Unia Lubelska i tradycje integracyjne w Europie Srodkowo–Wschodniej. Redakcja naukowa Jerzy Kloczowski, Pawel Kras, Hubert Laszkiewicz. Lublin, 1999. 224.

У кнігу ўвайшлі ў асноўным матэрыялы міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 425–й гадавіне Люблінскай уніі (частка тэкстаў рыхтавалася спецыяльна, як і змешчаная ў дадатку выбраная бібліяграфія па праблеме уніі). Навуковы форум гісторыкаў Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны пад назвай «Люблінская унія ды інтэграцыйныя традыцыі ў Цэнтральна–Усходняй Еўропе» праходзіў яшчэ летам 1994 г. у Любліне, дзе яго арганізаваў Інстытут Цэнтральна–Усходняй Еўропы — што цікава — з ініцыятывы беларускага боку.

Прафесар Ежы Клачоўскі ў невялікім уступным дакладзе ёмка і глыбока акрэсліў праблематыку уніі, яе актуальнасць для сучаснай Еўропы, прычым не толькі для Цэнтральна–Усходняй, народы якой, стаўшы пасля развалу СССР незалежнымі, мусяць знайсці формы добрага паразумення і далучэння да Еўрапейскай уніі, але для ўсяго еўрапейскага кантынента, які шукае шляхоў далейшай вольнай інтэграцыі. У такой перспектыве гістарычны вопыт нашых чатырох народаў даўняй Рэчы Паспалітай надзвычай каштоўны для Еўропы. Як не згадаць таго, што былі стагоддзі, калі яны не залежалі ні ад Расіі, ні ад Аўстра–Венгрыі, ні ад Нямеччыны, і пры гэтым (ці, пэўна, дзякуючы гэтаму) добра сабе радзілі. Гэта акурат тая эпоха, у якой нашыя дзяржавы лучыла унія, канчаткова аформленая ў Любліне. Гэта часы, якія дагэтуль выклікаюць у нас найглыбейшы сантымент, пра што так слушна сказаў Е.Клачоўскі: «Цяпер з еўрапейскай гісторыі нам бліжэй ... эпоха перадабсалютыстычная з усім яе багаццем рэгіянальнай разнастайнасці, вольных ініцыятыў і сілаў, яе захапляльных – у тых умовах — дасягненняў, яе змаганняў за свабоду з усялякімі тыранамі» (10).

Цэнтральнай публікацыяй кнігі з’яўляецца, несумненна, аб’ёмны даклад найлепшага знаўцы праблемы Юліуша Бардаха («Od aktu w Krewie do Zareczenia Wzajemnego Obojga Narodow: 1385—1791», s.12—34). Пра яго значэнне сведчыць і тое, што рэзюмэ да гэтай публікацыі перакладзена на беларускую, літоўскую і ўкраінскую мовы. Вучоны паказаў актуальны стан даследаванняў і акрэсліў асноўныя погляды на сутнасць і значэнне уніі ад падпісання першага акту ў Крэве да апошніх гадоў існавання шляхецкай рэспублікі. Рэзюмуючы, ён зазначыў, што унія была выдатным тварэннем «не праз сваю выключнасць, а праз час трывання – чатыры стагоддзі, а ў грамадскай свядомасці значна даўжэй, аж да канца ХІХ ст.», падкрэсліўшы, што цяпер яна ёсць «супольнай гістарычнай спадчынай палякаў, літоўцаў, беларусаў і украінцаў» (34).

У іншых дакладах разгледжаны самыя розныя аспекты унійнай праблематыкі. На праўных аспектах уніі Кароны і Вялікага Княства ў ХVІІ–ХVІІІ ст. засяродзіўся другі варшаўскі гісторык права Анджэй Закшэўскі («Prawno–ustrojowe aspekty zwiazku Polski i Litwy», s.106—107). Канстатаваўшы, што традыцыйнае меркаванне аб тым, быццам Канстытуцыя 3 траўня уніфікавала лад Рэчы Паспалітай, даўно абвергнута даследаваннямі Е.Мальца, Е.Міхальскага і Ю.Бардаха, ён зазначыў, што новае разуменне пастаноў Вялікага Сойму вымагае дыскусій. Дадам, што гэта найбольш актуальна для гісторыкаў беларускіх, якімі яно яшчэ зусім не акцэптаванае. Браніслаў Макоўскі прэзентаваў асноўныя моманты разумення унійнай праблемы літоўскімі гісторыкамі (такімі, як А.Шапока, К.Авіжоніс, Б.Дундуліс, Ю.Якштас, А.Тыла, М.Ючас і З.Кяўпа) (45—49). Анджэй Вычаньскі (Варшава) разглядзеў магчымасці новага разумення праблемы уніі ў перспектыве яе супольнага даследавання (103—105), Эва Дубась–Урбановіч (Беласток) – стаўленне Кароны да Люблінскай уніі ў гады бескаралеўя і пасля смерці Жыгімонта Аўгуста (89—94), Януш Тазбір (Варшава) — канфесійную, культурную і дзяржаўна–палітычную спецыфіку Рэчы Паспалітай ХVІІ ст. (127—133), Ежы Урвановіч (Беласток) і Збігнеў Вуйцік (Варшава) разгледзелі праблемы так званага літоўскага сепаратызму (адпаведна s.95—98 і 100—102). Апошні на старонках гэтага ж выдання прэзентаваў таксама канцэпцыю федэралізму былога Вялікага Княства Літоўскага, распрацаваную Вітольдам Камянецкім у 1918 г. (134—138).

