Структуры сям'і і дворагаспадаркі ў гісторыі Еўропы

Вячаслаў Насевіч

У сярэдзіне 1960-х г. брытанскі даследчык Джон Хайнал (John Hajnal) прадэманстраваў перспектыўнасць параўналь нага вывучэння структуры сям'і ў розных рэгіёнах свету. На фоне спрэчак пра тое, якія фактары забяспечылі канкурэнтаздольнасць Захаду ў параўнанні з іншымі, значна больш старажытнымі цывілізацыямі, яму ўдалося вызначыць фактар, які паддаваўся колькаснаму вымярэнню: спецыфічны спосаб шлюбных паводзінаў, за якім, як высветлілася, стаяла больш глыбокая розніца ў культурных і паводзінных стэрэатыпах.

Параўнаўшы дэмаграфічную статыстыку розных еўрапейскіх краін за перыяд з другой паловы XVIII да пачатку ХХ ст., Дж.Хайнал паказаў1, што гэтыя краіны распадаюцца на дзве вялікія групы, лінію падзелу паміж якімі ён правёў у кірунку ад Санкт-Пецярбурга да Трыеста. На ўсход ад гэтай лініі панавала арыентацыя на раннюю і універсальную шлюбнасць . Ужо ва ўзросце 25 гадоў ад 85 да 95% жанчын і каля 70—80% мужчын былі ў шлюбе. На працягу жыцця па-за шлюбам заставаліся ў асноўным толькі тыя, хто меў для гэтага нейкія біялагічныя перашкоды (ад аднаго да некалькіх працэнтаў). У заходняй частцы Еўропы ўзрост першага шлюбу быў значна вышэйшы: да 25 гадоў каля паловы мужчын і каля 30—40% жанчын яшчэ не бралі шлюб. Не было там і ўстаноўкі на суцэльную шлюбнасць: да канца рэпрадукцыйнага перыяду заставаліся адзінокімі ад 10 да 20% мужчын і жанчын. Некалькімі прыкладамі Дж.Хайнал прадэманстраваў, што ўсходнееўрапейская мадэль была ўласцівая таксама і іншым регіёнам свету. У той жа час заходняя мадель была унікальнай з'явай, і за межамі Еўропы яна назіралася толькі ў тых краінах, што былі населены выхадцамі адтуль і ўваходзілі ў склад заходняй цывілізацыі: ЗША, Канадзе, Аўстраліі. Такім чынам, шлюбныя паводзіны заходнееўрапейцаў («еўрапейская шлюбная мадэль», як прапанаваў называць яе сам Дж.Хайнал) адрознівалі іх ад усяго астатняга свету.

Гэтая праца была ў 1979 г. апублікавана на расійскай мове (пры гэтым прозвішча аўтара прыводзілася ў недакладнай транслітaрацыі — «Хаджнал») 2, але на тэрыторыі СССР яна не выклікала вялікага водгуку. Затое на Захадзе цікавасць да параўнальнага вывучэння шлюбных паводзінаў і сямейнай структуры няўхільна нарастала. Лідэрам гэтага кірунку стала ў 1970-я г. кембрыджская група па гісторыі народанасельніц тва і сацыяльнай структуры (Cambridge Group for the History of Population and Social Structure), узначаленая Пітэрам Лэслетам (Peter Laslett). Падыход гэтай групы, як і самога Дж.Хайнала, можна ўмоўна вызначыць як «метад дыягнастычных параметраў» — выяўленне значымых статыстычных адрозненняў, спалучэнне якіх гаворыць часам больш, чым шматслоўныя апісанні. Пры гэтым асаблівую ролю набывае аднолькавасць методык падліку.

Вялізнае значэнне ў станаўленні гэтага падыходу мела канферэнцыя «Дворагаспадарка і сям'я ў мінулым», праведзеная ў Кембрыджы ў 1969 г. (яе матэрыялы былі апублікаваныя ў 1972 г. асобнай кнігай)3. На гэтай канферэнцыі П.Лэслет прапанаваў сістэму класіфікацыі сямейных формаў4, неўзабаве дапрацаваную ім сумесна з антраполагам Юджынам Хэмелам (Eugene Hammel)5. У ёй вызначаліся пяць асноўных тыпаў дворагаспадаркі ў залежнасці ад роднасных сувязяў паміж яе членамі. Першы тып утварала гаспадарка адзінокага чалавека (single). Другі тып — гаспадарка, члены якой маглі быць родзічамі, але не ўтваралі шлюбных пар (no family). Трэці тып — гаспадарка на падставе адной шлюбнай пары з дзецьмі (simple family). Чацвёрты тып — пашыраная (extended) гаспадарка, у складзе якой апрача шлюбнай пары былі і іншыя родзічы (халастыя або ўдовыя). Пяты тып — шматсямейная (multiple family) гаспадарка, у якой было некалькі шлюбных пар. У сваю чаргу гэты тып падзяляўся на некалькі падтыпаў. Такая гаспадарка магла ўключаць сем'і бацькоў і аднаго з дзяцей (stem family — каранёвая сям'я), сем'і двух і больш жанатых братоў (гэты падтып традыцыйна вызначаецца французскім тэрмінам frйrиche — братчына ), або ўяўляць сабой вялікую патрыярхальную сям'ю — бацькоў і некалькіх жанатых сыноў (joint family — сумесная сям'я).

Методыка апісання дворагаспадарак П.Лэслета была апублікавана на рускай мове адначасова з артыкулам Дж.Хайнала, 6 але ў той час не знайшла паслядоўнікаў на тэрыторыі СССР. Між тым заходнія даследчыкі шырока выкарыстоўвалі яе для параўнальнага аналізу структуры дворагаспадарак у розных регіёнах. Першыя вынікі такога вывучэння былі паказаны ў калектыўнай працы «Сямейныя формы ў гістарычнай Еўропе», выдадзенай у 1983 г.7 У ёй Дж.Хайнал паказаў8 , што з выяўленым ім тыпам шлюбнасці быў шчыльна спалучаны (і фактычна вызначаў яго) спецыфічны для Захаду спосаб арганізацыі дворагаспадаркі , якая базавалася на простай (нуклеарнай) сям'і, што складалася з бацькоў і дзяцей. Састарэўшы, галава такой сям'і перадаваў гаспадарку аднаму з сыноў (той толькі пасля гэтага заводзіў уласную сям'ю). Іншыя сыны (нават у заможных сем'ях) звычайна не атрымлівалі долі нерухомай маёмасці, а пэўны час працавалі па найму. Заробленыя такім чынам сродкі дазвалялі ім уладкоўвацца ў жыцці самастойна — вучыцца нейкай прафесіі або засноўваць уласную гаспадарку. І ў першым, і ў другім выпадку жаніцьба адбывалася параўнальна позна. На ўсходзе Еўропы і ў іншых рэгіёнах свету значна часцей сустракаліся гаспадаркі, заснаваныя на сумеснай працы некалькіх шлюбных пар (бацькоў і жанатых сыноў або некалькіх жанатых братоў). У такой шматсямейнай гаспадарцы не было перашкод для ранніх шлюбаў, а новыя гаспадаркі звычайна ўтвараліся шляхам падзелу, пры жыцці бацькі ці пасля яго смерці. У некаторых рэгіёнах меў месца падзел у трэцім пакаленні (паміж дзецьмі братоў, што вялі сумесную гаспадарку) ці нават яшчэ пазней, што прыводзіла да высокай прапорцыі вельмі буйных па заходніх мерках гаспадарак, якія складаліся з дзесяткаў членаў.

У тым жа выданні П.Лэслет акрэсліў у межах Еўропы чатыры асноўныя зоны, у якіх спосабы фармавання дворагаспадаркі істотна адрозніваліся: захад і паўночны захад Еўропы (арэал панавання выяўленай Дж.Хайналам «еўрапейскай шлюбнай мадэлі»), цэнтр Еўропы, Міжземнамор'е і, нарэшце, Усходняя Еўропа, уключаючы Балканы і еўрапейскую частку былой Расійскай імперыі9 . У кантэксце супастаўлення «еўрапейскай» і «ўсходняй» мадэляў асаблівую цікавасць уяўляюць у зводцы П.Лэслета тыя параметры, паводле якіх найбольш яскрава адрозніваюцца паміж сабой першая і чацвёртая з гэтых зонаў. На ўсходзе Еўропы назіраліся, на яго думку, больш высокая прапорцыя родзічаў, якія жылі сумесна, адсутнасць адіночак , нізкая прапорцыя простых і пашыраных сем'яў, вельмі высокая прапорцыя шматпакаленных (тры і больш пакаленняў) і шматсямейных гаспадарак (усіх падтыпаў, за выключэннем stem family), паўсюднае выкарыстанне родзічаў у якасці працаўнікоў , рэдкае выкарыстанне наёмных работнікаў і інш. (усяго П.Лэслет прапанаваў 22 дыягнастыч ныя параметры, мы ніжэй будзем выкарыстоўваць для параўнання ў асноўным прапорцыю двароў трэцяга і пятага тыпаў, г. зн. — з адной і некалькімі шлюбнымі парамі).

Самі брытанскія даследчыкі не імкнуліся рабіць са сваіх вынікаў вельмі далёкія высновы. Яны толькі паказвалі наяўнасць аб'ектыўных адрозненняў у спосабах арганізацыі сям'і і дворагаспадаркі. Тым не менш дастаткова відавочныя псіхалагічныя адрозненні, што вынікаюць з гэтых мадэляў. На Захадзе сыны, пазбаўленыя нерухомай маёмасці, вымушаны былі больш разлічваць на свае сілы, што садзейнічала развіццю індывідуалізму і прадпрымальнасці. На Ўсходзе патрабаваліся іншыя псіхалагічныя рысы — здольнасць жыць у згодзе са шматлікімі родзічамі і падпарадкоўвацца аўтарытэту старэйшага, а потым уменне навязваць сваю волю малодшым дзеля падтрымання парадку ў сям'і і гаспадарцы. З гэтым жа была звязана і звычка разлічваць на своеасаблівы гарантаваны мінімум, які належыць кожнаму ўжо паводле права нараджэння.

