Квятковская, Алла В. Ятвяжские могильники Беларуси (конец XI—XVII вв.). Вильнюс, 1998. 327, илл., табл.

Вывучэнне старажытнасцяў Беларусі ХІ—ХVII ст. мае свае традыцыі і набыткі. Нямала зроблена ў даследаванні гарадоў, сельскіх паселішчаў, пахавальных помнікаў ІХ—ХІІІ ст. Летась выйшла з друку манаграфія А.Квяткоўскай, прысвечаная каменным могільнікам на тэрыторыі Беларусі. Актуальнасць вывучэння гэтых помнікаў несумненная і мае вялікае значэнне для асэнсавання гісторыі нашай Бацькаўшчыны, на абшарах якой у старажытнасці праходзілі складаныя этнічныя працэсы. Нягледзячы на тое, што каменныя курганы і магілы Беларусі раней даследаваліся і іншымі аўтарамі, кніга А. Квяткоўскай — першая спроба манаграфічнага вывучэння гэтай катэгорыі пахавальных помнікаў, спроба прасачыць іх эвалюцыю на вялікім адрэзку часу.

Лейтматывам манаграфіі гучыць тэза, што каменныя могільнікі пакінуты яцвягамі, якія праз увесь акрэслены перыяд і нават да ХIХ ст. на тэрыторыі Беларусі захоўвалі сваю этнічную, лінгвістычную адметнасць. У шэрагу месцаў манаграфіі змяшчаюцца эмацыйныя радкі пра тое, якія гэта былі высакародныя, мужныя і свабодалюбівыя людзі, як гераічна яны супраціўляліся захопнікам. Няма нічога кепскага ў зацікаўленасці аўтара прадметам свайго даследавання, але навуковая праца мае на ўвазе дакладнасць у аналізе і выкладанні матэрыялу, надзейную сістэму аргументаў, шырокае прыцягненне дадзеных літаратуры. А якраз у гэтым праца мае шэраг сур'ёзных недахопаў.

Кніга складаецца з уступа, 6 раздзелаў, заключэння, шэрагу дадаткаў (бібліяграфія, скарачэнні, імянны і геаграфічны паказальнік, 14 табліц).

Ва ўступе акрэслены межы распаўсюджання каменных могільнікаў на Беларусі. Разгляд арэалу і храналогіі каменных курганоў на тэрыторыі, дзе розныя аўтары размяшчалі яцвягаў, дае шмат інфармацыі для роздуму. Так, існуюць розныя думкі наконт арэалу распаўсюджання яцвягаў. Частка даследчыкаў (найбольш асцярожныя) лічаць, што яцвягі займалі толькі частку паўночна-ўсходняй Польшчы, паўднёвай Літвы (Занёманне) — абшары, на якіх у ХIII ст. несумненна жылі яцвягі (сведчанні пра паходы Ордэна і Русі). Іншыя, у тым ліку аўтар дадзенай кнігі, далучаюць сюды яшчэ значную частку заходняй Беларусі. Адзначым, што каменныя курганы ў паўночна-ўсходняй Польшчы існуюць толькі да VII ст. н.э.1, у паўднёвай Літве — да VIII ст. н.э.2 Помнікі пазнейшага часу тут даследаваны адзінкавыя. У Беларусі ж каменныя курганы вядомы толькі з Х ст. Такім чынам, паміж несуменнымі яцвяжскімі старажытнасцямі Польшчы і Літвы, з аднаго боку, і могільнікамі з Беларусі, з другога, існуе значны храналагічны разрыў (каля двух—трох стагоддзяў). А калі ўлічыць той факт, што каменыя канструкцыі шырока выкарыстоўваліся ў пахаваннях мазаўшанаў 3, то ў кнізе неабходна было абгрунтаваць тэзу аб яцвяжскай прыналежнасці каменных могільнікаў Беларусі, а не сцвярджаць гэта a priori, ужо ў назве манаграфіі.

