Mediaevalia Ucrainica: Ментальність та історія ідей. Київ. Том 1. (1992). 121; Том 2. (1993). 136; Том 3. (1994). 132; Том 4. (1995). 125; Том 5. (1998). 127.

Новае перыядычнае выданне Украіны, прысвечанае даследаванням сярэднявечнай свядомасці, стала адной з праяваў найноўшых плыняў усходнееўрапейскай гістарыяграфіі. Mediaevalia Ucrainica — украінскі аналаг вядомаму маскоўскаму «Одиссею». У першым томе рэдкалегія акрэсліла, што ў фокусе ўвагі яе публікацый будуць «катэгорыі штодзённай культуры і элітарныя тэорыі, візантыйска–праваслаўныя і еўрапейска–лацінскія карані ўкраінскай думкі». Хоць спачатку нідзе спецыяльна не пазначалася, якімі мусяць быць храналагічныя рамкі Сярэднявечча, з публікацый ужо першага тома вынікала (бо шэраг артыкулаў ахапляў ХVII—XVIII ст.), што яно разумеецца тут па–«аналаўску», у канцэпцыі доўгатрываласці. У 2 томе рэдактары Аляксей Талочка і Наталля Якавенка спецыяльна зазначылі, што яны трымаюцца «доўгага Сярэднявечча», якое «ва ўмовах Украіны ахапляла ледзь не ўсё ХVІІІ ст.». Такая ўстаноўка вытрымана і ў наступных нумарах.

За сем гадоў існавання новага выдання выйшла 5 тамоў. У кожным нумары рэдакцыя змяшчала па 6—8 арыгінальных артыкулаў (публікацыі іншага жанру, у тым ліку т.зв. «малога», выключаліся, менавіта таму выданне бліжэй да перыядычнага зборніка, прысвечанага адной тэматыцы, чым да ўласна часопіса). Разам у пяці выпусках апублікавана 34 даследаванні гісторыкаў не толькі з Украіны (сярод якіх на першым месцы вучоныя з Кіева і Львова), але і з Польшчы, Расіі, Канады, Балгарыі ды Літвы.

Можна адчуць, што душой перыёдыка Mediaevalia Ucrainica з’яўляюцца яго пастаянныя рэдактары Аляксей Талочка і Наталля Якавенка. У першым жа томе сваімі даследаваннямі, прысвечанымі стэрэатыпам успрымання (Талочка — «„Образ чужинця“ в картині світу домонгольскої Русі»; Якавенка — «„Чоловік добрий“ і „чоловік злий“: з історіі ментальних установок в Україні–Русі кінця ХVІ – середины ХVІІ ст.»), якія сталі ўжо класічнымі, яны задалі кірунак выдання і прыкладны стандарт публікацый, узняўшы планку патрабаванняў на ўзровень дабротнага акадэмізму. Другі раз Н.Якавенка выступіла з артыкулам «Символ „Богохранимого града“ у київській пропаганді 1620—1640–х років» (Т.4), змешчаным таксама ў варшаўскім часопісе «Barok», а яе калега А.Талочка апублікаваў у Mediaevalia Ucrainica тры сваіх даследаванні. У другім томе ў артыкуле «Смерть митрополита Константина (до розумення давньоруськой модели святості)» ён вызначае семантыку смерці мітрапаліта, цела якога ў Чарнігаве ў 1159 г. працягнулі праз увесь горад і выкінулі сабакам. Аўтар бачыць у гэтым традыцыю рытуальнага здзеку з цела памёршага; такая смерць была элементам мучаніцтва і святасці. Урэшце, у 3–м томе А.Талочка аналізуе сярэднявечны комплекс уяўленняў пра дзяржаву і княскую ўладу, адзначаючы, сярод іншага, што вобраз князя старажытнай Русі адпавядаў вобразу святога–пакутніка; улада належала не аднаму князю, а цэламу княскаму роду, і ўладанне Рурыкавічаў уяўлялася еўхарыстыяй («Образ держави і культ володаря в давній Русі»).

У сціслай інфармацыі немагчыма сказаць пра кожную публікацыю перыёдыка, таму абмяжуюся найбольш арыгінальнымі з майго пункту гледжання, каб чытач мог атрымаць уяўленне пра характар і спектр публікаваных даследаванняў. Так, у вельмі цікавым артыкуле «До питання про барокову ментальнісць украінців», апублікаваным у 1 і 3 тамах, Леся Доўга (Кіеў) аналізуе трактаты вучоных Кіева–Магілянскай акадэміі (Г.Каніскага, С.Каліноўскага, С.Кулябкі, Ф.Пракаповіча і інш.), даследуючы маральна–эстэтычныя погляды чалавека ХVІІ — пачатку ХVІІІ ст. і яго ідэалы. У артыкуле «Эцюд про русів: текст матеріальності і модель культури» (Т.3) Фёдар Андрашчук (Кіеў) прыходзіць да думкі, што «русы» былі генетычна звязанай са Скандынавіяй этнаграфічнай групай, занятай міжкантынентальным гандлем. Яе афармленне адбылося пад вялікім уплывам славян. У археалагічных матэрыялах іх супольні найбольш адпавядае «дружынная» пахавальная культура ІХ—Х ст.

