Беларуская мова. Redaktor naukowy Aljaksandr Lukasanec, Mikalaj Prigodzic, Lidzija Sjameska. Opole, 1998. 293.

Ідэя гэтай кнігі нарадзілася за межамі Беларусі. У верасні 1992 г. на канферэнцыі «Славянскія мовы ў адносінах да сучасных зменаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе» ў Аполе польскі лінгвіст Станіслаў Гайда ініцыяваў агульнаславянс кую даследчую праграму «Сучасныя змены ў славянскіх мовах». У 1993 г. ідэя праграмы і яе арганізацыйныя контуры канчаткова акрэсліліся на ХІ Міжнародным з'ездзе славістаў у Браціславе і на першай з будучых штогадовых сустрэч выканаўцаў праекта ў Аполе. Так быў запушчаны механізм, вынікам дзейнасці якога стала падрыхтоўка і выданне шэрагу кніг пад агульнай назвай «Найноўшая гісторыя славянскіх моў». Беларускі том выйшаў з друку акурат напярэдадні леташняга з'езда славістаў у Кракаве; раней у дадзенай серыі былі апублікаваны манаграфіі, прысвечаныя сербскай, балгарскай, рускай, сербалужыцкім, чэшскай, славенскай, славацкай і харвацкай мовам.

Далучыўшыся да рэалізацыі гэтага праекта, беларускія навукоўцы сутыкнуліся з цэлым шэрагам праблем. Паваенная гісторыя беларускай мовы (зрэшты, як і ранейшая) моцна насычана ідэалагічным зместам, у значнай ступені абумоўлена «знешняй», сацыяльнай гісторыяй, а беларускія мовазнаўцы, бадай, заўсёды былі схільныя не ўлічваць гэтую «нязручную» акалічнасць. Незразумела было, якія навуковыя ўстановы павінны былі стаць інстытуцыянальнай базай для выканання праекта. Здавалася б, такой базай маглі б быць аддзелы гісторыі беларускай мовы і сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі. Аднак у аддзеле гісторыі беларускай мовы з 60-х г. даследаванне мовы савецкага перыяду зусім не праводзіцца, а ў аддзеле сучаснай мовы (з 1965 да 1992 г. яго ўзначальваў М.Бірыла) не сфармавалася колькі-небудзь значная навуковая школа. У выніку на пачатковым этапе рэалізацыі праекта асновай даследчыцкіх рэсурсаў стала кафедра беларускай мовы Белдзяржуніверсітэта. Можна здагадвацца, што гэты этап для беларускіх выканаўцаў быў надзвычай цяжкі. У нейкі момант універсітэцкія кіраўнікі праекта ўбачылі, што пастаўленая задача не можа быць выканана без прыцягнення дадатковых сілаў. Так у 1997 г. (праз чатыры гады пасля пачатку працы і за паўтара года да яе завяршэння) да распрацоўкі манаграфіі далучыліся навукоўцы Інстытута мовазнаўства, якія, між іншым, падрыхтавалі больш за палову агульнага аб'ёму кнігі. Такім чынам, суаўтарамі манаграфіі сталі Мікалай Прыгодзіч, Лідзія Сямешка, Ірына Шкраба, Таццяна Рамза, Віктар Красней (Белдзяржуніверсітэт), Аляксандр Лукашанец, Аляксандр Крывіцкі і Лілія Выгонная (Акадэмія навук). Цікава будзе заўважыць, што манаграфіі па іншых славянскіх мовах рыхтавалі значна большыя калектывы: так у напісанні сербалужыцкага тома ўдзельнічалі 15 чалавек, а харвацкі падрыхтаваны намаганнямі 16 даследчыкаў.