Далей робіцца агляд гісторыі гэтых земляў, кранаецца гісторыя стварэння Вялікага Княства Літоўскага. Але падзеі ХІІІ ст. падаюцца ў надта спрошчаным і скарочаным выглядзе са спасылкай на агульную працу «Гісторыя Беларускай ССР» (1972). Ні слова не гаворыцца пра Наваградскі перыяд жыцця гэтай дзяржавы. А тады адбываліся вельмі цікавыя падзеі, якія тычацца тэмы манаграфіі. Так, напрыклад, супраць Міндоўга ў 1252 г. склалася кааліцыя, у якую ўваходзілі Рыга, галіцка-валынскія князі, князь Таўцівіл і яцвягі4 .

Ва ўводзінах, на жаль, не вызначаны аб'ект даследаван ня. На с. 3 сказана, што першапачаткова існавалі каменныя курганы, а потым у ХI—ХII ст. адбываецца паступовая трансфармацыя абраду пахавання — замена курганоў грунтовымі бескурганнымі могільнікамі. Гэты працэс цягнуўся да сярэдзіны ХIII ст. (160). У кнізе падаюцца помнікі з канца ХI ст. (у часы суіснавання дзвюх традыцый), але каменныя курганы не апісаны, не вылучаны асобна, не вызначана іх адрозненне ад грунтовых могільнікаў. Яшчэ ў часы раскопак Э. Вальтэра і В. Шукевіча (ХIХ ст.) могільнікі інтэрпрэтаваліся не толькі як грунтовыя, але і як «курганы» ці «палі нізкіх курганоў» (16—17, 19). Тым больш, што ў Менскай і Віцебскай абласцях каменныя магілы сустракаліся толькі побач з курганамі (38).

Першы раздзел прысвечаны агляду гісторыі даследаван няў каменных могільнікаў. Пералічаны даследчыкі, што праводзілі раскопкі іх на Беларусі (В.Шукевіч, Э. Вальтэр, Г. Савіцкі, П. Рыкаў і інш.), і даследаваныя помнікі, але не ўказана агульная колькасць вывучаных пахаванняў. А іх усяго 650. На фоне гэтай лічбы надзвычай эфектна глядзелася б колькасць магіл, раскапаных самім аўтарам — 383 на 16 могільніках, што складае большую палову ад усіх.

Асобны параграф адведзены методыцы раскопак могільнікаў. Праўда, звычайная практыка (раскопкі грунтовых могільнікаў вялікімі плошчамі) 5 падаецца як вынаходніцтва аўтара. Да таго ж адзначым, што сама А. Квяткоўская капала раскопамі памерамі 4Ч4, 4Ч8 i 6Ч10 м, якія могуць лічыцца толькі шурфамі і невялікімі раскопамі.

Дакладная фіксацыя ўсіх выяўленых асаблівасцяў таксама з'яўляецца неабходным патрабаваннем методыкі (у т.л. размяшчэнне каменных канструкцый). Для раскопаў выбіраліся асобныя часткі могільнікаў, дзе несумненна былі камяні (23, 24), астатняя ж плошча заставалася недаследаванай, што катэгарычна забаронена сучаснымі методыкамі, бо з'яўляецца рабаўніцтвам і вядзе да разбурэння помнікаў. Такім чынам, каменныя канструкцыі апынуліся па-за агульным кантэкстам могільнікаў, а значыць, немагчыма вызначыць размяшчэнне магіл (радамі, ці былі сямейныя скапленні з больш свабоднымі прамежкамі). Па гэтай прычыне прапанаваная методыка ёсць крокам назад нават у параўнанні з працамі В. Шукевіча, які праводзіў даследаванні ўсёй плошчы помніка з дапамогай траншэй. Дэкларацыя дакладнай фіксацыі асаблівасцяў пахаванняў так і засталася добрым намерам. Па матэрыялах манаграфіі бачна, што вельмі часта была нявызначанай форма каменных канструкцый на даследаваных аўтарам могільніках (гл. табл. 14 — Беліца; частка Вензаўшчыны, ур. Барок; Івашкавічы, Калпакі, Куклі, частка Клепачоў, Навасёлкі Зэльвенскага р-на і інш.).

