Полацкія путныя слугі ва ўрадавай палітыцы ВКЛ (ХV— сярэдзіна ХVI ст.)

Васіль Варонін

Адным з наступстваў уваходжання ў склад Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) абласцей, часта вельмі непадобных паміж сабой, была крайняя разнастайнасць сацыяльных слаёў і груп, якія ўтваралі грамадства гэтай велізарнай дзяржавы. Аднак з цягам часу тут стаў набіраць усё большую моц, а ў XVI ст. у асноўных рысах завяршыўся працэс фармавання галоўных станаў феадальнага грамадства: сялянства, мяшчанства, шляхты і духавенства. Тым не менш на раннім яго этапе адрозненні ў сацыяльным, эканамічным і юрыдычным становішчы сялянства, мяшчанства і шляхты нярэдка былі невялікія і невыразныя. Існавалі пагранічныя сацыяльныя слаі, якія, прынамсі ў некаторых рэгіёнах, былі даволі шматлікія. Да такіх слаёў можна далучыць так званых ваенных слуг — вярхушку вельмі стракатай катэгорыі сялян-слуг. З аднаго боку, путныя, панцырныя і іншыя ваенныя слугі, як і шляхта, неслі вайсковую службу, а з другога — выконвалі тыпова сялянскія павіннасці і плацілі тыпова сялянскія падаткі. У многім іх становішча нагадвала становішча мяшчанства. Такім чынам, у кантэксце названай тэндэнцыі сацыяльнага развіцця існавалі некалькі варыянтаў далейшай эвалюцыі разгляданага сацыяльнага слоя. Ён мог папоўніць шэрагі аднаго з трох станаў ці быць падзелены паміж імі. У такой сітуацыі менавіта ўрадавая палітыка мусіла адыграць у далейшым гістарычным лёсе ваеннаслужы лага сялянства вызначальную ролю.

Гісторыя полацкіх путных слуг, якіх крыніцы называюць таксама путнымі баярамі, путнымі людзьмі або проста путнікамі 1, даўно прыцягвае цікавасць даследчыкаў. На яе звярталі ўвагу яшчэ Мацвей Любаўскі 2 і Мітрафан Доўнар-Запольскі 3. З найноўшай літаратуры варта адзначыць працы Ганны Харашкевіч 4 і Міхаіла Спірыдонава 5. Аднак названыя аўтары закраналі гэтае пытанне ў сувязі з тымі больш шырокімі праблемамі, вывучэнню якіх прысвячалі свае даследаванні. Тэма ж у цэлым застаецца малараспрацаванай у гістарыяграфіі і, безумоўна, заслугоўвае асобнага разгляду. Наш артыкул геаграфічна ахоплівае тэрыторыю Полацкага намесніцтва (з 1504 г. — ваяводства) ВКЛ, храналагічна — перыяд з XV ст. да 1563 г. (узяцце Полацка войскамі цара Івана IV Жахлівага). Пад полацкімі путнымі слугамі ў далейшым будуць разумецца дзяржаўныя путныя слугі.

У дакументах XVI ст. ёсць некаторыя звесткі пра ўнутраную сацыяльную арганізацыю путных слуг і пра месца, якое займала іх супольнасць у грамадстве Полаччыны. Існавалі нейкія формы самаарганізацыі путнікаў у маштабах усёй Полацкай зямлі. Так, адну з вежаў полацкага замка павінны былі рамантаваць „вси волости путъницъкии" 6. Паміж 1506 і 1544 г. Жыгімонт I выдаў усім полацкім путным слугам прывілей на права выкупляць свае землі, прададзеныя раней шляхце і мяшчанам 7. У 1551 г. скаргу на шляхту і мяшчан да Жыгімонта II Аўгуста падалі „вси слуги путные замъку … полоцъкого" 8. Вядомыя таксама факты, калі сярод путных слуг фігуравалі „старшие люди"9 і „молодшие люди"10. Нельга выключыць, што меўся на ўвазе ўзрост, але падаецца больш верагодным, што пад гэтымі паняццямі хавалася нейкая ўнутраная маёмасна-сацыяльная градацыя путных слуг. Тэрміны „старшы" і „малодшы" нярэдка ўжываліся менавіта ў такім сэнсе. Напрыклад, гандлёвы дагавор з Рыгай яшчэ ў 1405 г. заключалі „полочан(е), вси добрыи люд(и) и мал(ы)и"11 .

На пачатку XVI ст. путныя слугі займалі яшчэ досыць высокае грамадскае становішча і выконвалі, відаць, далёка не апошнюю ролю ў палітычным жыцці Полаччыны. Так, у 1511 г. адзін з сялян — братоў Ярмолічаў, каб давесці, што ён — чалавек гаспадарскі, а не царкоўны, „в том слался на всих бояр полоцких, и мещан, и на путных людеи"12.

З-за адсутнасці крыніц, ранейшых за XV ст., практычна немагчыма вызначыць нават прыблізны час узнікнення разгляданага сацыяльнага слоя. Праўда, паводле некаторых звестак, ён існаваў ужо ў першай палове XIV ст. Менавіта з гэтым перыядам І.Якубоўскі звязваў пісьмовае афармленне дагавора («ряда») паміж палачанамі і князем13. Згодна з яго меркаваннем, падтрыманым і шматлікімі іншымі даследчыкамі, тэкст дагавора ўвайшоў у склад абласнога прывілея Полацкай зямлі вялікіх князёў літоўскіх. На падставе гэтага прывілея рэдакцыі 1511 г. Якубоўскі зрабіў спробу рэканструкцыі дагавора. У тэкст адноўленага аналітычным шляхам „ряда" ён, між іншым, уключыў і артыкул са згадкай „поселскихъ путниковъ" 14. Аднак у дадзеным выпадку не выключана памылка (перапісчыка, даследчыка). Напрыклад, Г.Харашкевіч лічыць упамінанне пасельскіх путнікаў у тым артыкуле пазнейшай устаўкай 15.

Самы ж ранні з вядомых на сённяшні дзень дакументаў, у якім згадваецца полацкі путнік16, датуецца прыблізна 1448—1458 г. З яго вынікае, што путны чалавек Санка Чупрын удзельнічаў у бітве пад Вількамірам у 1435 г.

