Ластовский, Геннадий. История и культура Смоленщины с древнейших времён до конца XVIII в. Учебное пособие для школ Смоленской области. Смоленск, 1997. 136.

 

Кнiга Г.Ластоўскага належыць да новага для Расii жанру — гэта навучальны дапаможнiк для сярэднiх школаў, у якім разглядаецца гiсторыя асобнай вобласцi сучаснай Расiйскай Федэрацыi, у дадзеным выпадку Смаленскай. Такую з’яву можна разглядаць як адбiтак росту рэгiяналiзму ў Расii.

Наколькi правамоцна вылучаць сучасную Смаленшчыну як асобны культурны i гiстарычны рэгiён? Вобласць на памежжы найбуйнейшых дзяржаваў Усходняй Еўропы — Вялiкага Княства Лiтоўскага i Вялiкага Княства Маскоўскага, пазнейшай Расiйскай Імперыi — некалькi разоў пераходзiла з рук у рукi. Цi гаворыць гэта пра нейкую цэласнасць Смаленшчыны? З кнiгi гэтага не бачна. І паводле iншых дадзеных, Смаленская вобласць у гiсторыi трывала падзялялася на заходнюю i ўсходнюю часткi, прыкладна па лiнii верхняга цячэння Дняпра. Гэта ўсходняя мяжа “беларускай вобласцi”, як яе вызначыў у 1903 г. акадэмік Я.Ф.Карскi, маючы на ўвазе тэрытарыяльнае распаўсюджанне беларускай мовы. У гэту “вобласць” уваходзiць i сам Смаленск, i такiя старажытныя цэнтры, як Дарагабуж, Ельня, Рослаў, Красны. Па–за яе межамi, але ў складзе сучаснай Смаленскай вобласцi — Вязьма, Гжацк (Гагарын). Усходняя частка вобласцi, акрамя таго што нiколi не была “беларускай”, мела i асобную палiтычную гiсторыю. Вяземскае княства стала часткай ВКЛ толькi ў 1403 г., а ў канцы XV ст. гэта тэрыторыя ўвайшла ў склад Вялiкага Княства Маскоўскага. Аднак, нягледзячы на такi гiстарычны i культурны падзел Смаленшчыны, аўтару кнiгi ўдалося ахапiць разглядам яе ўсю, так што можна атрымаць досыць поўнае ўяўленне пра гэты край.

Адметнасцю аўтарскага падыходу ёсць тое, што не хаваецца складаная палiтычная i этнiчная гiсторыя Смаленшчыны, i беларуская тэма гучыць на старонках кнiгi досыць выразна. Тое, што заходняя Смаленшчына — край беларусаў, беларускай мовы, ведама ж, не напiсана, ды i цяжка было б такога чакаць ад “афiцыйнага” выдання, якiм з’яўляецца навучальны дапаможнiк. Напiсана крыху iнакш: “Смаленска–полацкая гаворка стане пазней асновай беларускай мовы” (гэта пра XII–XIII ст.).

Важнае месца ў кнiзе займае перыяд, калi смаленскiя землi ўваходзiлi ў склад ВКЛ. Утварэнне гэтай дзяржавы аўтар разглядае як плён узаемадзеяння лiтоўскiх i рускiх земляў i падкрэслiвае гэта ва ўведзеным ім скарачэннi — ВКЛР (Вялiкае Княства Лiтоўскае i Рускае). Што датычыць Смаленскага княства, то аўтар спярша адзначае лiтоўскiя набегi на яго тэрыторыю, аднак канчатковае далучэнне Смаленшчыны да ВКЛ пазбягае называць “захопам”. “У 1404 годзе Вiтаўт зноў заняў горад, цяпер ужо канчаткова” — прыкладна так напiсана i пра ранейшыя спробы лiтоўскiх князёў падпарадкаваць сабе Смаленск. Такi падыход трэба прызнаць узважаным i адпаведным гiстарычным крынiцам, бо i ў самiм Смаленску iснавалi “лiтоўскiя” партыi, якiя iмкнулiся да зблiжэння з ВКЛ.