У раздзеле II дадзена агульная характарыстыка каменных могільнікаў, апісаны размяшчэнне могільнікаў, тыпы магіл па форме каменных канструкцый. Гэтыя апошнія прыкметы і лічацца асаблівасцямі разгляданых помнікаў (42). Аднак у табліцы 1 «Размеры и форма надмогильных кладок ХI—XVII вв.» (207—212) даецца апісанне канструкцыяў толькі 183 магіл з 650 вывучаных (ці 28,2%). Пры аналізе памераў магільных ям, палажэння і арыентацыі нябожчыкаў (табл. 2, 213—237) выкарыстаны дадзеныя прыкладна з 500 магіл (у такім выпадку толькі 36,6% з іх маюць канструкцыі). Нават калі браць пад увагу толькі магілы, што даследавала аўтар (іх 383), то і тут можна сцвярджаць, што каменныя канструкцыі маюць 47,8% магіл — менш за палову.

Пры стварэнні тыпалогіі аўтарам парушаны правілы выдзялення варыянтаў, таму карыстацца ёй вельмі цяжка. У выніку ў кнізе няма аналізу распаўсюджання розных варыянтаў форм канструкцый на помніках асобных груп у розныя часы, яны не пададзены ў табл. 1 і 14 (у тэксце прыводзяцца толькі прыклады, на якіх могільніках яны сустракаюцца). Інакш кажучы, створаная тыпалогія каменных канструкцый не працуе. Дадамо і тое, што з ліку 183 (табл. 1) ці 383 даследаваных аўтарам (ці 650) магіл па тыпе кладкі (круглая, авальная, прамавугольная) вызначаны толькі 175 магіл.

На мой погляд, зашмат месца аддадзена этнаграфічнай інфармацыі (мясцовыя назвы, легенды пра могільнікі, гісторыя хрысціянізацыі гэтых мясцін), і ўведзена яна часта бессістэмна, што толькі шкодзіць успрыманню матэрыялу.

У наступным, трэцім, раздзеле робіцца спроба аналізу пахавальнага абраду. Цэлы параграф гаворка ідзе пра каменныя канструкцыі, ужо разгляданыя ў папярэднім раздзеле. Адзначыўшы вялікі ўплыў культу каменю на характар пахаванняў, аўтар выказвае арыгінальную версію тлумачэння выкарыстання камянёў у абкладцы магілы: «А делали это, возможно, и по причине того, чтобы звери не разрушали погребения» (50).

Асобны параграф прысвечаны драўляным абставам у магілах. Адна з высноваў, да якой прыйшла тут А.Квяткоўская, што змацоўваць дамавіны жалезнымі цвікамі сталі толькі з сярэдзіны XVI ст., супярэчыць археалагічным дадзеным. Апісваецца арыентацыя і палажэнне нябожчыкаў (55—56), але, нягледзячы на прысутнасць табл. 2 (каля 500 магіл), няма аналізу з вылучэннем характэрных асаблівасцяў са статыстычнымі выкладкамі. Гэтую працу, аўтар, верагодна, пакідае чытачу.

Не зусім зразумела, навошта было вылучаць асобны параграф «Погребения сдвоенные, пустые и детские», у якім ідзе толькі іх апісанне. Відавочна, што з 650 даследаваных магіл такія выпадкі павінны сустракацца.

Пасля вызначэння ўсіх гэтых другарадных момантаў справа даходзіць да апісання пахавальнага абраду. І зноў жа сказваецца недасканаласць пабудовы тыпалогіі, што асабліва відавочна ў наступным параграфе «Другие особенности погребального обряда и культа умерших».

Пры аналізе пахавальнага інвентару (глава IV) даецца апісанне знаходак. Спадзяюся, што гэтая частка манаграфіі дачакаецца грунтоўнай рэцэнзіі іншых археолагаў. Аднак звернем увагу на некаторыя хібы ў самім падыходзе да разгляду матэрыялу. Перш за ўсё, аўтар некарэктна праводзіць аналогіі. Напрыклад, адсылае чытача да публікацый знаходак з помнікаў Польшчы і Літвы, храналагічна адарваных ад вывучаных ёю на некалькі стагоддзяў або недатаваных у літаратуры. Пры апісанні ляпной керамікі робяцца спасылкі на аналогіі ў Польшчы (па яцвяжскіх помніках), на Беларусі па помніках трэцяй чвэрці—канца I тыс. н.э. (157—149). Трэба ўлічваць, што ў паўночна -ўсходняй Польшчы няма помнікаў яцвягаў гэтага часу. Такім чынам, аўтар проста ўводзіць чытачоў у зман.

