Міндоўг знаёмы і незнаёмы:
погляд літоўскага гісторыка *

Новая праца літоўскага гісторыка Эдвардаса Гудавічуса прысвечана асобе Міндоўга — славутага дзеяча ХIII ст., якога бальшыня даследчыкаў прызнае стваральнікам Вялікага Княства Літоўскага. Перыяд, на які прыпала дзейнасць Міндоўга, сёння выклікае асаблівую ўвагу з боку грамадства дзвюх маладых незалежных дзяржаваў, што існуюць на колішніх абшарах ВКЛ — Беларусі і Літвы. Пра значэнне, якое надаецца першапачатковай гісторыі ВКЛ у сённяшняй Літве, сведчыць ужо ўзровень выдання гэтай кнігі — выдатная вокладка, прыгожыя форзацы, крэйдаваная папера і нават такая дробязь, як шаўковая закладка. На жаль, выданні беларускіх гісторыкаў выходзяць у значна больш сціплым выглядзе. Аднак цікавасць да пачаткаў ВКЛ на Беларусі, думаецца, не меншая. Тым больш карысна даведацца, як выглядаюць гэтыя пытанні ў асвятленні аўтарытэтнага літоўскага гісторыка.

Праца Э. Гудавічуса складаецца з 8 частак і 39 невялікіх раздзелаў, мае падрабязнае (на 7 старонках) рэзюме на англійскай мове, імянны і геаграфічны паказальнікі. У трох дадатках закранаюцца некаторыя крыніцазнаўчыя аспекты: старое пытанне пра аўтэнтычнасць славутага «Слова пра паход Ігараў» і кароткія (па адной старонцы) нататкі пра два паведамленні заходнееўрапейскіх крыніц сярэдзіны ХIII ст. наконт Літвы. Пра вельмі грунтоўны навуковы ўзровень выдання сведчыць колькасць спасылак: на 298 старонак асноўнага тэксту іх 2656, ці ў сярэднім амаль па 9 спасылак на старонцы. Да недахопаў можна аднесці поўную адсутнасць ілюстрацыйнага матэрыялу, асабліва картаграфічнага.

Першая частка кнігі, названая «Вядомы і невядомы Міндоўг», прысвечана гістарыяграфіі. Яна вызначаецца паўнатой і грунтоўнасцю (за адзіным выключэннем, на якім мы далей спынімся асобна). Аўтарам улічаны практычна ўсе істотныя працы, у якіх у той ці іншай ступені закраналіся дзейнасць Міндоўга і яе гістарычны кантэкст, у тым ліку выданні на літоўскай, нямецкай, польскай, расійскай мовах, а таксама шэраг нядаўніх публікацый В.Урбана на англійскай мове. Вельмі крытычна ставіцца Э.Гудавічус да ўсіх гістарычных канструкцый, якія выкарыстоўваюць легенды пра дзейнасць і заваёвы міфічных нашчадкаў Палямона, у тым ліку Рынгольта (Рымгаўда) — быццам бы бацьку Міндоўга. Ён не падзяляе імкненне некаторых даследчыкаў шукаць у гэтых крыніцах нейкае «рацыянальнае зерне». На яго думку, нават «калі б адбыўся цуд і знайшлася аўтэнтычная крыніца, у якой бацька Міндоўга называецца Рымгаўдам, гэта было б выпадковым супадзеннем, і нічым больш» (84).

Асаблівую ўвагу аўтар заслужана аддае творам Г.Лаўмяньскага 1 і У.Пашуты2 (у апошняга ён крытычна адзначае акцэнтуацыю на негатыўнай ролі нямецкай экспансіі). Сярод літоўскамоўных публікацый (практычна невядомых навуковай супольнасці іншых краінаў з прычыны моўнага бар'еру) найбольш станоўча ён ацэньвае працу выхаванца аўстрыйскай медыявістыкі Ю.Стакаўскаса «Літва і Заходняя Еўропа ХIII стагоддзя», выдадзеную ў 1934 г.3 На думку Э.Гудавічуса, «разам з працай Г.Лаўмяньскага яна складае вяршыню праблематыкі Міндоўга» (49). З улікам такой высокай ацэнкі літоўскім гіторыкам, магчыма, варта было б падумаць пра перавыданне гэтай працы на расійскай ці польскай мове, каб увесці яе ў больш шырокі навуковы зварот. У цэлым Э.Гудавічус лічыць, што ўзровень навуковай грунтоўнасці і аб'ектыўнасці, дасягнуты ў 1930-я г. Г.Лаўмяньскім і Ю.Стакаўскасам, наступныя пакаленні гісторыкаў не толькі не перавысілі, але нават страцілі, і сёння трэба думаць пра яго аднаўленне (84).

