Дэмакратычная апазыцыя Беларусі 1956—1991. Пэрсанажы і кантэкст / Даведнік. Пад рэд. А. Дзярновіча. Менск, 1999. 186.

 

Гэтая кніга выйшла як працяг вышэй рэцэнзаванага даведніка пра апазіцыйныя рухі ў Беларусі 1944—1956 г. Паваеннае падполле было разгромлена, а ягоныя ўдзельнікі, што вярталіся дахаты, мусілі потым выехаць з Беларусі, бо ім савецкая ўлада стварыла невыносныя ўмовы жыцця. Так што многіх проста выключылі з далейшага грамадскага жыцця, і дысідэнцкі рух (калі не лічыць Ларысы Геніюш, айца Віктара Данілава, ксяндза Вацлава Пянткоўскага) фактычна пачынаўся з нуля.

Як і папярэдні том, праца падзяляецца на раздзелы: „Пэрсаналіі“, „Арганізацыі, асяродкі, рухі“, „Выданьні“, „Музычны нонканфармізм і маладзёвыя субкультуры“, „Кроніка дэмакратычнай апазіцыі Беларусі: 1956—1988“. Калі ў кнізе пра „Антысавецкія рухі“ палітра грамадскага жыцця Беларусі характарызуецца найперш раздзелам „Арганізацыі, асяродкі, рухі, фармацыі“, дык у „Дэмакратычнай апазыцыі“ неабходна пачынаць ab ovo, з персаналіяў, бо менавіта асобы вызначалі дух дысідэнцкага жыцця краіны.

У кнігу ўвайшло блізу 70 асобаў. Калі ў першы даведнік уключаліся амаль усе асобы, тым ці іншым чынам заангажаваныя ў антысавецкім змаганні, то для другога адбіраліся найбольш значныя постаці, якія прадстаўлялі нейкі кірунак або плынь у дысідэнцтве.

Храналагічны падзел этапаў існавання дэмакратычнай апазіцыі 1956—1991 г. выглядае лагічна: 50–я г. — паасобныя акцыі дысідэнтаў, 60–я — складванне навукова–адраджэнскіх гурткоў („Акадэмічны асяродак“, „На Паддашку“); рэакцыя беларускага грамадства на падзеі Пражскай вясны (1968), пачатак ганенняў на беларускіх літаратараў, якія ці скажалі лінію партыі, ці пісалі „няпраўду“ пра вайну, або проста заміналі дзяржаве весці народ да светлай будучыні (Васіль Быкаў, Валянцін Тарас, Лідзія Вакулоўская і інш.); 70–я — час узнікнення маладзёвых суполак, з’яўленне паняцця „Музычны нонканфармізм“; у 80–х г. апазіцыйны рух набыў новыя формы, стаў больш колькасным, прыйшла новая генерацыя маладых людзей, прагных да дзеяння, стварылася мноства маладзёвых суполак і патрыятычных клубаў.

Першае, што кідаецца ў вочы, гэта храналагічная неадпаведнасць назвы кнігі і яе зместу. У назве пазначаецца апошнім 1991 г., а падзеі фактычна абрываюцца на 1988—1989 г. Зразумела, тут не знойдзем артыкулаў ні пра Беларускі Народны Фронт, ні пра Беларускую Сацыял–Дэмакратычную Грамаду.

Пачатак дысідэнцкага руху пазначаны стварэннем „Партыі Свабоды Рускага Народу“ (с. 125—126). Партыя ўзнікла як водгук на хрушчоўскую „адлігу“, а таксама на падзеі ў Венгрыі ў кастрычніку 1956 г., аднак залішні рамантызм і адсутнасць мераў канспірацыі прывялі да арышту і турэмнага зняволення яе сяброў. Гэтым артыкулам фактычна ставіцца пад пытане тэза пра лібералізацыю савецкага грамадства ў часы Мікіты Хрушчова. Цікавая інфармацыя ў нарысах пра першых беларускіх дысідэнтаў братоў Лявона і Міхася Белых (17—18), якія ў 1957 г. распаўсюджвалі па Менску ўлёткі з заклікам да абароны беларускай мовы, за што былі асуджаныя савецкімі органамі ўлады. Варта адзначыць артыкул пра выкладчыка Гарадзенскага педінстытута Браніслава Ржэўскага, які публічна выступаў супраць русіфікацыі і гвалтоўнай дэбеларусізацыі (74—77), за што быў асуджаны да 7 гадоў пазбаўлення волі. Выступ у абарону роднай мовы разглядаўся як злосны нацыяналізм і паклёп на савецкую рэчаіснасць.

