Einsatz im „Reichskommissariat Ostland“: Dokumente zum Volkermord im Baltikum und in Weissrussland 1941 — 1944 / hrsg. von Wolfgang Benz, Konrad Kwiet, Jurgen Matthaus. Berlin: Metropol, 1998. 301.

 

Нямецкі напад на Савецкі Саюз 22 чэрвеня 1941 г. паклаў пачатак вайне, якую палітычнае і ваеннае кіраўніцтва Трэцяга Райху разглядала як „вайну на вынішчэнне“. З асаблівай жорсткасцю акцыі тэрору праводзіліся на тэрыторыі балтыйскіх краін і Беларусі, дзе ўся паўната грамадзянскай улады знаходзілася ў руках адміністрацыі райхскамісарыяту „Остлянд“. На парадку дня тут стаялі розныя пытанні, у тым ліку сістэматычнае знішчэнне яўрэяў, камуністаў, цыган і інш. Шэраг дакументальных крыніц дае канкрэтныя звесткі пра дзейнасць удзельнікаў „вайны светапоглядаў“, якая вынікала з праграмы акупацыйнай палітыкі нацыянал–сацыялісцкай партыі фашысцкай Нямеччыны.

Публікацыя дакументаў пра масавы генацыд у краінах Прыбалтыкі і ў Беларусі пабачыла свет дзякуючы дзейнасці Цэнтра даследаванняў Берлінскага тэхнічнага універсітэта, у якім за апошнія тры гады выйшла серыя выданняў пад агульнай назвай „Нацыянал–сацыялістычная акупацыйная палітыка ў Еўропе 1939—1945“. Праект мае на ўвазе дзве мэты: па–першае, ліквідаваць навуковы і грамадскі дэфіцыт ведаў па згаданай праблеме, а па–другое, надаць ёй сапраўды „еўрапейскі“ характар шляхам пераадолення панаваўшых дагэтуль нацыянальных абмежаванняў.

Адметнасць рэцэнзаванай працы палягае ў тым, што яна пабудавана выключна на дакументальных матэрыялах, знойдзеных у архівах розных краінаў свету, у тым ліку Беларусі (Берасце, Менск), Літвы (Вільня), Латвіі (Рыга), Расіі (Масква), а таксама Нямеччыны (Фрайбург, Бон, Лудвігсбург), Ізраіля (Ерусалім), ЗША (Вашынгтон) і інш. — разам 263 архіўныя дакументы. Адзначым, што сярод іх даволі часта сустракаюцца крыніцы з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і Брэсцкага абласнога архіва — 82 дакументы, або амаль трэцяя частка ўсіх сабраных у выданні матэрыялаў. Пераважаюць дакументальныя крыніцы з архіўных фондаў даследчага Інстытута ЗША ў Вашынгтоне і сусветна вядомага Мемарыяльнага музея халакоста. Практычна кожная прыведзеная ў зборы крыніца падмацавана спасылкай. Аўтары адзначаюць, што вялікая колькасць дакументаў пачала трапляць у рукі даследчыкаў і ўводзіцца ў навуковы ўжытак толькі пасля адкрыцця архіваў і дазволу з боку афіцыйных установаў на вывучэнне новых фондаў.

Структура выдання і выбар матэрыялу падпарадкаваны мэце паказаць злачыннасць нацыянал–сацыялісцкай акупацыйнай палітыкі гітлераўскай Нямеччыны на аснове раней непублікаваных архіўных дакументаў. Галоўнай тэмай збору з’яўляецца праблема генацыду супраць яўрэйскага насельніцтва, таму па–за межамі выдання застаюцца іншыя злачынствы гітлераўцаў як супраць ваеннапалонных, так і супраць мірных грамадзян.

Увесь матэрыял тэматычна падзелены на 5 частак, перад кожнай з якіх даецца невялікі гістарычны нарыс.

У першым раздзеле („Rahmenplanungen und ьbergreifende Bestimmungen“, S. 13—71) аўтары прыводзяць шматлікія дырэктыўныя распараджэнні Гітлера і яго падначаленых па ажыццяўленні галоўнай мэты — заваёвы „жыццёвай прасторы на Усходзе“. Сярод 33 дакументаў, сабраных тут, можна сустрэць загады, указы, дырэктывы, лісты, заклікі вышэйшага кіраўніцтва фашысцкай Нямеччыны і прадстаўнікоў новай грамадзянскай адміністрацыі ў Генеральным камісарыяце Остлянд, Генеральных акругах Беларусі, Латвіі, Літвы. Асаблівую цікавасць для беларускіх гісторыкаў, на наш погляд, уяўляе першы дакумент — „Ліст райхсміністра і шэфа імперскай канцылярыі Ламэрса ад 18 ліпеня 1941 г.“, якім на адрас вышэйшага кіраўніцтва дасылаецца „Першы ўказ фюрэра аб увядзенні грамадзянскага кіравання на новазанятых усходніх тэрыторыях“. Апроч таго, у даследаванні сабраны важнейшыя дакументы, якімі дакладна рэгламентаваліся дзеянні немцаў па вырашэнні „яўрэйскага пытання“. Змест іх вызначаўся шматлікімі сакрэтнымі загадамі і прадпісаннямі.