Завяршаецца гістарыяграфічны агляд пералікам 6 пытанняў, што былі сфармуляваны яшчэ ў 1939 г. З.Івінскісам, але да сёння не атрымалі вычэрпнага адказу: 1) ці Міндоўгу належыць вызначальная роля ў стварэнні ВКЛ; 2) якім было сапраўднае паходжанне Міндоўга; 3) дзе была сталіца яго дзяржавы; 4) праблема аўтэнтычнасці даравальных дакументаў на карысць Лівонскага ордэна; 5) калі Міндоўг быў больш шчырым — прымаючы хрысціянства ці парываючы з ім; 6) якой агульнай ацэнкі заслугоўвае ён з пазіцый сённяшняга часу. Апошняе з гэтых пытанняў Э.Гудавічус характарызуе як «вечнае» і адзначае яго сувязь з першым, чацвёртым і пятым, а таксама з праблемай міжнароднага статусу і значэння Літоўскай дзяржавы, якую, на яго думку, можна разглядаць як сёмае пытанне.

Другая частка кнігі названа «Пытанне стварэння дзяржавы». Яна прысвечана спробе тэарэтычна растлумачыць з'яўленне класавага грамадства ў Літве ХІІІ ст. Э.Гудавічус схільны разглядаць гэтую дзяржаву як вынік выключна ўнутранага развіцця літоўскага этнасу, у поўнай адпаведнасці з канцэпцыяй «натуральнай» эвалюцыі ад першабытнага грамадства да раннефеадальнага. Праўда, ён трапляе ў хісткае становішча, калі спрабуе падмацаваць гэтую думку канкрэтнымі прыкладамі. Як вядома, у крыніцах, сучасных падзеям, практычна няма звестак пра ўнутранае становішча літоўскага грамадства. Таму аўтар вымушаны экстрапаляваць у мінулае значна больш познія факты пра феадальныя адносіны ў Літве XV — XVI ст. або выкарыстоўваць тыпалагічныя паралелі з грамадствам вікінгаў. У цэлым ён паўтарае шлях, пройдзены яго папярэднікамі — У.Пашутам і асабліва Г.Лаўмяньскім. Пры гэтым параўнальна з апошнім аргументацыя Э.Гудавічуса нават звужана — ён прызнае ролю ваенных набегаў у фармаванні слоя будучых феадалаў, але не выкарыстоўвае ідэю Лаўмяньскага пра заваёвы на Русі як вырашальны штуршок да эвалюцыі рабаўнічых дружын у панавальны клас (хоць і не аспрэчвае яе). Характэрна для гэтай часткі кнігі і поўнае ігнараванне археалагічных матэрыялаў, што на сённяшнім этапе развіцця гістарычнай навукі выглядае яўна архаічна.

Трэцяя частка («Роля Літоўскай дзяржавы») змяшчае аналіз міжнародных наступстваў з'яўлення гэтай дзяржавы, што стала першай на абшарах балцкіх народаў і натуральным ядром іх палітычнай цэнтралізацыі. Гэты працэс, аднак, вельмі хутка сутыкнуўся з экспансіяй каталіцкага Захаду. Пачалося двухсотгадовае процістаянне, якое адтэрмінавала ўключэнне балтаў у лік еўрапейскіх народаў. Цікава, што яшчэ некалькі гадоў назад у свядомасці літоўскай інтэлігенцыі прасочваўся гонар за гераічны перыяд упартага адпору крыжоваму націску каталіцкай Еўропы і спробам хрышчэння Літвы. Цяпер, калі каталіцтва імкліва адраджае сваю дамінавальную ролю ў культурным жыцці літоўскага грамадства, а галоўнай палітычнай мэтай абвешчана інтэграцыя з ЕС і ўваход у НАТО, акцэнты відавочна мяняюцца. У інтэрпрэтацыі Э.Гудавічуса процістаянне набывае хутчэй трагічнае, чым гераічнае адценне. Асаблівую ўвагу ён аддае фактарам, якія ўлагоджвалі канфлікт — міжнароднаму гандлю і кантактам з нямецкімі каланістамі.