Кераміку, упрыгожаную штампам, А.Квяткоўская лічыць яцвяжскай (149), сярод іншых робячы спасылку на матэрыялы Наваградка і працу М. Малеўскай. Але ў гэтым артыкуле кераміка такога кшталту звязана з валынянамі (г.зн. славянамі). Да таго ж і на наваградскіх гаршках арнаментацыя штампам сустракаецца як выключэнне 6. Пры разглядзе ганчарнай керамікі, асабліва ХIII—XVI ст., даюцца вельмі шырокія датаванні тыпаў (як правіла, у межах выдзеленага адрэзка часу, ХIII—XVI ст.). Пераважаюць спасылкі на польскіх і літоўскіх даследчыкаў. Матэрыялы з гарадоў Беларусі, апроч Ліды, проста ігнаруюцца. Між тым лагічна было б абапірацца менавіта на даследаванні па кераміцы той самай тэрыторыі, з якой паходзяць могільнікі. Відавочна, што вызначэнне датаванняў розных тыпаў посуду аўтар не можа зрабіць таму, што проста не валодае матэрыялам. Гэтая недакладнасць у апрацоўцы керамічнага матэрыялу, які найчасцей сустракаецца ў інвентары пахаванняў, не можа не насцярожваць.

Відаць таму ў наступным раздзеле V («Хронология каменных могильников территории Беларуси...») керамічны матэрыял застаўся нявыкарыстаным для датавання комплексаў, а асноўная ўвага аддадзена ўпрыгожванням і манетам. Тлумачэнне, што кераміка ў меншай ступені падвяргаецца ўплывам моды (г.зн. змяняецца) і што для сельскага насельніцтва характэрны кансерватызм, абсалютна беспадстаўнае. Да таго ж пры аналізе ўпрыгожванняў аўтар спасылаецца і на матэрыялы гарадоў, у тым ліку Ноўгарада. Як жа тады ўспрымаць выказванне пра кансерватызм вёскі?

У выніку колькасць комплексаў, якія можна выкарыстоў ваць пры аналізе храналогіі, штучна скарацілася (толькі 240). Прычым гэта зроблена менавіта за кошт помнікаў позняга Сярэднявечча (XIV—XVI ст.), дзе колькасць інвентару змяншаецца, а часта зводзіцца толькі да посуду.

Дадаткі ў выглядзе табліцаў 11—14 павінны дапамагчы чытачу зразумець доказы па храналогіі. У табл. 12 улічана толькі 240 комплексаў (Х—ХI ст. — 2, ХII — 21, ХII—ХIII ст. — 55, ХIII ст. — 36, ХIII—ХIV ст. — 43, XIV ст. — 7, XIV—XV ст. — 51, XV ст. — 9, XV—XVI ст. — 16). Выклікае здзіўленне такая недакладнасць у датаванні — ажно да двух стагоддзяў. Адзначым, что раннія комплексы Х—ХII ст. лакалізуюцца ў асноўным на правабярэжжы Нёмана. Некаторыя храналагічныя групы паказаны адзінкавымі комплексамі (басейн Бярэзіны) ці нават не прадстаўлены наогул (Пабужжа). Такім чынам, гэтая табліца дэманструе храналогію толькі аднаго рэгіёна (правабярэжжа Нёмана). Звернем увагу на несупадзенне датавання паміж табліцамі 12 і 14 па тых самых комплексах: Волча 3, 5, 9, 12, 13, 17 у табл. 12 (261—262) датуюцца XII—XIII ст., а ў табл. 14 (293) — ХII ст. На якой падставе магіла 4/6 могільніка Вензаўшчына (ур. Барок) у табл. 14 датавана Х—ХI ст. (с. 295), калі ён не паказаны ў табл. 12 (г.зн. не мае закрытага комплексу рэчаў, толькі кераміка)?