Значна большы матэрыял для рэканструкцыі становішча дзяржаўных путных слуг у XV ст. даюць акты, якія выйшлі з канцылярыі вялікага князя літоўскага Аляксандра ў сувязі з наданнем Полацку магдэбургскага права (1498 г.). Першапачаткова меркавалася, што права на самакіраванне будуць мець не толькі полацкія мяшчане, але і прадстаўнікі некаторых іншых сацыяльных груп, якія жылі ў Полацку і яго ваколіцах, у тым ліку і путныя слугі. Прывілей на магдэбургскае права паведамляе, што гэтыя апошнія „завсегды з мещаны на выправу военную звыкли ходити и вси поплатки нашы [г. зн. вялікага князя. — В.В.] посполу з ними нам давати"17 . Як і мяшчане, путныя слугі мусілі даваць калёсы, служыць старожу18 , выплочваць сярэбшчыну, рамантаваць і ўмацоўваць полацкі замак19. Пра вялікае падабенства ваеннай службы полацкіх путных слуг і мяшчан на мяжы XV—XVI ст. сведчаць і іншыя факты. Так, Казімір і Жыгімонт I загадвалі ў сваіх „вызваленых лістах" путнікам сёлаў Задарожжа і Вугальнікі: „имъ намъ служыти поспол з мещаны … полоцкими" 20. Ва ўстаўной грамаце 1499 г. пазначалася, што мяшчане, якія купяць зямлю ў полацкіх баяр, мяшчан, путных слуг і прыгонных людзей, павінны будуць служыць з іх путную службу21. Такім чынам, сацыяльнае і падаткова-павіннаснае становішча тых путных слуг, якія жылі ў Полацку і яго ваколіцах, да апошніх гадоў XV ст. было вельмі блізкае да мяшчанскага. Сітуацыя змянілася ў выніку выдання Аляксандрам прывілея на магдэбургс кае права Полацку, а дакладней актаў 1499 і 1500 г., якія ўдакладнялі яго. Калі мяшчане былі вызвалены ад суда полацкага намесніка, ад давання калёсаў, старожы, а ў 1509 г. — ад пасылання ў заставу і стацыі22, дык путныя слугі былі вернуты пад прысуд намесніка і зноў абавязаны даваць коней паслам23. У 1500 г. Аляксандр выдаў устаўную грамату полацкім путным слугам, якім у 1498 г. разам з мяшчанамі было падаравана магдэбургскае права. Яна вызначыла крытэрыі, паводле якіх путныя слугі аддзяляліся ад мяшчан і вярталіся пад юрысдыкцыю полацкага намесніка. Такімі крытэрыямі сталі: іх пражыванне „здаўна" ў сельскай мясцовасці; супольная з іншымі путнікамі служба; факт невалодання дваром у Полацку 24. Апошні пункт меў, відаць, галоўнае значэнне. Грамата падкрэслена называе путных слуг сельскімі путнікамі — тэрмінам, які не ўжываюць у дачыненні да іх практычна больш ніякія дакументы (за выключэннем, бадай што, толькі згаданага артыкула абласнога прывілея Полацкай зямлі).

Крыніцы першай паловы XVI ст. дазваляюць атрымаць досыць поўнае ўяўленне і пра падаткова-павіннаснае становішча путных слуг, якія жылі ў сельскай мясцовасці, далёка ад Полацка. Усе яны абавязаны былі несці ваенную (путную) службу, якая з'яўлялася іх галоўнай павіннасцю. Аднак пытанне, ці неслі яны яе ў дадзены перыяд на практыцы (або ці ўсе неслі), патрабуе дадатковага вывучэння, бо шэраг фактаў прымушае сумнявацца ў гэтым.

У 1529 г. была выдадзена ўстава дзяржаўцам і ўраднікам гаспадарскіх двароў Віленскага і Троцкага ваяводстваў, якая рэзка мяняла павіннаснае і падатковае становішча путных слуг. Між іншым, яны былі абавязаны штогод выплочваць у скарб па 1 капе грошаў „асаднага" 25. Чаму была ўведзена такая выплата і што яна сабой замяніла, тлумачыць ліст Жыгімонта I Старога да найвышэйшага гетмана ВКЛ Юрыя Радзівіла ад 10 ліпеня 1534 г. Жыгімонт са спасылкай на згаданую ўставу патрабаваў, каб усе „не заможныи" путныя слугі, якія не могуць служыць „конно а зброино", давалі кожны год па 1 капе грошаў. Далей апісвалася надзвычай красамоўная сітуацыя, якая склалася са службай гэтай найбяднейшай часткі путных слуг: каб пазбегнуць выплаты асаднага, яны, „не маючи ни конеи добрых, ани зброи, едно у сермягах а на клячах простых, боронных на воину поехали" 26. Манарх загадаў спісаць такіх у асобны рэестр і спагнаць з іх грошы. Важна падкрэсліць, што гэтая з'ява была шырока распаўсюджана па ўсёй дзяржаве, бо Радзівілу было даручана скласці рэестры такіх путных слуг „кождого повету".

Такім чынам, ужо на мяжы 20—30-х г. XVI ст. прынамсі частка (і, трэба разумець, немалая) путных слуг была не ў стане паўнавартасна выконваць сваю ваенную службу. Паводле матэрыялаў полацкай рэвізіі 1552 г. путныя слугі Полацкага ваяводства мусілі выстаўляць у войска 40,5 (ці, згодна з другой копіяй крыніцы, 42) каня27. Гэта нямала: напрыклад, паводле той самай крыніцы, полацкія мяшчане павінны былі ставіць 49 коней28. Аднак наўрад ці ўсе полацкія путнікі неслі на практыцы вайсковую службу. Да гэтай высновы прыводзіць апісаная сітуацыя з уставай, а таксама тая акалічнасць, што некаторыя з іх павінны былі выстаўляць па поўканя з цэлага сяла, а ўсе разам — дробавы лік, што фізічна немагчыма. Хутчэй за ўсё, частка путных слуг на Полаччыне ўжо рэальна не несла вайсковай службы, а выплочвала замест яе пэўныя сумы грошай у скарб. Але нават калі путнікі (усе ці частка) і выконвалі гэтую павіннасць, іх баяздольнасць наўрад ці была высокая, а ваеннае значэнне для дзяржавы — вельмі істотнае. У любым выпадку, яны не вытрымлівалі канкурэнцыі са шляхтай.

Комплекс іншых павіннасцяў і падаткаў полацкіх путных слуг моцна варыяваўся. Некаторыя з іх, апрача путнай службы, не неслі больш ніякіх павіннасцяў і не плацілі ніякіх падаткаў, а некаторыя былі вельмі абцяжараны імі. Так, напрыклад, у сярэдзіне XVI ст. путныя слугі воласці Няведра, сёлаў Макеевічы на возеры Нешчарда, а таксама часткі Крынак і Забор'я служылі толькі путную службу29. На 1558 г., калі яны былі падараваны вялікім князем і каралём Жыгімонтам II Аўгустам полацкаму ваяводу Станіславу Давойну, 15,5 „каня" путных слуг Курылоўскага і Задарожскага станаў „плату никоторого до скарбу не даивали, одно служъбу военъную конемъ служывали" 30. У 50-я г. XVI ст. путныя людзі, якія жылі над возерам Арэхаўна, толькі „лете ку двору … Черсвятъскому з двема косами сено косити ходили и пруд сыпали, а ку служъбе … военънои полъконя ставили" 31. З іншага боку, да 1508 г. путныя слугі сяла Каханавічы, акрамя ваеннай службы, выплочвалі ў агульнадзяржаўны скарб 1 капу грошаў баброўшчыны, плацілі пэўную суму лоўчаму полацкага ваяводы, будавалі яз на рацэ Лісна, давалі 6 карцоў жыта язаўнічаму, дапамагалі жыхарам сяла Клясічы (сучасная назва Клясціцы) „у пярэйму", калі ваявода ездзіў у аб'езд па Полаччыне, выплочвалі 2 грошы стражоўшчыны 32. Вялікі пералік павіннасцяў і падаткаў выконвалі і путныя слугі сёлаў Ладасна і Мяніцы, якія „цягнулі" да гаспадарскага двара Чэрсвята 33. Аднак і першая, і другая сітуацыі былі не вельмі характэрныя для гэтай групы ваенных слуг. Як сведчыць рэвізія 1552 г., большасць путных слуг, акрамя ваеннай службы, давалі на вялікага князя калёсы і стацыю, выплочвалі баброўшчыну, а таксама часткова забяспечвалі (прадуктамі ці грашыма) варту полацкага замка і некаторых службовых асобаў (падарожніка, мяднічага, неваднічага) ваяводскага двара34. Прыведзены комплекс падаткаў і павіннасцяў нельга лічыць вельмі цяжкім. Так, на 1552 г. 455 (паводле другой копіі рэвізіі 491) „дымоў" путных слуг і іх „сяброў" уносілі ў агульнадзяржаўны скарб 6 коп 50 грошаў (6 коп 45 грошаў) „шырокіх" баброўшчыны 35. Нават калі ўзяць пад увагу непаўнату дадзеных рэвізіі, усё роўна належыць прызнаць гэтую суму мізэрнай і непрынцыповай для скарбу. Тое ж, відаць, можна сказаць і пра агульнае гаспадарчае значэнне путных слуг для цэнтральнага ўрада.