У чацвёртай частцы («Літоўская палітычная карта пачатку XIII ст.») аўтар прыводзіць вельмі дэталёвую рэканструк цыю палітычнай геаграфіі Літвы, акрэслівае ўладанні асобных князёў і дынастый. Гэтая рэканструкцыя грунтуецца на папярэдніх даследаваннях Э.Гудавічуса, часткова апублікава ных у сярэдзіне 1980-х г.4 Яна, безумоўна, выклікае цікавасць. Праўда, чамусьці няма карты, якая была б тут асабліва дарэчы. Зноў-такі яўна недастаткова выкарыстоўваюцца археалагічныя матэрыялы — у прыватнасці, звесткі пра розніцу ў пахавальных звычаях, за якімі, напэўна, стаялі нейкія племянныя адзінкі. Вырашальнае значэнне пры рэканструкцыі надаецца інтэрпрэтацыі сціслых паведамленняў крыніц, а таксама тапаніміцы.

Э.Гудавічус падзяляе пашыраны ў літаратуры погляд на ўжыванне крыніцамі назвы «Літва» ў розных сэнсах — больш шырокім (як агульны этнонім продкаў сучасных літоўцаў) і вузкім (непасрэдныя ўладанні дамінавальнага княскага роду, з якога паходзіў і сам Міндоўг). Пры лакалізацыі «Літвы ў вузкім сэнсе», ці «Літоўскай зямлі» (138-143), ён пагаджаецца з Г.Лаўмяньскім і размяшчае ўладанні «старэйшых князёў» на поўдзень ад Нальшчан, у паўднёвай частцы арэалу аўкштайцкіх гаворак і археалагічнай культуры ўсходнелітоўскіх курганоў. Пры гэтым Э.Гудавічус мяркуе, што вотчына Міндоўга займала самую паўднёвую частку гэтага абшару, непасрэдна прылеглую да старажытнарускіх княстваў, у той час як больш паўночная частка, з раёнам Вільні, належала яго старэйшаму брату Даўспрунгу, а потым верагодным сынам апошняга — Таўцівілу і Эдзвіду (Гядзвідасу). Гэты абшар быў захоплены Міндоўгам на мяжы 1248-49 г., калі адбылося выгнанне яго пляменнікаў. Гэта быў, паводле аўтара, апошні крок на шляху аб'яднання «Літоўскай зямлі» пад адзінай уладай. Раней Міндоўгам былі далучаны вотчыны іншых родзічаў, прыгаданых у дамове з валынскімі князямі ў 1219 г. Прадстаўнікі гэтага роду і іх вотчыны, на яго думку, генетычна звязаны з князямі Даўгяруціс і Сцяксіс, дамінаванне якіх у Літве на пачатку 1210-х г. адзначана ў «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага (142).

Шмат увагі аддае Э.Гудавічус пытанню пра магчымую рэзідэнцыю Міндоўга (153—163). Ён аналізуе аргументы іншых літоўскіх даследчыкаў на карысць таго, што сталіцай ужо ў той час была Вільня. На думку аўтара, важкіх доказаў на карысць гэтага не стае. Прынамсі, можна казаць пра Вільню як эканамічны (паводле археалагічных звестак) і духоўны цэнтр (легендарнае месца крэмацыі князёў у даліне Швінтарога, якое прыгадваюць беларуска -літоўскія летапісы). Э.Гудавічус дапускае нават, што раскапаныя археолагамі ў Вільні рэшткі муроў могуць належаць да катэдральнага касцёла, пабудаванага пасля хрышчэння Міндоўга. Але гэта, на яго думку, не абавязкова сведчыць пра наяўнасць там вялікакняжацкай рэзідэнцыі. Лакалізацыя Міндоўгавага замка Варута, прыгаданага ў Іпацьеўскім летапісе, таксама застаецца спрэчнай. У цэлым аўтар пакідае гэтыя пытанні адкрытымі.