На такім ненадзейным падмурку ў кнізе вылучаецца тры этапы эвалюцыі помнікаў (пераход да абрада трупапалажэння — канец Х—ХI ст., пераход ад курганных да грунтовых могільнікаў — канец ХI — сярэдзіна ХIII ст., пахаванне ў дамавінах, змацаваных жалезнымі цвікамі, спрашчэнне пахавальнага інвентару — з сярэдзіны XVI ст.). Важным аўтару ўяўляецца толькі апошні этап, які звязваецца з хрысціянізацыяй пад уплывам езуітаў. Але чаму ўсё ж ігнаруюцца першыя два, не вызначаюцца прычыны гэтых зменаў, хоць матэрыялаў для супастаўлення з іншымі абшарамі Беларусі і Усходняй Еўропы хапае?

Так, для дрыгавічоў пераход ад абраду трупаспалення да трупапалажэння адбываўся таксама ў канцы Х — пачатку ХІ ст., а з сярэдзіны ХII ст. распаўсюджваюцца пахаванні па абрадзе трупапалажэння ў падкурганных ямах7. Па датуючых рэчах можна вызначыць познюю дату існавання дрыгавіцкіх курганоў — ХIII ст.8. У курганных могільніках каля старажытнага Заслаўя пахаванні па абрадзе трупаспалення датуюцца ў межах другой паловы Х — першай паловы ХI ст., калі ўжо дамінуюць пахаванні па абрадзе трупапалажэння, пераход да пахаванняў у ямах адбываўся ў ХI — пачатку ХI ст. У першыя дзесяцігоддзі ХII ст. знікаюць курганныя могільнікі 9. У Беларускім Падзвінні абрад інгумацыі таксама распаўсюджваецца на мяжы Х—ХI ст.10. Пахаванні па абрадзе трупапалажэння ў ямах з'яўляюцца з пачатку ХI ст. і шырока распаўсюджваюц ца ў ХII—ХIII ст.11. Пераход да грунтовых могільнікаў адбыўся ў другой палове ХII — ХIV ст.12.

Цікавыя дадзеныя ёсць па тэрыторыі паўночнай Русі (сучасныя Ленінградская, Пскоўская, Наўгародская вобласці), дзе зафіксаваны сотні жальнікаў — грунтовых могільнікаў, пры будаўніцтве якіх шырока выкарыстоўваліся камяні. Ім папярэднічаюць курганныя могільнікі, змена пахавальнага абраду на трупапалажэнне ў якіх адбывалася ў ХI ст. У ХI—XIV ст. тут хавалі памерлых у курганах з каменнымі абкладкамі па абрадзе інгумацыі. Грунтовыя могільнікі з'яўляюцца ў ХI—ХII ст. (адзіныя пахаванні), але шырока распаўсюджваюцца з ХIII—ХIV ст. Такім чынам, відавочна поўнае супадзенне з асаблівасцямі каменных могільнікаў Беларусі. Акрамя таго, для жальнікаў таксама характэрны магілы з канструкцыямі круглай, авальнай і прамавугольнай формы, пераважае заходняя арыентацыя памерлых. Канструкцыі звычайна складаюцца з валуноў, размешчаных па перыметры магілы, ёсць з выкладкай дробнымі камянямі і з вялікімі камянямі толькі каля галавы і ў нагах. Адзначана развіццё тыпаў канструкцыяў у часе (ад суцэльных да асобных камянёў). Шмат супадзенняў можна бачыць і ў пахавальным абрадзе, і ў інвентары. Але жальнікі Г.Пронін звязвае з сельскімі помнікамі мясцовага прыбалтый ска-фінскага насельніцтва і адзначае прысутнасць славянскага элементу 13.

У той жа час археалагічныя матэрыялы з Літвы (там, дзе па гістарычных дадзеных язычнікі пераважалі да канца XIV ст.) паказваюць зусім іншую карціну развіцця. Тут пахаванні па абрадзе трупаспалення існуюць і ў ХIII—ХIV ст. (пахаванні на могільніках Абяляй, Барыне, Куршай, Павірвітэ—Гудай, Тулпякеліс). Толькі ў XV ст. ён змяняецца звычаем трупапала жэння (частка пахаванняў у Абяляй, Барыне, Куршай, Павірвітэ—Гудай, Тулпякеліс; могільнікі Ажугірай, Бячай, Дыктарай, Кармелаве, Краштай, Мажэйкяй, Шяймінінкеляй) 14.

