СтарабеларускІ лексІкон. Падручны перакладны слоўнік (Прыгодзіч, М.Р., Ціванова, Г.К.). Мінск, 1997. 174.

Аўтары гэтай працы — загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы Белдзяржуніверсітэта М. Р. Прыгодзіч і дацэнт гэтай кафедры Г.К. Ціванова — вызначылі яе як падручны перакладны слоўнік. Падручны — бо вельмі кампактны і пры гэтым утрымлівае дастаткова матэрыялу, каб разумець творы беларускіх пісьменнікаў на гістарычную тэматыку, часам перанасычаныя словамі, сэнс якіх недаступны без спецыяльнай падрыхтоўкі. У гэтым слоўніку мы не знойдзем, як у акадэмічным, сказаў–ілюстрацый з арыгінальных тэкстаў, каб прасачыць адценні значэння кожнага слова, не зможам вызначыць, калі тая ці іншая лексема з’явілася і калі перастала ўжывацца ў беларускай мове, аднак „Старабеларускі лексікон“ з поспехам можна выкарыстоўваць пры чытанні старабеларускіх тэкстаў, бо гэты слоўнік перакладны — старажытныя словы перакладаюцца на сучасную беларускую мову (увогуле ж дзяленне гістарычных слоўнікаў на перакладныя і тлумачальныя, на нашу думку, даволі ўмоўнае, кожны з такіх слоўнікаў — камбінацыя аднаго і другога).

Звычайна пры стварэнні слоўніка адной з самых складаных задач з’яўляецца адбор лексічнага матэрыялу — тых, а не іншых слоў і формаў. У „Старабеларускім лексіконе“ падаецца галоўным чынам безэквівалентная лексіка, „гэта значыць тыя словы, якім у сучаснай беларускай літаратурнай мове адпавядаюць адрозныя лексемы (с.3), напрыкл.: бакати — лаяць, згмызети — знішчыць, здвижъ — ахвяра, навентура — абнаўленне“1. Крыніцай матэрыялу паслужылі выпускі „Гістарычнага слоўніка беларускай мовы“, лексічныя зборы Лаўрэнція Зізанія, Памвы Бярынды, Пятра Шпілеўскага, Івана Насовіча, Мікалая Гарбачэўскага, навуковых даследаванняў сучасных лінгвістаў і ўласная картатэка аўтараў, складзеная на матэрыяле найбольш распаўсюджаных помнікаў беларускага пісьменства. Варта было б, на нашу думку, падаць спіс гэтых помнікаў, тым больш, што часам у слоўніку сустракаюцца спасылкі на пэўны твор (гл., напр., лицемъ). Такі спіс стаўся б карысным для выкладчыкаў гістарычнай граматыкі, гісторыі беларускай літаратурнай мовы, іншых дысцыплін пры падборы тэкстаў для заняткаў са студэнтамі.

Слоўнік утрымлівае больш за 6 тысяч слоў і выразаў. Семантыка слоў раскрываецца рознымі спосабамі: шляхам падбору адпаведнікаў (эквівалентаў) у сучаснай беларускай мове (герштъ — завадатар, нестыдатый — бессаромны, обмовца — паклёпнік); часцей перакладная частка ўяўляе сабой цэлы сінанімічны шэраг, які ўдакладняе значэнне рэестравага слова (горливе — старанна, рупліва; зголдовати — завалодаць, пакарыць, заўладаць, захапіць) або перадае сінанімічныя значэнні (звонтпелый — знявераны, расчараваны; роспачны); і, нарэшце, семантыка слова можа быць раскрыта шляхам апісання (бигосъ (бикасъ) — страва з тушанай кіслай капусты з мясам, каўбасой і вострымі прыправамі). Якраз апошні спосаб перакладу старабеларускай лексікі выяўляе вялікую колькасць слоў, якія ў старабеларускай і ў сучаснай мове фармальна супадаюць, але маюць рознае значэнне (т. зв. „фальшывыя сябры перакладчыка“): багоръ — каштоўная тканіна барвовага колеру; вата — рыбалоўная снасць; кватера — 1. квадратная або прамавугольная шыба; 2. квадрат, роўная чатырохвугольная плошча, дзялянка (і толькі трэцяе значэнне гэтага слова супадае з сучасным — ‘кватэра’); область — панаванне.

Слоўнік падрыхтаваны ўдумліва. Яго перакладная частка ўтрымлівае лаканічныя і дакладныя азначэнні, і толькі асобныя выпадкі перакладу слоў выклікаюць нязгоду. Напрыклад, даволі размытым, на нашу думку, падаецца тлумачэнне слова городовщина як від пошліны, тады як іншыя віды пошлін і падаткаў тлумачацца больш канкрэтна (параўн.: возовое — пошліна за вываз тавараў за мяжу з кожнага воза; ворковое — пошліна ад тавараў, што перавозіліся ў мяшках, дубащына — падатак за правоз тавараў на судне, якое звалася дубасам, і інш.). Здараецца, што само значэнне цяжка зразумець без дадатковых намаганняў (базановецъ — лазаніца, у гэтым выпадку дарэчы была б памета тыпу „батанічнае“). Нельга пагадзіцца з тым, што аўтары, услед за акадэмічным „Гістарычным слоўнікам“, прыводзяць устойлівыя спалучэнні тэрміналагічнага характару і фразеалагізмы пры дапамозе аднаго знака (а), г. зн. ніяк іх не размяжоўваюць, хоць гэтыя моўныя адзінкі адрозніваюцца і паводле структуры, і паводле ўжывання.

Дадатак у канцы слоўніка дапаможа неспрактыкаванаму чытачу разабрацца, як у старабеларускіх помніках абазначаліся лікі, як перавесці даты, пазначаныя ў тэкстах, у сучаснае летазлічэнне, якія былі спосабы скарачэння слоў і якія надрадковыя знакі выкарыстоўваліся ў графіцы. Важную і цікавую інфармацыю можна было б дапоўніць невялікім спісам слоў, якія часта сустракаюцца пад цітламі. Кідаецца ў вочы тое, што ў дадатку назвы літар перадаюцца бессістэмна — палова з іх традыцыйна, па–старажытнаруску, палова на беларускай мове (азъ і ведзі; глаголъ (часцей у літаратуры глаголь) і дабро; есть, зело і зямля; нашъ, онъ, червь і людзі, ксі, пакой і г.д.; гукавое значэнне літары т наогул не вынікае з яе назвы — цвёрда (традыцыйнае твѕрдо). Лагічней было б назвы ўсіх літар даць традыцыйна.

Увогуле ж выхад гэтай кнігі можна ацэньваць толькі станоўча. На наш час гэта бадай ці не адзіны даступны завершаны гістарычны слоўнік, не абмежаваны пры падборы матэрыялу ні аўтарствам, ні паходжаннем слоў, ні іншымі фактарамі. Уводзіцца ў навуковы зварот вялікая колькасць цікавых слоў, якія характарызуюць ступень развіцця тагачаснага грамадства, яго побыт і ўзровень культуры.

Менск

Алена Клімава


1 Не ўсе даследчыкі згодны з такім азначэннем безэквівалентнай лексікі. Гл., напрыклад, Шкраба І. Самабытнае слова: Слоўнік беларускай безэквівалентнай лексікі (у рускамоўным дачыненні). Мінск, 1994. С. 5–9.