На інтэграцыйных праектах і дэзінтэграцыйных працэсах ад падзелаў Рэчы Паспалітай да нашых дзён, а таксама значэнні спадчыны шляхецкай рэспублікі для сучаснай Украіны спыніліся Яраслаў Ісаевіч (Львоў) і Міхайла Кірсэнка (Кіеў) (адпаведна «Федералізм на Україні ХІХ—ХХ ст.: політичні програми та спроби іх реалізаціі», s.187—195 i «Україна і цивілізаційна спадщина Речі Посполітої», s.144—148). Па–мойму, зусім па–новаму вызначае пазітыўную ролю уніі ў развіцці ўкраінскай нацыянальнай свядомасці і самавызначэння Украіны Ежы Бажэнцкі («Unia lubelska jako czynnik ksztaltowania sie ukrainskiej swiadomosci narodowej», s.60—78). Наталля Якавенка даводзіць, што ідэя Русі як трэцяга народа аформленай у Любліне Рэчы Паспалітай выкрышталізавалася ўжо каля 1620 г. («Русь як третій член Речі Посполитої „Двох Народів“ в українській думці першої половини ХVІІ ст.», s.74—78).

Не меншую цікавасць могуць выклікаць публікацыі Зігмантаса Кяўпы (Вільня) «Refleksje na temat funkcjowania Wielkiego Ksiestwa Litewskiego w Rzeczypospolitej Obojga Narodow dwa stulecia po zawarciu unii Lubelskiej» (50—53), Генрыка Віснэра (Варшава) «Kalwinisci litewscy i Rzeczpospolita I polowy XVII w.», s. 99—100), Уладыслава Сэрчыка «Unia a inne plany integracyjne w XIX w. (do powstania 1863/1864)», s.116—122), Яраслава Валенты «Federalizm w historii i tradycji czeskiej», s.196—201) і інш.

Што да беларускага блоку, то, хоць акурат беларусы ініцыявалі гэтую канферэнцыю, у кнізе з 24 дакладаў толькі 4 беларускія – Алега Трусава, Адама Мальдзіса, Міхася Біча і Алены Філатавай; няма згаданага ў справаздачы рэферата Георгія Галенчанкі. Найбольш канцэптуальны рэферат па беларуска–люблінскай тэматыцы належыць Алегу Трусаву («Прыйшоў час збіраць камяні». Да ўгодкаў Люблінскай уніі) (57—59). Аўтар паспрабаваў тэзісна ўпісаць значэнне Люблінскага акта ў вялікую панараму гісторыі Беларусі ад Сярэднявечча да постсавецкіх часоў, звяртаючыся да яе палітычнага аспекта. Ацэнка выйшла цалкам пазітыўная: дзякуючы уніі з Каронай ВКЛ «здолела захавацца як дзяржава са сваёй грашовай сістэмай, эканомікай, мовай, войскам …» (58). З усіх дакладаў гэта ці не самая аптымістычная візія уніі і, трэба прызнаць, нехарактэрная для ранейшай беларускай гістарыяграфіі. Адам Мальдзіс у дакладзе «Беларускае стаўленне да Люблінскай уніі і інтэграцыйныя традыцыі ў ХХ ст.» (154—159) звяртае ўвагу акурат на негатыўныя ацэнкі уніі ў працах Вацлава Ластоўскага і Усевалада Ігнатоўскага (дадам, што вельмі крытычна ўспрымалі яе і Мітрафан Даўнар–Запольскі, і Мікалай Улашчык). Пра тое ж згадаў і Міхась Біч у рэфераце «Ад ідэі аднаўлення Рэчы Паспалітай да барацьбы за стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы» (на жаль, ён не дажыў да выхаду гэтай публікацыі, гл. In Memoriam), які падаў агляд нацыянальна–вызваленчага беларускага руху да абвяшчэння БНР, спыняючыся на рознагалоссях з суседзямі, адзначаючы этапы эвалюцыйнага самавызначэння беларусаў да ідэі ўласнай дзяржаўнасці (169—177). Алена Філатава характарызуе прадажнасць, карумпаванасць і беспрынцыпнасць палітычнай эліты апошняга перыяду існавання Рэчы Паспалітай, т. зв. саскай эпохі («Прарускія тэндэнцыі ў палітычнай дзейнасці магнатаў Вялікага Княства Літоўскага, 1762—1795», с.112—115). Праўда, некаторыя тэзы сфармуляваны ёй надта катэгарычна, іх спрэчнасць відавочная. Прыкладам, сцвярджэнне, што ВКЛ ужо ў другой палове ХVІІІ ст. «фактычна... страціла сваю дзяржаўнасць».

З пункту гледжання аб’ектыўнасці і ўзроўню абгрунтаванасці асноўных тэзаў апублікаваныя ў кнізе даклады вельмі няроўныя, што ў прынцыпе натуральна для выдання рэфератаў канферэнцыі. Думаю, іх контраверсійнасць зробіць добрую справу і справакуе гісторыкаў на дыскусіі па гэтай сапраўды цэнтральнай праблеме некалькіх стагоддзяў супольнай гісторыі нашай часткі Еўропы.

Генадзь Сагановіч
Менск

змест