Такім чынам, змены пахавальнага абраду (з'яўленне трупапалажэння ў канцы Х—ХI ст., грунтовых могільнікаў у канцы ХI—сярэдзіне ХIII ст.) у арэале каменных могільнікаў Беларусі адпавядаюць па часе і змесце падзеям, што адбываліся на шырокіх прасторах Усходняй Еўропы сярод насельніцтва рознай этнічнай прыналежнасці. Несумненна, што такія аднолькавыя падзеі могуць тлумачыцца не ўнутраным развіццём, а агульнымі знешнімі прычынамі, і перш за ўсё ўплывам хрысціянства. Зразумела, што гэты ўплыў на насельніцтва асобных груп каменных могільнікаў Беларусі быў розным, таму яны і адрозніваюцца толькі па ступені захаванасці перажыткаў язычніцтва .

У шостым раздзеле пададзены гістарычна -культурныя высновы. Тут пераказваюцца думкі розных аўтараў пра каменныя могільнікі, пра размяшчэнне асобных плямён яцвягаў, гісторыю паходаў на іх і зноў жа пра гістарычныя падзеі часоў Вялікага Княства Літоўскага (174—183), шмат месца займае апісанне пахавальных помнікаў валынян, дрыгавічоў, крывічоў, усходнелітоўскіх курганоў. Спрабуе аўтар інтэрпрэта ваць пахавальны інвентар. Развагі пра асаблівасці матэрыяль най культуры суседзяў (валынян, дрыгавічоў, крывічоў, літвы) (171—173) падмацаваны вялікай колькасцю спасылак, але відавочна бракуе спасылак там, дзе беспадстаўна прыводзяцца аналагі пахавальнага абраду і інвентару сярод старажытна сцяў яцвягаў, прусаў, літвы і латгалаў.

Не абыходзіць увагай аўтар і праблему пасяленчай структуры Панямоння, выказваючы сумненні наконт мірнага пранікнення славянаў на тэрыторыю гэтага краю і перакананне, што яцвягі не маглі аддаваць сваю зямлю. На самай справе, на тэрыторыі Беларускага Панямоння няма даследаваных паселішчаў другой паловы I тыс. н.э., якія можна было б звязаць з яцвягамі (адсутнічаюць яны і ў Польшчы, пачынаючы з VII ст.н.э.). Адзіны раскапаны помнік Панямоння другой паловы I тыс. н.э. — гарадзішча каля в. Радагошча Наваградскага раёна — належыць да славянскай культуры тыпу Лукі-Райкавец кай і датуецца IХ—Х ст.15. Навошта тады на працягу многіх старонак разважаць пра пасяленчую структуру, пра ваяўнічасць яцвягаў, пра іх упарты супраціў заваёўнікам, калі не ўказана ніводнае іх паселішча (а тым больш гарадзішча ці крэпасць) на Беларусі, якое датавалася б у рамках перыяду VII—ХIII ст.?

А рэч у тым, што для аўтара манаграфіі археалагічны матэрыял (г. зн. асаблівасці матэрыяльнай культуры) не з'яўляецца галоўным доказам этнічнай прыналежнасці насельніц тва. Так проста і напісана: «Дело не в том, что материальная культура представляет собой симбиоз различных культур в пределах одного города, а в том — на чьей земле располагал ся город. Земли же Понеманья и Побужья никогда не входили (курсіў мой — А.М.) в состав Древнерусского государства, а с начала ХIII в. находились в составе Великого княжества Литовского». Далей ідуць шматлікія спасылкі на працу 1872 г. І.Д. Бяляева (відаць, іншых не існуе), цытуюцца яго выказванні пра высокія маральныя якасці яцвягаў (178—180), прыводзяцца думкі і дадзеныя розных даследчыкаў (гісторыкаў, лінгвістаў, этнографаў) аб прысутнасці яцвягаў на тэрыторыі Панямоння і Пабужжа з XV і да ХIХ ст. (186—187).

