Весткі з экспедыцый беларускіх археолагаў
(сезон 1999 г.)

 

Каменны і бронзавы век

У 1999 г. праводзіліся археалагічныя разведкі ўжо вядомых і новых помнікаў эпохі каменнага і бронзавага вякоў на тэрыторыі Уздзенскага, Капыльскага і Стаўбцоўскага раёнаў Мінскай вобласці, Баранавіцкага і Івацэвіцкага раёнаў Брэсцкай вобласці, Карэліцкага, Наваградскага, Дзятлаўскага, Гарадзенскага, Слонімскага, Лідскага, Воранаўскага раёнаў Гарадзенскай вобласці.

Працягваліся археалагічныя раскопкі на помніку Дакудава–5. Ён размяшчаецца на правабярэжжы Нёмана ў Лідскім раёне. За сезоны 1998 і 1999 г. атрымана значная калекцыя артэфактаў, якая дазваляе казаць пра доўгачасовае і шматкультурнае па характары паселішча. Упершыню тут селяцца плямёны паляўнічых, рыбаловаў і збіральнікаў — носьбіты нёманскай неалітычнай культуры (на дубічайскім этапе). Потым на зручнай для жыцця дзюне спыняюцца плямёны той жа культуры на яе лысагорскім і дабраборскім этапах, што пакінулі характэрны арнаментаваны вострадонны посуд з расліннымі, а потым і мінеральнымі дамешкамі ў керамічнай масе.

Яскравы матэрыял сведчыць аб пранікненні на правабярэжжа Нёмана насельніцтва культуры шарападобных амфар. Магчыма, з адной з даследаваных ямаў звязана пахаванне гэтай культуры, якое прадстаўлена развалам пасудзіны і крамянёвай шліфаванай сякерай.

У бронзавым веку на паселішчы нейкі час пражывала насельніцтва, што было носьбітам аднаго з варыянтаў культуры шнуравой керамікі, а пазней і тшцінецкай культуры. У раскопе 1999 г. была знойдзена каменная свідраваная сякера, і, што вельмі важна, сведчанні мясцовай вытворчасці каменных сякер, іх шліфоўкі. На жаль, як і на большасці помнікаў Панямоння, характэрная для бронзавага веку кераміка і крамянёвыя вырабы складаюць нязначны працэнт ад агульнай колькасці ўсіх артэфактаў.

Папоўніліся таксама леташнія матэрыялы па перыядах жалезнага веку і Сярэднявечча.

 

Вадзім Лакіза

У 1999 г. пачаліся міжнародныя (Інстытут гісторыі НАН Беларусі супольна з Інстытутам археалогіі Варшаўскага універсітэта і Дзяржаўным археалагічным музеем у Варшаве) археалагічныя даследаванні помнікаў каменнага і бронзавага вякоў у верхнім цячэнні Нёмана. Пад час археалагічных разведак былі абследаваны лева– і правабярэжжа Нёмана паміж Горадняй і вёскамі Жукевічы (пасёлак „Турыст“) і Сіўкава. Выяўлены некалькі стаянак каменнага веку каля вёсак Солы, Кашэўнікі, Пагараны, Жылічы, Славічы, Кавальцы, Сіўкава, Берагавая. Атрымана багатая калекцыя крамянёвага інвентара, папярэдні аналіз якой дазваляе адносіць большасць помнікаў да фінальнапалеалітычнага і мезалітычнага часу.

Найбольш перспектыўным для стацыянарных раскопак і комплексных даследаванняў (з удзелам супрацоўнікаў Інстытута геахіміі і геафізікі НАН Беларусі) стала месца ўпадзення ў Нёман ракі Горніцы. Тут, паміж Кавальцамі і садовым участкам „Турыст“, на розных узроўнях тэрас і мысах размяшчаецца каля дзесяці помнікаў каменнага і бронзавага вякоў. Асноўныя работы праводзіліся на стаянцы Кавальцы–1. Сабрана найбагацейшая калекцыя крамянёвых знаходак, сярод якіх маюцца і унікальныя прылады працы, цікавая для навукі крэмнеапрацоўчая майстэрня, а таксама геалагічны пласт пахаванай глебы. Помнік датуецца фінальным палеалітам.