Тры наступныя часткі, названыя адпаведна «Аб'яднанне Літвы», «Ад старэйшага князя да караля» і «Хрысціянскі кароль», змяшчаюць агляд звестак пра дзейнасць і жыццёвы шлях Міндоўга да 1260 г. Аўтар выкарыстоўвае практычна ўсе паведамленні пра звязаныя з Літвой падзеі, што захаваліся ў Іпацьеўскім летапісе, Ліфлянцкай рыфмаванай хроніцы, дакументах Тэўтонскага ордэна, папскай курыі і іншых крыніцах на старажытнарускай, старанямецкай, лацінскай мовах. Амаль кожнае паведамленне суправаджаецца адпаведнай цытатай з першакрыніцы на мове арыгіналу, што ператварае гэтыя часткі кнігі ў своеасаблівую хрэстаматыю.

Э.Гудавічус паказвае, што вызначальныя і незваротныя крокі да сапраўднай дзяржавы былі зроблены менавіта пад час панавання Міндоўга, адказваючы такім чынам на першае пытанне З.Івінскіса. На момант узгадкі «Літвы Міндоўга» ў Іпацеўскім летапісе ў 1238 г. ён быў, на думку аўтара, ужо старэйшым сярод прадстаўнікоў дамінавальнай княскай дынастыі, перажыўшы брата Даўспрунга і іншых родзічаў, імёны якіх папярэднічалі яго імені ў дамове 1219 г. (201). Іншыя літоўскія князі, якія яшчэ заставаліся як ва ўласна «Літоўскай зямлі», так і ў іншых княствах, былі, як лічыць аўтар, яго васаламі. Больш за тое, на падставе крыжацкіх крыніц ён прыходзіць да высновы, што на пачатку ці ў сярэдзіне 1240-х г. ужо адчуваецца падпарадкаванне Літве часткі сумежных балцкіх земляў: населенага яцвягамі левабярэжжа Нёмана, а таксама тэрыторыі селаў і куршаў — «паралельна з унутраным шырыўся знешні васалітэт літоўскай дзяржаўнасці» (204). Прыкметай дзейнасці Міндоўга як палітыка дзяржаўнага ўзроўню выглядае ў ацэнцы Э.Гудавічуса барацьба з Лівонскім ордэнам за кантроль над куршамі, якая прывяла да няўдалага нападу войска Міндоўга на замак Эмбоцен у канцы 1244 ці на мяжы 1245 г. (205-207). На ўсходзе і поўдні ў гэты самы час літоўцы абмяжоўваліся драпежнымі рэйдамі на Русь.

Наступная згадка Міндоўга ў «Ліфлянцкай рыфмаванай хроніцы» характарызуе яго як «найвышэйшага караля і ўладара Літоўскай зямлі». На думку Э.Гудавічуса, гэта «першая згадка пра Міндоўга як сюзерэна ўсёй Літвы» (207), якую ён даволі абгрунтавана адносіць да перыяду з восені 1245 да восені 1246 г. (208). Неўзабаве Міндоўг пазбавіўся і сваіх пляменнікаў, далучыўшы іх вотчыны да сваёй. Разглядаючы наступны канфлікт з Лівонскім ордэнам і Галіцка-Валынскім княствам, якія прынялі бок выгнанніка Таўцівіла і абыходзіл іся з ім як з прэтэндэнтам на пасад, Э.Гудавічус адзначае, што «прызнанне фіктыўнай палітычнай вагі Таўцівіла фактычна азначала маўклівае прызнанне рэальнай палітычнай вагі Міндоўга» (216).

Шмат увагі аддаецца ў кнізе аналізу звестак «Ліфлянцкай рыфмаванай хронікі» і дакументаў рымскай курыі, якія тычацца стасункаў Міндоўга з Захадам, адмысловай дыпламатычнай падрыхтоўкі яго хрышчэння і каранацыі. Дарэчы, у расійскай, беларускай і, у пэўнай ступені, польскай гістарыяграфіі гэтыя пытанні звычайна застаюцца на перыферыі ўвагі. Э.Гудавічус датуе хрышчэнне Міндоўга ў каталіцтва канцом зімы — вясной 1251 г. (225), а яго каранацыю — 6 ліпеня 1253 г. (237). Гэтыя крокі не толькі далі магчымасць Міндоўгу выйсці са складанай палітычнай сітуацыі, але і дазволілі маладой дзяржаве «ўмацавацца ў палітычнай сістэме Еўропы» (227). Зноў канстатуючы няпэўнасць наяўных звестак пра магчымую рэзідэнцыю Міндоўга (239), Э.Гудавічус, аднак, не толькі не спрабуе прааналізаваць, але нават не прыгадвае версію пра Новагародак як месца яго каранацыі.