Землі путных слуг лічыліся дзяржаўнай уласнасцю, путнікі не мелі права свабодна імі распараджацца. У 1556 г. на судзе віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла з вуснаў мсціслаўскага зямяніна (шляхціча) прагучала наступная заява: „подъ путными кгрунтъ кролевъскии, и не маеть такое вольности, яко шляхтич, шафовати имъ"36. Суд пагадзіўся з ім і нават унёс цытаваныя словы ў свой вырак. На Полаччыне путныя слугі не маглі прадаваць свае землі без дазволу вялікага князя ці мясцовага ваяводы. Прадстаўнікі ж іншых сацыяльных слаёў не мелі права без дазволу купляць іх. Так, у 1561 г. сын полацкага харужага Фронцка Каспаровіча Міхаіл звярнуўся да Жыгімонта II Аўгуста з просьбай пацвердзіць куплі свайго бацькі ў путных слуг. Аднак аказалася, што здзелкі былі заключаны без дазволу манарха і полацкага ваяводы. Адзначыўшы ў прывілеі, што Фронцка без дазволу гаспадара і полацкіх ваявод тыя землі „не мел моцы купити", Жыгімонт II Аўгуст, тым не менш, пацвердзіў куплі37.

Хоць крыніцы захавалі звесткі пра раздачы полацкіх путных слуг мясцоваму баярству-шляхце яшчэ вялікім князем і каралём Казімірам 38, аднак, і гэта адзначала Ганна Харашкевіч 39, у буйных маштабах путных слуг і іх землі пачаў раздаваць толькі Аляксандр. На карысць гэтага сведчаць і дакументы першай паловы XVI ст. У 1538 г. Жыгімонт I разглядаў скаргу полацкіх путных слуг з сёлаў Забелле, Дужкі, Руднікі на полацкага гараднічага Івана Корсака. Полацкі ваявода Ян Глябовіч даў даведку, што путных слуг і іх землі полацкім князям, баярам і панам раздаваў у масавым парадку яшчэ Аляксандр 40, але на падобную практыку папярэдняга вялікага князя, г. зн. Казіміра, ён не спасылаўся. Можна прывесці некалькі прыкладаў такіх дараванняў. У 1506 г. Аляксандр надаў 18 путных людзей Ловажскага стану і 7 цяглых сялян разам з іх землямі князю Івану Палубенскаму 41. У тым годзе гаспадарскаму двараніну Стэфану былі падараваны землі путных слуг Шалавінічаў, але ім самім было дадзена права свабодна пакінуць гэтыя землі ў выпадку, калі яны не захочуць служыць новаму землеўладальніку 42. Такім чынам, на мяжы XV — XVI ст. урад ВКЛ раздаваў шляхце як землі путных слуг, так і іх саміх разам з землямі. Галоўнай прычынай такога курсу стала рэзкае скарачэнне пад канец XV ст. дзяржаўнага зямельнага фонду. У якасці яго папаўнення цэнтральная ўлада стала разглядаць землі путных слуг43.

Палітыку Аляксандра на пачатку свайго панавання паспрабаваў скарэктаваць Жыгімонт I. У адным з першых яго прывілеяў 1506 г. ёсць наступная гучная дэкларацыя: „то неслушная реч, абы слугы путные мели кому в неволю даны быти"44. Аднак на практыцы палітыка ўрада Жыгімонта I у дачыненні да полацкіх путных слуг вызначалася крайняй непаслядоўнасцю. Ужо ў 1508 г. Жыгімонт надаў князям Васілю і Андрэю Сакаленскім сёлы путных слуг Ладасна, Велічковічы (Велічкоўцы) і Дзярнцы разам з іх землямі45 . Вельмі паказальная для палітыкі мясцовай адміністрацыі ў гэтым выпадку пазіцыя полацкага ваяводы Станіслава Глябовіча: ён дамогся, каб сёлы былі вернуты да дзяржаўнай гаспадаркі — Чарсвяцкага двара, бо „к тому двору … мало людеи было". Тым не менш наўзамен Сакаленскім у 1511 г. была падаравана цэлая воласць путных слуг — Непаротавічы 46.

І ўсё ж урад Жыгімонта I — відавочна, пад уздзеяннем путных слуг — рабіў некаторыя захады, якія б абмяжоўвалі раздачу іх саміх, а таксама некаторых іх земляў у прыватнае ўладанне. Значнае пашырэнне набыла практыка выдачы так званых вызваленых лістоў путным слугам. Звычайна такім лістом, выдадзеным канкрэтным людзям, імёны якіх заносіліся ў дакумент, Жыгімонт I абяцаў не аддаваць іх прыватным асобам. Вельмі часта там указвалася, што не будуць раздадзены і купленыя імі землі, аднак падобнага абяцання ў дачыненні да іх „атчызных" земляў вялікі князь, як правіла, не даваў.

Згадкі пра такія лісты нярэдка сустракаюцца ў дакументах 47. Удалося адшукаць і іх узоры (гл. дадаткі 1—2). Адзін з лістоў, датаваны 1522 г., Жыгімонт I адрасаваў полацкаму ваяводу Пятру Кішку і яго пераемнікам. На просьбу путных слуг Вугальніцкага стану вялікі князь і кароль абяцаў у будучым не аддаваць іх саміх і купленыя імі землі прыватным асобам. У 1545 г. Жыгімонт II Аўгуст пацвердзіў „вызвалены ліст" бацькі. Пра тое, што ўрад Жыгімонта I прызнаваў правы путных слуг на набытыя імі за ўласныя грошы землі, сведчаць не толькі „вызваленыя лісты". Так, за нейкі час да 1517 г. Жыгімонт I надаў двараніну Пятру Епімаху 5,5 „службы" путных слуг сёлаў Чарняевічы, Саннікі і Блашнікі Вугальніцкага стану. Аднак у названым годзе яны звярнуліся да манарха і заявілі, што купілі гэтыя землі за 5 рублёў грошаў. Жыгімонт I і паны рады прынялі наступнае рашэнне: Епімах абавязваў ся вярнуць путнікам грошы, а ім самім было дадзена права ці служыць новаму землеўладальніку, ці пайсці ад яго. Пры гэтым гаспадарскі прывілей адмыслова падкрэслівае, што сёлы нададзены Епімаху без людзей48.