Невялікімі шурфамі даследаваліся помнікі Кавальцы–2, –3, –4, –5. Па сваім размяшчэнні, захаванасці культурнага пласта і колькасці атрыманых крамянёвых прыладаў працы самы значны з іх — Кавальцы–4. Даследаванні 1999 г. паказалі перспектыўнасць выбранага для археалагічных работ рэгіёна і неабходнасць далейшых комплексных экспедыцый.

Віктар Абухоўскі, Вадзім Лакіза

 

Эпоха ранняга жалеза

Цягам чатырох гадоў (1996—1999) вывучалася паселішча Дзеднава другой чвэрці I тыс. н.э., размешчанае ў Бабруйску на першай надпоплаўнай тэрасе левага берага ракі Бабруйкі, правага прытока Бярэзіны.

У выніку раскопак выяўлены круглыя/авальныя ў плане ямы з вертыкальнымі сценкамі і амаль плоскім дном, запоўненыя камянямі, сярод якіх знаходзіліся вугольчыкі, фрагменты керамікі, кальцынаваныя костачкі і неабпаленыя косткі свойскіх і дзікіх жывёлаў. Жалезная фібула і вялікія кавалкі посуду датуюць ямы другой паловай III тыс. н.э. Пакуль не вызначана, ці належалі спаленыя косці чалавеку, немагчыма дакладна інтэрпрэтаваць дадзеныя аб’екты — як рэшткі агменяў, месцы адпраўлення культу ці пахаванні.

Знойдзены таксама рэшткі аднаго жытла: аднакамерная зрубная канструкцыя квадратнай формы з цэнтральным апорным слупом і адкрытым агменем, заглыбленая ў мацярык на 0,4 м. Па фрагментах гаршкоў паўзямлянку можна датаваць канцом II — сярэдзінай III ст.

Пад час археалагічнага даследавання помніка сабрана вялікая калекцыя рэчаў: фрагменты посуду з гладкай, штрыхаванай паверхняй і з расчосамі, керамічныя праселкі, жалезныя фібулы, нажы, галякі, наканечнікі стрэлаў і дзіды, а таксама вырабы з каляровых металаў (манета Марка Аўрэлія 161—180 г., пярсцёнкі, пранізкі, рыбалоўны кручок).

Знаходкі сведчаць, што даследаваны помнік датуецца канцом II—III ст. н.э. і пакінуты плямёнамі верхнедняпроўскага варыянту кіеўскай культуры. У X—XIII ст. тут з’яўляюцца славяне.

Ала Ілюцік

 

Сярэднявечча

Працягваліся археалагічныя даследаванні курганоў у Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Каля вёскі Дубніца адкрыты новы могільнік з адзінаццаці земляных насыпаў. Вывучаны адзін курган, на падэшве якога выяўлена безінвентарнае пахаванне па абрадзе трупапалажэння.

Даследавана яшчэ чатыры каменныя курганы каля вёскі Прудзішча. У двух насыпах знойдзены пахаванні па абрадзе трупапалажэння ў яме, у адным — на падэшве галавой на захад, яшчэ ў адным слядоў пахавання не зафіксавана. Знойдзены бронзавыя ўпрыгожванні (пярсцёнак, два ромбашчытковыя скроневыя колцы), жалезны нож, фрагменты глінянага посуду.

Пачалося вывучэнне курганнага могільніка каля вёскі Селішча, дзе раскапаны тры каменныя курганы. Выяўлены пахаванні ў падкурганных ямах (два галавой на захад, адно — на поўнач). Знаходкі прадстаўлены золаташклянымі пацеркамі, рэшткамі алавяннага нашыйнага ўпрыгожвання, двума жалезнымі нажамі (адзін з касцяным тронкам).

