Польска–беларуская канферэнцыя ў Белавежы

 

2—3 лiпеня 1998 г. у Белавежы адбылася чарговая пятая сустрэча навукоўцаў у рамках польска–беларускай навуковай канферэнцыi “Шлях да ўзаемнасцi” (Droga ku wzajemnosci). У адрозненне ад папярэднiх гадоў, гэтым разам кола арганiзатараў было абмежаванае выключна навуковымi ўстановамi. Былi iмi Кафедра беларускай фiлалогii Варшаўскага Унiверсiтэту i Польскае Беларутэнiстычнае Таварыства. Узначальвае iх праф.Аляксандр Баршчэўскi, якi адначасова з’яўляўся арганiзатарам канферэнцыi. Паколькi бальшыня ўдзельнiкаў канферэнцыi з Беларусi не прыехала, працягласць пасяджэнняў скарацiлася з запланаваных трох да двух дзён.

Тэма пасяджэнняў, якая традыцыйна ахоплівала польска–беларускiя культурныя сувязi ў шырокiм сэнсе, асаблiва лiтаратурныя i моўныя, гэтым разам была ўзбагачана мiцкевiчаўскай праблематыкай, што звязана з 200–годдзем з дня нараджэння паэта. Дакладчыкамi былi перад усiм лiтаратары i мовазнаўцы, але таксама сацыёлагi i культуролагi.

Аляксандр Баршчэўскi (Варшава) гаварыў пра беларускае эмiграцыйнае пiсьменства ў Парыжы ў другой палове 30–х — пачатку 40–х г. XX ст. (тэма да гэтага часу не была прадметам вялiкай зацiкаўленасцi даследчыкаў як у Беларусi, так i за яе межамi). У Парыжы ў той час выходзiлi беларускiя часопiсы “Бюлетэнь” i “Рэха”, якiя пiсалi не толькi пра жыццё беларускай эмiграцыi ў Францыi, але i пра беларусаў у тагачаснай Польшчы ды Савецкай Беларусi. Зацiкаўленасць удзельнiкаў выклiкаў узровень лiтаратурнай творчасцi беларусаў, якi пiсалi ў той час у Парыжы, дыскусiю — магчымасць iнспiрацыi iх актыўнасцi праз асяродкi, якiя мелi свае сядзiбы ў тагачасным СССР.

Выступ Яна Чыквiна быў спробай прасачыць — на ўзроўнi навуковага тэксту — працэс нараджэння новага тыпу лiтаратуразнаўчага мыслення. Аўтара цiкавiла, як яно развiваецца ў людзей бiяграфiчна звязаных з сацыялiзмам, “зрошчаных” з камунiстычнай iдэяй. Прыкладам, якi быў ўзяты для аналiзу, сталi даследчыя працы прафесара Уладзiмiра Калеснiка. Праявы новага мыслення Я.Чыквiн шукаў на ўзроўнi лiтаратуразнаўчай тэрмiналогii. А вось Нiна Баршчэўская гаварыла пра ідэю абароны беларускай мовы, прэзэнтаванай рэдактарамi эмiграцыйнай беларускай газеты “Бацькаўшчына”, якая выдавалася ў Мюнхене ў 1947–66 г. Яна заклiкала карыстацца беларускай мовай, трымацца прынцыпаў моўнага пурызму, апiсвала стан беларускай мовы ў розныя гiстарычныя перыяды. Паказвала прычыны iснуючага стану рэчаў, шукала спосабы вяртання прэстыжу беларушчыне. Рышард Радзiк (Люблiн) гаварыў пра спецыфiчнае ўспрыняцце часу цяперашнiмi беларусамi. Iх грамадскi час наогул не ёсць часам нацыянальным; ён не мае моцнага лiнеарнага вымярэння. Не праяўляецца ў афарбаванай эмоцыямi нацыянальнай актыўнасцi; не насычаны рытмам капiталiзму. Ён заглыблены ў цяперашняе. Лучыць элементы этнiчнага часу сялянскага насельнiцтва вёсак з савецкiм часам жыхароў урбанiзаванага краю. Гэта заiдэалагiзаваны палiтычны час перыядычных рэвалюцыяў, пераломаў i часам штодзённага маразму, а не рытмiчнай эвалюцыi, запланаваным i эфектыўна рэалiзаваным iмкненнем да атрымання матэрыяльных дабротаў.

Госцем канферэнцыi быў Баляслаў Хмялiньскi (Boleslaw Chmielinski), старшыня Галоўнай управы Таварыства Супрацоўнiцтва Польшча–Беларусь, арганiзацыi, што падтрымлiвае супрацоўнiцтва мiж краiнамi ў гаспадарчай, навуковай i культурнай сферы (зарэгiстравана ў 1992 г. i цяпер налiчвае каля 2 тысяч сяброў).