Пад час разгляду адной судовай справы паміж 1513 і 1517 г. полацкі ваявода Альбрэхт Гаштольд высветліў, што гаспадарскі дваранін Фёдар Варона выпрасіў у Жыгімонта I путных слуг сяла Руднікі Саланеўскага стану разам з іх землямі, якія аказаліся купленымі. На той падставе, што „князи и бояре земли Полоцкое мають то на маистате нашомъ [г. зн. вялікага князя і караля. — В.В.] в себе выписаны, што мы слугъ путных, а наболеи которыи бы под собою земли купленыи мели, не маем отдавати", Гаштольд вызваліў іх ад службы двараніну 49. У 1517 г. Жыгімонт I замяніў Варону наданне путных слуг на іншае — 6 цяглых сялян сяла Парэчча Мнюціцкага стану, а путнікаў вярнуў пад юрысдыкцыю полацкага ваяводы50 . У 1524 г. Жыгімонт яшчэ раз пацвердзіў вырак Гаштольда 51. Заканадаўчай базай судовага рашэння полацкага ваяводы сталі два артыкулы ўстаўной граматы вялікіх князёў літоўскіх Полацкай зямлі, а менавіта: „а в купленины нам полоцкие не въступатися" і „а полочаны нам не дарытися никому"52 . Аднак, нягледзячы нават на пацвярджэнне полацкай устаўной Жыгімонтам I у 1511 г., яго палітыка ў дачыненні да тутэйшых путных слуг заставалася ў далейшым вельмі супярэчлівай. Раздачы путных слуг і іх земляў не спыніліся. Так, у 1524 г. манарх пацвердзіў Івану Корсаку 6 „службаў" путных людзей на Арэхаўне, у Загацці, Рубаках, Празароках, Дужках, а ў 1537 г. — Васілю і Івану Міхайлавічам Корсакам сваё ранейшае наданне іх брату Яцку путных людзей Саланеўскага стану з землямі53 .

Важна адзначыць, што путныя слугі не былі пасіўнымі сведкамі таго, як вялікія князі літоўскія раздавалі іх прыватным асобам. Яны актыўна супраціўляліся гэтаму. Каб абараніць сваю свабоду і маёмасныя правы, путныя слугі прысутнічалі на судовых пасяджэннях гаспадара і паноў рады, дзеля чаго ехалі часам вельмі далёка: у Вільню, Львоў, Пётркаў. І, як было паказана, у некаторых выпадках дамагаліся свайго.

Землі путных слуг пераходзілі да прадстаўнікоў іншых сацыяльных слаёў не толькі праз вялікакняскія наданні, путнікі і самі прадавалі іх. Такія здзелкі вядомыя яшчэ з XV ст.54. Вялікакняская ўстаўная грамата Полацкай зямлі ўтрымлівае наступнае палажэнне: „всхочет(ь) ли свое именье хто продати или заменити с ким, ино нам або наместником нашим явивши, продати и заменити" 55. Менавіта яго мелі на ўвазе палачане, калі сцвярджалі: „вол(ь)но бояромъ и мещаномъ в слугъ путныхъ земъли куповати" 56. Фармальна цытаваны артыкул даваў магчымасць і путным слугам купляць землі ў полацкіх баяр і мяшчан, але на практыцы рух зямельнай уласнасці быў накіраваны толькі ў адзін бок: ад путнікаў, галоўным чынам, да шляхты, іншы раз да мяшчан. Выпадкі адваротных здзелак — надзвычай рэдкія. Фактаў набыцця полацкай шляхтай земляў у путных слуг вельмі шмат, таму ніжэй прыведзены толькі некаторыя, найбольш буйныя куплі. У 1561 г., як ужо адзначалася, полацкі харужыч Міхайла Францковіч звярнуўся да Жыгімонта II Аўгуста з просьбай пацвердзіць куплі свайго бацькі, харужага Фронцка Каспаровіча, у тамтэйшых путных слуг. Супольная сума 11 здзелак склала велізарную лічбу: 449 коп грошаў ВКЛ. У тым годзе той самы Міхаіл атрымаў яшчэ адно пацвярджэнне — на 4 куплі свайго бацькі, на гэты раз на суму 142 капы грошаў57.

Аднак і ў гэтай галіне назіраліся ваганні палітыкі Жыгімонта I і спробы падтрымаць землеўладанне путных слуг. Паміж 1506 і 1544 г., у парушэнне названага артыкула полацкай устаўной ён на просьбу ўсіх полацкіх путнікаў „далъ имъ листъ дозволеныи, абы они в бояръ шляхты и в мещанъ оные земли купленые … окуповали" 58.

Пад час панавання вялікага князя і караля Жыгімонта II Аўгуста ўрадавы курс прыкметна мяняецца. У 1551 г. быў адменены ўжо згаданы прывілей Жыгімонта Старога, які дазваляў полацкім путным слугам выкупліваць землі, прададзеныя раней шляхце і мяшчанам 59. Палітыка раздач путных слуг і іх земляў таксама набыла некаторыя новыя рысы. Калі Жыгімонт I рабіў крокі па забеспячэнні за путнымі слугамі права ўласнасці на купленыя землі, дык пры яго сыне і пераемніку гэтае права ўжо не прызнавалася. Так, Жыгімонт II Аўгуст падараваў гаспадарскаму дзяку Міхаілу Гарабурду 4 «кані» путных слуг Задарожскага стану разам з іх землямі, «атчызнымі» і купленымі. Тады задаражане звярнуліся да манарха з просьбай кампенсаваць землі, набытыя імі за ўласныя грошы. Адбыўся суд, у выніку якога вялікі князь і кароль прысудзіў путнікаў разам з іх землямі, у тым ліку і купленымі, Гарабурду, «для чого не была речъ повинъная отъмены имъ за тые земли ихъ давати». Тым не менш у 1560 г. яны ўсё ж атрымалі землі наўзамен 60. Затое ніякай кампенсацыі не атрымалі 15,5 «каня» путных слуг Курылоўскага і Задарожскага станаў, «атчызныя» і купленыя землі якіх у 1558 г. былі прысуджаны полацкаму ваяводу С.Давойну 61.