Характар пахавальнага абраду і знаходкі дазваляюць датаваць раскапаныя курганы XI ст.

Людміла Дучыц, Ірэна Ганецкая, Міхаіл Лашанкоў

 

Група па даследаванні паганскіх культавых помнікаў летам 1999 г. праводзіла раскопкі ў двух месцах. Каля вёскі Радагошча Наваградскага раёна ўжо пяты сезон даследавалася мяркуемае гарадзішча–свяцілішча культуры тыпу Лукі–Райкавецкай. Прасочваюцца рэшткі згарэлых драўляных збудаванняў. Знойдзена ляпная гладкасценная кераміка, двухшыпныя ўтулкавыя наканечнікі стрэлаў, гліняныя праселкі, металічныя ўпрыгожванні і дэталі адзення.

Каля вёскі Ашмянец Смаргонскага раёна праводзілася комплекснае вывучэнне культавага каменя і аднаго з размешчаных побач курганоў. Курган быў пашкоджаны самавольнымі раскопкамі школьнікаў, якія шукалі там зброю загінуўшых “у час вайны са шведамі” (паводле мясцовага падання). Дзеці знайшлі некаторыя старажытныя рэчы. Па атрыманні гэтай інфармацыі паўстала неабходнасць завяршыць даследаванне кургана паводле навуковай методыкі. Устаноўлена, што ў кургане змяшчаліся рэшткі прыблізна дзевяці пахаванняў па абрадзе крэмацыі. Апроч кавалачкаў перапаленых касцей, вуголля і попелу шмат дзе знойдзены фрагменты разбітых ці раздушаных гліняных пасудзін, частка з якіх упрыгожана арнаментам, не характэрным для славянаў.

Звычайна пры раскопках славянскіх курганоў у іх знаходзяць у лепшым выпадку кучку попелу або шкілет, гліняную пасудзіну і адзінкавыя сціплыя ўпрыгожванні. Зусім інакш было ў згаданым кургане на Смаргоншчыне. Ён літаральна перапоўнены зброяй: меч, булава, 7 баявых сякераў, 6 наканечнікаў дзідаў, шмат нажоў (у некаторых пахаваннях іх было па два), а таксама 2 галякі, 3 шпоры, колькі крэсіваў (адно разам з крэменем), каменны брусок, ключы ад замкоў, чатырохвугольныя з кропкавым арнаментам і круглыя з заклёпкамі бляшкі, спражкі. Шмат было металічных упрыгожванняў: разнастайных пярсцёнкаў (у тым ліку адзін з выявай свастыкі), бранзалетаў, абломкі вітай шыйнай грыўні, паўсферычныя бляшкі з маленькімі цвічкамі. Амулетам служыў невялікі ключык з каляровага металу. Сярод пахаванняў два былі напэўна жаночыя: у адным замест дзіды ці сякеры ляжаў серп, а ў другім адсутнасць зброі кампенсавалася большай колькасцю ўпрыгожванняў. Адно з пахаванняў належала дзіцяці ці падлетку, таму што пярсцёнак дужа малы, не было і наканечніка дзіды, хоць ляжалі сякера і два нажы.

Самай каштоўнай знаходкай з’яўляецца меч (даўжыня 95 см) — знаходка, надзвычай рэдкая для Беларусі. Захаваўся і наканечнік похваў ад яго. Мячы такога тыпу трапляюцца на тэрыторыі Літвы, Латвіі, Калінінградскай вобласці Расіі, у краінах Паўночнай Еўропы. Датуецца XI—XIII ст. Як мяркуюць, цэнтры вытворчасці такіх мячоў знаходзіліся ў краінах усходняга ўзбярэжжа Балтыйскага мора.