У асноўным дзякуючы гэтаму сацыяльна-культуралагіч наму падтэксту працы Дж.Хайнала і П.Лэслета выклікалі вялікі грамадскі рэзананс і шырокае абмеркаванне на Захадзе. Варта адзначыць, што абодва яны фармулявалі свае высновы ва ўмовах, калі структуры сям'і і дворагаспадаркі на ўсходзе Еўропы заставаліся амаль нявывучанымі. У распараджэнні даследчыкаў былі толькі агрэгаваныя дадзеныя на ўзроўні вялікіх рэгіёнаў. Адзінае даследаванне на мікраўзроўні было выканана Пітэрам Запам (Peter Czap), які паводле матэрыялаў інвентароў і рэвізскіх сказак, што захаваліся ў фондзе князёў Гагарыных, даследаваў іх маёнтак Мішына Разанскай губерні10 , вызначыў асноўныя параметры сямейнай структуры ў перыяд 1782—1858 г., у тым ліку вельмі высокі па заходніх мерках працэнт шматсямейных гаспадарак (ад 75 да 82% у розныя гады) і нізкі працэнт простых сем'яў (ад 6,7 да 12,2%). Ён таксама прывёў дадзеныя рэвізскіх сказак 1816—1858 г. па маёнтку Сухаварава Цвярской губерні, дзе доля шматсямейных двароў складала ад 66 да 79,8%, а доля простых сем'яў — ад 7,1 да 13,7%11. Для параўнання, пры чыста «заходняй» мадэлі паводзінаў прыкладна 70—85% дворагаспадарак складаліся з простых сем'яў, а шматсямейныя двары сустракаліся ў 0—5% выпадкаў (звычайна гэта была каранёвая сям'я, у якой сям'я бацькоў, якія адышлі ад актыўнай працы, жыла пад адным дахам з сям'ёй сына-пераемніка) 12.

Адзначым, што тады ж Родні Богач (Rodney Bohac) абараніў дысертацыю ва універсітэце штата Мічыган па матэрыялах мікрадаследавання маёнтка Мануілаўскае Цвярской губерні (належала тым самым Гагарыным), але яе вынікі засталіся неапублікаванымі і практычна не ўвайшлі ў навуковы ўжытак13. Затое два артыкулы, у якіх П.Зап апублікаваў свае вынікі, на працягу 1980-х — пачатку 90-х г. нязменна прыгадваліся ва ўсіх працах, прысвечаных гістарычнай дэмаграфіі Ўсходняй Еўропы, і нярэдка служылі адзінай падставай для высноваў, якія пашыраліся на ўвесь рэгіён.

Крыху іншы падыход да супастаўлення сямейнай структуры на захадзе і ўсходзе Еўропы паслядоўна разгортвала аўстрыйская школа гістарычнай дэмаграфіі, у якой адну з вядучых пазіцый займае Міхаэль Мітэраўер (Michael Mitterauer). У адрозненне ад падыходу кембрыджскай групы, прадстаўні коў гэтай школы заўсёды хвалявала пытанне не толькі пра тое, што і як адбывалася з сямейнай структурай у розных регіёнах, але і чаму гэта адбывалася. Таму яны імкнуліся разглядаць структуру двара ў дынаміцы: як кароткачасовай (паслядоўнасць стадый жыццёвага цыклу адной сям'і на працягу некалькіх пакаленняў), так і доўгачасовай (дынаміка формаў сямейнай структуры на працягу стагоддзяў, са спробай прасачыць гістарычныя карані таго ці іншага варыянта).

Зрабіць параўнальны аналіз структуры сям'і ў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе паспрабаваў М. Мітэраўер сумесна з расійскім даследчыкам Аляксандрам Каганам у 1982 г.14, адначасова з першай публікацыяй П. Запа. На матэрыялах Яраслаўскай губерні было прадэманстравана, што нават сем'і заводскіх сялян, фактычна занятых у прамысловасці, шмат у чым паўтаралі традыцыйную структуру шматсямейнай ці пашыранай дворагаспадаркі. Тым не менш даследчыкі асцярожна адзначылі, што «расійская тэрыторыя не можа разглядац ца як аднародная, а хутчэй як вельмі дыферэнцаваная» 15. На наступны год у вышэйзгаданым зборніку «Сямейныя формы ў гістарычнай Еўропе» быў надрукаваны артыкул Р. Зідэра і М. Мітэраўера, прысвечаны рэканструкцыі жыццёвага цыклу сям'і як дынамічнага працэсу, у якім адзначаныя П. Лэслетам формы могуць паслядоўна змяняць адна адну16. Зрэшты, у той працы разглядаліся толькі аўстрыйскія матэрыялы, супастаўленняў з усходам Еўропы аўтары на гэты раз не праводзілі. Для такога супастаўлення на ўзроўні рэканструяваных жыццёвых цыклаў сем'яў пакуль не было фактычнага матэрыялу.

Адзначым, што ва ўводзінах да кнігі «Сямейныя формы ў гістарычнай Еўропе» адзін з прадстаўнікоў кембрыджскай групы — Рычард Ўол (Richard Wall) усё ж закрануў пытанне аб прычынах фармавання дзвюх розных мадэляў17 . Гэтыя прычыны ён схільны быў шукаць у сацыяльна-эканамічных умовах. У адрозненне ад Захаду, пры прыгонным праве расійскі памешчык мог эфектыўна ўплываць на паводзіны сялян. Але Р. Ўол адзначыў, што роля гэтага фактара невідавочная: складаная дворагаспадарчая структура магла быць як вынікам прымусу з боку памешчыка, так і рэакцыяй сялян на яго ўмяшанне, альбо яно адпавядала «старому звычаю сумеснага пражывання» і жаданням абодвух бакоў18. ён таксама падкрэсліў, што на Захадзе нанова створаная сям'я была значна больш арыентавана на эканамічную незалежнасць, а на Ўсходзе разлічвала на дапамогу бацькоў і іншых родзічаў. Тое самае назіралася і ў канцы жыццёвага цыклу. Састарэлыя бацькі на Захадзе перадавалі гаспадарку сыну, а сабе пакідалі невялікі зямельны ўчастак (умовы такога «адыходу ад працы» былі, як правіла, падрабязна рэгламентаваныя), у той час як на ўсходзе бацька заставаўся на чале гаспадаркі, пакуль дазвалялі сілы, а нямоглы станавіўся ўтрыманцам сваіх дзяцей.

Пэўную ўвагу пытанням структуры сялянской сям'і і двара Ўсходняй Еўропы прысвяціў таксама амерыканскі даследчык Сцівен Хок (Steven Hoch). Ён прааналізаваў матэрыялы з фонду князёў Гагарыных, якія тычыліся сяла Пятроўска е Тамбоўскай губерні. Хоць асноўнай тэмай даследавання С.Хока быў сацыяльны кантроль з боку памешчыка ва ўмовах прыгоннага права, адзін з пяці раздзелаў сваёй кнігі ён прысвяціў дэмаграфічным аспектам жыцця сяла, у тым ліку прывёў звесткі пра сярэдні ўзрост першага шлюбу і пра структуру сялянскага двара ў перыяд з 1813 да 1856 г.19 Атрыманыя вынікі былі дастаткова блізкія да вынікаў П.Запа па маёнтку Гагарыных у суседняй Разанскай губерні (доля шматсямейных гаспадарак за час назіранняў змянялася ад 78 да 45%, доля простых сем'яў — ад 8 да 20%).

Яшчэ адзін амерыканскі гісторык, Дэніел Кайзер (Daniel Kaiser), прааналізаваў структуру гарадской сям'і Расіі і некаторыя аспекты шлюбных паводзінаў па матэрыялах перапісаў дзесяці гарадоў (Бароўска, Белева, Вяткі, Зарайска, Малаяраслаўца, Разані, Тарапца, Тулы, Угліча, Усцюжнага) за перыяд з 1710 да 1720 г.20 гэтыя дадзеныя ў целым адпавядалі агульным высновам Дж.Хайнала і П.Лэслета, хоць выявілі і некаторыя адрозненні. У прыватнасці, Д.Кайзер адзначыў у гарадах даволі высокую прапорцыю аднасямейных двароў (гл. ніжэй).

Варта прыгадаць таксама манаграфію амерыканскай даследчыцы Крысціны Варабек (Christine Worobec) «Сялянская Расія. Сям'я і абшчына ў паслярэформавы перыяд», у якой пытанні сямейнай структуры расійскага сялянства аналізуюцца поруч з шырокім колам іншых сацыяльна-гістарычных праблем, у тым ліку разгледжаны правілы пераемнасці надзелу і статус членаў сям'і ў залежнасці ад полу і ўзросту21 . Пры гэтым даследчыца карысталася ў асноўным якаснымі, а не колькаснымі характарыстыкамі.

Нягледзячы на згаданыя даследаванні, на пачатку 1990-х г. у спецыялістаў не было выразнага ўяўлення пра размяшчэнне, амплітуду і дынаміку тых лакальных асаблівасцяў на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы, наяўнасць якіх М.Мітэраўер і А.Каган адзначалі ўжо ў 1982 г. Унёсак усходнееўрапейскіх гісторыкаў заставаўся сціплым. Урыўкавыя звесткі пра структуру дворагаспадаркі ў розныя часы і па розных рэгіёнах Расіі публікаваліся неаднаразова, але большасць з іх была падлічана і згрупавана такім чынам, што не дазваляла правесці суцэльнае супастаўленне ні з дадзенымі заходнееўрапейскіх даследчыкаў, ні паміж сабой22. Дзеля гэтага дастасоўваліся хіба што асобныя лічбы. Непараўналь ная з методыкай кембрыджскай групы была і сістэма класіфікацыі сямейных формаў, прапанаваная В.Аляксандравым 23. Шэраг публікацый тычыўся сямейнай структуры на тэрыторыі Латвіі24 і Эстоніі25 , прычым эстонскія даследчыкі прытрымліваліся схемы П.Лэслета. Аднак іх матэрыялы вызначаліся своеасаблівасцю параўнальна з Еўрапейскай Расіяй (доля простых сем'яў была вышэй за 50%, а доля шматсямейных двароў складала каля 33%), таму яны тычыліся хутчэй не «ўсходняй» мадэлі, а прамежкавай зоны ля самай «лініі Хайнала».

У 1993 г. была апублікавана практычна адзіная зводка дадзеных пра структуру сялянскага двара на тэрыторыі Беларусі. У ёй улічваліся звесткі шматлікіх інвентароў канца XVI — першай паловы XVII ст., якія ахоплівалі 5663 двары ў 267 населеных пунктах. На жаль, і ў гэтым выпадку методыка падліку моцна адрознівалася ад агульнапрынятай у заходняй гістарыяграфіі. Адзіныя лічбы, прыдатныя для непасрэднага супастаўлення, тычацца долі гаспадарак, якія складаліся з адной, дзвюх, трох і больш сем'яў26, прычым доля шматсямейных двaроў атрымалася вельмі нізкай нават параўнальна з Эстоніяй (гл. ніжэй). Так ці інакш, гэтыя дадзеныя засталіся практычна незаўважанымі навуковай супольнасцю.