Наступны артыкул, які варта адзначыць, напісаны ўдзельнікам тагачасных падзеяў беларускім археолагам Міхасём Чарняўскім. Ён распавядае пра „Акадэмічны Асяродак“ (103—109), які склаўся з супрацоўнікоў Акадэміі Навук. Акадэмічны Асяродак займаўся вывучэннем невядомых старонак беларускай гісторыі, раней забароненых тэмаў, папулярызацыяй ідэяў Адраджэння. Ён зрабіўся асноўнай плыняй апазіцыйнага руху ў 70–х г., але намаганнямі КДБ і партыйных кіраўнікоў быў разгромлены, а яго ўдзельнікі звольнены з працы. Цікава, што асобы, якія грамілі гурток, і сёння займаюць нейкія пасады, не панёсшы аніякага пакарання. Асобныя артыкулы даведніка прысвечаны сябрам Акадэмічнага асяродка: Міхасю Чарняўскаму (90—93), Міколу Прашковічу (67—69), Алесю Каўрусу (46—48), Сцяпану Місько (61—62), Валянціну Рабкевічу (72—73).

Асобна вылучаецца нарыс пра Міхаіла Кукабаку (49—54), беларускага праваабаронцу, які адкрыта пратэставаў супраць савецкай акцыі ў Чэхаславаччыне, за што трапіў пад пераслед. Імя Міхася Кукабакі стала вядомым у свеце, у ягоную абарону праводзіліся слуханні ў сенаце ЗША.

Сярод іншых персаналіяў зборніка — артыкулы пра Лявона Баразну, Яўгена Куліка, Алеся Марачкіна, Генадзя Каханоўскага, Аляксея Каўку, Міколу Ермаловіча, Міхася Ткачова, Анатоля Сідарэвіча і інш. Выклікае шчырае здзіўленне факт неўключэння ў кнігу такіх асобаў, як Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Уладзімір Караткевіч, Мікола Купава… Яны ж зрабілі для станаўлення апазіцыйнага руху значна больш, чым некаторыя з уведзеных у даведнік.

У 80–х г. хутка пашыраліся апазіцыйныя колы, у асноўным за кошт моладзі, таму і інфармацыі пра апазіцыйны рух гэтага часу ў кнізе значна больш. Патрыятычныя гурткі ствараліся не толькі ў Менску, але й у Гомелі, Горадні, Магілёве і іншых гарадах. У даведніку пералічаныя толькі асноўныя з іх: „Беларуская сьпеўна–драматычная майстроўня“, „Талака“, „Канфэдэрацыя беларускіх маладзёвых суполак“, клуб „Современник“, „Сьвітанак“, „Тутэйшыя“, „Бабілён“, „Мартыралёг Беларусі“, „Зьніч“, „Паходня“. У раздзеле „Арганізацыі, асяродкі, рухі“ змешчаныя таксама праблемныя артыкулы: „Беларускі патрыятычны рух ва ўзбройных сілах СССР“, „Краязнаўчы рух“, „Фальклорны рух“, „Чарнобыльскі рух“. Большаць тых, хто ўнесены ў даведнік, і цяпер актыўна займаецца палітыкай: Зянон Пазьняк, Вінцук Вячорка, Станіслаў Шушкевіч, Ігар Гермянчук, Павал Жук і інш. Аднак няма нарыса пра Юрыя Хадыку, пры тым што ўпамянуты нават Мікола Шаляговіч.

Раздзел „Выданьні“ падрыхтаваны Ларысай Андросік і фактычна базуецца на кнізе гэтай жа аўтаркі „Пазацэнзурны беларускі пэрыядычны друк“. Сюды ўключана большасць выданняў, якія выдаваліся ў 1971—1991 г. у Беларусі і былі ў апазіцыі да ўлады. У адрозненне ад аналагічнага раздзелу ў „Антысавецкіх рухах“, гэты раздзел напісаны пра рэальныя выданні, большасць якіх знаходзіцца ў Архіве Найноўшай Гісторыі. Асноўная іх частка з’явілася ўжо ў гады перабудовы, але апісваюцца і ранейшыя выданні („Блакітны ліхтар“, „Мілавіца“, „Гутаркі“, „Падснежнік“).

Апошні раздзел „Музычны нонканфармізм і музычныя субкультуры“ (157—161) падрыхтаваў Сяржук Сахараў, знаўца беларускай маладзёвай музыкі. У ім апісваюцца маладзёвыя акцыі пачатку 70–х г. Гэта, напрыклад, два выступы хіпі ў Горадні, хваляванні ў Менску ў 1970 г. з нагоды забойства менскага хіпі Уладзіміра Максакава. Фактычна, гэта была яшчэ адна форма духоўнай апазіцыі, музычны нонканфармізм, які супрацьпастаўляўся афіцыйнай музычнай культуры.

Невядома чаму ў даведніку няма раздзелу „Акцыі“. Зусім незразумела, навошта артыкул Ігара Бабкова „Ліст студэнтаў–філёзафаў за акадэмічныя свабоды, красавік 1981 г.“ (122—123) змешчаны ў раздзеле „Арганізацыі, асяродкі, рухі“.

Чытаючы даведнік, адчуваеш, што рабіўся ён паспешліва. Варта было больш сур’ёзна паставіцца нават да структуры кнігі. Тым не менш гэтая частка цікавейшая за „Антысавецкія рухі ў Беларусі (1944—1956)“. Там — пераважна пра партызанку і арганізацыі моладзі, а тут шырокі спектр апазіцыйнага руху, розныя кірункі апазіцыйнай дзейнасці.

Якуб Наваградцаў
Менск

змест