Тры рэфераты тычылiся мовазнаўчых праблемаў. На думку Базыля Цiханюка (Зялёна Гура), даследаваннi ўжывання формаў уласных iмёнаў маладых польскiх беларусаў дазваляюць сцвердзiць, што ў гэтай групе адбываецца моцны працэс асiмiляцыi да пальшчызны. Пра гэта сведчыць адыход ад тыповых для беларускай этнiчнай групы iмёнаў i формаў i паўсюднае перайманне iмёнаў польскiх. Альберт Барташэвiч (Ольштын) гаварыў — аналiзуючы 5–томны акадэмiчны тлумачальны слоўнiк — пра выкарыстанне элементаў (марфемаў) грэцкага i лацiнскага паходжання ў сучасным беларускiм словаўтварэннi. Дакладчык адзначыў факт развiцця тэндэнцый акцыдэнталiзацыi, галоўным чынам пад уплывам ангельскай мовы. Ядзвiга Глушкоўская (Варшава) прадставiла стан працы над “Вялiкiм беларуска–польскiм слоўнiкам”, якi павiнен налiчваць 60—70 тысяч слоў. Запланаваны двухтомавы слоўнiк можа з’явiцца не раней, чым праз 5 гадоў.

Тэрэза Занеўская (Беласток) сваё выступленне назвала “Пясняр любовi. У паэтычным свеце Рыгора Крушыны”. Гаварыла цiкава прыгожай мовай пра беларускага эмiграцыйнага паэта (1907–79), якi пiсаў свае творы спачатку ў Нямеччыне, а пазней у Амерыцы. Магдалена Мiхалоўская (Варшава) расказала пра беларускiх дамавiкоў, а Базылi Белаказовiч (Ольштын) — пра беларускiя крынiцы творчасцi Адама Мiцкевiча. Апошнi дакладчык шмат увагi прысвяцiў паходжанню паэта. Паказаў разнастайнасць поглядаў, прадстааўленых у польскiм i беларускiм лiтаратуразнаўстве ды гiстарыяграфii. Выказаўся пра крытэрыi вызначэння нацыянальнай, культурнай i рэгiанальнай прыналежнасцi тагачасных элiт гiстарычнай Лiтвы. Гэтая тэма выклiкала жывую дыскусiю.

У апошнiх выступленнях Надзея Панасюк (Варшава) гаварыла пра рэлiгiйныя матывы у сучаснай беларускай паэзii, Алiцыя Беднарчук (Кракаў) — пра Адама Мiцкевiча ў iканаграфii Нацыянальнага Музея ў Кракаве, Ян Жамойцiн (Варшава) — пра уплыў гiстарычнай спадчыны на творчасць Алеся Барскага (Аляксандра Баршчэўскага), а Сяргей Кавалёў (Люблiн) — пра паэтычную спадчыну паэта XVI ст. Цыпрыяна Базылiка.

Цiкавую iнфармацыю падаў Сяргей Габрусевiч (Горадня) у выступе “Культура як фактар трывання i развiцця этнiчных групаў”. Паводле ягоных дадзеных, у 1997/98 навучальным годзе толькi 3,7% вучняў першых класаў усiх школ Гораднi вучылiся ў беларускамоўных класах, у Менску — 7%. У Гарадзенскiм унiверсiтэце каля паловы прадметаў выкладаецца па–беларуску, але толькi адна дзесяцiгодка ў гэтым горадзе з’яўляецца поўнасцю беларускамоўнай.

Канферэнцыя завяршылася двума паведамленнямi. Наталя Марцiнкевiч (Менск) прадставiла вынiкi сацыялагiчных даследаванняў у выступе “Сучасны стан i перспектывы беларускай адукацыi ў краiнах “блiзкага замежжа”. З 34 даследаваных школаў 26 знаходзяцца ў Польшчы. Эва Раманоўская (Беласток) рэпрэзентавала меркаваннi настаўнiкаў беларускай мовы пра беларускамоўнае школьнiцтва ў ПНР.

Удзельнiкi канферэнцыi ўсведамлялi, што некаторыя з закранутых iмi праблемаў маюць не толькi навуковае вымярэнне, але выходзяць за сцены залы пасяджэнняў, кранаюць кожны дзень самiх беларусаў. Жывую дыскусiю будзiў стан нацыянальнай свядомасцi, моўнай тоеснасцi беларусаў, iх выдавецкая актыўнасць (слоўнiкi, энцыклапедыi). Гаварылi пра гаспадарку, культуру, школьнiцтва i пашырэнне пратэстантызму. У роўнай меры як пра мiнулае, так i пра будучыню Беларусi.

Люблiн

Рышард Радзiк