Пры знаёмстве з кнігай кідаецца ў вочы значная дыспрапорцыя ў размеркаванні матэрыялу. Так, падрыхтаваныя ў рамках раздзела «Змены ў структуры беларускай літаратур най мовы» параграфы пра арфаграфію і граматычныя змены (займаюць у кнізе адпаведна 7 і 15 старонак) выглядаюць вельмі кароткімі ў параўнанні, напрыклад, з параграфамі, прысвечанымі словаўтварэнню і вымаўленню (займаюць 36 і 43 старонкі або дзве траціны ўсёй плошчы адпаведнага раздзела). Можа, за паваенныя гады ў беларускай граматыцы адбыліся значна меншыя змены, чым у вымаўленні? Невядома. Чаму Л.Сямешка, знаны спецыяліст у правапісе, напісала на гэты конт так мала? Наўрад існуюць абгрунтаваныя адказы на гэтыя пытанні. Верагодна, так атрымалася таму, што даследчыца многа сілаў аддала падрыхтоўцы іншага, некароткага і вельмі важнага раздзела, прысвечанага сацыялінгвістычным аспектам функцыянавання беларускай літаратурнай мовы; правапіс, такім чынам, давялося пасунуць на другі план. Відавочна, патэнцыял кваліфікаваных акадэмічных навукоўцаў, спецыялістаў у фанетыцы і словаўтварэнні Л.Выгоннай і А.Лукашанца стаўся дарэчы ў крытычнай сітуацыі, калі над выкананнем праекта навісла пагроза, калі ўжо не даводзілася звяртаць увагу на тое, ці будуць розныя раздзелы ўкладзены згодна з пажаданай прапарцыйнасцю. «Логіка выпадку», якая мела немалы ўплыў пад час структурнай арганізацыі кнігі, асабліва добра відаць з той акалічнасці, што ў манаграфіі адсутнічае асобны раздзел, прысвечаны лексічнаму ўзроўню, — і гэта пры тым, што якраз на прыкладзе лексікі найбольш выяўна можна прасачыць сувязь паміж развіццём мовы і развіццём грамадства.

Найбольшую ўвагу ў кнізе прыцягваюць вялікія раздзелы, у якіх аўтары мелі магчымасць паглыбіцца ў аналізаваную матэрыю больш грунтоўна. А.Крывіцкі напісаў «дыялектала гічны» раздзел, у якім, аднак, акрамя аналізу зрухаў на дыялектным узроўні ў спецыяльных параграфах ахарактарыза ваў пасляваенную моўную сітуацыю і ўплыў на моўную дынаміку нацыянальнага адраджэння 1980 — 90-х г. Аўтар паказаў сацыяльныя прычыны пашырэння ў Беларусі ў паваенныя гады рускай мовы і яе замацавання ў важных функцыянальных сферах, вызначыў спецыфіку тагачаснага двухмоўя. А.Крывіцкі даў ацэнку грамадскаму руху па адраджэнні беларускай мовы апошняга дзесяцігоддзя, які ён лічыць «самай адметнай з'явай у намаганнях беларускай інтэлігенцыі ў канцы 30-х і пачатку 90-х г. на ўсталяванне ў Рэспубліцы Беларусь яе нацыянальных культурных і этнічных адметнасцей». Аўтар акрэсліў некаторыя рысы моўнай барацьбы апошняга часу, прааналізаваў спробы рэфармаваць мову (вынікам якіх, на яго думку, стала рэгіяналізацыя граматыкі), разгледзеў намаганні стварыць палескую літаратурную мову, адраджэнне ў Беларусі польскай мовы і інш. У заключным параграфе свайго раздзела А.Крывіцкі ахарактарызаваў нядаўнія адраджэнс кія памкненні як «прагныя і бязладныя», менавіта яны, на яго думку, выклікалі ў адказ «новы рускамоўны накатны вал». Аўтар тым не менш лічыць, што будучыня беларускай мовы не безнадзейная. Перспектыва будзе залежаць у тым ліку і ад таго, ці з'явяцца беларускамоўныя гаспадарчыя структуры. Іх узнікненне дазволіла б у будучыні беларускай мове ўзрастаць натуральным чынам, а не толькі праз выкарыстанне адміністрацыйных захадаў.

У раздзеле «Беларускае літаратурнае вымаўленне» акрамя падрабязнага разгляду вымаўленчай дынамікі апошніх дзесяцігоддзяў (на якую моцна ўплываў «прэс білінгвальнага асяроддзя») Л.Выгонная спыняецца і на некаторых важных складніках моўнага развіцця, у прыватнасці, на ролі кадыфікатарс кай практыкі. Сапраўды, на працягу пасляваеннага часу беларускія мовазнаўцы знаходзіліся на «пярэднім рубяжы» барацьбы за стабільнасць літаратурных нормаў, між тым моўная практыка раз-пораз прыносіла ім непрыемныя сюрпрызы. Аўтарка нагадала пра пашыраны ў 60-я і наступныя гады феномен звароту некаторых пісьменнікаў да жывой дыялектнай лексікі, які моцна збянтэжыў тагачасных беларускіх нармалізатараў і, на думку Л.Выгоннай, нават «размываў само ўяўленне аб кадыфікацыі». Паступова выявілася, што людзі, якія крытычна ставяцца да запісаных у лінгвістычных кодэксах моўных нормаў, ёсць не толькі ў пісьменніцкім асяроддзі. У апошнія гады «нават сярод лінгвістаў узнікла рашучая нязгода пры вырашэнні як шматлікіх практычных пытанняў, так і ў самім падыходзе да праблем развіцця літаратурнай мовы». У цэлым арыентацыя часткі беларускіх мовазнаўцаў (перадусім адказных за «правільнае» развіццё моўных нормаў) у сваёй дзейнасці на рускую мову прывяла да «раз'яднанасці намаганняў пісьменніцкіх, выдавецкіх кадраў, з аднаго боку, і навукова-лінгвістычных, з другога». Л.Выгонная мае некаторыя рэцэпты развязання сучаснага клубка супярэчнасцяў. Так, яна лічыць, што куды больш уважліва трэба вывучаць рэальнае ўжыванне, што яна паказвае і на ўласным прыкладзе.