Аднак дакументы эпохі Жыгімонта II Аўгуста зафіксавалі нямала падараванняў менавіта земляў путных слуг, ім жа самім давалася права застацца на гэтых землях ці бесперашкодна пакінуць іх. Так, напрыклад, у 1556 г. Жыгімонт II Аўгуст канчаткова надаў землі путных слуг сёлаў Руднікі і Забелле князю Міхаілу Сакаленскаму і яго пляменніцам, але самім путнікам дазволіў «вольна» пайсці з гэтых земляў62. Такое ж права атрымалі і путныя слугі сяла Завуцце, землі якіх у 1557 г. былі падараваны зямяніну Фёдару Філіповічу 63, а таксама згаданыя путнікі Курылоўскага і Задарожскага станаў, землі якіх былі нададзены С.Давойну. Новы землеўладальнік, як правіла, не меў права затрымліваць ні іх, ні іх рухомай маёмасці.

Як было паказана вышэй, раздачы асабіста свабодных путных слуг і набытых імі земляў у прыватнае ўладанне супярэчылі двум артыкулам устаўной граматы Полацкай зямлі, якую ў 1547 г. пацвердзіў і Жыгімонт II Аўгуст. Аднак шляхта знайшла магчымасць абысці іх. Былі вынайдзены аргументы, якія надавалі такім раздачам характар законнасці.

Першы з іх — гэта спасылка на прэцэдэнт. Ён вядомы яшчэ з часоў Жыгімонта I. Калі ў 1538 г. вялікі князь і кароль разглядаў скаргу некаторых путных слуг на полацкага гараднічага і цівуна Івана Корсака, манарх звярнуўся па даведку да полацкага ваяводы Яна Глябовіча. Апошні даў патрэбную інфармацыю наконт істцоў, якая, у выкладанні судовага ліста Жыгімонта, утрымлівае і наступную фразу: «то суть люди и земли путныи, и не тол(ь)ко одинъ онъ [г. зн. Корсак. — В.В.] таковыи люди и земли за даниною н(а)шою тамъ маеть, але што естъ князеи, и пановъ, и бояръ в земъли Полоцкои, тыи мало не вси такии люди и земъли путныи з данины брата нашого … Алекъсанъдра короля … и н(а)шое подъ собою держат(ь) и в живанью [у другой копіі — «в пожыванью». — В.В.] ихъ суть»64. Дакументы называюць і прыкладную колькасць раздадзеных путнікаў — некалькі соцень чалавек65 . Другі аргумент, у аснову якога было пакладзена маёмаснае становішча путных слуг, прасочваецца ў крыніцах з часоў Жыгімонта II Аўгуста. Яго высоўваў, напрыклад, на судовым працэсе 1556 г. супраць путных слуг забялян князь М.Сакаленскі. Путнікі спрабавалі абараніць свае землі, спасылаючыся на «вызвалены ліст» Жыгімонта II Аўгуста. Сакаленскі ж адказаў, што яны «земяном и подданымъ … тамошнимъ немало земль своихъ попродовали и въжо яко бы тымъ и причиною таковою, водле привил(ь)евъ земли Полоцъкое тое вызволенье свое хотя в себе мають, в нивеч обернути мели». Гэты ж аргумент прывёў С.Давойна, дадаўшы, што з прычыны здачы забялянамі многіх сваіх земляў у заставу полацкім баярам і мяшчанам „за часъ немалыи никоторое служъбы … з нихъ не было бы"66. Такім чынам, падставай для раздач земляў путных слуг сталі лічыцца продаж або застава імі значнай часткі сваіх земляў ці, дакладней, не столькі сама па сабе страта зямлі, колькі невыкананне імі павіннасцяў і нявыплата падаткаў, якія станавіліся вынікам названых аперацый. У 50-я г. ужо нават „вызваленыя лісты" не гарантавалі путных слуг ад страты земляў праз вялікакняскія падараванні шляхце.

Характарыстыка дзяржаўнай палітыкі была б няпоўная без вывучэння пазіцыі мясцовай адміністрацыі, якая не заўсёды супадала з курсам цэнтральнага ўрада і нярэдка істотна карэктавала яго. Кіраўнік мясцовай адміністрацыі мог дамагчыся адмены нават вялікакняскага надання, калі на тое былі важкія прычыны, і такія выпадкі былі далёка не выключныя. Вышэй ужо быў прыведзены адзін з іх (дзеянні С.Глябовіча). Часта на просьбу зрабіць нейкае падараванне вялікі князь даваў на тое даручэнне галаве мясцовай выканаўчай улады ў самай агульнай форме: напрыклад, надаць пэўную колькасць „службаў" сялян, не называючы іх канкрэтна. І тады ваявода меў магчымасць задаволіць жаданне прасіцеля ў адпаведнасці са сваімі ўяўленнямі пра інтарэсы дзяржавы. На згаданым судовым працэсе 1556 г. князя М.Сакаленскага і яго пляменніц супраць забялян і руднян апісаны наступны факт. Жыгімонт II Аўгуст даручыў полацкаму ваяводу С.Давойну абраць і надаць Сакаленскім вызначаную лічбу „службаў" цяглых сялян, Давойна ж замест гэтага абраў і надаў путных слуг67. Прычыну такіх яго дзеянняў трэба бачыць, відавочна, у тым, што параўнальна з путнымі слугамі цяглыя сяляне неслі значна цяжэйшыя павіннасці і выплочвалі нашмат большыя падаткі на карысць дзяржавы. На тое, што зямля і цяглы цаніліся ўладамі вышэй за селяніна-слугу, паказваў Д.Пахілевіч 68. У 1556 і 1557 г. С.Давойна так тлумачыў вялікаму князю і каралю магчымасць надаць полацкаму земяніну Алехну Рагозу путнікаў над возерам Арэхаўна: „с тыхъ людеи малыи пожитокъ былъ … г(о)сп(о)д(а)ру" 69. Нягледзячы на ніжэйшы сацыяльны статус цяглых, С.Давойна стараўся не раздаваць іх у прыватнае ўладанне. Пры раздачах жа путных слуг і іх земляў ён звычайна аддаваў тых, якія неслі меншыя павіннасці і выплочвалі меншыя падаткі. Такім спосабам ён, як і іншыя ваяводы, імкнуўся не дапусціць парушэння нармальнага функцыянавання дзяржаўных гаспадарак („гаспадарскіх двароў"). Адначасова С.Давойна ўзмацняў падатковы цяжар на дзяржаўных путнікаў. Так, у 1553 г. ён упершыню выбраў з полацкіх путных слуг „долю"70, г. зн. пэўную частку ад вырашчанага збожжа, якая на Полаччыне традыцыйна складала „чацвёрты сноп". Ранейшыя крыніцы, у тым ліку рэвізія 1552 г., сярод падаткаў полацкіх дзяржаўных путнікаў „долю" не фіксуюць.

Для полацкіх ваявод путныя слугі ўяўлялі каштоўнасць не толькі як працоўная сіла і падаткаплацельшчыкі, але і як ваеннаслужылыя. Так, С.Глябовіч дамогся ад Жыгімонта I адмены надання князям Сакаленскім путных слуг воласці Непаротавічаў, бо яны „седят(ь) на границы московъского… а сут(ь) пожыточны къ службе н(а)шои: якъ въ сторожы, так теж и в шпекгох" 71. Аднак калі даводзілася параўноўваць вартасць ваеннай службы шляхты і путных слуг, выбар быў не на карысць апошніх. Напрыклад, просячы ў 1558 г. Жыгімонта II Аўгуста пацвердзіць полацкаму зямяніну Арцёму Івановічу купленыя ім у путных слуг землі, С.Давойна сцвярджаў: „Артемъ с тыхъ землицъ своихъ купленыхъ лепеи и пожыточнеи часу кожъдое потребы служъбу земъскую … г(о)с(по)д(а)ру заступуеть и потомъ заступовати можеть, нижли слуги путные"72 .