Прыкладна дзевяцігадовы перыяд кіравання Міндоўга ў якасці хрысціянскага манарха атрымлівае ў кнізе станоўчую ацэнку. Шэраг пагадненняў з Ліфлянцкім ордэнам, у тым ліку саступленне на яго карысць вялікіх тэрыторый, разглядаюцца як вымушаная, але ў цэлым апраўданая мера. Аўтар лічыць, што ініцыятыва далейшай барацьбы з крыжакамі належала паганскай арыстакратыі, асабліва падкрэсліваючы ролю ваеннага правадыра Жамойці Альменаса (262-281). Э.Гудавічус не спрабуе правесці ніякіх аналогій з вельмі падобнай сітуацыяй пачатку XV ст., калі роля Вітаўта ў падбухторванні жамойтаў да паўстання супраць Ордэна была відавочнай. У заключнай частцы кнігі — «Балты і Еўропа» — тэма канфрантацыі з Захадам набывае яшчэ больш выразную драматычнасць. Раздзел пра разрыў Міндоўга з хрысціянствам у 1260 г. мае красамоўную назву — «Ракавы паварот». Аўтар схіляецца да думкі, што з боку Міндоўга гэты паварот быў вымушаным крокам — на гэта яго штурхала паганскае асяроддзе, якое яшчэ не было гатова да сапраўднай інтэграцыі з Еўропай.

Пэўную цікавасць уяўляе дадатак з аналізам аўтэнтычнасці «Слова пра паход Ігараў». Тут аўтар далучаецца да дыскусіі, у свой час узнятай расійскім гісторыкам А. Зіміным. Э. Гудавічус параўноўвае тэкст «Слова» з апавяданнем Іпацеўскага летапіса пра тыя ж падзеі і канстатуе супадзенне іх фабулы, прычым «рэаліі былі неістотна зменены пры стварэнні версіі „Слова" паводле версіі, прадстаўленай у Іпацеўскім летапісе, а не наадварот» (329). Вядома таксама, што стыль «Слова" мае мноства адпаведнасцяў з паэмай «Задоншчына», створанай у канцы XIV стагоддзя і, у адрозненне ад яго, вядомай у шматлікіх спісах. Усё гэта дазваляе падазраваць, што «Слова» з'яўляецца фальсіфікатам, фабула якога запазычана з летапіса, а стылістыка — з «Задоншчыны». Аднак Э. Гудавічус робіць канчатковыя высновы асцярожна. Ён піша: „Не магу сцвярджаць, што ўсё гэта дазваляе лічыць „Слова" перайманнем «Задоншчыны», але ўздымаць такое пытанне можна. З гэтага паўстае другое пытанне: якія аргументы паказваюць, што „Слова" не з'яўляецца перайманнем „Задоншчыны"?» (330). У адказ можна прыгадаць, прынамсі, славуты рэфрэн «Слова пра паход Ігараў»: «О Руская земле, уже за шеломянемъ еси!» Даследчыкі cышліся на тым, што архаічным словам «шеломянь» пазначалася града ўгоркаў, якія нагадвалі сваёй формай шлемы («шеломы»). У «Задоншчыне» гэтаму рэфрэну адпавядае загадкавая фраза: «Руская земля, то ти есть как за Соломономъ царемъ побывала». Лёгка зразумець, як старажытнае слова «шеломянь», невядомае аўтару «Задоншчыны» ці скажонае ў тым экзэмпляры «Слова», якім ён карыстаўся, ператварылася ў імя біблейскага цара Саламона. 5 І наадварот, вельмі цяжка ўявіць, як магла адбыцца адваротная змена, якая б ператварыла бессэнсоўны выраз «Задоншчыны» ў якравы паэтычны вобраз. Гэта, на нашу думку, сведчыць, што менавіта «Задоншчына» выкарыстоўвала стылістыку «Слова», а не наадварот. Дарэчы, калі «Слова» было толькі таленавітай фальсіфікацыяй, нашто яго стваральніку было амаль даслоўна запазычваць стыль добра вядомай «Задоншчыны»? Пры яго таленце можна было б зрабіць значна танчэй.