Шмат цікавых назіранняў, інтэрпрэтацый і абагульнен няў чытач знойдзе таксама ў раздзелах, напісаных А.Лукашанцам, Л.Сямешкай, В.Краснеем (аўтарам раздзела «Функцыянальна -стылявая дыферэнцыяцыя беларускай літаратур най мовы») і іншымі даследчыкамі.

Цікава, што многія аўтары кнігі палічылі магчымым для сябе ў той ці іншай ступені закрануць асаблівасці моўнага развіцця 20—30-х г. У цэлым падобнае адхіленне можна кваліфікаваць як недахоп, бо яно перашкаджае больш глыбокаму пранікненню ў сутнасць моўных зрухаў паваеннага часу. Між тым, як справядліва зазначала Л.Выгонная ў сваім дакладзе на канферэнцыі «Беларуская мова ў другой палове ХХ ст.», кожнае паваеннае дзесяцігоддзе мае «свае вельмі важныя адметныя рысы і па-свойму звязана з усімі астатнімі». Можна выказаць сумненне ў тым, што аблічча кожнага пасляваен нага дзесяцігоддзя паказана ў кнізе дастаткова выразна. Тым не менш парадаксальным чынам гаворка пра 20—30-я г. у манаграфіі, прысвечанай 40—90-м г., не выглядае надта неабгрунтаванай. Рэч, відаць, у тым, што «з'явы культурнага руху і моўныя праекты 20-х г. знаходзяцца вельмі блізка да надзённых лінгвістычных праблем 80—90-х г.» (Л.Выгонная). Сваю ролю ў выхадзе за вызначаныя храналагічныя рамкі, відаць, адыграла і тая акалічнасць, што 20-я г. у цэлым недастаткова разгледжаны ў беларускай лінгвістычнай літаратуры.

Нягледзячы на прыведзеныя крытычныя закіды рэцэнзаваная кніга ўяўляецца мне самай цікавай і змястоўнай у беларускай лінгвістычнай літаратуры апошніх гадоў. На адрозненне ад іншай мовазнаўчай друкаванай прадукцыі, якая зазвычай асвятляе прыватныя праблемы беларускай лінгвістыкі або ўвогуле з'яўляецца плёнам працы дзесяцігадовай даўнасці і нясе на сабе пячатку састарэласці, манаграфія «Беларуская мова» асэнсоўвае фундаментальныя пытанні сучаснага быцця беларускай мовы, яна напісана зусім нядаўна і рэалізуе новыя падыходы ў даследаванні гісторыі беларускай мовы. Некаторым даследчыкам (напрыклад, М.Прыгодзічу, Л.Сямешцы, І.Шкрабе, В.Краснею) у працэсе падрыхтоўкі кнігі давялося выйсці за рамкі свайго «амплуа» і распрацоўваць у значнай ступені новую для сябе матэрыю, што заўсёды рабіць няпроста. Праца ў рамках міжнароднага праекта спрыяла ўстаноўцы аўтараў на як мага больш высокі навуковы ўзровень, што садзейнічала вызваленню ад многіх стэрэатыпаў і догмаў, пашыраных у беларускай лінгвістыцы нядаўняга часу.

Чытач можа не падзяляць некаторыя выказаныя ў кнізе ацэнкі і абагульненні. Ён можа быць незадаволены наяўнасцю выразных (часам, бадай, празмерных) прыкмет індывідуальнасці ў раздзелах, напісаных рознымі аўтарамі, сэнсавай невыразнасцю некаторых выказванняў і іх стылістычнай недагледжанасцю. Чытач, аднак, можа быць пэўным, што аўтары намагаліся як найглыбей спасцігнуць моўныя працэсы апошніх гадоў і імкнуліся напісаць пра іх шчыра, без замоўчвання і эзопавай мовы. Кніга з'яўляецца першым і вельмі важным этапам у падрыхтоўцы будучай гісторыі беларускай літаратурнай мовы савецкага часу, неабходнасць распрацоўкі якой цяпер паўстае з усёй відавочнасцю і якая, будзем спадзявацца, некалі кімсьці будзе напісана.

Сяргей Запрудскі
Менск

зьмест