Антысавецкія рухі ў Беларусі 1944–56 гг. Даведнік. Архіў найноўшай гісторыі / Пад рэдакцыяй А. Дзярновіча. Менск, 1999.

 

Сама назва кнігі інтрыгуе, бо перыяд 1944–56 г. у беларускай гісторыі цалкам невядомы. Пра які–кольвечы антыкамуністычны супраціў у Беларусі пасля 1944 г. проста нідзе не пісалася. Мусім пагадзіцца з тым, што ў Беларусі супраціў не быў такі моцны, як у прыбалтыйскіх рэспубліках ці ў Заходняй Украіне. Аднак, як сведчаць матэрыялы кнігі, змаганне з савецкай уладай на тэрыторыі Беларусі ўсё ж вялося, і беларусы не былі сляпой бясформеннай масай, што здаліся на міласць новай уладзе.

У складанні гэтага даведніка бралі ўдзел Сяргей Ёрш, Міхась Чарняўскі, студэнты Беларускага Калегіюма і інш. Кнігу складаюць раздзелы: „Пэрсаналіі“, „Арганізацыі, асяродкі, партыі, фармацыі“, „Акцыі“, „Выданьні“, „Узнагароды“, а таксама спіс літаратуры па тэме. Спецыфіка антысавецкага супраціву ў Беларусі вымушае звярнуцца перш да другой часткі кнігі „Асацыяцыі, асяродкі, рухі, фармацыі“. Паваенны антыкамуністычны рух у даведніку класіфікуецца па наступных крытэрах: па нацыянальнай прыкмеце (беларускі, польскі, украінскі) і па ідэйнай аснове (збройная партызанка, моладзевае падполле, духоўная апазіцыя (рэлігійныя рухі)). Дык вось найбольш пытанняў выклікае „партызанка“ (беларускі партызанскі рух пасля вайны), па якой абсалютную большасць артыкулаў напісаў папулярызатар тэмы Сяргей Ёрш. Можна было чакаць, што ў даведніку нарэшце будзе пададзена і колькасць партызанаў, і арэал іхнай дзейнасці, і акцыі, і наогул, хто ёсць хто ў партызанскім руху. Аднак гэтага няма. „Нацыянальныя партызанскія аддзелы … пад час нямецкай акупацыі дзейнічалі ў многіх раёнах Беларусі“, піша Ёрш (129). Што значыць „многія“? Хацелася б ведаць хоць некалькі канкрэтных раёнаў. Бо можа стварыцца ўражанне, што нацыянальная партызанка была масавай. Чытаем далей: „Звычайна партызаны праводзілі дыверсіі й тэрарыстычныя акты напярэдадні або пад час савецкіх святаў, палітычных мерапрыемстваў: рабіліся напады на выбарчыя участкі, на сельсаветы, знішчалася дакумантацыя, савецкая сымболіка, праводзіўся тэрор супраць савецкіх, партыйных актывістаў, супрацоўнікаў міліцыі, дзяржбяспекі, вайскоўцаў. Нярэдка супраціў набываў формы лякальных паўстаньняў“ (128). Хацелася б пабачыць пералік мясцовасцяў, хаця б тых, дзе адбываліся паўстанні і які быў іхны размах.

Пяройдзем да артыкула „Чорны кот“ (157–159). Недасведчанаму чытачу патлумачу, што „Чорны кот“ — асноўнае беларускае нацыянальнае партызанскае фармаванне пасля вайны. Спасылка ў артыкуле на гісторыка А. Міхальчанку, які падае дату ўзнікнення гэтай арганізацыі, здаецца недарэчнай, бо Міхальчанка не займаецца даследаваннем беларускага паваеннага супраціву. Тым больш, што згаданая публікацыя Міхальчанкі, апублікаваная ў „Советской Белоруссии“ ў 1990 г., пісалася для ганьбавання беларускай нацыянальнай сімволікі, і яе аўтар наўмысна адшукваў „смажаныя“ факцікі. Адносна „Чорнага ката“ ў даведніку не знойдзем ніводнага факта, ніводнай лакалізацыі дзейнасці партызанаў. Зразумела, што большасць архіўных крыніцаў па антысавецкай партызанцы надзейна схаваныя ў спецсховішчах КДБ, аднак падаецца немэтазгодным абсалютнае прыняцце на веру публікацый беларускіх эміграцыйных выданняў, а тым больш „Беларускага Голасу“ (Таронта). Не варта безаглядна ўслаўляць антысавецкую партызанку, бо там (у партызанскіх атрадах) былі і звычайныя бандыты. Выходзіць, што мы надаем ранг герояў усім партызанам, што змагаліся за светлыя ідэалы супраць камуністычнай чумы, але яны ж забівалі і звычайных людзей, адзінай віной якіх была падтрымка савецкай улады.