Беларускага чытача, зразумела, цікавіць у першую чаргу тое, як літоўскі гісторык асвятляе пытанне стасункаў Міндоўга з землямі сучаснай Беларусі і акалічнасці іх уваходу ў склад яго дзяржавы. На жаль, менавіта тут нас чакае самае моцнае расчараванне. Гэтая тэма падкрэслена застаецца па-за ўвагай аўтара. Асабліва гэта кідаецца ў вочы ў гістарыяграфічным аглядзе, на фоне скрупулёзнасці, з якой пералічваюцца працы папярэднікаў Э.Гудавічуса. У недасведчанага чытача можа скласціся ўражанне, што ў беларускай гістарыяграфіі (як мясцовай, так і эмігранцкай) пра эпоху Міндоўга не было напісана ні радка! Не прыгадваецца нават канцэпцыя М.Ермалові ча, хоць у свой час сам Э.Гудавічус прысвяціў палеміцы з ім падрабязную рэцэнзію на 9 старонках, пазней перавыдадзе ную ў англійскім перакладзе 6. Ствараецца ўражанне, што, выканаўшы цяжкі маральны абавязак — даць адпор М.Ермаловічу, Э.Гудавічус больш не жадае вяртацца да гэтай «агіднай» тэмы, пра якую культурнаму чалавеку быццам бы і не варта гаварыць уголас. Канцэпцыі Ермаловіча для Літвы больш не існуе, як у свой час у Савецкім Саюзе «не было сексу».

Такая хваравітая рэакцыя сведчыць не толькі пра тое, якую псіхалагічную траўму нанесла літоўскай інтэлігенцыі спроба беларускіх радыкалаў «адабраць» у іх гісторыю ВКЛ, але і пра глыбокую ўнутраную няўпэўненасць. Падсвядома нашы літоўскія калегі асцерагаюцца, што далейшае абмеркаванне гэтай тэмы прымусіць іх настолькі скарэктаваць сваю сённяшнюю пазіцыю, што гэта можа пагражаць іх нацыяналь ным інтарэсам. Аднак з псіхалогіі вядома, што спробы індывідуума ігнараваць пагрозлівую ці непрыемную сітуацыю вядуць напрасткі да неўрозу. Гэтак жа ў калектыўнай гістарычнай свядомасці яны прыводзяць да неўратычнай гістарыяграфіі — інакш нельга расцаніць поўнае ігнараванне публікацый беларускіх гісторыкаў.

Між тым М.Ермаловіч, пры ўсіх недахопах яго твораў, адрадзіў пытанне пра суадносіны балцкага і ўсходнеславянс кага кампанентаў у працэсе стварэння ВКЛ, упершыню ўзнятае дзеячамі беларускай дыяспары ў 1920—30-х г. Яго ўласны адказ на гэтае пытанне быў непрафесійным і тэндэнцыйным, што добра паказаў сам Э.Гудавічус у сваёй рэцэнзіі, але ж пытанне, тым не менш, застаецца. Яго жывучасць паказала, што стары і такі прыемны для літоўцаў погляд на пачатак ВКЛ як выключна літоўскую справу не зусім адпавядае рэчаіснасці. І каб рухацца далей наперад, трэба не заплюшчваць вочы, заганяючы праблему ў падсвядомасць, а спакойна шукаць найбольш адэкватны адказ.

