Чалавек. Этнас. Тэрыторыя. Праблемы развiцця заходняга рэгiена Беларусi: Матэрыялы мiжнароднай навукова–практычнай канферэнцыi. Брэст, 23–24 красавiка 1998 г. Частка II. Брэст, 1998. 338.

У красавіку 1998 г. у Берасцейскім дзяржаўным універсітэце прайшла міжнародная канферэнцыя, прысвечаная самым розным аспектам развіцця заходняга рэгіёну Беларусі. Матэрыялы канферэнцыі выдадзены дзвюма кнігамі. Публікацыі па гістарычнай тэматыцы ўвайшлі ў другую частку, якая складаецца з трох раздзелаў: «Гiстарычныя шляхi развiцця заходнiх зямель Беларусi ад старажытнасцi да пачатку XX ст.» (21 артыкул), «Этнасы заходняга рэгiёна Беларусi: гiсторыя i культура ў XX ст.» (34 артыкула), «Гiстарыяграфiя i крынiцазнаўства заходняга рэгiёна Беларусi» (11 артыкулаў).

Матэрыялы першага раздзела прысвечаны археалогiі, этнаграфiі i ранняй гiсторыі Заходняга Палесся. Сярод самых значных тут — публікацыя С.Жлобы пра задачы даследавання рэгіёну. Кранаючы праблему этнічнай прыналежнасцi заходніх палешукоў, аўтар паслядоўна асвятляе тры асноўныя меркаваннi: гэта — украінцы; беларусы; асобны этнас. Звяртаецца ўвага на iстотныя адрозненні ў абраднасцi памiж Усходнiм i Заходнiм Палессем, разглядаецца пытанне саманазвы мясцовага насельніцтва. Аўтар выказвае меркаванне аб наяўнасцi рысаў першапачатковага этапу этнагенэза.

Добрае ўражанне застаецца ад працы па дэмаграфii яўрэяў Гарадзенскай губернi на падставе кагальных запiсаў 1840 г. (В.Сабалеўская, В.Волкаў). Праўда, на мой погляд, даследчыкі не дастаткова крытычна паставіліся да крынiцы. Вывучэнне дадзеных па полавай структуры насельніцтва павiнна б насцярожыць аўтараў i прымусiць яшчэ раз задумацца над спецыфiкай крынiцы.

Вынікі перапiсу 1897 г. па Гарадзенскай губерні прааналізаваны П. Корневым і У.Здановiчам. У публікацыю ўведзена зручная таблiца з размеркаваннем этнасаў па ўездах. Аўтары звяртаюць увагу на цесную карэляцыю памiж канфесiйнай прыналежнасцю апытаных беларусаў i іх пiсьменнасцю. Без малога 1/3 беларусаў былі каталiкамі, з iх больш за 1/3 — пiсьменныя, у той жа час сярод праваслаўных беларусаў пiсьменных было ў 2 разы менш.

Матэрыялы другога раздзелу звяртаюць увагу на некаторыя малавядомыя моманты гiсторыi Заходняй Беларусi, такія, як аграрная палiтыка акупантаў пад час першай сусветнай вайны (Т.Бабкоў), нацыянальныя працэсы ў пераважна яўрэйска–польскай Горадні 1919—1920 г. (Т.Чарнякевiч), станаўленне пратэстантызму ў Палескiм ваяводстве ў 1918—1931 г. (Т.Пiсарук), яўрэйскi гандаль i прамысловасць у Палескiм ваяводстве ў мiжваенны час (Шэпецюк В.В.), першачарговыя мерапрыемствы новай савецкай улады ў Кобрыне (М.Бодак), пасляваенная калектывiзацыя на Кобрыншчыне (Н.Белавус), дзейнасць юдэнратаў у 1941—1942 г. (Я.Розенблат), гандлёва–прамысловае жыццё Берасця ў 1941—1944 г. (С.Бялоцкая) i iнш. Шмат аўтараў пры асвятленнi гаспадарчых цi палiтычных праблем закранаюць этнiчныя пытаннi.

Артыкул Я.Е.Мiлеўскага прысвечаны этнiчнай структуры паўднёва–ўсходніх земляў ІІ Рэчы Паспалітай. Ён спецыяльна спыняецца на праблеме «палешукоў» (так афiцыйна акрэслівалi «тутэйшых») i планы ўрада па стварэнню з iх клiна памiж украiнцамi i беларусамi.

Асобна варта адзначыць артыкулы аб станаўленнi элiты на новых савецкiх землях. А.Пятроўская і Я.Лiцвiновiч раскрываюць прычыны «дэмаграфiчнага выбуху» 1939—1941 г. у Берасці. Тады, пры норме штогадовага натуральнага прыросту ў 2,6%, насельніцтва горада павялічылася на 10% за кошт мiгрантаў. Працягваючы тэму, А.Бодак піша пра мэтанакiраванае фармаванне неаўтахтоннай элiты пераважна за кошт мiгрантаў у першыя пасляваенныя гады. Інструментам такой палітыкі была ратацыя кадраў, у вынiку чаго выціснутымі на другi план апынуліся нават былыя савецкiя партызаны — этнiчныя беларусы.

У трэцiм раздзеле найбольшую цікавасць выклікае статыстычнае даследаванне этнiчнага складу насельнiцтва Гарадзенскай губернi ад пачатку ХІХ ст. да 1860–х г. (С.Токць). Аўтар разглядае пытанні крытэраў аднясення да таго ці іншага этнасу (мова цi канфесiя i г.д.), уплыву перапiсчыкаў i чыноўнiкаў на канчатковыя фармулёўкi сабраных звестак у дакументах («западно–россы» нiзавых чыноўнiкаў i «беларусы» губернскiх чыноўнiкаў). Агляд пачынаецца з С.Плятэра (1825 г.) i працягваецца да трывалага замацавання ў 1860–х г. тэрмiна «беларусы». Робiцца выснова, што царская адмiнiстрацыя з 1860–х г. свядома ўводзіла этнонiм «беларус», не зважаючы на тое, што ён не выкарыстоўваўся як саманазва беларусамi Гарадзенскай губернi.

Вельмi цiкавы таксама артыкул па праблеме вызначэння этнiчнай прыналежнасцi насельнiцтва тэрыторыi Заходняй Беларусi ў гiстарыяграфii «западно–руссизма» (А.Лiцвiнскi). Аналіз прынцыпаў П.Баброўскага дае магчымасць зразумець, як выпрацоўваліся крытэры перапiсу 1897 г., калі за аснову нацыянальнай ідэнтыфікацыі была прынята мова, i як спрацаваў механiзм знiкнення саманазвы заходнiх беларусаў «лiцвiн».

 

Менск Iван Сiнчук

змест