Заснавана Археаграфічная камісія

 

28 кастрычніка 1999 г. была заснавана Археаграфічная камісія Дзяржаўнага камітэта па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь на чале з Р.Платонавым. Забяспечваць функцыянаванне камісіі павінен Беларускі навукова–даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. Канцэпцыю новай беларускай Археаграфічнай камісіі распрацавалі Р.Платонаў, Я.Янушкевіч, М.Шумейка, якія наладзілі яе абмеркаванне на старонках часопіса “Архівы і справаводства” і ў межах працы міжнароднай навуковай канферэнцыі “Праблемы беларускай археаграфіі”, якая адбывалася 11—12 сакавіка 1999 г. ў Мінску і была прысвечана 175–годдзю выхаду з друку “Беларускага архіва старажытных грамат” І.Грыгаровіча.

Ідэя стварэння ў Беларусі падобнай установы не новая. Яшчэ ў мінулым стагоддзі тут досыць плённа працавала арганізаваная царскім урадам Віленская Археаграфічная камісія. Актыўныя спробы аднавіць археаграфічную традыцыю былі зроблены і ў першыя гады існавання БССР. З 1925 г. гэтай справай займаліся вучоныя Інстытута беларускай культуры. У 1927 г. пры Інбелкульце была створана Археаграфічная камісія, якая дзейнічала да рэарганізацыі Інбелкульта ў Акадэмію навук і потым нейкі час пры БелАН. Працу камісіі фактычна забяспечваў адзін вучоны — Дз. Даўгяла. У 60—80–ыя г. пытанне аб неабходнасці аднаўлення Археаграфічнай камісіі ў БССР неаднаразова ўздымалі на навуковых нарадах і ў літаратуры беларускія гісторыкі і архівісты, аднак плёну гэта не прынесла.

У 1994 г. выйшла распараджэнне Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аб стварэнні Археаграфічнай камісіі, аднак яно ніяк не было падмацавана матэрыяльна. Толькі ў 1996 г. быў створаны аддзел археаграфіі БелНДІДАС (загадчык — Я.Янушкевіч).

У 90–х г. дзейнасць беларускіх вучоных у галіне даследавання методыкі, гісторыі і тэорыі археаграфіі актывізавалася. Вынікі гэтай працы былі прадстаўленыя на шматлікіх канферэнцыях (у тым ліку, 14–15.02.1996 г. на навуковай канферэнцыі “М.М.Улашчык і праблемы беларускай гістарыяграфіі, крыніцызнаўства і археаграфіі (Да 90–х угодкаў вучонага)”), а таксама ў навуковай літаратуры. Сярод найбольш значных прац неабходна адзначыць “Рэкамендацыі па арганізацыі работы з гістарычнымі дакументамі (для навуковых выданняў)” (Мінск, 1997), складзеныя Р. Платонавым і З. Яцкевічам, шматлікія працы М.Шумейкі пра станаўленне і развіццё архіўнай справы і археаграфіі ў Беларусі, распрацоўку Ю. Несцяровіча “Класіфікацыя археаграфічных публікацый і беларускія археаграфічныя выданні” (Мінск, 1997).