Сёння можна сцвярджаць, што на Беларусі канцэпцыя М.Ермаловіча нікім з прафесійных гісторыкаў не падзяляец ца. Аднак тэзу пра тое, што ВКЛ паўстала ў выніку ўзаемадзе яння літоўскага і ўсходнеславянскага кампанентаў і ўяўляла сабой кшталт двухэтнічнага сімбіёзу, можна лічыць агульнапрынятай у беларускай гістарычнай навуцы7. Таму спроба па-ранейшаму разглядаць дзяржаву Міндоўга як факт выключна літоўскай гісторыі, прапанаваная ў працы Э.Гудавічуса, не адпавядае сучаснаму стану гістарыяграфіі. Можна было б прызнаць права на існаванне такой думкі, калі б аўтар абвяргаў ці неяк тлумачыў вядомыя факты: ужыванне кіраўнічым колам ВКЛ многіх старажытнарускіх тэрмінаў, асабліва ў сістэме кіравання; актыўны ўдзел баярства Полацка, Новагародка, Пінска ў барацьбе за ўладу над ВКЛ на баку таго ці іншага прэтэндэнта; няўдачу Данілы Галіцкага, а потым татараў завалодаць гарадамі беларускага Панямоння, якія кожны раз чамусьці зноў аказваліся пад кантролем папярэдне пераможаных літоўцаў (што сведчыць пра пазіцыю мясцовага насельніцтва), і г.д. Замест таго гэтыя факты проста не заўважаюцца.

Увогуле стасункі з праваслаўнай Руссю, якая напярэдадні татарскага нашэсця не намнога саступала каталіцкай Еўропе па тэрыторыі і культурным патэнцыяле, займаюць у кнізе непараўнальна меншае месца. Зразумела, у крыніцах няшмат паведамленняў на гэтую тэму, але ж іншыя, не лепш забяспечаныя фактамі сюжэты Э.Гудавічус аналізуе вельмі старанна. Напрыклад, пільна разглядаюцца звесткі пра гандаль з Захадам, а ролі нямецкіх каланістаў прысвечаны асобны раздзел (131 — 136). У той час славянская каланізацыя не прыгадваец ца зусім, хоць пра яе выразна сведчаць, напрыклад, археалагічныя раскопкі ў Вільні. Думаецца, калі б літоўская гістарычная навука набралася духу і прызнала нарэшце факт прысутнасці славян у Літве, яна здолела б развівацца далей значна больш прадукцыйна. Адкрылася б прастора да аналізу сапраўднай ролі міжэтнічных кантактаў, асабліва ў іх дынаміцы. Вельмі цікава было б даведацца, у якія гістарычныя перыяды археалагічная прысутнасць славян на тэрыторыі Літвы была больш ці менш прыкметнай, з якімі палітычнымі падзеямі гэты супадае, і г.д. Пакуль адказаў на гэтыя пытанні няма, уяўленне аб працэсе ўтварэння ВКЛ нельга лічыць поўным.

Тое ж тычыцца і палітычных падзеяў. Аўтар толькі канстатуе (214), але не спрабуе растлумачыць і неяк асэнсаваць падуладнасць Міндоўгу Новагародка і іншых княстваў беларускага Панямоння (дарэчы, у адносінах да іх Э.Гудавічус карыстаецца анахранічнай назвай «Чорная Русь», вядомай толькі з XVII ст., прычым яна тычылася значна шырэйшай тэрыторыі). Літоўская экспансія на Русь (якая, на думку аўтара, мела чыста ваенны характар) трактуецца ім не больш чым як імкненне атрымаць свайго роду «кампенсацыю» за тэрытарыяльныя страты на карысць крыжакоў у Жамойці (242—243, 256—257). Характэрна, што ў рэзюме, куды ўключаны найбольш важныя для аўтара тэзы, Новагародак і беларускія ўладанні Міндоўга прыгадваюцца толькі мімаходзь — у якасці яго «дамена», перададзенага сыну Данілы Галіцкага Раману і потым захопленага зноў (337, 338). Зусім не згадваецца ў кнізе рускі ваявода Астафі Канстанцінавіч, які, паводле Іпацеўскага летапісу, выконваў вельмі значную ролю ў апошнія гады панавання Міндоўга (а верагодна — і ў змове супраць яго). Ні слова не гаворыцца пра тыя перавагі, якія прынесла Міндоўгу (у тым ліку і ў чыста літоўскіх справах) улада над Новагародкам і падтрымка з боку тамтэйшага баярства.

Такім чынам, з аднаго боку праца Э.Гудавічуса ўяўляе сабой вельмі грунтоўнае, фундаментальнае даследаванне, асабліва ў дачыненні да заходняга вектара палітыкі Літвы ХIII ст. Разам з тым у асвятленні ўсходняга вектара маецца шэраг хібаў, абумоўленых непераадоленым «беларускім сіндромам» сучаснай літоўскай гістарыяграфіі.