Такім чынам, напрыканцы XV — у першай палове XVI ст. лёс путных слуг быў адной з вострых, калі не самай вострай праблемай сацыяльнага развіцця Полацкай зямлі. Пра актуальнасць гэтага пытання сведчыць і тая акалічнасць, што сярод актавага матэрыялу Метрыкі ВКЛ, які датычыцца Полацкай зямлі, дакументы, звязаныя з путнымі слугамі, складаюць вельмі вялікую частку. Аналіз гэтага матэрыялу паказвае, што ў дадзены перыяд у названым рэгіёне асноўную масу вялікакняскіх падараванняў шляхце складалі наданні менавіта путных слуг і іх земляў. Можна вылучыць дзве галоўныя прычыны такой палітыкі ўрада ва ўмовах, калі фонд дзяржаўных земляў вельмі скараціўся. Па-першае, знізілася ваеннае значэнне путных слуг: шляхта была больш баяздольная, да таго ж з пачатку XVI ст. дзяржава ў нарастальных маштабах пачала карыстацца паслугамі наёмнікаў 73. Па-другое, значэнне пераважнай іх большасці для дзяржаўнай гаспадаркі было невялікае.

У XV ст. сацыяльнае становішча полацкіх путных слуг было вельмі блізкае да мяшчанскага. Масавыя іх раздачы распачаў Аляксандр. Пры Жыгімонце I назіраліся некаторыя спробы абмежаваць іх і палепшыць становішча путнікаў, але гэтая палітыка праводзілася вельмі супярэчліва і непаслядоўна. Жыгімонт II Аўгуст вярнуўся да курсу свайго дзядзькі, і становішча разгляданай катэгорыі насельніцтва стала ўсё больш набліжацца да становішча сялян-даннікаў і цяглых. Надзвычай яскрава выявілася сутнасць палітыкі ўрада Жыгімонта II Аўгуста ў дачыненні да полацкіх путных слуг на судовым пасяджэнні 28 траўня 1561 г. Путнікі Вугальніцкага стану звярнуліся да манарха са скаргай на ваяводу С.Давойну, які, нягледзячы на „вызваленыя лісты" Жыгімонта I і самога Жыгімонта II Аўгуста, выпрасіў іх для сябе. Пасля нарады вялікага князя і караля з панамі рады путнікам было абвешчана: „имъ не дано право шляхетское, одно служити ку замъку росказано, а … таковые слуги путные продкове наши и мы сами, г(о)с(по)д(а)ръ, звыкли отдавати таковымъ станомъ, которые пожиточнеишие суть у службе речи посполитое" 74. Гэтыя словы выдатна характарызуюць не толькі стаўленне да путных слуг, але і ўсю саслоўную палітыку ўрада апошняга Ягелона.


Дадаткі

Дадатак 1

[1522 a г.] ліпеня 11. Вільня. — Прывілей („ліст") вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта I Старога [слугам путным] Данілу Агрызкавічу, Юрку Барысавічу і іншым на вызваленне іх саміх і купленых імі земляў Ігольцы і Авутоўшчына [Вугальніцкага стану б] Полацкага ваяводства ад перадачы ў прыватнае ўладанне.

Жыкгимонт , Божъю м(и)л(о)стью король польскии , великии кн(я)зь литовски и, рускии, кн(я)же пруское, жомоитъски и и иныхъ.

Воеводе полоцкому, старосте дорогицкому // пану Петру Станиславовичу и инымъ воеводамъ полоцкимъ, хто и напотомъ будеть отъ нас Полътескъ держати.

Били нам чоломъ тыи люди нашы с Полоцъка: Данило Огърызковичъ з братею, а Юрко Борысовичъ з братаничы, а Курянъ, а Влас, а Павелъ, Василь, а Трухонъ тежъ и з братьями своими. И поведили перед нами, што жъ продки ихъ купили в людеи нашых путныхъ Полоцкого жъ повета: въ Федора, Ильина сына Тупичынича земъю1 в Ыгольцахъ а въ Есипа Огризковича и въ брата его Захари землю Овутовщину, которыи ж купли ихъ и мы первеи сего имъ листомъ нашымъ потвердили, и тотъ они листъ перед нами вказывали. Ино первеи сего тых людеи и зъ землями ихъ впросил былъ в нас дворанинъ нашъ Иванъ Глебовичъ, и они тые листы купъчые и потверженья нашы перед нами покладали и очевисто они с Ыиваномъ Глебовичомъ о томъ перед нами мовили.

Мы, вгленувшы в тые листы, того межи ними досмотре вшы, засе есмо ихъ и с тыми землями и куплями ихъ отъ Ивана Глебовича вызволили и казали имъ намъ служити. И они били намъ чоломъ, абыхмо вжо вперод никому ихъ не отъдавали. И на то дали имъ сесь нашъ листъ, ижъ вжо не маемъ тыхъ людеи нашых и тых земль, купленины их, никому подданымъ нашымъ отъдавати.

А хотя бы хто добре их в нас упросилъ, и твоя бы м(и)л(о)сть, пане воевода, в нихъ никому увезанья не давалъ. Нехаи бы они намъ служили и зъ службою путною по тому, какъ и перед тым с тых земль служба бывала.

Писанъ у Вил)ни июля 11 день, инъдиктъ десятыи.

Копоть писар.

РДАСА. Ф. 389. Адз. зах. 38. Арк. 262—262адв.

Уключаны акт у „лісце" Жыгімонта II Аўгуста да полацкага ваяводы свіслацкага дзяржаўцы, пана Станіслава Станіслававіча Давойны ад 1560 г. красавіка 22. Вільня (арк. 261адв.—264адв.)

Копія канца XVI ст.

Публікуецца ўпершыню.

Дадатак 2

1545 г. лютага 4. Вільня. — Пацвярджальны вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта II Аўгуста прывілея Жыгімонта I Старога 1522 г. ліпеня 11. Вільня. [слугам путным] Данілу Агрызкавічу, Юрку Барысавічу і іншым на вызваленне іх саміх і купленых імі земляў Ігольцы і Авутоўшчына („Увутовщина") [Вугальніцкага стану] Полацкага ваяводства пра перадачу ў прыватнае ўладанне.

Жыкгимонтъ Август, Бож(ъ)ю м(и)л(о)стью король польскии , великии кн(я)зь литовски и, рускии, прускии, жомоитски и, мазовецки и и иныхъ.

Воеводе полоцкому пану Станиславу Станиславовичу Довоину и инымъ воеводамъ полоцкимъ, хто и напотомъ будеть отъ нас Полътескъ держати.

