Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі 1971—1990 г. Каталёг. Складальнікі: Юрась Лаўрык і Ларыса Андросік. Менск: БГАКЦ, 1998.172.

 

У аснову гэтага выдання лягла калекцыя перыядычных выданняў са збору Юрася Лаўрыка. Узначаліла працу па збіранні перыёдыкаў і сістэматызавала іх Ларыса Андросік. У кнізе апісаны ўсе вядомыя і выяўленыя на другую палову 1998 г. перыёдыкі Беларусі. Яны класіфікуюцца ў даведніку па наступных параметрах: загаловак, звесткі пра адказных (склад рэдакцыі, выдавецкія групы і г.д.), год выдання, месца выхаду, фармат, наклад, інфармацыя пра спосаб выдання, характарыстыка самога выдання ці асобных нумароў.

«Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі 1971–1990 г.» падзяляецца на дзве часткі, згодна з храналогіяй беларускага незалежніцкага руху: перыёдыкі 1971—87 г. і перыёдыкі 1988–90 г. Чаму менавіта такая храналогія? У 1971 г., узятым за дату нараджэння беларускага незалежніцкага друку, выйшаў часопіс «Блакітны ліхтар», які выдаваўся ў Наваполацку накладам адзін асобнік тамтэйшымі студэнтамі політэхнічнага інстытута і школьнікамі (В. Мудровым, В. Шлыкавым, А. Рыбікавым, пазней да іх далучыліся студэнты–гісторыкі з Менску У.Арлоў і Г. Кулажанка). «Блакітны ліхтар» задумляўся як мастацка–літаратурны часопіс. Нягледзячы на тое, што часопіс быў пераважна апалітычны, КДБ зацікавілася ім, і пасля прафілактычных гутарак чэкістаў з выдаўцамі выхад перыёдыка быў спынены.

Пасля «Блакітнага ліхтара» У. Арлоў разам са студэнтамі 3–га курса гістфака БДУ Г. Кулажанкам, І. Чарняўскім, Э. Зайкоўскім заснаваў літаратурны альманах «Мілавіца». Яна выдавалася ў 1974—76 г., зноў жа накладам адзін асобнік, пакуль у выдавецкія справы не ўмяшалася КДБ.

Вельмі цікавым быў перыёдык 1975—76 г. — «Гутарка», рэдагаваны Сымонам Бурачком. За гэтым псеўданімам хаваўся вядомы беларускі гісторык Мікола Ермаловіч. Механізм выдання быў даволі унікальны. Мікола Ермаловіч рыхтаваў нумар часопісу ў Дзяржаўнай бібліятэцы імя Леніна, а потым перадаваў яго мастаку Яўгену Куліку, які ў сваю чаргу памнажаў і распаўсюджваў «Гутаркі». Такім чынам выйшла каля 50–ці «Гутарак» па розных надзённых тэмах.

Да 1981—88 г. належаць апісаныя ў даведніку «Бурачок», «Люстра дзён», «Идиот», «Містыка», «Набойні». Апошнія выданні можна класіфікаваць як літаратурныя часопісы, «Бурачок» і «Люстра дзён» вызначаюцца як гамадска–палітычныя.

Другая частка кнігі характарызуе выданні 1988–1990 г. Яна значна большая па памерах. Гэта тлумачыцца рознымі прычынамі, але галоўная — значная лібералізацыя грамадскага жыцця, якая дала першыя свабоды слова. Хоць Беларусь была запаведнікам камунізму і дэмакратычныя перамены ў ёй пачаліся толькі з падзеннем камуністычнай дыктатуры ў Маскве, умовы 1988—1991 г. усё ж моцна адрозніваліся ад абставінаў 1970–х.

У другой частцы сістэматызаваныя амаль усе выдаваныя тады перыёдыкі, якія класіфікуюцца так: нацыянал–дэмакратычныя — «Белорусская трибуна», «Весткі Адраджэння», «Мартыралог», «Навіны Беларускага народнага фронту за перабудову „Адраджэньне“», «Наша слова», «Свабода», «Студэнцкая думка», «Супольнасць»; рэлігійныя выданні — «Вера», «Праваслаўная думка», «Унія»; выданні беларускай правінцыі — Гомля, Наваполацка, Полацка, Горадні, Берасця, Магілёва, Маладэчна, Баранавічаў, Слуцка, Мазыра і г.д.; літаратурныя выданні — «Ксэракс беларускі», «Літаратура» і г.д. Рэпрэзентаваныя ў кнізе і выданні нацыянальных меншасцяў: газета габрэйскай моладзі — «Мадригин», заходнепалескія выданні «Балесы Полісся» і «Збудінне», сюды ж унесены і сатырычныя выданні («Анекдотъ», «Позірк»), і перыёдыкі, якія класіфікуюцца як нармальная жоўтая прэса, напрыклад, «Светские ведомости». У даведнік уключаныя і беларускія перыёдыкі, выдадзеныя па–за межамі Беларусі: «Голас беларуса» (Рыга), «Грунвальд» (Талін), «Рокаш» (Джэзказган), «Шляхам Скарыны» (Масква).

Другая частка завяршаецца 1990 г., бо ў 1991 г. прэса стала сапраўды свабоднай, з’явілася безліч новых выданняў, але іх апісанне становіць прадмет даследавання іншай эпохі.

Алег Гардзіенка
Менск

змест