Найбольшую цікавасць уяўляе новы погляд на Міндоўга як на няўдалага «інтэгратара» з каталіцкім светам. Ацэнка дзейнасці Міндоўга і яго дзяржавы ў агульнаеўрапейскім кантэксце (сёмае пытанне, азначанае самім Э.Гудавічусам) стварае стрыжнявы матыў яго кнігі. Праўда, не заўсёды яна з непазбежнасцю вынікае з тых фактаў, на падставе якіх грунтуецца — шмат чаго залежыць ад агульнай пазіцыі аўтара. Тое, што спрыяла збліжэнню Літвы з каталіцкім светам, амаль што аўтаматычна набывае пазітыўнае гучанне. Гэта перадвызначае і пазіцыю ў дачыненні да хрышчэння Міндоўга, яго стасункаў з Ордэнам і цэнтралізатарскіх намаганняў.

Адчуваецца, што кніга напісана не столькі прадстаўні ком інтэрнацыянальнай навуковай супольнасці, колькі менавіта літоўцам, які ўвесь час трымае ў свядомасці палітычныя актуаліі і шукае адказы з пазіцый сённяшняга дня. Гэта можна разглядаць як прыклад таго, што «кожнае пакаленне стварае сваю гісторыю». На такім фоне навуковы стыль Г.Лаўмяньскага (які імкнуўся разглядаць гістарычныя з'явы, так бы мовіць, «з пункту гледжання вечнасці» і заставацца па-за палітычнай кан'юнктурай) сапраўды застаецца не дасягнутым не толькі гістарыяграфіяй савецкага часу, але і самім Э.Гудавічусам. Які падыход лепш — пытанне дыскусійнае. Але праца Лаўмяньскага, выдадзеная звыш паўстагоддзя таму, да сёння не страціла навуковага значэння і, напэўна, захавае яго яшчэ надоўга. Безумоўна, захавае свае вартасці і агляд гістарычных падзеяў, рупліва сабраны ў кнізе Э.Гудавічуса. Аднак ён ужо прыводзіўся, хоць і не ў такім канцэнтраваным выглядзе, яго шматлікімі папярэднікамі. А вось як будуць успрымацца праз некалькі дзесяцігоддзяў уласныя інтэрпрэтацыі і высновы аўтара — сказаць цяжка. Думаецца, што час усё расставіць па сваіх месцах.

Вячаслаў Насевіч, Уладзімір Свяжынскі

* Edvardas Gudavicius. Mindaugas / Lietuvos istorijos institutas. Vilnius: Zara, 1998. 359 p.



1 Lowmiaсski H. Studja nad poczatkami spoіeczenstwa i panstwa litewskiego. Wilno, 1931. T. 1; 1932. T. 2.
2 Пашуто В. Т. Образование Литовского государства. Москва, 1959.
3 Stakauskas J. Lietuva ir Vakaru Europa XIII-me amziuje. Kaunas, 1934.
4 Gudavicius E. Bandymas lokalizuoti 13 a. lietuviu kunigaiksciu valdas // Lietuvos TSR Mokslu Akademijos darbai. A serija. 1984. T. 3 (88). P. 69-79; Гудавичюс Э. «Литва Миндовга» // Проблемы этногенеза и этнической истории балтов. Вильнюс, 1985. С. 219-229.
5 Гл. заўвагу да гэтага месца ў „Задоншчыне": Хрестоматия по древней русской литературе. — Сост. Н. К. Гудзий. — Изд. 8-е. Москва, 1973. С. 175.
6 Gudavicius E. Dar kartаvieno mito pedsakais // Ludas kultura. 1994. №5. P. 25 — 33; Gudavicius E. Following the Tracks of a Myth // Lithuanian Historical Studies. 1. Vilnius, 1996. S. 38-58.
7 Насевіч В.Л. Працэс утварэння Вялікага княства Літоўскага (ХІІІ — ХІV стст.) // Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі. Мінск, 1992. С. 54 — 63; Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага. Мінск, 1998. С. 133 — 136.

зьмест