З наступных падзей аўтар не прамiнуў нiводнай больш–менш важнай. На старонках кнiгi знайшлi месца i падзеi ваеннай гiсторыi, i палiтычныя стасункi, і з’явы культуры. Адзначаны ўдзел “трох палкоў са Смаленской зямлi” ў Грунвальдскай бiтве 1410 г. Самой бiтве прысвечаны цэлы раздзел. Адзначана дзейнасць у Смаленску князя Свiдрыгайлы, паўстанне ў горадзе ў 1440 г., падзеi Інфлянцкай вайны, заключэнне Люблiнскай унii. Ахарактарызаваны сацыяльны лад ВКЛ, гаспадарчае развiццё краю ў той перыяд. Праўда, тут не абышлося без некаторых недарэчнасцяў. У 1440 г. вялiкi князь Казiмiр не мог асабiста кiраваць паходам на Смаленск, бо меў на той час толькi 12 гадоў; Полацк быў захоплены войскам Івана IV не пасля аблогi 1565–1566 г., а ў 1563 г.

Далучэнне Смаленска да Вялiкага Княства Маскоўскага у 1514 г. у кнiзе асветлена як акт агрэсii з боку ўсходняга суседа. “Па загаду вялiкага маскоўскага князя смаленскiх баяр i мяшчан выселiлi ў Падмаскоўе, а ўзамен прыбылi людзi з цэнтральных зямель Масковii... ВКЛР не прызнала захоп Смаленска i вакольных зямель...”. У 1611 г. Смаленск зноў увайшоў у склад ВКЛ i быў тут да 1654 г. Аўтар ахарактарызаваў гаспадарчае i культурнае развiццё краю ў гэты перыяд досыць падрабязна, растлумачыў такiя тэрмiны, як магiстрат, войт, калегiум. На жаль, пасля сярэдзiны XVII ст. беларуская тэма знiкае са старонак кнiгi. Чаму выкладанне даведзена да канца XVIII ст., аўтар не патлумачыў. Мiжволi напрошваецца аналогiя з ВКЛ, якое таксама датрывала да канца XVIII ст. Можа, паралель гэтая выпадковая, але было б варта адзначыць у кнiзе дзейнасць Смаленскай следчай камiсii, якая пасля задушэння паўстання Тадэвуша Касцюшкi ў 1794 г. наладзiла ў горадзе карны канвеер, шчодра раздаючы беларусам, лiтоўцам i палякам колькi каму гадоў у Сiбiры.

Асобна трэба сказаць пра iлюстрацыi кнiгi. Зробленыя на высокiм узроўнi, яны не абцяжараны натуралiзмам i вельмi пасуюць да навучальнага характару кнiгi. Мастак Ю.Каштанаў грунтоўна вывучыў гiстарычныя рэалii, аднак вялiкарускiя дэталi часам падмяняюць iншыя. Чамусцi на малюнках гараджане сярэдневяковага горада збольшага абутыя ў лапцi, хоць з археалогii добра вядома, што яны аддавалi перавагу скураному абутку. Не атрымалася iлюстрацыя “Каталiцкi крыж”. Па форме ён, зразумела, каталiцкi, чатырохканцовы. Аднак каталiкi ў асноўным выяўляюць распятага Хрыста на правiслых руках, а не як праваслаўныя — на гарызантальных, i ногi Збавiцеля павiнны быць прыбiтыя адным цвiком. З гiсторыi Беларусi добра вядома, як з–за “няправiльна” прыбiтых ступняў унiяцкiя распяццi знiшчалiся праваслаўным начальствам. Шмат разоў паказаны “старажытны лiтоўскi герб „Залаты певень“”. Адкуль ён узяўся? Але i “Пагонi” пашчасцiла — яе на старонках кнiгi можна пабачыць з дзесятак разоў.

Вялiкай удачай аўтара можна лiчыць тое, што ён здолеў сказаць пра многае з дапамогай нямногiх слоў. Кнiга напiсана зразумелай i лаканiчнай мовай, і зусiм не суха. Яе варта прачытаць i аматарам беларускай гiсторыi, бо дасюль гiсторыя не абыякавай нам Смаленшчыны застаецца для беларусаў малавядомай.

Менск

Валеры Пазднякоў