Значна лепш выглядаюць нарысы Сяргея Ярша пра ўкраінскае падполле: тут мы знаходзім звесткі і пра арэал дзейнасці, і пра колькасць партызанаў, і пра акцыі ды кіраўніцтва (149—154). На добрым навуковым узроўні артыкул пра „Армію Краёву“, напісаны Аляксеем Ліцвіном (113—118). Руху моладзі тычацца артыкулы пра моладзевыя арганізацыі на Глыбоччыне, Пастаўшчыне, Наваградчыне, серыя артыкулаў Міхася Чарняўскага пра Смаргонска–Мядзельскае падполле. Яны раскрываюць незвычайныя старонкі гісторыі пасляваеннай Беларусі — моладзевага супраціву, непрыняцця савецкай улады і жорсткіх рэпрэсіяў з боку савецкіх карных органаў. Але й гэтыя артыкулы напісаныя пераважна на падставе ўспамінаў удзельнікаў антысавецкіх арганізацый. Яны не могуць даваць цэласнай карціны тагачасных падзеяў, бо памяць чалавека суб’ектыўная, а аўтары ўспамінаў, якія маглі не ведаць ўсёй палітры падзеяў, імкнуцца рабіць абагульняльныя высновы.

Асобна варта выдзеліць артыкулы рэлігійнай праблематыкі: „Каталіцкі рух у Беларусі“ (133—137) і „Пратэстанцкі рух у Беларусі“ (142—143), напісаныя Алегам Гардзіенкам. Вера (каталіцкая, пратэстанцкая) стала своеасаблівай апазіцыяй бальшавіцкаму ладу. Людзі, якія не далучаліся ні да партызанкі, ні да антысавецкіх арганізацый, але і савецкай улады не прымалі, знаходзілі ўласнае „я“ ў веры ў Бога, праз якую пазбаўляліся ідэалагічнага савецкага дыктату. Праўда, у вышэйзгаданых артыкулах мусілі быць скарыстаныя крыніцы з Нацыянальнага Архіва.

Раздзел „Персаналіі“ змяшчае звесткі больш чым пра 200 асобаў, прычым артыкулы тут самыя розныя: ад кароценькіх зацемак да нарысаў па некалькі старонак. Атрымалася, што нарыс пра аднаго з кіраўнікоў і арганізатараў супраціву Усевалада Родзьку (80) меншы, чым артыкул пра шараговага ўдзельніка моладзевага падполля. Падаецца, што некаторыя нарысы пра ўдзельнікаў гэтага падполля, напісаныя студэнтамі Беларускага Калегіюма, неапраўдана вялікія. Зусім інакш выглядаюць артыкулы пра партызанаў Сяргея Ярша, кампактныя і лагічныя.

У раздзеле „Акцыі“ самых акцыяў няшмат. Пераважна гэта рэпрэсіі савецкіх карных органаў супраць партызанаў: „Антыпартызанская апэрацыя ў Заходняй Беларусі напрыканцы 1944 г.“ (161), „Чэкісцка–вайсковая апэрацыя ў Берасьцейскай і Пінскай абласьцёх з 15.01. па 20.02.1945“ (161), „Антыпартызанская акцыя ў Маладэчанскай вобласьці ў студзені–траўні 1946 г.“ (164) і г.д. Ёсць інфармацыя пра дэсанты дыверсійных групаў у Беларусь, пра акцыі партызанаў супраць органаў савецкай улады. Але таксама і да гэтых матэрыялаў трэба адносіцца з насцярогай, бо што датычыцца крыніцаў, то базуюцца яны на паведамленнях у эміграцыйнай прэсе, а значыць, не пазбаўленыя перабольшванняў.

Лічу, што раздзел „Выданні“ (171—177) не варта было ўключаць у даведнік, бо выданняў, якія тут апісваюцца, у нас проста няма: яны ці не захаваліся, ці надзейна схаваныя ў спецсховішчах. То ці варта было пісаць, спасылаючыся адно на згадкі. Тое ж можна сказаць і пра раздзел „Узнагароды“ (179—181), уведзеныя для змагароў з савецкай уладай Радай БНР пад старшынствам Міколы Абрамчыка. На маю думку, эмігранты маглі далёка ад Радзімы распрацоўваць розныя рэчы, якія не мелі ніякага дачынення да ўнутранага жыцця краіны. Паказальны ў гэтым плане прыклад Радаслава Астроўскага, прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады, які быццам узнагароджваў на эміграцыі медалямі і званнямі сваіх сваякоў. Таму да ўсталявання сістэмы ўзнагародаў трэба ставіцца крытычна. Рэальная каштоўнасць дадзеных узнагародаў невядомая.

Кніга багата ілюстраваная, але надзіва бракуе фотаздымкаў некаторых значных дзеячаў антысавецкага супраціву і нацыянальнага руху, артыкулы пра якіх падаюцца: гэта Васіль Супрун, Антон Сокал–Кутылоўскі, Усевалад Родзька, Янка Філістовіч, Лявон і Юрка Луцкевічы, Зміцер Касмовіч. Наколькі вядома, здымкі гэтых людзей ёсць, трэба было толькі адшукаць. Няма ў кнізе артыкулаў пра некаторых асобаў, хоць дадзеная спасылка на тое, што такі артыкул мусіць быць (напрыклад, Барыс Рагуля, Іван Шынько, Міхась Ганько).

Трэба аднак прызнаць, што як першы досвед падобнага выдання кніга мае вялікае значэнне. Фактычна яна сцірае белую пляму з часткі нашай гісторыі ХХ ст.

Якуб Наваградцаў
Менск

змест