Безумоўна, стварэнню сучанай Археаграфічнай камісіі паспрыяла і пэўная актывізацыя археаграфічнай працы ў другой палове 90–х г. Гэты перыяд вызначаецца выхадам з друку шэрагу значных археаграфічных і гістарычна–археаграфічных публікацый, карысных для даследавання мінулага Беларусі. Сярод іх выдадзеныя БелНДІДАС: “Знешняя палітыка Беларусі: зборнік дакументаў і матэрыялаў / Склад. У.М. Міхнюк, У.К. Ракашэвіч, Я.С. Фалей, А.В. Шарапа, С.А. Шупа. Т.1 (1917—1922 г.)” (Мінск, 1997); “Знешняя палітыка Беларусі: зборнік дакументаў і матэрыялаў / Склад. У.М. Міхнюк, У.К. Ракашэвіч, Я.С. Фалей, А.В. Шарапа. Т.2 (1923—1927 г.)” (Мінск, 1999); “На крутым павароце: ідэолага–палітычная барацьба на Беларусі 1929–1931 г. Дакументы, матэрыялы, аналіз / Аўтар–склад. Р.П. Платонаў” (Мінск, 1999); “Бунд в Беларуси 1897–1921. Документы і материалы / Сост. Э.М. Савицкий” (Мінск, 1997); “Платонаў Р.П. Лёсы. Гісторыка–дакументальныя нарысы аб людзях і малавядомых падзеях духоўнага жыцця ў Беларусі 20—30–х гадоў” (Мінск, 1998), “Платонаў Р.П. Палітыкі, ідэі, лёсы. Грамадзянская пазіцыя ва ўмовах нарастанння ідэолага–палітычнага дыктату ў Беларусі 20—30–х гадоў” (Мінск, 1996); “Валахановіч А.І., Міхнюк У.М. Споведзь у надзеі застацца жывым. Аўтабіягр. Б. Тарашкевіча” (Мінск, 1999); “Антон Луцкевич: материалы следственного дела НКВД БССР / Подг. В.Н. Михнюком, Н.М. Климовичем и А.П. Гесь” (Мінск, 1997); “Шумейко М.Ф. Собрать рассеянное. О реституции белорусских архивов в прошлом и настоящем” (Мінск, 1997). У 1998 г. БелНДІДАС быў таксама выдадзены анатаваны даведнік “Документы по истории Великой отечественной войны в государственных архивах РБ”.

Усе гэтыя публікацыі і практычная дзейнасць стварылі падставы для арганізацыі новай Археаграфічнай камісіі. Гэтая ўстанова задуманая як каардынацыйны, навукова–метадычны і публікатарскі цэнтр, які павінен аб’яднаць вакол сябе лепшых спецыялістаў Беларусі, чыя дзейнасць звязана з выданнем гістарычных крыніц. Акрамя таго, камісія мае намер наладзіць навукова–метадычную і кансультацыйную дапамогу тым установам, якім яна патрэбная.

Хоць тэрмін працы Археаграфічнай камісіі яшчэ невялікі, яе ўдзельнікі сумесна з Дзяржкамітэтам па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь і БелНДІДАС ужо здолелі арганізаваць археаграфічную публікацыю “Первая всебелорусская конференция архивных работников. 12—15 мая 1924 г. Документы и материалы”. Прадстаўнікі камісіі ўжо сёння падрыхтавалі да выдання такія працы, як: Платонаў Р.П. “Палітычнае і духоўнае жыццё Беларусі ў другой палове 20–х гадоў. Тэндэнцыі развіцця (На матэрыялах Нацыянальнага архіва РБ)”, Янушкевіч Я. “Грамадска–палітычны рух Беларусі ў пач. ХХ ст.”, Скалабан В. “Максім Гарэцкі (публіцыстыка 1918—1919 г.)”. Акрамя таго, Археаграфічная камісія плануе наладзіць і іншыя публікацыі дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь, якія яна будзе падаваць да друку ў залежнасці ад сваіх фінансавых магчымасцяў.

8—9 лютага 2000 г. Камісія плануе разам з іншымі ўстановамі правесці міжнародную навукова–практычную канферэнцыю “Архівы Беларусі на рубяжы ХХ—ХХІ ст.: Гісторыя, стан, перспектывы развіцця”. Камісія запрашае да супрацоўніцтва ўсе арганізацыі, зацікаўленыя ў археаграфічнай распрацоўцы гісторыі Беларусі, а таксама вучоных, якія не баяцца руплівай археаграфічнай працы.

Юры Несцяровіч,
вучоны сакратар Археаграфічнай камісіі
ДКАС Рэспублікі Беларусь

зьмест