Значна больш паспяхова прасоўвалася вывучэнне структуры сям'і і дворагаспадаркі ў іншым еўрапейскім регіёне на ўсход ад «лініі Хайнала» — на Балканах. Балгарская даследчыца Марыя Тодарава (цяпер яна працуе ва універсітэце штата Флорыда, ЗША) абагульніла сабраны багаты матэрыял у манаграфіі «Балканская сямейная структура і еўрапейская мадэль»27 . Яна прадэманстравала шырокі размах варыяцый унутры балканскага рэгіёна — паміж гарадскімі і сельскімі жыхарамі, а таксама паміж прадстаўнікамі розных канфесій. Часам размах гэтых ваганняў быў такі шырокі, што не дазваляў адназначна аднесці той ці іншы тып сям'і да «ўсходняй» ці «заходняй» мадэлі. М. Тодарава таксама падкрэсліла, што характэрная для некаторых мясцовасцяў вельмі шматлюдная і, як правіла, шматпакаленная патрыярхальная дворагаспадарка (так званая задруга, што ўключала да 5—6 і больш сямейных пар) звязана з пэўным гаспадарча-культурным тыпам — качавой жывёлагадоўляй на горных пашах. На яе думку, гэты тып сямейнай арганізацыі — не рэлікт агульнаславянскай культурнай традыцыі, як лічылі яе папярэднікі 28, а параўнальна новае ўтварэнне, якое ўзнікла не раней за XVII ст. у працэсе адаптацыі да спецыфічнага спалучэння экалагічных і эканамічных умоваў.

Аначасова з М. Тодаравой гісторыю сямейнай структуры на Балканах вывучаў аўстрыйскі даследчык Карл Казер (Karl Kaser)29, які прывёў шэраг дадатковых аргументаў на карысць старажытнасці патрыярхальнай задругі і яе абумоўленасці культурнымі традыцыямі: хоць дворагаспадарка перыядычна разрасталася і зноў драбнілася на малыя сем'і, менавіта шматсямейная гаспадарка ўспрымалася як ідэальная. Крыху канкрэтызавалі гэтую выснову вынікі харвацкай даследчыцы Ясны Чапа (Jasna Иapo), якая на матэрыялах аднаго маёнтка ў паўночнай Харватыі прадэманстравала суіснаванне дзвюх формаў дворагаспадаркі (арыентаваных у ідэале на шматсямейнасць і нуклеарную сям'ю) адпаведна сярод сялян і мяшчан гэтага маёнтка. Падобная ж дваістасць была адзначана ёю пры параўнанні двароў мацерыковай і прыбярэжнай (больш моцна ўцягнутай у рынкавыя адносіны) частак Харватыі 30. Наяўнасць супярэчных меркаванняў у дачыненні да добра вывучанай задругі паказала, што значна горш даследаваная еўрапейская частка Расійскай імперыі можа хаваць яшчэ больш складаныя праблемы.

Сведчаннем трывалай цікавасці да структуры сям'і на захадзе і ўсходзе Еўропы стала правядзенне ў красавіку 1994 г. у Будапешце канферэнцыі пад назвай «Дзе канчаецца Еўропа?» («Where does the Europe end?»). Ініцыятарам выступіў член кембрыджскай групы Кевін Шурэр (Kevin Schьrer). ён пастараўся сабрать разам даследчыкаў, якія займаюцца гістарычнай дэмаграфіяй на ўсходзе ад «лініі Хайнала»: прадстаўнікоў Венгрыі, Славеніі, Харватыі, Балгарыі, Эстоніі, Расіі, Беларусі і Азербайджана. Апрача іх і самога К.Шурэра, удзельнікамі канферэнцыі былі Пітэр Лэслет (ён выконваў хутчэй ролю ганаровага госця) і тры прадстаўнікі аўстрыйскай школы: Міхаэль Мітэраўер, Карл Казер і Маркус Чэрман (Markus Cerman), які спецыялізуецца на вывучэнні сацыяльных структур XVI—XVIII ст. на тэрыторыі Чэхіі. Канферэнцыя яшчэ раз прадэманстравала адставанне Ўсходняй Еўропы ў вывучэнні сямейнай структуры: прадстаўнікі гэтага регіёна, у адрозненне ад венгерскіх і балканскіх калег, практычна не мелі ў сваім распараджэнні вынікаў мікрадаследаванняў, апрацаваных паводле методыкі, супастаўляльнай з заходнееўрапейскімі стандартамі. У такой сітуацыі пытанне, вынесенае ў назву канферэнцыі, засталося без адказу. Удзельнікі пагадзіліся з тым, што азначаныя Дж.Хайналам адрозненні паміж «заходняй» і «ўсходняй» мадэлямі мелі месца, але не былі гатовыя акрэсліць больш дакладную мяжу паміж імі ці пераходную зону. Засталіся нерастлумачанымі і механізмы падтрымання і наступнай трансфармацыі гэтых адрозненняў.

В гэтым плане найбольшы інтарэс уяўляў даклад Міхаэля Мітэраўера «Сярэднявечныя карані развіцця еўрапейскай сям'і», пазней апублікаваны асобным артыкулам 31. У ім ён паспрабаваў прасачыць гісторыю зараджэння «еўрапейскай шлюбнай мадэлі» прыкладна ў міжрэччы Луары і Рэйна і яе наступнага пашырэння на працягу позняга Сярэднявечча і Новага часу. На яго думку, гэты працэс быў шчыльна звязаны з германскай каланізацыяй, і такім чынам «еўрапейская мадэль» набывала не толькі культурны, але і этнічны кантэкст. Адзначыў ён і той факт, што і каланізацыя, і еўрапейскі тып шлюбнасці не перасеклі мяжу паміж сферамі ўплыву каталіцкай і праваслаўнай царквы. М.Мітэраўер паказаў таксама на шчыльную сувязь «еўрапейскай мадэлі» с базавым для імперыі Каралінгаў і яе гістарычных пераемнікаў тыпам землекарыстання — сістэмай непадзельных надзелаў (познелацінскія mansus ці laneus, у германамоўных краінах — Hufe), кожны з якіх, як правіла, знаходзіўся ў трыманні простай сям'і і перадаваўся цалкам аднаму з сыноў. Важным спадарожным фактарам стала з'яўленне значнай праслойкі насельніцтва, якая праводзіла частку жыцця ў якасці наёмных работнікаў (life-cycle servants). Як раней адзначаў Дж.Хайнал, менавіта пазбаўленыя надзелу сыны станавіліся наёмнымі работнікамі ў гаспадарках трымальнікаў гуфаў, папаўняючы такім чынам недахоп працоўнай сілы ў іх.

Канферэнцыя ў Будапешце, несумненна, спрыяла актывізацыі гістарычна-дэмаграфічных даследаванняў на тэрыторыі былога СССР. Яшчэ большую ролю адыграла тое, што з сярэдзіны 1990-х г. заходнееўрапейскія даследчыкі сталі прыцягваць сваіх расійскіх калег да сумесных праектаў па вывучэнні гістарычнай дэмаграфіі. Адзін такі праект быў рэалізаваны даследчыкамі з Нідэрландаў і Тамбоўскага універсітэта ў Расіі32. У яго рамках супастаўляліся дэмаграфічныя выбаркі на мікраўзроўні (галоўным чынам на падставе звестак прыходскіх метрычных кніг). Кароткія вынікі праекта былі апублікаваныя ў Гронінгене ў 1998 г. у зборніку «Калі гэтыя двое сыходзяцца» («Where the twain meet»)33.

Адначасова падобны праект быў ініцыяваны Сцівенам Хокам (універсітэт штата Аёва, ЗША) сумесна з Тамбоўскім і Санкт-Пецярбургскім універсітэтамі 34. У рамках гэтага праекта было праведзена вывучэнне дынамікі нараджальнасці, шлюбнасці і смяротнасці праз аналіз метрычных кніг некалькіх прыходаў Тамбоўскай губерні. Паралельна даследчыкі Санкт-Пецярбургскага універсітэта праводзілі аналіз метрычных кніг Аланецкай губерні. Пытанні структуры сям'і і дворагаспадаркі ў гэтых даследаваннях не закраналіся. Вынікі праекта знайшлі адлюстраванне ў асобных публікацыях яго ўдзельнікаў. С.Хок апублікаваў аналіз метрычных кніг прыхода Баршчоўка Тамбоўскай губерні за 1830—1912 г.35, а супрацоўнікі Тамбоўска га універсітэта — прыхода Малыя Пупкі той самай губерні за 1811—1916 г.36 Пецярбургскія даследчыкі надрукавалі вельмі сціслыя вынікі сваіх прац, звязаных з дынамікай нараджаль насці і смяротнасці 37. Апрача таго, В.Дзячкоў апублікаваў вынікі аналізу справаздач Тамбоўскай губернскай земскай бальніцы за 1895—1916 г.38

Трэці сумесны праект арганізавалі супрацоўнік Нацыянальнага інстытута дэмаграфічных даследаванняў (Institut national d'йtudes dйmografic) у Парыжы Ален Блюм (Alain Blum) і супрацоўнікі эканамічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта Аляксандр Аўдзееў і Ірына Троіцкая.У гэтым выпадку здзейснена комплекснае мікрадаследаванне маёнтка Выхіна ў Маскоўскай губерні, які належаў графам Шарамецевым, шляхам супастаўлення дадзеных рэвізскіх сказак за 1811—1858 г. і метрычных кніг за 1815—1861 г.39 Атрыманы дадзеныя пра шлюбныя паводзіны, а таксама пра склад дворагаспадаркі, прычым яны паказаны ў традыцыйнай для заходніх даследаванняў форме і цалкам параўнальныя з вынікамі П.Запа, Д.Кайзера і С.Хока. У прыватнасці, доля шматсямейных гаспадарак складала ў розныя гады ад 64,5 да 86,5%, доля простых сем'яў — ад 7 да 20,3%.