Тых часовъ приходили до нас тые люди нашы с Полоцка: Данило Огризковичъ з братьею, а Юрко Борысовичъ з братаничы, а Курянъ2 , а Самъсон, а Павелъ, а Гамсонъ 3 Курчинъ // теж з братьями своими и вказывали перед нами лист короля его м(и)л(о)сти пана отъца нашого, которыи листъ его кролевская м(и)л(о)сть рачыл казати записати до воеводы полоцкого, старосты дорогицъкого пана Петра Станиславовича и до иных напотомъ будучых воевод полоцких о томъ, што жъ продки их купили в людеи нашых путных Полоцкого жъ повета: въ Федора, Ильина сына Тупинича землю у-в Ыгольцохъ и въ Есипа Огрызковича и въ брата его Захаря землю Увутовщину 4, которыи жъ листы его кролевская м(и)л(о)сть перво того еще листомъ своимъ имъ потвердити рачылъ. И тотъ они листъ его кролевское м(и)л(о)сти перед его м(и)л(о)стью вказывали, где ж, деи, первеи тых людеи и зъ земълями их впросилъ былъ собе въ его кролевское м(и)л(о)сти дворанинъ его м(и)л(о)сти Иванъ Глебовичъ. И они тые листы купчые и потверже не его кролевское м(и)л(о)сти перед его м(и)л(о)стью покладали и очевисто с тымъ Иваномъ Глебовичомъ о томъ перед его м(и)л(о)стью мовили. И его м(и)л(о)сть, угленувшы в тые листы и того межи ними досмотревшы, засе ихъ с тыми землями и куплями их отъ Ивана Глебовича вызволилъ и казалъ его кролевская м(и)л(о)сть имъ собе служити. И то тежъ в томъ листе короля его м(и)л(о)сти, пана на5 отъца нашого, описано, же его кролевская м(и)л(о)сть яко самых тыхъ людеи, такъ тежъ и тыхъ земль их купленыхъ никому с подданы х тутошнего паньства, Великого кн(я)зьства Литовского, отъдавати не мелъ. А хотя бы ихъ хто въ его кролевское м(и)л(о)сти упросилъ, тогды, рачыть писати его м(и)л(о)сть в томъ листе, абы панъ воевода никому в нихъ увязыванья не давалъ. Нижли казалъ его м(и)л(о)сть имъ служити службу путъную по тому, какъ перед тымъ с тых земль бывала служба. Для чого жъ били они намъ чоломъ, абыхмо ихъ в томъ водлугъ листу короля его м(и)л(о)сти, отъца нашого, заховали и перед никому ихъ не отъдавали и дали имъ на то нашъ листъ.

Ино мы, бачечы в томъ прозбу ихъ быти слушную, и на чоломбитье ихъ з ласки нашое г(оспо)д(а)рьское то есмо вчынили, водлуг // того листу короля его м(и)л(о)сти до воеводы полоцкого пана Петра Станиславовича и до иныхъ напотомъ будучых воевод полоцъкихъ о томъ писаных6 ихъ зоставили и на то дали имъ сесь нашъ листъ, иж вжо не маемъ мы тых людеи нашыхъ и тых земль купленых никому с подданыхъ нашыхъ отъдавати.

А хотя бы хто добре в насъ упросилъ, и твоя бы м(и)л(о)сть, пане воевода, в нихъ никому увезанья не давалъ. Нехаи бы они намъ служили службу путную по тому, какъ и перед тымъ с тых земль служба бывала.

Писанъ у Вильни под лет(ы) Бож(его) нарож(енья) 1545 м(е)с(е)ца февраля 4 день инъдиктъ трии7.

Валериянъ писар.

РДАСА. Ф. 389. Адз. зах. 38. Арк. 262адв.—263адв.

Уключаны акт у „лісце" Жыгімонта II Аўгуста да полацкага ваяводы свіслацкага дзяржаўцы, пана Станіслава Станіслававіча Давойны ад 1560 г. красавіка 22. Вільня (арк. 261адв.— 264адв.)

Копія канца XVI ст.

Публікуецца ўпершыню.



