. Менск, 1998. С. 457—488.

змест