Гэтае французска-расійскае даследаванне па задумцы і выкананні вельмі блізкае да даследавання, якое ажыццяўляе аўтар гэтых радкоў па матэрыялах маёнтка Корань (Красны Бор) Мінскай губерні, што ў XVIII ст. належаў каталіцкай царкве, а ў XIX ст. — розным прыватным уласнікам. Намі супастаўлены дадзеныя інвентароў за 1740—1841 г., рэвізскіх сказак за 1795—1858 г. і метрычных кніг за 1762—1850 г., а таксама розныя іншыя дакументы, што тычацца гісторыі маёнтка40 . Першая публікацыя вынікаў даследавання змяшчае толькі агульныя дэмаграфічныя характарыстыкі папуляцыі (дадзеныя пра баланс нараджальнасці і смяротнасці) 41. Звесткі пра структуру сям'і і дворагаспадаркі пакуль застаюцца неапублікаванымі, а часткова і неапрацаванымі.

Адначасова з азначанымі даследаваннямі працягваўся аналіз агрэгаваных дадзеных на макраўзроўні. У 1999 г. расійскі гісторык Барыс Міронаў апублікаваў двухтомавую манаграфію, у якой прывёў сумарныя лічбы пра структуру сям'і ў сярэдзіне ХIХ ст. у чатырох губернях (Яраслаўскай, Ніжагародскай, Пермскай і Кіеўскай), а таксама дадзеныя перапісу насельніцтва 1897 г., якія можна было часткова параўнаць з гэтымі лічбамі42 .

На Захадзе Карл Казер у дзвюх кнігах на нямецкай мове даследаваў шырокую панараму сацыяльна-дэмаграфічных мадэляў у маштабах Еўропы43. У адрозненне ад П.Лэслета, ён засяродзіўся на двух крытэрах: структуры сям'і і праве пераемнасці нерухомай маёмасці. На гэтай падставе ён вызначыў тры асноўныя регіёны: Міжземнамор'е, дзе пераважала арыентацыя на нуклеарную сям'ю, але с роўным правам спадчыны для ўсіх сыноў і дачок (гэтая рыса запазычана з рымскага права); Заходнюю Еўропу, дзе тая ж арыентацыя на нуклеарную сям'ю спалучалася з адзінаспадчыннасцю (непадзельнас цю надзела); Усходнюю Еўропу, дзе базавая патрыярхальная мадэль спалучала шматсямейнасць і роўную спадчыну па мужчынскай лініі. З улікам спецыфікі Міжземнамор'я такі падзел у цэлым адпавядае першапачатковым высновам Дж. Хайнала.

Варта прыгадаць, што ў той жа час амерыканскія даследчыкі Андрэйс Плаканс (Andrejs Plakans) і Чарльз Ветэрэл (Charles Wetherell) плённа вывучалі параметры сялянскай сям'і Балтыі ў кантэксце сацыяльных і роднасных сувязяў, у тым ліку з выкарыстаннем дадзеных на ўзроўні асобных маёнткаў і прыходаў 44. Праўда, пытанні структуры дворагаспадаркі заставаліся на перыферыі іх увагі.

Адной з нямногіх прац, выкананых выключна на мікраўзроўні, стала магістарская дысертацыя, абароненая ў 1995 г. Хердзіс Коле (Herdis Kolle) у Бергенскім універсітэце (Нарвегія). Яна змяшчае вынікі аналізу дэмаграфічных параметраў, сямейнай структуры і сацыяльна-эканамічных умоваў у дзвюх вёсках Маскоўскай губерні (Дракіна і Спас-Каркодзіна) у паслярэформавы перыяд45. Матэрыялам для даследавання сталі падворныя спісы 1869/71 і 1886 г. — крыніца, якая раней не выкарыстоўвалася ні заходнімі, ні расійскімі гісторыкамі. У рабоце зафіксавана значная розніца ў прапорцыі шматсямей ных гаспадарак: у былых дзяржаўных сялян з Дракіна іх доля трывала складала каля 42%, у той час як у былых памешчыцкіх сялян са Спас-Каркодзіна змянялася ад 53,2% у 1869 г. да 62,5% у 1886 г. Доля простых сем'яў у Дракіне змянялася ад 32,5 да 29,9%, у Спас-Каркодзіне — ад 35,1 да 15,6%.

У апошнія гады асноўны акцэнт у міжнародных гісторыка-дэмаграфічных даследаваннях некалькі змяшчаецца з дыхатаміі паміж усходам і захадам Еўропы, адзначанай Дж.Хайналам, на глабальную дыхатамію паміж Усходам і Захадам. Адметны ў гэтым сэнсе масштабны праект «Еўразія» (the Eurasia Project on Population and Family History, EAP), у рамках якога больш за дваццаць спецыялістаў з розных краін з 1994 г. вывучаюць матэрыялы перапісаў насельніцтва ў пяці выбарках, з якіх тры знаходзяцца ў розных рэгіёнах Заходняй Еўропы (паўднёвая Швецыя, Бельгія і цэнтральная Італія), а дзве — ва Ўсходняй Азіі (Кітай і Японія). У суме гэтыя выбаркі ахопліваюць каля 300 тысяч двароў і 1,5 мільёна індывідаў за перыяд з канца XVIII да пачатаку ХХ ст.46 Папярэднія вынікі праекта былі паказаны трыма яго ўдзельнікамі (Джэймсам Лі і Ванг Фенгам з Каліфорніі, Еміка Ачыаі з Японіі) на міжнароднай канферэнцыі «Дворагаспадарка і сям'я ў мінулым» («Household and Family in Past Time»), якая адбылася ў Пальма-дэ-Маёрка (Балеарскія астравы, Іспанія) у верасні 1999 г., праз трыццаць гадоў пасля канферэнцыі ў Кембрыджы з амаль такой самай назвай. У дакладзе Дж.Лі і яго суаўтараў 47 змяшчаецца супастаўленне структуры сям'і і дворагаспадаркі ў кожнай з вывучаных выбарак паводле дыягнастычных параметраў, прапанаваных П.Лэслетам у 1983 г.

Сёння універсітэт штата Мінесота ажыццяўляе яшчэ больш маштабны праект — стварэнне базы дадзеных па 100 перапісах насельніцтва ў 20 краінах свету. Хоць гэты праект не мае прамога дачынення да параўнання структуры сем'яў, усё ж варта заўважыць, што тэрыторыі Ўсходняй Еўропы ў спісе няма48. Не менш паказальна, што ў канферэнцыі ў Пальме (адным з яе арганізатараў выступіў той самы Кевін Шурэр, які ў 1994 г. арганізаваў сустрэчу ў Будапешце) удзельнічалі спецыялісты з краін Заходняй Еўропы, ЗША, Кітая і Японіі, але прадстаўнікоў Усходняй Еўропы не было.

Тым не менш два даклады былі прысвечаны супастаўленню структуры сям'і на захадзе і ўсходзе Еўропы, прычым з прыкметным змяшчэннем акцэнтаў ад дэмаграфіі ў бок сацыяльнай гісторыі. Даклад Кірсі Сірэн (Kirsi Sirйn) «Канцэпцыя ўсходняй сям'і»49 падаваў у сціслым выглядзе высновы, раней выкладзеныя ў манаграфіі на фінскай мове50. Аналіз праводзіцца на макраўзроўні і грунтуецца на матэрыялах усходняй Фінляндыі, дзе таксама дамінаваў шматсямейны тып гаспадаркі. Прычыны яго трывалага існавання аўтар бачыць як у матэрыяльнай, так і ў духоўнай сферы. Асаблівую ролю адыгрываў комплекс патрыярхальных каштоўнасцяў, у тым ліку падпарадкаванае становішча жанчыны і імкненне забяспечыць непарыўнасць пераемнасці па мужчынскай лініі. Гэтыя высновы дастаткова блізкія да высноваў К.Казера наконт балканскай сям'і.

Міхаэль Мітэраўер застаецца верны сабе ў настойлівых пошуках фактараў, якія прывялі да фармавання дзвюх розных дэмаграфічных мадэляў. Назва і змест яго даклада ў Пальме шчыльна перагукаюцца з яго дакладам у Будапешце: «Еўрапейскія сістэмы роднасці і структуры дворагаспадаркі — сярэднявечныя карані»51 . Абапіраючыся на дадзеныя па тэрміналогіі роднасці і на высновы К.Казера пра спосабы перадачы ў спадчыну нерухомасці, ён трактуе заходнееўрапейскую мадэль як вынік пераадолення патрыярхальных і патрыліней ных традыцый, якія засталіся амаль некранутымі на Балканах і ў Еўрапейскай Расіі да сярэдзіны XIX ст. На Захадзе іх страта пачалася ўжо ў Сярэднявеччы — пад уздзеяннем рымскага права, феадальнага прынцыпу спадчыннасці непадзельнага надзелу (ням. Hufenverfassung), а таксама ўласцівай хрысціянству (асабліва яго заходняй галіне) перавагі духоўных сувязяў перад сувязямі роднасці і крыві. У выніку сфармавалася значна больш гнуткая сістэма, якая давала індывіду свабоду выбару: браць шлюб ці не; жыць у сям'і бацькоў шлюбнага партнёра, у сям'і ўласных бацькоў ці засноўваць новую гаспадарку; ці аднаўляць шлюб у выпадку аўдавення; ці адаптаваць зяця ў выпадку адсутнасці сыноў або дазволіць лініі пераемнасці абарвацца; заставацца на чале гаспадаркі да старасці ці не. Асаблівае значэнне мела магчымасць выбару ў спосабах арганізацыі працы: падзяляць ролі па полавай прыкмеце, працаваць разам, абапірацца на працу родзічаў або нанятых работнікаў і г. д. На думку аўтара, менавіта такая гнуткасць «стала вызначальнай для асаблівага развіцця еўрапейскіх грамадстваў».

