МIРАНОВIЧ, ЯЎГЕН. Навейшая гiсторыя Беларусi. Беласток, 1999. 270.

Кнiга прысвечана гiсторыi Беларусi ад раздзелаў Рэчы Паспалiтай да сённяшнiх дзён. Напiсана яна гiсторыкам–беларусам, якi нарадзіўся і жыве ў Польшчы. Аўтар меў магчымасць выдаць сваю працу коштам польскай дзяржавы, хоць яе колішнюю палiтыку ў дачыненнi да беларусаў паказвае не заўсёды дабрадзейнай (с.42, 79, 158). Другая асаблiвасць кнiгi ў тым, што аўтар падрабязна разглядае становiшча заходнебеларускiх земляў у Польшчы, заходнебеларускую спецыфiку. Гэтую працу можна назваць своеасаблiвым расследаваннем падзелу беларускiх земляў у 1921 г., утрымання Заходняй Беларусi ў складзе мiжваеннай Польшчы i яе iнкарпарацыi ў Савецкі Саюз. Пры гэтым у якасцi «следчага» ўпершыню выступае не савецкi гiсторык, не прадстаўнiк польскай дзяржаўнiцкай iдэалогii, а беларускi даследчык еўрапейскага кругагляду. Аўтар, паміж іншага, лiчыць, што тэзiс аб неiснаваннi беларусаў у 1920—30–х г. быў загубным для польскай дзяржавы (103), а найважнейшым вынiкам iнкарпарацыi Заходняй Беларусi ў СССР стаў канчатковы разрыў з традыцыяй Вялiкага Княства Лiтоўскага (184).

Трэцяя асаблiвасць кнiгi ў яе засяроджанасці на палiтычнай гiсторыі ХХ ст. (на ўсё ХIХ ст. з 270 старонак адведзена 13). I гэта апраўдана, бо дазваляе ажыццявiць першы грунтоўны адбор нацыянальна значных падзей гэтага стагоддзя. Ствараецца iх дастаткова поўны рэестр. Сабраныя разам, яны робяць нашую найноўшую гiсторыю адчувальнай. Часам апiсанне набывае амаль рэпартажны характар (апошнi раздзел). Асабліва цiкава выкладзены перыяд НЭПа (50–63). У аўтарскай падачы патроху знiкае хаос нядаўняй гiсторыi i пачынае праглядацца пэўная логiка гiстарычнага развiцця.

Усё гэта можа ўсцешыць чытачоў з Беларусi, хоць кнiжка, вiдавочна ж, прызначаецца для беларускага насельнiцтва Польшчы. Але далёка не ўсім застанецца задаволены чытач. У кнiзе няма нiводнай карты, нiводнай iлюстрацыi. Адсутнiчае гiстарыяграфiчны агляд, спiс крынiц i лiтаратуры. Спасылка на крынiцу ў тэксце падаецца толькi ў адным месцы (158). Сустракаюцца стылiстычныя хiбы і фактычныя памылкi. Так, НЭП абвешчаны ў 1921, а не ў 1923 г. (54). Iнбелкульт ператвораны ў АН БССР не ў 1926, а ў 1929 г. (61).

Пры той вялiкай увазе, якая аддаецца беларускаму нацыянальнаму руху, часам дапускаецца хутчэй, праўдападобна, ненаўмыснае прынiжэнне яго вартасцяў. Дастаткова прыгадаць толькi два прыклады. БНР падаецца пераважна ў іпастасі iдэi, і выказваецца сумненне, што яна iснавала як рэальная палiтычная з’ява (5,36). Выходзiць, iдэя стварэння суверэннай беларускай дзяржавы засталася на паперы i нiяк не паўплывала на палiтыку нямецкiх i камуна–расiйскiх акупацыйных уладаў? Дасягненне нашай краiнай незалежнасцi ў 1991 г. трактуецца як вынiк перамен у Расii i мiжнароднай кан’юнктуры. Заслуга грамадзян Беларусi не прызнаецца ўвогуле (7). Выходзiць, у Беларусi зусiм не iснавала апазiцыйнага руху i ён зусiм не спрычынiўся да развалу бальшавiцкай iмперыi, да абвяшчэння Рэспублiкi Беларусі, да ўзаконьвання бела–чырвона–белага сцяга i герба Пагонi, да прыняцця закона аб беларускай мове як дзяржаўнай i г.д.? Нiбыта ўвогуле «канец Ялты» ў Еўропе не быў абумоўлены пераменамi ў Расii i мiжнароднай кан’юнктурай?

Апошнiм часам у польскай гiстарыяграфii пераважаюць песiмiстычныя ацэнкi беларускага рэзістансу. Не пазбег iх i аўтар. Але цяперашняя безвынiковасць нашага супрацiўлення не ёсць падставай для празмерна крытычных ацэнак падзей мiнулага. Беларуская нацыянальная элiта нiколi не прыпыняла змагання за незалежнасць Айчыны i заўсёды плацiла за гэта самай дарагой цаной — сваiмi жыццямi. Дарэчы, Яўген Мірановіч да найгалоўнейшых стратаў II сусветнай вайны адносiць страту беларускай нацыянальнай элiты (166).

Кнiга Я. Мiрановiча кладзе пачатак нармальнаму асэнсаванню нашай найблiжэйшай гiсторыi. Яна прымушае шмат пра што задумацца, у тым ліку пра вынiкі стагоддзя, пра выбар далейшага шляху Беларусi i ролю ў гэтым Заходняй Беларусі.

Захар Шыбека
Менск

змест