Белорусы / Отв. ред. В.К.Бондарчик, Р.А.Григорьева, М.Ф.Пилипенко (Серия „Народы и культуры"). Москва: Наука, 1998. 503.

Структура кнігі даволі дакладна адлюстроўвае асаблівасці беларускай нацыянальнай самасвядомасці: калі этнагенэз гэтага народа апісаны больш ці менш падрабязна, то працэс нацыягенэзу практычна не атрымаў у ёй адлюстравання — ці гэта нецікава для мінскіх даследчыкаў, ці, што больш верагодна, гэта наогул неактуальна для беларусаў. Не выпадкова ж беларуская ідэнтычнасць, як вядома, адна з самых слабых у Еўропе і СНД.

Так, у аналагічнай кнізе „Русские", якая выйшла ў той самай серыі (гл. „Ex libris НГ" ад 26.11.98), ёсць цэлы раздзел пра нацыянальную самасвядомасць і народную памяць, дзе гаворыцца пра „знакавыя" персанажы расійскай гісторыі — св. Барыса і Глеба, Івана Жахлівага, Пятра І, Суворава, Пугачова і г.д. Нічога падобнага ў кнізе пра беларусаў няма, хоць, безумоўна, што св. Еўфрасіння Полацкая, Францішак Скарына, Мікола Гусоўскі, складальнікі Статута Вялікага Княства Літоўскага, св. Апанас Берасцейскі (Філіповіч), Кастусь Каліноўскі, Янка Купала, Якуб Колас, аўтары газеты „Наша Ніва" — гэта і ёсць той шэраг, вакол якога фармавалася „беларуская ідэя" (некаторыя з гэтых імёнаў усё ж згадваюцца ў раздзеле „Нарыс этнічнай гісторыі"). Дарэчы, пра „беларускую ідэю" з гэтага выдання таксама шмат не даведаешся. Не выпадкова некаторыя даследчыкі лічаць, што ніякай адметнай ідэі ў беларусаў як народа, а ў Беларусі як дзяржавы проста не існуе.

Метадалагічнай асновай даследавання служыць распрацаванае савецкай навукай уяўленне пра паходжанне беларусаў, украінцаў і расійцаў у XIII-XVI ст. з „аднаго кораня — старажытнарускай агульнасці", якое ўзнаўляе адзін з асноўных савецкіх ідэалагічных міфаў. Міф занадта просты і схематычны, каб прэтэндаваць на вычарпальнае тлумачэнне даволі складаных працэсаў этна- і нацыягенэзу. Наогул, узнікае адчуванне, што кніга напісаная дзесьці ў сярэдзіне 1980-х г. — па меншай меры, у ёй пераважае разуменне нацыі, якое звязана з імем акадэміка Ю.Брамлея і базуецца на марксісцкіх і пазітывісцкіх перадумовах: значную частку прэтэнзій наконт таго, што ў кнізе апісальнасць дамінуе над вытлумачэннем унутранай прыроды той або іншай з'явы, можна адрасаваць не аўтарам, а савецкай этнаграфіі ўвогуле, з якой ніяк не можа „вылупіцца" постсавецкая этналогія.

З гэтай прычыны ў кнізе не аналізуюцца зусім або аналізуюцца ў малой ступені не толькі нацыянальная ідэя, нацыянальная ідэнтычнасць і нацыянальная самасвядомасць, але і этнапсіхалогія, стэрэатыпы нормаў паводзінаў, толькі адна старонка прысвечаная пахавальнаму абраду — вельмі папулярнай у сучаснай этналогіі тэме. Яшчэ менш увагі аддадзена разгляду пытання рэлігійнасці беларусаў — у раздзеле „Погляды на свет і прыроду" (!). Адтуль, у прыватнасці, можна даведацца, што на 1997 г. у рэспубліцы функцыянавалі больш за 2000 рэлігійных абшчынаў, у якіх працавалі каля 1800 „служителей культа" (менавіта так у тэксце! — А.А.).

Толькі вытанчаны чытач зможа зразумець з кнігі, што так званая старабеларуская мова — гэта тое самае, што ўкраінскія філолагі называюць „стараўкраінскай кніжнай мовай", а іх расійскія калегі — „простай мовай", або „мовай Паўднёва-Заходняй Русі".

Для этнаграфічнага абагульняльнага даследавання крыху нават дзіўна, што спецыяльнай ўвагі не аддадзена палешукам і пінчукам — рэліктавым этнічным групам, якія жывуць на большай частцы Брэсцкай вобласці і гавораць на ўкраінскіх і пераходных ад украінскіх да беларускіх палескіх дыялектах. У кнізе, як, зрэшты, і ў беларускай этнаграфіі наогул, максімальна замоўчваецца пытанне этнагенэзу палешукоў і пінчукоў, а ў раздзеле пра беларускую мастацкую літаратуру нават не згадваюцца спробы стварэння самастойнай літаратуры на палескім дыялекце.

У „Беларусах" можна вылучыць такую тэндэнцыю: усё, што тычыцца фіксацыі якіх-небудзь звестак, г.зн. тое, што з'яўляецца аб'ектам вывучэння этнаграфіі ў яе традыцыйным разуменні, выканана старанна і грунтоўна. Але ўсё тое, што звязанае з тэарэтычным асэнсаваннем этнічнай гісторыі, з філасофскім спасціжэннем нацыянальнай ідэі, магло быць напісана цікавей. Еўразійства, тэорыя этнагенэзу Л.Гумілёва, структурная антрапалогія і г.д. расчыняюць шырокія далягляды для арыгінальных штудыяў. Шкада, што аўтары гэтым не пакарысталіся. Зрэшты, такую магчымасць для інтэлектуальнага запаўнення яны пакінулі іншым даследчыкам.

У сучасных умовах, калі нацыянальнае пытанне не знікае (на што спадзяваліся шмат якія футуролагі -глабалісты), а становіцца яшчэ больш актуальным, калі нярэдкія працэсы рээтнізацыі этнасаў, што згубілі сваю ідэнтычнасць, серыя „Народы і культуры", якая развівае традыцыі вядомай у мінулым серыі „Краіны і народы", можа выконваць не толькі навукова-пазнавальную, але і карысную ў практычных адносінах ролю.

Пры ўсіх недахопах том „Беларусы", выдадзены „Навукай", мае вельмі важнае, этапнае значэнне і будзе карысны як расійскім чытачам для больш адэкватнага ўяўлення пра культурна і этнічна блізкі народ (кнігі па беларусістыцы на расійскім рынку сустракаюцца вельмі рэдка — некалькі адзінак на дзесяцігоддзе), так і чытачам у самой Беларусі — як падрабязная энцыклапецыя роднай культуры, якую паглынае назаўсёды шматводая плынь Ракі Часу.

Андрэй Акара
Масква

зьмест