Гэтыя высновы М.Мітэраўера ў цэлым выглядаюць даволі пераканаўча. Тым не менш яны ігнаруюць азначаную раней ім самім неаднароднасць вялізнага ўсходнееўрапейска га регіёна, а таксама недаказанасць спрадвечнай старажытнасці «ўсходняй мадэлі». Падобна высновам наконт задругі, гэтая старажытнасць можа быць калі не абвергнута, то, прынамсі, пастаўлена пад сумненне. Больш раннія матэрыялы, нягледзячы на адзначаную іх урыўкавасць, фіксуюць карціну, куды бліжэйшую да «заходняй» мадэлі, чым мікрададзеныя XIX ст. па маёнтках Гагарыных і Шарамецевых. У выбарцы Д.Кайзера ў целым па дзесяці гарадах Расіі за 1710—1720 г. доля простых сем'яў складала 54%, а доля шматсямейных двароў — 32%52. У манастырскіх сялян Валагодскай губерні ў 1678 г. долі простых і шматсямейных двароў складалі адпаведна 58,5 і 33,9%, але да 1717 г. змяніліся на амаль супрацьлег лыя — 39,3 і 53,7%53. На паўночным захадзе Расіі ў 1620-я г. гэтая прапорцыя складала адпаведна 59,6 і 38,7 %, у 1646 г. — 69 і 22,5%, а ў 1678 г. — 49,4 і 43%54. У беларускіх інвентарах канца XVI—XVII ст. працэнт шматсямейных гаспадарак яшчэ больш нізкі — толькі 14,4%55. Гэтыя лічбы адлюстроўваюць мадэль паводзінаў, прамежкавую паміж Заходняй Еўропай і расійскімі маёнткамі ХIХ ст., даследаванымі на мікраўзроўні. Часам яны змыкаюцца з лічбамі не толькі па Эстоніі, але і па некаторых выбарках на захад ад «лініі Хайнала», у прыватнасці — у Тырольскіх Альпах56, на поўдні Францыі57 , у многіх правінцыях Іспаніі58 .

Такім чынам, наяўныя звесткі па Ўсходняй Еўропе фіксуюць на працягу XVII — першай паловы XIX ст. узрастанне працэнту шматсямейных двароў, а не яго памяншэнне, як можна было б чакаць у святле гіпотэзы пра паступовае згасанне патрыярхальных традыцый. Гэтая тэндэнцыя пацвярджаецца вынікамі, якія атрымаў аўтар гэтых радкоў: у вывучанай намі беларускай мікрапапуляцыі ў 1740 г. долі простых і шматсямейных двароў складалі адпаведна 56,5 і 34,8%59, а ў 1841 г. — 21,3 і 51,7%60.

У гэтым сэнсе цікавасць уяўляюць агрэгаваныя дадзеныя Б.Міронава, паводле якіх у сярэдзіне XIX ст. доля шматсямей ных двароў у асобных губернях Еўрапейскай Расіі складала ад 43,4 да 47,9%, доля простых сем'яў — ад 19,2 да 21,4%. Матэрыялы перапісу насельніцтва 1897 г. не дазваляюць аддзяліць адзіночак ад малых сем'яў, а пашыраныя двары — ад шматсямейных. Тым не менш можна сцвярджаць, што ў гэты час агульная доля пашыраных і шматсямейных двароў па тых самых губернях знізілася прыблізна да 39,8—31,6%, доля адзіночак і малых сем'яў — узрасла да 54,5—60,3%61. Відавочна, гэтыя лічбы адлюстроўваюць не столькі дэградацыю «ўсходняй» мадэлі ў паслярэформавых умовах (як сам Б.Міронаў схільны іх інтэрпрэтаваць), колькі зварот да структур, уласцівых папярэднім стагоддзям.

Здаецца, для тлумачэння дынамікі «ўсходняй» мадэлі неабходна значна шырэй прыцягваць іншыя магчымыя фактары, у тым ліку ролю прыгоннага права, на якую звяртаў увагу Р.Ўол у 1983 г. Наўрад ці выпадкова, што доля шматсямейных двароў у Расіі і Беларусі рэзка ўзрастае па меры паглыблення крызісу прыгоннага права і зноў паніжаецца пасля яго скасавання. Але «базавы ўзровень», характэрны для XVII, XVIII і канца XIX ст., усё ж істотна адрозніваецца ад класічнай «заходняй мадэлі». Да таго ж па іншых параметрах (узрост першага шлюбу і да т. п.) адрозненні яшчэ больш значныя і трывалыя. Таму ў пошуках тлумачэння нельга выключаць ролю паводзінных стэрэатыпаў, якія толькі па-рознаму выяўляліся ў розных сітуацыях, але пры вонкавай пластычнасці былі вельмі ўстойлівыя і жорсткія ў сваёй аснове.

Відавочна, сам М.Мітэраўер адчуваў недастатковасць сваёй аргументацыі. Менавіта таму ён ініцыяваў правядзенне ў Вене ў лістападзе 2000 г. міжнароднага семінара па праблемах сямейнай структуры, з удзелам асноўных спецыялістаў, якія працуюць па абодва бакі ад «лініі Хайнала». Непасрэдным арганізатарам гэтага семінара выступіў Інстытут усходнееўрапейскай гісторыі Венскага універсітэта (Institut fьr Osteuropдishe Geschichte der Univeritдt Wien), на чале з прафесарам Андрэасам Капелерам (Andreas Kappeler). Да ўдзелу былі запрошаны, апрача М.Мітэраўера і яго калег з Венскага універсітэта, амаль ўсе вядучыя даследчыкі структуры ўсходнееўрапейскай сям'і: Карл Казер з універсітэта Граца (Аўстрыя), Сцівен Хок і Андрэйс Плаканс з універсітэта штата Аёва (ЗША), Дэніел Кайзер з Грынел коледжа ў штаце Аёва, Крысціна Варабек з універсітэта штата Ілінойс (нядаўна яна таксама стала супрацоўніцай універсітэта Аёвы), вядомы нямецкі даследчык Ральф Мелвіл (Ralph Melville, Інстытут еўрапейскай гісторыі ў Майнцы), Эліна Варыс (Elina Waris) з універсітэта Хельсінкі (Фінляндыя), Нада Башкоўска (Nada Boškovska) з Цурыха (Швейцарыя). Усход прадстаўлялі Барыс Міронаў з Інстытута расійскай гісторыі РАН (Санкт-Пецярбург), Ірына Троіцкая з МДУ, Юрый Мізіс з Тамбоўскага універсітэта і аўтар гэтых радкоў. Апрача таго, Юзеф Эмер (Josef Ehmer) з універсітэта Зальцбурга (Германія) і ўкраінскі даследчык Мікола Крыкун падалі свае матэрыялы, але непасрэдна ў семінары не ўдзельнічалі.

Гэтым разам арганізатары вырашылі цалкам выключыць з поля зроку балканскую сям'ю, засяродзіўшыся на супастаўленіі Захаду і тэрыторыі Еўрапейскай Расіі. Афіцыйна семінар называўся «Сямейныя формы ў расійскай і ўкраінскай гісторыі ў параўнальнай перспектыве» («Family Forms in Russian and Ukrainian History in Comparative Perspective»). Заўважым, што з назвы выпала Беларусь. Гэта тлумачыцца не толькі параўнальна познім прыцягненнем да ўдзелу беларускага прадстаўніка (як ветліва патлумачылі арганізатары), але, на жаль, і не вельмі прыкметным пакуль унёскам беларускіх даследчыкаў у гістарыяграфію пытання. З гэтай прычыны тэрыторыя Беларусі застаецца ўсё яшчэ «белай плямай» для нашых заходніх калег. Фактычна, аднак, семінар быў прысвечаны сямейным формам у расійскай і беларускай гісторыі, бо заяўлены прадстаўнік Украіны на ім адсутнічаў, а прадстаўнік Беларусі пастараўся быць максімальна актыўным.

Трэба адзначыць, што падрыхтаваны Міколам Крыкуном матэрыял аказаўся вельмі цікавым. Даследчык апрацаваў малавядомую крыніцу — перапіс насельніцтва ў 28 уніяцкіх прыходах Жытомірскага павета Кіеўскага ваяводства за 1791 г.62 Матэрыялы перапісу ахопліваюць 2903 двары ў 6 мястэчках і 72 сельскіх паселішчах павета. Дэталёва прааналізаваўшы іх сямейную структуру па методыцы, адпаведнай методыцы кембрыджскай групы, М.Крыкун паказаў, у прыватнасці, што 55,5% з іх складаліся з простай сям'і, а 35,3% былі шматсямейнымі. Гэтыя лічбы сведчаць, што і на Ўкраіне ў XVIII ст. доля шматсямейных гаспадарак была ніжэйшай, чым у расійскіх маёнтках XIX ст.

Ю.Мізіс таксама ўпершыню падаў некаторыя вынікі мікрадаследавання чатырох сёл Тамбоўскай губерні за перыяд з 1816 да 1858 г., з далучэннем на гэты раз дадзеных не толькі метрычных кніг, але і рэвізскіх сказак. Доля шматсямейных двароў складала ад 53,3 да 73,6%, доля простых сем'яў — ад 28,8 да 13,2%, г. зн. у гэтым выпадку структура сям'і адпавядала класічнай «усходняй» мадэлі, раней акрэсленай у публікацыях П.Запа і С.Хока.

У матэрыяле, падрыхтаваным Крысцінай Варабек, асаблівую цікавасць выклікала адзначаная ёю розніца ў сістэмах спадчыннасці паміж Расіяй і Ўкраінай у паслярэформавы перыяд. Расійскія сяляне пераважна дзялілі гаспадарку пасля смерці бацькі (post-mortem fission), а ўкраінскія — пры яго жыцці (pre-mortem fission), прычым адзін сын (звычайна малодшы) атрымліваў большы ўчастак і павінен быў утрымліваць бацьку на старасці. Паводле нашых несістэматызаваных назіранняў, беларуская мадэль паводзінаў у гэтым сэнсе адпавядала ўкраінскай.

Важным вынікам семінара стала практычна адзінадуш ная згода яго ўдзельнікаў у тым, што пры супастаўленні еўрапейскіх дэмаграфічных мадэляў трэба казаць не пра вузкую дэмаркацыйную лінію, а пра дастаткова шырокую пераходную зону, якая ахоплівала, як мінімум, Фінляндыю, Балтыю, Беларусь і правабярэжную Ўкраіну. Думаецца, толькі адсутнасць на семінары польскіх, славацкіх і румынскіх спецыялістаў не дазволіла ўключыць і гэтыя краіны ў пераходную зону. Здаецца, такая ж пераходная зона апяразвала Заходнюю Еўропу і з поўдня, у Міжземнамор'і. Больш дэталёвая картаграфія дэмаграфічных варыяцый у іх гістарычнай дынаміцы патрабуе, зразумела, далейшых даследаванняў паводле параўнальных методык.

