Улашчык, Мікалай. Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі. З рукапіснай спадчыны. Укладальнікі Я.Кісялёва, В.Скалабан. Мінск, БелНДІДАС, 1999. 120.

 

Асноўную ўвагу ў сваёй навуковай дзейнасці Мікалай Улашчык аддаваў таму, без чаго немагчыма развіццё гістарычнай навукі – археаграфіі і крыніцазнаўству. Аналітычны розум, незвычайная эрудыцыя дазволілі яму бліскуча вырашыць тыя кардынальныя праблемы згаданых гістарычных навук, за якія ён браўся. Заглыбіўшыся ў тысячы старонак крыніц і іх публікацый, ён умеў выбраць самае істотнае для іх характарыстыкі, а потым трапна і лаканічна сфармуляваць свае высновы. Не ўсё з напісанага вучоным пабачыла свет у свой час. І вельмі надзённай стала ініцыятыва па публікацыі яго рукапіснай спадчыны. У зборніку, выдадзеным у Навукова–даследчым інстытуце дакументазнаўства і архіўнай справы, змешчаны працы Улашчыка, якія з’яўляюцца працягам распачатага ім у манаграфіі «Очерки по источниковедению и археографии истории Белорусии феодального периода» аналізу крыніц айчыннай гісторыі дасавецкага перыяду. У кароткай прадмове «Першыя крокі ўлашчыказнаўства» аднаго з укладальнікаў зборніка беларускага гісторыка В.Скалабана апавядаецца пра мерапрыемствы, якія былі праведзены ў гонар 90–х угодкаў М.Улашчыка, пра задачы, звязаныя з публікацыяй яго багатай навуковай спадчыны.

Уласна зборнік пачынаецца аглядам выдадзеных у міжваеннай Польшчы «Актаў уніі Польшчы з Літвой» (Кракаў, 1932). Аўтар адзначае паўнату характарыстыкі гістарычнай падзеі, паказанай уключанымі ў выданне дакументамі, высокі ўзровень яго археаграфічнай падрыхтоўкі, як недахоп — перадачу тэкстаў кірылічных дакументаў лацінскім шрыфтам, што публікатары чамусьці тлумачаць адсутнасцю ў іх адпаведнага шрыфта.

Наступны раздзел «Пасляваенныя публікацыі гістарычных крыніц у Беларусі» складае асноўны змест зборніка. Ён прысвечаны аналізу выданняў, якія ўяўляюць сабой найноўшы этап развіцця беларускай археаграфіі. Ва ўступным археаграфічным нарысе даецца грунтоўны агляд арганізацыі археаграфічнай справы ў Беларусі пасля другой сусветнай вайны. Гаворачы пра першую публікацыю перыяду — чатырохтомнік «Белоруссия в эпоху феодализма», ажыццёўленую сіламі Інстытута гісторыі АН БССР, даследчык адзначае яе хрэстаматыйны, папулярны характар. Перадрукоўка тых дакументаў, якія былі напісаны на іншых, акрамя старабеларускай і стараўкраінскай, мовах, ва ўжо апублікаваных раней перакладах без іх неабходнай падрыхтоўкі сталася прычынай паўтору ў выданні недакладнасцяў гэтых перакладаў. Тэксталагічныя і факталагічныя недакладнасці мае і прадмова да чацвёртага тома. Тым самым недахопам (недакладнасцю перакладаў крыніц) характарызуецца і другая публікацыя Інстытута гісторыі — Інвентары маёнткаў Смаргонь і Цімкавічы (адпаведна 1977 і 1982 гады выдання). Сцвярджаючы, што публікацыі крыніц у перакладах ўвогуле не з’яўляюцца навуковымі, аўтар ставіць у прыклад публікатарам выданні Віленскай археаграфічнай камісіі, у якіх паралельна з перакладамі змешчаны і арыгіналы.

Характарызуючы выдадзены гісторыкамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта зборнік дакументаў «Русско–белорусские связи» у двух тамах, Улашчык адзначае ўмоўнасць гістарычнага перыяду (1570–1667 г.), вызначанага для дакументаў першага тома выданняў. Прычына недакладнасцяў другога тома — нявызначанасць пазіцыі ўкладальнікаў у дачыненні да тэрмінаў Беларусь і беларусы прымяняльна да перыяду, які ахопліваюць змешчаныя тут дакументы (1667—1686 г.).

У 70—80–я г. выданне гістарычных крыніц як твораў літаратуры, а таксама як біяграфічных дакументаў пра выдатных пісьменнікаў ажыццяўляў і Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Не змяншаючы прыярытэтнасці і актуальнасці выданняў, падрыхтаваных супрацоўнікам інстытута А.Коршунавым (лісты Філона Кміты Чарнабыльскага, Баркулабаўскі летапіс, мемуары Фёдара Еўлашоўскага і Яна Цадроўскага, прадмовы і пасляслоўі Францішка Скарыны і дыярыуш Апанаса Філіповіча), М.Улашчык адзначае характэрныя для гэтага публікатара недахопы іх археаграфічнай падрыхтоўкі — шматлікія недакладнасці ў перадачы тэксту публікаваных крыніц, тэндэнцыйнасць і непаўнату прадмоваў. З выданняў Інстытута літаратуры самай высокай ацэнкі археографа заслужылі тыя, якія былі падрыхтаваныя выпускніком Маскоўскага гісторыка–архіўнага інстытута Г.Кісялёвым (зборнік «Пачынальнікі», зборнікі, прысвечаныя Янку Купалу і Якубу Коласу). Па словах даследчыка, гэта лепшыя з усіх публікацый Беларусі як у пасляваенны перыяд, так і ўвогуле, бо адпавядаюць археаграфічным патрабаванням нашага часу (с.106).

Трэба адзначыць вялікую працу ўкладальнікаў па падрыхтоўцы апублікаваных матэрыялаў да друку, што дазволіла пазбегнуць магчымых недакладнасцяў. Застаецца толькі пашкадаваць, што такое патрэбнае выданне выйшла надзвычай малым накладам (сто асобнікаў), ператварыўшыся фактычна адразу ў бібліяграфічную рэдкасць.

Уладзімір Свяжынскі
Менск

змест