1 Ужыванне аднаго з пералічаных тэрмінаў залежала ад паходжання і кантэксту крыніцы. У выпадках, калі дакумент зыходзіў ад прадстаўнікоў прывілеяванага стану свецкіх феадалаў, якія, напрыклад, імкнуліся давесці свае правы на путных слуг ці іх землі, выкарыстоўвалася, як правіла, назва „путныя людзі". Гэтым самым праз ужыванне спецыфічнай сацыяльнай тэрміналогіі путнікі як бы набліжаліся да масы сялян, якіх крыніцы называюць якраз „людзьмі". Наадварот, калі дакумент перадаваў погляд саміх путных слуг, якія, напрыклад, імкнуліся абараніць свае правы ў спрэчцы са шляхцічамі, у ім выкарыстоўваўся тэрмін „путныя баяры". Гэта было абумоўлена тым, што баярамі на Полаччыне ў разгляданы перыяд яшчэ нярэдка называлі шляхту. Зразумела, што, выкарыстоўваючы тэрмін „баяры", путныя слугі тым самым імкнуліся з дапамогай моўных сродкаў як быццам павысіць свой сацыяльны статус у вачах суда. Пра сінанімічнасць усіх пералічаных тэрмінаў сведчаць выпадкі, калі ў тым самым дакуменце тыя самыя асобы называліся то путнымі людзьмі, то путнымі слугамі і г.д. Так, у арыгінальным лісце вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта I да найвышэйшага гетмана Юрыя Радзівіла 1534 г. у тэксце дакумента ўжываюцца тэрміны „слугі путныя" і „путнікі". Але на адвароце, у адраснай частцы, дзе ўказаны прадмет паслання, утрымліваецца кароткая сінхронная заўвага: „о бояръ путныхъ". Гл.: Расійская нацыянальная бібліятэка. Аддзел рукапісаў (далей — РНБ. АР). Ф. 293. Воп. 1. Адз. зах. 75.
2 Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства. Москва, 1892. С. 351—352.
3 Довнар-Запольский М.В. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901. С. 235, 786; Яго ж. Очерки по организации западнорусского крестьянства в XVI веке. Киев, 1905. С. 305.
4 Хорошкевич А.Л. Очерки социально-экономической истории Северной Белоруссии в XV веке. Автореф. дис. … д-ра ист. наук. Москва, 1974. С. 37, 50, 54—55; Полоцкие грамоты XIII — начала XVI вв. (далей — ПГ). Вып. 5. Москва, 1985. С. 177-184.
5 Спірыдонаў М.Ф. Полаччына: XVI стагоддзе // За передовую науку. 1990. 26 января.
6 Полоцкая ревизия 1552 года. Москва, 1905 (далей — ПР 1552 г.). С. 7.
7 Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў (далей — РДАСА). Ф. 389. Адз. зах. 239. Арк. 121.
8 Тамсама.
9 Беларускі архіў. Т. 2. Мінск, 1928. С. 289.
10 РДАСА. Ф. 389. Адз. зах. 35. Арк. 294адв.; Адз. зах. 251. Арк. 37.
11 ПГ. Вып. 1. Москва, 1977. С. 96.
12 РДАСА. Ф. 389. Адз. зах. 9. Арк. 108адв.
13 Якубовский И.Б. Земские привилеи Великого княжества Литовского // Журнал Министерства народного просвещения. 1903. № 6. С. 279.
14 Тамсама. С. 296.
15 ПГ. Вып. 5. С. 26.
16 Тамсама. Вып. 1. С. 176—178.
17 Тамсама. Вып. 2. Москва, 1978. С. 154.
18 Тамсама. С. 154-155.
19 Тамсама. С. 175.
20 РДАСА. Ф. 389. Адз. зах. 12. Арк. 299адв.
21 ПГ. Вып. 2. С. 175.
22 Тамсама. Вып. 3. Москва, 1980. С. 62.
23 Тамсама. Вып. 2. С. 163, 175.
24 Тамсама. С. 175.
25 Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 2. С.-Петербург, 1848. С. 196.
26 РНБ. АР. Ф. 293. Воп. 1. Адз. зах. 75.
27 ПР 1552 г. С. 45—54.
28 Тамсама. С. 31—43. У суме рэвізораў — памылкова 47.
29 Тамсама. С. 47, 48, 54.
30 РДАСА. Ф. 389. Адз. зах. 37. Арк. 177адв.
31 Тамсама. Адз. зах. 35. Арк. 293.
32 ПГ. Вып. 3. С. 32.
33 Гл.: ПР 1552 г. С. 67-68.
34 Гл.: Тамсама. С. 45-54.
35 Тамсама.
36 РДАСА. Ф. 389. Адз. зах. 250. Арк. 414.
37 Тамсама. Адз. зах. 41. Арк. 268адв.
38 ПГ. Вып. 2. С. 49—50.
39 Тамсама. Вып. 5. С. 180.
40 РДАСА. Ф. 389. Адз. зах. 20. Арк. 228; Тамсама. Адз. зах. 23. Арк. 59.
41 ПГ. Вып. 2. С. 212—214.
42 Тамсама. С. 215—216.
43 Тамсама. Вып. 5. С. 115—117.
44 Тамсама. Вып. 3. С. 6.
45 Тамсама. С. 33—34.
46 Тамсама. С. 83—85.
47 Гл., напр.: РДАСА. Ф. 389. Адз. зах. 12. Арк. 299адв.; Тамсама. Адз. зах. 35. Арк. 294; Тамсама. Адз. зах. 37. Арк. 468.
48 Archiwum Gіуwne Akt Dawnych. Archiwum Radziwiііowskie (далей — AGAD. AR). Dziaі II. Sygn. 69/10. S. 417.
49 РДАСА. Ф. 389. Адз. зах. 14. Арк. 179адв.; Тамсама. Адз. зах. 224. Арк. 146—146адв.
50 AGAD. AR. Dziaі II. Sygn. 69/10. S. 416-417.
51 РДАСА. Ф. 389. Адз. зах. 14. Арк. 179адв.; Тамсама. Адз. зах. 224. Арк. 146—146адв.
52 ПГ. Вып. 3. С. 87, 90.
53 РДАСА. Ф. 389. Адз. зах. 12. Арк. 223—223адв.; Тамсама. Адз. зах. 20. Арк. 105адв.—106.
54 Гл., напр.: ПГ. Вып. 2. С. 135, 142.
55 Тамсама. Вып. 3. С. 87.
56 Гл.: РДАСА. Ф. 389. Адз. зах. 12. Арк. 300адв., 354; Там жа. Адз. зах. 37. Арк. 238.
57 Тамсама. Адз. зах. 41. Арк. 268—268адв., 269.
58 Тамсама. Адз. зах. 239. Арк. 121.
59 Тамсама. Арк. 121адв.
60 Тамсама. Адз. зах. 37. Арк. 440адв.—441.
61 Тамсама. Адз. зах. 251. Арк. 240—241.
62 Тамсама. Адз. зах. 35. Арк. 266адв.—271адв.
63 Тамсама. Арк. 293адв.—296.
64 Тамсама. Адз. зах. 23. Арк. 59; Адз. зах. 20. Арк. 228.
65 Тамсама. Адз. зах. 35. Арк. 270; Адз. зах. 37. Арк. 468адв.
66 Тамсама. Адз. зах. 35. Арк. 269адв.—270.
67 Тамсама. Арк. 268.
68 Похилевич Д.Л. Крестьяне-слуги в Литве и Западной Белоруссии в XVI—XVII вв.// Учёные записки Львовского государственного университета. Т. 36. Серия историческая. 1955. Вып. 6. С. 172.
69 РДАСА. Ф. 389. Адз. зах. 35. Арк. 293; Тамсама. Адз. зах. 251. Арк. 32адв.
70 Тамсама. Адз. зах. 37. Арк. 179.
71 Тамсама. Адз. зах. 224. Арк. 257адв.
72 Тамсама. Адз. зах. 37. Арк. 237адв.-238.
73 Похилевич Д.Л. Цыт. праца. С. 172; ПГ. Вып. 5. С. 184.
74 РДАСА. Ф. 389. Адз. зах. 254. Арк. 297.
а год вызначаны згодна з індыктам і часам заняцця П.Ст. Кішкам пасады полацкага ваяводы: 1519—1532.
б сацыяльная прыналежнасць асоб і адміністрацыйна-тэрытарыяльная геаграфічных аб'ектаў высветлены паводле „ліста" Жыгімонта II Аўгуста да Ст. Давойны ад 22.04.1560 г. (гл. легенду дакумента).
1 так у ркп., належыць чытаць земълю
2 літары ку перароблены з іншых.
3 так у ркп., належыць чытаць Самсонъ (?).
4 так у ркп., відавочна, належыць чытаць Овутовщину.
5 так у ркп.
6 так у ркп., павінна быць писаного (?).
7 так у ркп., 4 лютага 1545 г. прыпадала на трэці індыкт.

Рэдакцыя БГА завяршае падрыхтоўку да выдання кнігі выбраных даследаванняў беларускага эміграцыйнага гісторыка Вітаўта Тумаша.

У кнігу ўвайшлі:

Пытаньне імя доктара Скарыны ў сьвятле актаў і літаратуры
Паленьне кнігаў Скарыны ў Маскве
Скарына ў Падуі
Кнігі Скарыны на захадзе Эўропы ў пару ягоную й сяньня
Друкарня Цяпінскага
Друкарня Пётры Мсціслаўца
Гэтман Рыгор Хадкевіч і ягонае выдавецтва
Важнейшыя мамэнты культурных працэсаў Беларусі
Гістарычная канцэпцыя Вацлава Ластоўскага
Балцкі элемэнт пры паўстаньні беларускага народу
Тры выданьні трэцяга Статуту Вялікага Княства Літоўскага
Да справы беларускай паўдзённай этнаграфічнай мяжы
Як беларускі Менск стаўся "Мінскам"
Яўхім Карскі: жыцьцё, навуковая спадчына, пагляды
а таксама некаторыя іншыя артыкулы і бібліяграфія прац вучонага.

„Выбраныя працы" Вітаўта Тумаша выйдуць да канца 2001 г. Кнігу можна загадзя замовіць у рэдакцыі БГА.

змест