Асноўную ўвагу ўдзельнікі семінара аддалі абмеркаван ню ідэй, выказаных М.Мітэраўерам наконт фактараў фармавання дзвюх розных дэмаграфічных мадэляў. У матэрыялах, папярэдне разасланых удзельнікам па электроннай пошце, ён паўтарыў і крыху пашырыў кола ключавых фактараў, акрэсленае ім на канферэнцыі ў Пальме. Як адну з магчымых ён гатовы разглядаць гіпотэзу, што абедзве мадэлі ў мінулым мелі агульны базіс, а потым разышліся ў розныя бакі пад уздзеяннем эканамічных і, магчыма, іншых фактараў. Але яго па-ранейшаму значна больш прыцягвае ідэя паэтапнага зжывання старажытнай патрыярхальнай традыцыі, у якім Захад на некалькі стагоддзяў апярэджваў Усход. У якасці аргументаў ён прыводзіць розніцу ў тэрміналогіі роднасці (на ўсходзе значна пазней захоўваецца адрозненне сваякоў у залежнасці ад полу суб'екта: цесць — свёкар, шурын — дзевер, нявестка — залоўка і да т. п.), у сістэмах спадчыны на нерухомасць (тут ён трымаецца схемы К.Казера), а таксама ў розных формах арганізацыі сумеснай працы. У гэтым аспекце ён дапускае вызначальную ролю гаспадарча-эканамічных фактараў: падсечнае земляробства патрабуе сумеснай працы некалькіх мужчын і, адпаведна, вялікай непадзеленай сям'і, у той час як трохпольнае земляробства з выкарыстаннем колавага плуга (звычайнага на Захадзе ўжо з позняга Сярэднявечча) можа грунтавацца на сумеснай працы мужа і жонкі, г. зн. — на нуклеарнай сям'і.

У працэсе абмеркавання «патрыярхальнай» гіпотэзы высветлілася дастаткова стрыманае стаўленне да яе ўдзельнікаў семінара. Ніхто не абвяргаў наяўнасць такога фактару, але не ў якасці вырашальнага. Многімі адзначалася роля эканамічных умоваў. Аўтар гэтых радкоў звярнуў увагу на ідэю расійскага эканаміста Аляксандра Чаянава, які ў 1920-я г. разглядаў прапорцыю едакоў і работнікаў у сям'і як адзін з найважнейшых фактараў яе эканамічнага стану. Гэтая прапорцыя змяняецца ў ходзе жыццёвага цыклу сям'і, па меры нараджэння дзяцей і дасягнення імі працаздольнага ўзросту63 . На прыкладзе рэканструяваных жыццёвых цыклаў канкрэтных дворагаспадарак аўтар гэтых радкоў пераканаўся, што нуклеарная сям'я непазбежна праходзіць перыяд, калі суадносіны едакоў і работнікаў асабліва неспрыяльныя. Наяўнасць у складзе гаспадаркі некалькіх рознаўзроставых шлюбных пар дазваляе згладжваць гэтую сітуацыю, і такім чынам шматсямейны двор аказваецца эканамічна мэтазгодным .

Карыстаючыся прынцыпам, які ўжыў К.Казер у дачыненні да задругі, можна сказаць, што і «заходняя», і «ўсходняя» мадэлі паводзінаў арыентаваліся на нуклеарную сям'ю як на ідэальны стан рэчаў, але на ўсходзе ў жыццёвым цыкле канкрэтнай сям'і дасягненне гэтага ідэалу звычайна адкладвалася па эканамічных меркаваннях. У залежнасці ад сітуацыі працягласць гэтай адтэрміноўкі магла моцна вагацца. Напэўна, гэтым тлумачацца вялікія варыяцыі ў прапорцыі аднасямейных і шматсямейных двароў, а таксама сярэдняга памеру дворагаспадарак (mean household size). Калі ў Англіі, напрыклад, гэты паказчык з канца XVI да пачатку ХХ ст. вагаўся ў вузкіх межах (ад 4 да 6 чалавек на двор, у сярэднім — 4,75)64, то ў Расіі і Беларусі размах ваганняў быў вялізны. У маёнтку Выхіна Маскоўскай губерні сярэдні памер дворагаспадаркі мяняўся з 9 чал. у 1816 г. да 12 у 1834 г. і да 7 у 1850 г.65, у маёнтках Корань і Красны Бор Мінскай губерні ён складаў 6,3 чал. у 1740 г., 6,9 — у 1795 г., 7,4 — у 1834 г., 8,8 — у 1841 г., 7,4 — у 1897 г. (у тым ліку ў старых вёсках на надзельных землях — 6,4 чал., а ў хутарах на купчых землях — амаль 13), у 1917 г. — 6,2 на надзельных землях і 7,3 — на купчых66.

Ужываючы псіхалагічны крытэр, можна сказать, што на Захадзе дыяпазон прымальнасці для сумеснага пражывання некалькіх шлюбных пар быў значна вузейшы, а ўстаноўка на эканамічную самастойнасць шлюбной пары — куды мацнейшая. Пры гэтым жыццяздольнасць маласямейнай дворагаспадаркі дасягалася за кошт альтэрнатыўнага рашэння: прыцягнення наёмных работнікаў. Адпаведна, адной з ключавых умоваў захавання «ўсходняй мадэлі» трэба прызнаць адсутнасць рынка найманай працоўнай сілы. Цалкам верагодна, што нежаданне расійскіх сялян аддаваць падрослых дзяцей у батракі таксама ў значнай ступені вызначалася культурнымі і паводзіннымі стэрэатыпамі, але ці варта адносіць іх за кошт патрыярхальнай традыцыі? Гэтае пытанне патрабуе далейшага вывучэння. Магчыма, вырашальны ўнёсак здольны зрабіць псіхагістарычны падыход да праблемы 67, але гэта — тэма асобнай размовы.

Такім чынам, шматгадовыя параўнальныя даследаванні сямейнай структуры выходзяць на праблему суадносінаў эканамічных і культурных фактараў, што вызначаюць эфектыўнасць грамадскага ладу. Урэшце ўсё зводзіцца да пытання: што дазволіла Заходняй Еўропе дасягнуць такога высокага ўзроўню жыцця і што перашкодзіла (а часам перашкаджае і сёння) Усходняй Еўропе браць з яе прыклад? Ёсць адчуванне, што гістарычная дэмаграфія здольная ўнесці істотны ўклад у высвятленне гэтага пытання.