Больш вузкае датаванне кургана даюць шпоры з зорачкамі: XIII—XIV ст. Такім чынам, пахаванні пакінуты ў XIII ст. балцкамоўным насельніцтвам культуры ўсходнелітоўскіх курганоў, што ахоплівала абшары паўночна–заходняй Беларусі і паўднёва–ўсходняй Літвы. Вакол кургана захавалася яшчэ блізу 40 насыпаў, у асноўным меншых за раскапаны. Па знаходках можна меркаваць, што адзін з пахаваных там быў знатным воінам ці нават князем. Дагэтуль лічылася, што сярод усходнелітоўскага насельніцтва курганны абрад пахавання ў XIII ст. ужо не існаваў.

Цікава, што ўсяго за 12 метраў ад крайняга з курганоў, бліжэй да берага Вяллі, знаходзіцца буйны валун, званы “Вялікім каменем”, пра які распавядаюць розныя легенды. Адна з іх кажа, што валун пакінуты чортам, які нёс яго, каб перашкодзіць будаўніцтву бліжэйшага касцёла. Як вядома, чорт у фальклоры нярэдка ёсць хрысціянізаваным вобразам паганскага бога багацця, жывёлагадоўлі, зямных водаў і замагільнага свету (адпавядае славянскаму Вялесу). З гэтай легендай добра стасуюцца як аповеды пра схаваныя пад валуном скарбы, так і суседства могільніка. Фактычна “Вялікі камень” і курганы ўтваралі адзіны сакральны комплекс. Граф Канстанцін Тышкевіч, абследаваўшы камень у сярэдзіне мінулага стагоддзя, згадваў пра знаходку ў тайніку каля валуна скарбу з 2 каменных сякераў, а таксама выявіў два колцы авальнай каменнай абкладкі з меншых валуноў. Пры нашых даследаваннях вакол каменя культурны пласт выявіць не ўдалося, але на глыбіні каля 0,5 м адкапана частка каменнай абкладкі.

Эдвард Зайкоўскі

 

Напярэдадні 1000–годдзя старажытнага Друцка працягваліся археалагічныя даследаванні вядомага помніка. Вывучаліся ўсе часткі горада: гарадзішча (дзядзінец), вакольны горад, пасад.

На дзядзінцы раскопкі праводзіліся побач з верагодным месцазнаходжаннем (па меркаванні Л.Аляксеева) княскага хораму. Раскрыты гаспадарчы комплекс з жорнамі, зернем і іншымі рэчымі, які, магчыма прымыкаў да княскіх пакояў. Пра гэта сведчаць знаходкі бляшак–нашыванак на адзенне і фрагмент пярсцёнка ці часткі бармы з устаўкай (сапфір?), вырабленыя, верагодна, з золата і срэбра, якія маглі належаць да княскага ўбору.

Вызначана, што на пляцоўцы вакольнага горада ў трэцяй чвэрці I тыс. н.э. — IX ст. размяшчалася паселішча, якое дазваляе разглядаць Друцк як племянны цэнтр Аршанскага Падняпроўя. XII—XIII стагоддзямі датуецца знойдзеная тут драўляная пабудова свецкага ці культавага прызначэння з керамічнай падлогай. Пазнейшыя адклады культурнага слою прадстаўлены рэшткамі пабудоваў XIV—XVI ст. з сутарэннямі. Падлога аднаго з іх выбрукавана невялікімі камянямі.

Пра развіццё рамёстваў у Друцку можна меркаваць па слядах кузні XII—XIII ст., а таксама па выяўленых на гарадскім пасадзе знаходках, шкляных нарыхтоўках для вырабу бранзалетаў і пацеркаў. Сабрана багатая калекцыя рэчаў, якія характарызуюць матэрыяльную культуру X—XVI ст., у тым ліку імпарт з Візантыі, Сірыі, Пярэдняй Азіі.

Вольга Ляўко

зьмест