У цэнтры ўвагі другой часткі — першая хваля забойстваў на тэрыторыі Прыбалтыкі і Беларусі („Erste Tцtungswelle“, S. 71—115). Ход злачынстваў можна ўбачыць праз вывучэнне шэрагу дакументальных крыніц (рэгулярныя пісьмовыя паведамленні камандзіраў паліцэйскіх батальёнаў, зондэркаманд, атрадаў аховы, парадку і г.д.). Дваццаць шэсць дакументаў характарызуюць падзеі на тэрыторыі Латвіі. Заключнай часткай раздзела ахоплены ўсе краіны Прыбалтыкі і Беларусь, якія знайшлі адлюстраванне ў гадавых справаздачах зондэргруп і зондэркаманд.

Адметнасцю першай хвалі забойстваў, на думку аўтараў, можна лічыць „гетызацыю“, г.зн. з’яўленне на тэрыторыі Остлянда сістэмы гета. Менавіта так называецца трэцяя частка кнігі („Das Ghetto–System“, S. 115—220). Дваццаць два дакументы раскрываюць геаграфію стварэння сістэмы гета на тэрыторыі райхскамісарыята Остлянд паводле польскага ўзору 1939/40 з элементамі збору, вызначэння, экспрапрыяцыі і эканамічнай эксплуатацыі. Выкарыстанне яўрэйскага насельніцтва на працах, падзел і перадача яго маёмасці, становішча гета паказаны аўтарамі на матэрыялах амаль трыццаці дакументаў. Яны даюць уяўленне пра асноўныя формы кантролю, забойстваў, тэрору супраць яўрэяў, якія ажыццяўляліся Генеральнымі камісарыятамі Беларусі і Латвіі. Галоўным прыкладам для разгляду гэтай праблемы ў дачыненні да Літвы аўтары выбралі гета горада Каўнаса.

Чацвёртая частка („Zweite Tцtungswelle“, S. 220—263) амаль цалкам прысвечана Генеральнаму камісарыяту Беларусь, на прыкладзе якога разглядаецца „другая хваля забойстваў“. Дакументы розных архіваў дазваляюць прасачыць ажыццяўленне „канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання“, даведацца пра спецыяльныя „яўрэйскія акцыі“, расстрэлы „зондэркаманды В“, а таксама падзеі ў Слуцку, Клецку, Лідзе, Вілейцы і іншых месцах Беларусі. Апроч таго, прыведзены сведчанні аб партызанскай барацьбе і „паляванні на яўрэяў“. Змест 16 дакументаў, аб’яднаных пад назвай „Акцыя Баранавічы“, раскрывае злачынную дзейнасць пастоў жандармерыі ў Міры, Ляхавічах, Нясвіжы, Баранавічах і Стоўбцах. Напрыканцы пададзена схема ваеннага жандармскага падпарадкавання з усімі звёнамі і ступенямі.

У заключнай і самай кароткай частцы дакументальнага збору („Konzentrationslager“, S. 264 — 271) разгледжаны факты, якія тычацца знаходжання яўрэяў у канцэнтрацыйных лагерах. Чытач можа пазнаёміцца толькі з сямю дакументамі (лісты райхскамісара Остлянда, датаваныя жніўнем, кастрычнікам і снежнем 1943 г., паведамленні каменданта канцэнтрацыйнага лагера ў Каўнасе, інфармацыя гарадскога камісара Рыгі і інш.).

Завяршае працу бібліяграфія, куды ўваходзяць надрукаваныя зборы крыніц і дакументаў, найважнейшыя публікацыі па тэме, а таксама дзённікі, мемуары і г.д.

Такім чынам, рэцэнзаванае выданне ўводзіць у навуковы ўжытак значны корпус арыгінальных крыніц па гісторыі другой сусветнай вайны, якія беларускія гісторыкі могуць выкарыстаць для запаўнення прабелаў у даследаванні акупацыйнай палітыкі гітлераўскай Нямеччыны.

Сяргей Новікаў
Менск

змест