Усё пачалося з рабаўніцкай методыкі раскопак могільнікаў, калі ў пагоні за колькасцю даследаваных магіл выбіраліся лепшыя, найбольш захаваныя часткі помніка. Прывядзём тут цытату з першага ва Усходняй Еўропе «Руководства для археологических раскопок» 1914 г. — «Раскопка почти всегда равняется полному разрушению остатков старины, а это возлагает на исследователя нравственную ответственность перед наукой, тем более, что сделанные при раскопках ошибки исправляются с большим трудом, а иногда остаются и совершенно неисправленными: поэтому лучше совсем не производить раскопок, чем производить их неправильно или неудовлетворительно» (пункт 13).

Недасканалая методыка пацягнула за сабой цэлы ланцуг памылак. Ці можна апісваць матэрыялы толькі з грунтовых могільнікаў ХI—XVII ст., калі побач, а часам і ў адных групах, знаходзяцца каменныя курганы ХI—ХIII ст.16? Як можна ўвесь час цвердзіць пра асаблівасці каменных могільнікаў, калі, па дадзеных самой А.Квяткоўскай, большасць магіл не мае каменных канструкцый? У кнізе ігнаруюцца высновы і матэрыялы іншых аўтараў па праблеме эвалюцыі пахавальнага абраду на суседніх тэрыторыях, што дазволіла адмаўляць несумненныя сведчанні ўплыву хрысціянства ў ХI—ХIII ст. на развіццё пахавальнага абраду каменных могільнікаў. Увогуле, пры апісанні гістарычных падзей і археалагічных матэрыялаў выбіраюцца толькі тыя працы, што блізкія да пункту гледжання аўтара, астатнія ж ігнаруюцца. Некаторыя «адкрыцці» (як уваходжанне Панямоння ў склад Літоўскай дзяржавы ў 1219 г. і тое, што Панямонне і Пабужжа ніколі не ўваходзілі ў склад Старажытнарускай дзяржавы) робяцца без спасылак (верагодна, гэта асабісты даробак А.Квяткоўскай у праблему фармавання Вялікага Княства Літоўскага). Асобныя знаходкі і цэлыя катэгорыі рэчаў (кераміка) засталіся належным чынам неапісанымі і недатаванымі, таму яны не выкарыстаны пры датаванні магіл. Занадта шырокія датаванні (у межах двух стагоддзяў) могуць істотна ўплываць на гістарычныя высновы ці на прывязку да вядомых па пісьмовых крыніцах падзеяў. Так, напрыклад, калі ў ХII ст. мелі месца толькі паходы на яцвягаў, то помнікі гэтага часу на правабярэжжы Панямоння могуць разглядацца як пакінутыя мясцовым насельніцтвам. Але можна іх датаваць і ХIII ст., калі ў выніку войнаў з Ордэнам і галіцка-валынскімі князямі адбывалася рассяленне груп бежанцаў — яцвягаў, прусаў, борцяў. У кнізе прусы — борці лакалізуюцца на правабярэжжы Нёмана (183—184), таму не выключана, што могільнікі ХIII ст. на гэтай тэрыторыі пакінуты імі. Гэтым можна патлумачыць і сведчанні значных перажыткаў язычніцтва, якія адбіліся ў матэрыяльнай культуры. Пры пасяленні бежанцы былі абавязаны службай, але і захоўвалі значную аўтаномію. На такіх самых умовах пазней, у XIV—XV ст., тут былі паселеныя і татары, якія захавалі сваю рэлігію да сённяшняга часу.