Асабліва змястоўным падаўся 5 том выдання. Зноў хацеў бы адзначыць найбольш адметныя публікацыі. Аляксандр Хорашаў (Масква) у артыкуле «Новгородская Святая София и псковская Святая Троица по летописным данным (из истории местных патрональных культов)» прасочвае пашырэнне і замацаванне культа св. Сафіі ў свядомасці наўгародцаў. Параўноўваючы яго з культам св. Тройцы ў Пскове, аўтар даводзіць, што шматлікасць мясцовых культаў у старажытнай Русі была не праявай сепаратызму, а звычайнай для Сярэднявечча з’явай: мясцовы культ тады ўспрымаўся як сімвал уласнай дзяржаўнасці. Ігар Мыцько (Львоў) рэканструюе папулярныя культы сярэднявечнай Украіны — культ Багародзіцы, св. Мікалая, св. Юрыя, св. Ануфрыя, св. Параскевы, св. Варвары і св. Кацярыны Александрыйскай, прасочвае абставіны іх з’яўлення і пашырэння («До проблеми становлення популярних християнських культів в Україні»). Надзвычай цікавы тэкст змясціла Наталля Старчанка (Кіеў) «Публічність як домінанта культурної традиції (Волынь другої половини XVI ст.)», якая, аналізуючы архіўныя матэрыялы, на прыкладзе сямейных адносін у шляхецкім асяроддзі і адносін паміж панам ды слугой паказвае ўмоўнасць размежавання на «прыватнае» і «публічнае»; даследчыца робіць выснову, што асноўным рэгулятарам паводзінаў людзей канца ХVІ ст. было «публічнае». Валеры Зема (Кіеў) у гэтым жа томе аналізуе ўвасабленне традыцыі сярэднявечных адносін да слова–мовы–кнігі ў творах Івана Вышэнскага («Середньовічна традиція слова, мови та книги в творах Іоана Вишенського»), а Анатоль Момрык (Кіеў) даследуе ўплыў біблейскай генеалогіі на творы сярэднявечных храністаў («Біблійна генеалогія в етногенетичних концепціях польских та українських літописців і хроністів»).

З Mediaevalia Ucrainica актыўна супрацоўнічаюць і польскія вучоныя. Рышард Лужны (Кракаў) у публікацыі «Релігійна публіцистика Іпатія Потія в розвитку Староруської традиції» (Т.2) разглядае два творы кіеўскага уніяцкага мітрапаліта — «Poselstwo do Papieza Rzymskiego Syksta ІV» i «Parenetyku jednego do swej Rusi», абставіны стварэння, стылістыку і прыхаваны сэнс гэтых помнікаў. Вальдэмар Дэлюга (Варшава) у тым жа нумары, даследуючы ўкраінскія эмблематычныя выданні, паказвае, наколькі літаратурна–мастацкія густы выхаванцаў Кіева–Магілянскай акадэміі былі блізкімі польскай культуры («Kijowskie druki emblematyczne XVII i XVIII–wiecznych wydan polsko– i lacinskojezycznych»). У пятым томе Пётр Борак (Кракаў) разглядае біблейскую генеалогію русінаў, прапанаваную Стрыйкоўскім, звяртае ўвагу на акцэнтаванне храністам гераічных чыноў князёў Русі; аўтар бачыць за імі імкненне Стрыйкоўскага інтэграваць Русь у «сармацкія» каштоўнасці шляхты; кажа, што на прыкладзе велічы і надышоўшага следам заняпаду Русі Стрыйкоўскі перасцерагаў сучаснікаў ад унутраных рознагалоссяў («Rus w KRONICE Macieja Stryjkowskiego»). Аналізу польскіх хронік прысвечаны і артыкул Агнешкі Ўрублеўскай (Люблін) «Wiara Rusinow zamieszkujacych Rus Halicko–Wlodzimierska w opinii polskiej historiografii okresu sredniowiecza i renesansu». Аўтарка паказвае, што да хронікі Яна Длугаша не назіраецца асаблівай розніцы паміж верай русінаў і каталікамі. Толькі ў Длугаша праваслаўныя сталі «схізматыкамі» і «бязбожнікамі», а пазней, у хроніках Кромера, Мехавіта і М.Бельскага, іншаверцы зноў успрымаліся талерантна, у адпаведнасці з рэнесансавым светаглядам.

З Літвы на старонках Mediaevaliі змешчана публікацыя заўчасна памёршага таленавітага гісторыка Эгідзіуса Банёніса (Вільня) «Литва XV в.: Ощущение многообразия окружающего мира» (Т.3) (гэта перадрук яго рэферату з «Нашага Радаводу», у якім змешчаны матэрыялы міжнароднай канферэнцыі ў Горадні 1992 г.). Даводзіцца канстатаваць, што з бліжэйшай да Кіева Беларусі ў гэтае выданне не патрапіў ніводзін артыкул. Зрэшты, і ў самой Беларусі вартыя ўвагі даследаванні падобнай тэматыкі пакуль невядомыя.

Лёгка заўважыць, што выдаваць такі перыёдык было няпроста. Склад рэдакцыйных органаў Mediaevalia Ucrainica часта мяняўся, яго афіцыйныя выдаўцы — таксама. Першы том выйшаў за дзяржаўныя грошы і з грыфамі інстытутаў АН Украіны, чацвёрты выдавала Міжнародная асацыяцыя ўкраіністаў, а з пятага наогул зніклі грыфы акадэмічных інстытутаў: перыёдык стаў выданнем грамадскага аб’яднання Таварыства даследнікаў Цэнтральна–Усходняй Еўропы. У першых выпусках змяшчаліся рэзюмэ па–ангельску і па–руску, чацьвёрты выйшаў наогул без іх, а пяты зноў у першапачатковым стандарце. Затое як абранага тэматычнага кірунку, так і ўзроўню рэдакцыя не мяняла.

Несумненна Mediaevalia Ucrainica ёсць адной з самых яркіх з’яваў сучаснай украінскай гістарыяграфіі, перыёдыкам, патрэбным не толькі гісторыкам Украіны. Хацелася б, каб яго выданне стала больш стабільным ды інспіравала даследаванні па гісторыі ментальнасці ў Беларусі.

Генадзь Сагановіч
Менск

змест