1 Hajnal, J. European marriage patterns in perspective. In: D.V. Glass and D.E.C. Everslay (eds). Population in History. Chicago, 1965. P. 101—143.
2 Хаджнал Дж. Европейский тип брачности в перспективе // Брачность, рождаемость, семья за три века. Сб. статей / Под ред. А.Г. Вишневского и И.С. Кона. Москва, 1979. С. 14—70.
3 P.Laselett and R.Wall (eds.). Household and Family in Past Time: Comparative Studies in the Size and Structure of the Domestic Group over the Last Three Centuries in England, France, Serbia, Japan, and Colonial North America, with Further Materials from Western Europe. Cambridge, 1972.
4 Laslett, P. Introduction: The history of the family. In: P.Laselett and R.Wall (eds.). Household and Family in Past Time... Cambridge, 1972. P. 1—89.
5 Hammel, E.A., and Laslett, P. Comparing household structures over time and between cultures. In: Comparative Studies in Society and History, 16 (1974). P. 73—109.
6 Ласлетт П. Семья и домохозяйство: исторический подход // Брачность, рождаемость, семья за три века. Москва, 1979. С. 132—157. Пераклад зроблены з французскамоўнай публікацыі: Laslett, P. La famille et le mйnage: approches historiques. Annales: Йconomies. Sociйtes. Civilisations. No. 4—5 (July — October 1972).
7 R. Wall (ed.), in collaboration with J Robin and P.Laslett. Family Forms in Historic Europe. Cambridge, 1983.
8 Hajnal, J. Two kinds of pre-industrial household formation systems. In: R. Wall (ed.), in collaboration with J Robin and P.Laslett. Family Forms in Historic Europe. Cambridge, 1983 P. 65—104.
9 Laslett, P. Family and household as work group and kin group: areas of traditional Europe compared. In: R. Wall (ed.), in collaboration with J. Robin and P.Laslett. Family Forms in Historic Europe. Cambridge, 1983. P. 513—563. Асабліва гл. табл. 17.5 на с. 526—527.
10 Czap, P. The perennial multiple family household, Mishino, Russia, 1782—1858. In: Journal of Family History, 7 (1982). P. 5—26; Czap, P. «A large family: the peasants' greatest wealth»: serf households in Mishino, Russia, 1815—1858. In: R. Wall (ed.), in collaboration with J. Robin and P. Laslett. Family Forms in Historic Europe. Cambridge, 1983. P. 105—151.
11 Czap, P. «A large family: the peasants' greatest wealth»: serf households in Mishino, Russia, 1815—1858. In: R. Wall (ed.), in collaboration with J. Robin and P. Laslett. Family Forms in Historic Europe. Cambridge, 1983. P. 128—129, 147.
12 Зводкі дадзеных пра структуру двара ў розных выбарках па Заходняй Еўропе гл., напр.: Laslett, P. Introduction: The history of the family. In: P.Laselett and R.Wall (eds.). Household and Family in Past Time ... Cambridge, 1972. P. 85; Blayo, Y. Size and structure of households in a northern French village between 1836 and 1861. Ibid. P. 258; Flandrin, J.-L. Families in Former Times. Cambridge, 1976. P. 68, 71, 90; Wall, R. Real property, marriage and children: the evidence from pre-industrial communities. In: R.M. Smith (ed.). Land, Kinship and Life-cycle. Cambridge, 1984. P. 460; Reay, B. Microhistories: Demography, Society and Culture in Rural England, 1800—1930. Cambridge, 1996. P. 159; Wall, R. Zum Wandel der Familienstrukturen im Europa der Neuzeit. In: Historische Familienforschhung. Ergebnisse und Kontroversen. Michael Mitterauer zum 60. Geburtstag. Heransgegen von J. Ehmer, T.K. Hareven und R. Wall. Frankfurt / New York, 1997. P. 276—277, 280.
13 Bohac, R. D.: «Family, Property, and Socioeconomic Mobility: Russian Peasants on Manuilovskoe Estate, 1810—1861» (Ph.D. diss., University of Michigan, 1982).
14 Mitterauer, M. and Kagan, A. Russian and central European family structures: a comparative view. In: Journal of Family History, 7 (1982). P. 103—131.
15 Ibid. P. 103.
16 Sieder, R. and Mitterauer, M. The reconstruction of the family life course: theoretical problems and empirical results. In: R. Wall (ed.), in collaboration with J Robin and P.Laslett. Family Forms in Historic Europe. Cambridge, 1983. P. 309—345
17 Wall, R. Introduction. In: R. Wall (ed.), in collaboration with J. Robin and P.Laslett. Family Forms in Historic Europe. Cambridge, 1983. P. 1—63.
18 Ibid. P. 2.
19 Hoch, S. Serfdom and social control in Russia: Petrovskoe, a village in Tambov. Chicago, 1986. Расійскі пераклад: Хок С.Л. Крепостное право и социальный контроль в России: Петровское, село Тамбовской губернии. Москва, 1993.
20 Kaiser, D. H. Urban household composition in early modern Russia. In: Journal of Interdisciplinary History, 23 (1992). P. 39—71; Kaiser D. H. The seasonality of family life in Early Modern Russia. In: Forschungen zur osteuropдischen Geschichte, 46 (1992). P. 21—50. Кайзер Д. Н. Возраст при браке и разница в возрасте супругов в городах России в начале XVIII в. // Сословия и государственная власть в России. XV — середина XIX вв. В 2-х ч. Ч. 2. Москва, 1994. С. 225—237.
21 Worobec, C. D. Peasant Russia: Family and Community in the Post-Emansipation Period. Princeton, 1991.
22 Гл. напр.: Бакланова Е. Н. Крестьянский двор и община на русском Севере: конец XVII— начало XVIII в. Москва, 1976; Горская Н. А. Монастырские крестьяне Центральной России в XVII в. Москва, 1977. С. 226—228; Биленко М.В. О мордовской семье XVII века // Советская этнография. 1979. № 1. С. 92—104; Миненко Н. А. Русская крестьянская семья в Западной Сибири (XVIII — первая половина ХIХ в.). Новосибирск, 1979; Власова И. В. Структура и численность семей русских крестьян Сибири в XVII— первой половине ХIХ в. // Советская этнография. 1980. № 3. С. 37—50; Швейковская Е. Н. Крестьянская семья и община как категории социальной структуры феодальной России (конец XV—XVII вв.) // Социально-демографические процессы в российской деревне (XVI— начало ХХ в). Материалы ХХ сессии Всесоюзного симпозиума по изучению проблем аграрной истории. Вып. 1. Таллин, 1986. С. 5—14; Гришкина М. В. Типология удмуртской крестьянской семьи конца XVII— первой половины ХIХ в. // Тамсама. С. 146—153; Кох О. В. Крестьянская семья // Аграрная история Северо-Запада России XVII века (население, землевладение, землепользование) / Под. ред. А. Л. Шапиро. Ленинград, 1989. С. 56—58; Дашкевич Л. А. Семья государственных крестьян на Урале (по материалам подворных описей Поташинской волости 1805 г.) // Государственные крестьяне Урала в эпоху феодализма. Екатеринбург, 1992. С. 109—121; Голикова С.В., Нечаева М. Ю. Домохозяйства населения Златоустовского округа на рубеже XVII—XIX вв. (по материалам подворных описей) // Металлургические заводы и крестьянство: проблемы социальной организации промышленности России и Швеции в раннеиндуст риальный период. Екатеринбург, 1992. С. 150—156.
23 Александров В. А. Типология русской крестьянской семьи в эпоху феодализма // История СССР. 1981. № 3. С. 78—96; Александров В. А. Обычное право крепостной деревни России. XVIII— начало ХIХ в. Москва, 1984. С. 58—61.
24 Ефремова Л. С. Латышская крестьянская семья в Латгале, 1860—1939. Рига, 1982; Стродс Х. Социальная структура латышского крестьянства в Курляндии (1734—1813 гг.) // История СССР. 1984. С. 2. С. 142—150.
25 Кахк Ю., Уйбу Х. О социальной структуре и мобильности эстонского крестьянства в первой половине ХIХ века. Таллин, 1980 (асабліва гл.: С. 50—55); Палли Х.Э. Естественное движение сельского населения Эстонии (1650—1799). В 3-х ч. Таллин, 1980 (асабліва гл.: Ч. 1. С. 114); Palli, H. Estonian households in the seventeenth and eighteenth centuries. In: R. Wall (ed.), in collaboration with J Robin and P.Laslett. Family Forms in Historic Europe. Cambridge, 1983. P. 213—215; Палли Х. Население крестьянского домохозяйства (дворохозяйства) в Эстонии в XVII—XVIII веках // Социально-демографические процессы в российской деревне (XVI— начало ХХ в). Материалы ХХ сессии Всесоюзного симпозиума по изучению проблем аграрной истории. Вып. 1. Таллин, 1986. С. 48—56.
26 Капыскі З., Капыскі Б. Беларуская вёска і яе насельніцтва ў канцы XVI — першай палове XVII ст. Вопыт дэмаграфічнай характарыстыкі // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. № 2. С. 42—45. Пазней гэтыя дадзеныя былі прыведзены зноў, прычым ужо з выкарыстаннем тэрміналогіі П.Лэслета, у выданні: Гісторыя сялянства Беларусі са старажытных часоў да 1996 г.: У 3-х т. Т. 1. Мінск, 1997. С. 103.
27 Todorova, M. Balkan Family Structure and the European Pattern: Demographic Developments in Ottoman Bulgaria. Washington, 1993.
28 Гл., напр.: Hammel, E. A. The `Balkan' peasant: a view from Serbia. In: Ph. K. Bock (ed.). Peasants in the Modern World. New Mexico, 1969. P. 81—82; Hammel, E. A. The zadruga as process. In: P.Laselett and R.Wall (eds.). Household and Family in Past Time ... Cambridge, 1972. P. 335—373; Hammel, E. A. Some medieval evidences on the Serbian zadruga: a preliminary analysis of the chrysobulls of Deиani. In: R. F. Byrnes (ed.). Communal Families in the Balkans: the Zadruga. Essays by Philip E. Mosely and Essays in His Honor. South Bend and London, 1976; Hammel, E. A. Household structure in 14th century Macedonia. In: Journal of Family History, 5 (1980). P. 242—273.
29 Kaser, K. The origins of Balkan patriarchy. In: Modern Greek Studies Yearbook, 8 (1992). P. 1—39: Kaser, K. The Balkan joint family household: seeking its origins. In: Continuity and Change, 9 (1994). P. 45—68.
30 Иapo Žmegaи, J. New evidence and old theories: multiple family households in northern Croatia. In: Continuity and Change, 11 (1996). P. 375—398.
31 Mitterauer, M. Medieval roots of European family development. In: J. Michбlek (ed.). Stredoeurуpske kontexty еudovej kultъry na Slovensku. Bratislava, 1995. P. 92—105. Ідэі гэтага даклада былі таксама адлюстраваны ў публікацыі: Mitterauer, M. Family context: The Balkans in European comparison. In: Journal of Family History, 21 (1996). P. 387—406.
32 Kanishchev, V., Protasov, S. A project of integral history on local level. Preliminary results of data collection and computer analysis. In: Data Modelling, Modelling History. Abstracts of XI International Conference of the Association for History and Computing. Moskow, 1996. Р. 91—92
33 Kooij, P. (ed.). Where the twain meet. Dutch and Russian regional development in a comparative perspective. 1800—1917. Groningen, 1998. Назва з'яўляецца парафразам знакамітага верша Рэд'ярда Кіплінга «Oh, East is East, and West is West, and never the twain shall meet», у даслоўным перакладзе: «О, Усход ёсць Усход, а Захад ёсць Захад, і гэтыя двое ніколі не сыдуцца» (Kipling, R. The Ballad of East and West).
34 Hoch, S.L, Kashchenko, S., Mizis Yu. Project in Russian population history, 1700—1917: Preliminery results. In: Data Modelling, Modelling History. Abstracts of XI International Conference of the Association for History and Computing. Moskow, 1996. Р. 89—91. Гл. таксама вельмі кароткую інфармацыю пра праект у прадмове С.Хока да выдання: Анри Л., Блюм А. Методика анализа в исторической демографии. Москва, 1997. С. 8—9.