Не ўдалося аўтару пазбегнуць шэрагу нестыковак, супярэчнасцяў паміж тэкстам і дадаткамі, фактаграфічных памылак. Так, на думку аўтара, група каменных могільнікаў у басейне Бярэзіны з'яўляецца ў выніку пасялення тут палонных яцвягаў пасля паходаў Барыса Полацкага ў 1102 г. Датаванні ж комплексаў могільніка Волча (басейн Бярэзіны) у табл. 12 адпавядаюць ХII—ХIII ст., а комплексы з большай колькасцю датуючага матэрыялу — канцу ХII—ХIII ст. Праўда, у табл. 14 (295) гэтыя датаванні выпраўляюцца на патрэбныя — толькі ХІІ ст. На старонцы 5—6 са спасылкай на А.Іова гаворыцца пра суседзяў яцвягаў: «На юго—востоке — курганы дреговичей, — смешанного балто-славянского населения...». На самай справе, тут А.Квяткоўская папросту прыпісвае свае думкі іншаму даследчыку, бо А.Іоў, разглядаючы этнічную сітуацыю ў Пабужжы, піша «Яны [славяне] паступова асімілявалі тутэйшыя яцвяжскія плямёны злінцаў і да VIII—IX ст., верагодна, складалі большасць насельніцтва рэгіёна». І далей: «Рэгіён Брэсцкага Пабужжа ўключна з бассейнамі Лясная і Мухавец становіцца перыферыйнай вобласцю рассялення валынян, прыток якіх у Х ст. павялічваецца» 17. Несумненна, адносіць заснаванне гарадоў Кобрын і Камянец (1252 г.) да ХІ—ХІІ ст. — таксама памылка, як і сцвярджэнне, што Чорная Русь апынулася пад уладай літоўскіх князёў у выніку дамовы 1219 г. Пераблытана нават дата заснавання Лаўрышаўскага манастыра. У кнізе гэтая падзея адносіцца да пачатку ХІІІ ст. (179), але ж гэта адбылося пры Войшалку, сыну Міндоўга, толькі праз паўстагоддзя.

Такім чынам, даводзіцца канстатаваць, што, па-першае, ідэя аб прыналежнасці каменных могільнікаў да яцвягаў не новая, яна была выказана і абгрунтавана раней — В. Шукевічам у 1918 г., Я.Звяругам у 1989 г. і інш. Па-другое, вялікі энтузіязм аўтара не можа замяніць дасканалага выкладання і аналізу матэрыялу, а толькі на гэтай аснове можна аргумента ваць свае палажэнні, гіпотэзы, тэорыі. На мой погляд, аўтару не ўдалося абгрунтаваць галоўныя высновы сваёй манаграфіі. Па-трэцяе, парушэнні методыкі археалагічных даследаванняў і апрацоўкі матэрыялаў робяць іх амаль непрыдатнымі для наступных даследчыкаў (нагадаем, што аўтарам манаграфіі раскапана 383 магілы).

Аляксандр Мядзведзеў
Менск



1 Jaskanis J. Obrzadek pogrzebowy zachodnich baltow w schylku starozytnosci (I—VІI w. n.e.). Wroclaw etc., 1974.
2 Lietuvos TSR archeologijos atlasas. Vilnius, 1978. T. III.
3 Rauhyt A. Wczesnosredniowieczne cmentarzyska w obudowie kamiennej na Mazowszu i Podlasiu // Materialy starozytne i wczesnosredniowieczne. Wroclaw etc., 1971. T. 1.
4 Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. Москва, 1959. С. 341, 378—380.
5 Авдусин Д.А. Археологические разведки и раскопки. Москва, 1959. С. 102—103.
6 Малевская М.В. Некоторые исторические связи Новогрудка в Х в. (по материалам керамики) // Краткие сообщения Института археологии АН СССР. Москва, 1972. Вып. 129. С. 14—18.
7 Лысенко П.Ф. Дреговичи. Минск, 1991. С. 46.
8 Тамсама, с. 91.
9 Заяц Ю.А. Заславль в эпоху феодализама. Минск, 1995. С. 43—48.
10 Штыхаў Г.В. Крывічы. Мінск, 1992. С. 63.
11 Тамсама, с. 90.
12 Тамсама, с. 92, 93.
13 Пронин Г.Н. Об этнической принадлежности жальников (опыт ретроспективного анализа) //Археологические памятники Европейской части РСФСР. Погребальные памятники. Москва, 1988. С. 13, 19—20, 25—26, 29, 42.
14 Гл. артыкулы ў Lietuvos archeologija. Vilnius, 1988. Kn. 6; Lietuvos archeologija. Vilnius, 1995. Kn. 11.
15 Зайкоўскі Э.М. Раскопкі каля Радагошчы // Гістарычна–археалагічны зборнік. Мінск, 1995. № 7. С. 137.
16 Зверуго Я.Г. Верхнее Понеманье в ІХ—ХІІІ вв. Минск, 1989. С. 30—37.
17 Іоў А.В. Этнічны склад насельніцтва Заходняга Палесся ў Х—ХІІІ стст. (па матэрыялах сельскіх паселішчаў) // Старонкі гісторыі Беларусі. Мінск, 1992. С. 25—36.

змест