35 Hock, S. L. Famine, disease, and mortality patterns in the parish of Borshevka, Russia, 1830—1912. In: Population Studies, 52 (1998). P. 357—368. Рускі варыянт гэтага ж артыкула: Хок С. Л. Голод, болезни и структуры смертности в приходе Борщевка, Россия, 1830—1912 // Социально-демогра фическая история России XIX — XX вв. Современные методы исследования. Материалы научной конференции (апрель 1998 г.). Тамбов, 1999. С. 3—29. Гл. таксама палеміку С. Кашчанкі з некаторымі высновамі гэтага артыкула: Кащенко С.Г. К вопросу о смертности в Тамбовской губернии в XIX — начале ХХ в. (Некоторые соображения по поводу доклада профессора Стивена Л. Хока) // Тамсама. С. 30—40.
36 Канищев В.В., Кончаков Р.Б., Мизис Ю.А. Соотношение когортного и сплошного анализа демографического поведения российского крестьянства XIX — начала ХХ в. (по материалам прихода с. Малые Пупки Тамбовской губернии) // Социально-демографическая история России XIX—XX вв. Современные методы исследования. Материалы научной конференции (апрель 1998 г.). Тамбов, 1999. С. 60—71.
37 Кащенко С.Г. Некоторые новые тенденции в исследованиях по исторической демографии России // Новые информационные ресурсы и технологии в исторических исследованиях и образовании. Сб. тезисов докладов и сообщений Всероссийской конференции. Москва, 2000. С. 153—154; Менухова П.А. Опыт применения когортного анализа при изучении демографических процессов в Олонецкой губернии (1810—1918 г.) // Тамсама. С. 162—163; Смирнова С.С. К вопросу о влиянии эпидемий на смертность в карельской деревне во второй половине XIX в. // Тамсама. С. 169—170; Маркова М.А. Некоторые наблюдения за полнотой фиксации младенческой смертности в метрических книгах Олонецкой губернии // Компьютер и историческая демография. Сб. научн. трудов. Барнаул, 2000. С. 165—172.
38 Дьячков В.Л. Труд, хлеб, любовь и космос, или о факторах формирования крестьянской семьи во второй половине XIX— начале ХХ в. // Социально-демографическая история России XIX—XX в. Современные методы исследования. Материалы научной конференции (апрель 1998 г.). Тамбов, 1999. С. 72—82.
39 Avdeev, A., Blum, A, Troitskaia, I. La nuptialite en Russie avant le reforme de 1861 (une etude sur 3 villages de la region de Moscou). The paper presented for the European Population Conference. The Hague, 30 August — 3 September 1999; Blum, A., Troitskaya I., and Avdeev, A. Family, marriage and social control in Russia — Three villages in Moscow region. In: M. Neven and Catherine Carpon (eds.). Family Structures, Demography and Population. A Comparison of Societies in Asia and Europe. Liйge, 2000. P. 88—92.
40 Вельмі кароткае англамоўнае рэзюме работы апублікавана: Nosevich, V. A Belarusian rural micropopulation: Demographic and social processes. In: Research Support Scheme Network Chronikle, 8 (2000). P. 19—20.
41 Носевич В.Л. Демографические показатели белорусского крестьянства во второй половине XVIII— первой половине XIX в. // Компьютер и историческая демография. Сб. научн. трудов. Барнаул, 2000. С. 173—198. Гл. таксама: Носевич В.Л. Белорусская микропопуляция в XVIII—XIX в. // Новые информационные ресурсы и технологии в исторических исследованиях и образовании. Сб. тезисов докладов и сообщений Всероссий ской конференции. Москва, 2000. С. 155—156.
42 Миронов Б. Н. Социальная история России периода империи (XVIII— начало ХХ в.): Генезис личности, демократической семьи и правового государства. В 2-х т. С.-Петербург, 1999 (асабліва гл.: Т. 1. С. 225, 226). Англамоўны варыянт гэтай кнігі выдадзены ў ЗША: Mironov, B. with Eklof, B. The social History of Imperial Russia, 1700—1917. In 2 vol. Boulder, 2000.
43 Kaser, K. Familie und Verwandtschaft auf dem Balkan. Vienna, 1995; Kaser, K. Macht und Erbe. Mдnnerherrschaft, Besitz und Familie im цstlichen Europa (1500—1900). Wien—Kцln—Weimar, 2000.
44 Plakans, A. Interaction between the household and the kin group in the Eastern European past: posing the problem. In: Journal of Family History, 12 (1987). P. 163—175; Wetherell, C., Plakans, A., and Wellman, B. Social networks, kinship, and community in Eastern Europe. In: Journal of Interdisciplinary History, 24 (1994). P. 639—63; Wetherell, C., and Plakans, A. Borders, ethnicity, and demographic patterns in the Russian Baltic provinces in the late nineteenth century. In: Continuity and Change, 14 (1999). P. 33—56.
45 Kolle, H. The Russian Post-Emancipation Household. Two Villages in the Moscow Area. Master thesis in history, University of Bergen. Bergen 1995. Дысертацыя даступная на сайце Бергенскага універсітэта: www.uib.no/hi/herdis/.
46 Апісанні праекта «Еўразія» можна знайсці ў Інтэрнет на сайтах яго ўдзельнікаў: eap.nichibun.ac.jp/index.html, www.indiana.edu/~pirt/eap-index.html, www.ec.lu.se/~ethbe/eapp/, www.sscnet.ucla.edu/soc/faculty/campbell/.
47 Lee, J., Wang Feng, and Ochiai, E. Domestic group organization and demographic behavior in Eurasia, 1750—1900: A reassessment of metageography. Гэты даклад размешчаны ў Інтэрнет на сайце, прысвечаным матэрыялам канферэнцыі: www.essex.ac.uk/history/palma/Papers/Paper-Lee.doc
48 Гэты праект носіць назву «Інтэграваная серыя мікрададзеных для грамадскага выкарыстання» («Integrated Public Use Microdata Series», IPUMS). Инфармацыя пра яго размешчана на сайце www.ipums.umn.edu. Апрача ўжо ўведзеных 13 перапісаў ЗША за перыяд з 1850 да 1990 г., у базу дадзеных на першай фазе праекта ўводзяцца выбаркі (не менш 100 тыс. выпадкаў у кожнай) з перапісаў Аўстраліі, Бразіліі, Вялікай Брытаніі, Італіі, Кітая, Мексікі, Нарвегіі, Філіпін, Францыі. На другой стадыі мяркуецца ўвесці дадзеныя па Венгрыі, Гане, Інданэзіі, Чылі, на трэцяй — па Аргенціне, Егіпце, Замбіі, Зімбабве, Індыі, Іспаніі, Кеніі, Коста-Рыка, ПАР, Турцыі, Эквадоры (гэты спіс пакуль не канчатковы).
49 Sirйn K. The consept of the eastern family. Тэкст даклада даступны ў Інтэрнет: www.essex.ac.uk/history/palma/Papers/Paper-Siren.doc
50 Sirйn K. Suuresta suvusta pieneen. Itдsuomalainen perhe 1700-luvulla. Helsinki, 1999.
51 Mitterauer, M. European kinship systems and household structures — medieval roots. Тэкст даклада даступны ў Інтэрнет: www.essex.ac.uk/history/palma/Papers/Paper-Mitterauer.doc
52 Kaiser, D. H. Urban household composition in early modern Russia. In: Journal of Interdisciplinary History, 23 (1992). P. 65.
53 Бакланова Е. Н. Крестьянский двор и община на русском Севере: конец XVII — начало XVIII в. Москва, 1976. С. 37—38. Дадзеныя ахопліваюць 1000 двароў у 1678 г. і 428 двароў — в 1717 г.
54 Кох О. В. Крестьянская семья // Аграрная история Северо-Запада России XVII века (население, землевладение, землепользование) / Под ред. А. Л. Шапиро. Ленинград, 1989. С. 56—58. Дадзеныя ахопліваюць 4242 двары ў 1620-я г., 7401 двор у 1646 г. і 10436 двароў у 1678 г.
55 Капыскі З., Капыскі Б. Беларуская вёска і яе насельніцтва ў канцы XVI — першай палове XVII ст. Вопыт дэмаграфічнай характарыстыкі // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. № 2. С. 43.
56 У выбарцы за 1781 г. з 522 двароў шматсямейныя складалі 17,8%. Гл.: Schmidtbauer, P. The changing household: Austrian household structure from the seventeenth to the early twentieth century. In: R. Wall (ed.), in collaboration with J Robin and P.Laslett. Family Forms in Historic Europe. Cambridge, 1983. P. 364.
57 У выбарках на поўдні Францыі з 1644 да 1793 г. доля простых сем'яў вагалася ад 47,4 да 56%, доля шматсямейных двароў — ад 9,4 да 22,5%. На востраве Корсіка ў 1769—71 г. доля простых сем'яў складала ад 67,4 да 74,7%, доля шматсямейных двароў — ад 13,5 да 18,5%. Гл.: Flandrin, J.-L. Families in Former Times. Cambridge, 1976. P. 72—73.
58 У Навары ў 1786 г. суадносіны простых і шматсямейных двароў складалі 62,9 і 22,1%, у выбарцы 1765 г. з Краіны Баскаў — 63,4 і 27,7%, а ў іншай выбарцы за 1857 г. — нават 54,5 і 32,6%, у выбарках з Каталоніі з 1720 па 1857 г. прапорцыя простых двароў вагалася ад 43,1 да 58,7%, шматсямей ных — ад 13,3 да 24,1%. Гл.: Reher, D. S. Perspectives on the Family in Spain Past and Present. Oxford, 1997. P. 25, 26.
59 Падлічана для 69 двароў па дадзеных інвентара Кораньскага прыхода за 1740 г., які захоўваецца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы: Ф. 694. Воп. 1. Адз. зах. 4481.
60 Падлічана для 167 сялянских двароў і 7 сем'яў дваровых людзей па дадзеных рэвізскіх сказак маёнткаў Корань і Красны Бор за 1834 г.: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 333. Воп. 9. Адз. зах. 544. Арк. 782—832. Адз. зах. 1163. Арк. 272—7.
61 Миронов Б. Н. Социальная история России периода империи (XVIII—начало ХХ в.)... Т. 1. С. 225, 226.
62 Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Украіны ў Кіеве. Ф. 8. Воп. 1. Адз. зах. 15. Арк. 147—904адв.
63 Чаянов А. В. Бюджет крестьянского хозяйства // Очерки по экономике трудового сельского хозяйства. Москва, 1924. С. 76—93. Нядаўняе перавыданне гэтай працы гл.: Чаянов А.В. Крестьянское хозяйство. Избранные труды. Москва, 1989. С. 90—109.
64 Laslett, P. Mean household size in England since the sixteen century. In: P.Laselett and R.Wall (eds.). Household and Family in Past Time... Cambridge, 1972. P. 91—102.
65 Blum, A., Troitskaya I., and Avdeev, A. Family, marriage and social control in Russia — Three villages in Moscow region. In: M. Neven and Catherine Carpon (eds.). Family Structures, Demography and Population. A Comparison of Societies in Asia and Europe. Liйge, 2000. P. 88—92.
66 Падлічана аўтарам па дадзеных інвентара Кораньскага прыхода за 1740 г. (Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. 694. воп. 1. Адз. зах. 4481, у выбарцы 69 двароў); сумарных вынікаў рэвізскіх сказак маёнткаў Корань і Красны Бор за 1795 г. (Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1350. Воп. 312. Адз. зах. 89. Арк. Л. 582—582 адв., у выбарцы 146 двароў); аўтарскіх падлікаў паводле рэвізскіх сказак за 1834 г. (Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 333. Воп. 9. Адз. зах. 544. Арк. 782—832. Адз. зах. 1163. Арк. 272—7, у выбарцы 152 двары); інвентара маёнтка Красны Бор за 1841 г. (Тамсама. Ф. 142. Воп. 1. Адз. зах. 305, у выбарцы 151 двор); сумарных вынікаў перапісу насельніцтва 1897 г. па паселішчах (Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 11. Адз. зах. 1299. Арк. 605—35, 761, 762, у выбарцы 395 двароў) і сельскагаспадарчага перапісу 1917 г. (Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 325. Воп. 2. Адз. зах. 604. Арк. 3—5, 8, 11, 23, 25, 30, 31, 35, 40, 80-3, 92, 95, 98, 99, 101, 102, у выбарцы 512 двароў).
67 У якасці перспектыўных прымяненняў такага падыходу можна прыгадаць некаторыя работы Лойда дэ Моза: DeMause, L. Foundations of Psychohistory. New York, 1982. P. 1—83, 117—123 et al.; DeMause, L. The gentle revolution: childhood origins of Soviet and East democratic movements. In: Journal of Psycohistory, 17 (1990). На рускай мове гл.: Демоз Л. Психоистория. Ростов-на-Дону, 2000. С. 14—110, 153—163, 437—449 і інш.

змест