Rowell, Stephen C. Lithuania ascending: A pagan еmpire within East-Central Europe, 1295-1345. Cambridge Studies in Medieval Life and Thought. Fourth series. Cambridge Universty Press, Cambridge, New York, Melbourne, 1994. XXXVIII, 375.

 

Манаграфія Стэфана Ровэла падалася мне добрым прыкладам працы гісторыка наогул. Гэта кніга пра Літву сярэднявечную для Літвы цяперашняй, праца ў меру заангажаванага ў цяперашнюю грамадска-палітычную рэальнасць вучонага, чаго ён зусім не тоіць, а нават дэкляруе (манаграфія прысвечана памяці герояў змагання за незалежнасць найноўшай Літвы — ахвярам 13 студзеня 1991 г.). Надта доўга, піша Ровэл на самым пачатку кнігі, сярэднявечная літоўская гісторыя трактавалася як tabula rasa, чакаючы, пакуль суседзі як сілы, што “цывілізавалі” Вялікае Княства, напішуць на ёй сваю славу (р.хіі) (Хіба гэта на рахунак і цяперашніх суседзяў, г.зн. і Беларусі?). Аўтар адразу ясна вызначаецца з прадметам і рамкамі даследавання, канстатуючы, што мае на мэце паказаць, “як Літва ўпершыню прыйшла да міжнароднага прызнання” (хі), і далей, каб удакладніць храналогію, адзначае, што даследуе палітычны ўздым Літвы пад уладай Гедыміна з прыгадваннем дасягненняў ягонага папярэдніка і брата Віценя (1295-1315) ды яго абранага паслядоўніка Яўнута (1342-1345) (хіі).

У прадмове знаходзім важныя агаворкі, асабліва што да тэрміналогіі. Каб неабазнанага чытача не бянтэжыла ўжыванне тэрміну “Русь” (Rus’, Rus’ian) у дачыненні да ўсходніх славянаў, аўтар тлумачыць: “Гэта бясшкодная навуковая ўмоўнасць, што пазначае абшары супольнай палітычнай, рэлігійнай і літаратурнай культуры да ўзвышэння вялікарасіянаў (Great Russians) (г.зн. маскавітаў) над іх братамі русінамі (Rus’ians) Украіны і Беларусі” (хііі). Малахарактэрную для ранейшых літуаністычных даследаванняў карэктнасць сустракаем і ў стаўленні да ўласных імёнаў. “Праваслаўныя хрысціянскія імёны не літуанізаваліся” — дэкляруе аўтар адзін з сваіх прынцыпаў. Больш за тое, са словаў вучонага, улічваючы адчувальнасць нашчадкаў большасці насельніцтва колішняга ВКЛ (цяперашняй Беларусі і Украіны) да тэрміну “Літва”, ён свядома адрознівае Літву гістарычную ад этнічнай, дзеля чаго апрача апошняй выкарыстоўвае як азначэнні проста “Вялікае Княства” і “Русь”.

Кніга складаецца з дзесяці асноўных раздзелаў. У першым аўтар дае агульную характарыстыку Цэнтральна-Усходняй Еўропе 1290-1320 г., асобна спыняючыся на канфлікце папы з імператарам, Польскім каралеўстве, Мазовіі, Ордэнскай дзяржаве, Візантыйскай супольнасці і Русі. Цэлы наступны раздзел прысвечаны аналізу крыніцазнаўчай базы, пасля чаго чытачу прапануюцца ўводзіны ў літоўскую палітычную і эканамічную гісторыю да 1315 г. Затым адпаведна разглядаюцца “Экспансія Літвы”, “Палітычная рэмістыфікацыя паганскага культу”, “Мітраполітанат Літвы”, “Паганцы, мір і папа, 1322-24”, “Найбрутальнейшая рэальная палітыка”, “1339-45: канцы і пачаткі”. Агульныя высновы падводзяцца ў заключным раздзеле “Фактары, якія спрыялі фармаванню Вялікага Княства”. У дадатку апублікаваны крыніцы па падзенню Кіева (1322-23) і спіс праваслаўных ерархаў 1283-1461 г.

Беларускія гісторыкі на ўласным досведзе добра ведаюць, як няпроста даследаваць перыяд пасля заняпаду Полацкага княства прыкладна да XVI ст. — так нехапае крыніцаў. Гэта ж стала галоўнай праблемай і для Стэфана Ровэла. Ягоная сітуацыя, можна сказаць, нават больш складаная. У адрозненне ад нарманаў, — разважае ён, падпарадкаваўшых цывілізаванае грамадства, якое фіксавала уражанні аб прыхаднях і практычны эфект сцвярджэння новага рэжыму, літоўцы прыйшлі да ўлады на абшарах, якія страцілі свае запісы. У Полацку і іншых княствах цяперашняй Беларусі пісаліся граматы, дамовы, летапісы, але ад іх мала што засталося. Калі ж пісьмовых крыніц пабольшала, літоўскія князі асіміляваліся ў русінскім грамадстве і былі гатовыя міфалагізаваць сваё мінулае (48). Аўтар тлумачыць, што з прычыны адсутнасці літоўскіх дакументаў вымушаны быў факусавацца “на ўсіх аспектах міжнародных спраў”. І, як сведчыць крыніцазнаўчы раздзел, з праблемай ён справіўся выдатна. Гэтаксама бліскуча даследчык валодае і літаратурай прадмету.

У асноўных раздзелах кнігі Літва паўстае ў эпоху палітычна-рэлігійнага крызісу як Візантыі, так і каталіцкага Захаду. Аўтар імкнецца паказаць, як яна, знаходзячыся практычна на памежжы светаў, умела выкарыстоўвала сваё выгаднае геаграфічнае становішча: маніпулявала канфесійнай канфрантацыяй паміж праваслаўнаю Руссю і каталіцкімі дзяржавамі Балтыйскага рэгіёну, манеўруючы і выкарыстоўваючы іх ваенную слабасць, нарошчвала сваю дамінацыю перад Тэўтонскім ордэнам, Польшчай і княствамі Русі. Найлепшы прыклад – ініцыятыва Гедыміна, які ў 1322 г. звярнуўся з пасланнем да рымскага папы ў справе хрышчэння, а фактычна — выкарыстаў папскую ўладу ў сваіх інтарэсах, бо ў цяжкай для Літвы сітуацыі гэта прывяло да працяглых дэбатаў і разборак таго, ці ён сапраўды жадае хрысціцца. Аналізуючы рэлігійную дыпламатыю, манеўраванне Літвы паміж Рымам і Візантыяй, аўтар паказвае ўплыў рэлігіі на палітыку. Наогул, у кнізе знаходзім адметнае, зусім нехарактэрнае для нашай гістарыяграфіі трактаванне паганства, бо яно цалкам пазбаўленае пеяратыўных канатацый, а хутчэй наадварот. Высвятляецца таксама, што яно было палітычна зручным, бо дазваляла лепей манеўраваць.

Ровэл засяроджвае ўвагу на тым, як пры Гедыміне здавалася б заціснутая суседзямі Літва ажыццяўляе актыўную экспансію і ўжо перад ягонай смерцю становіцца адной з буйнейшых дзяржаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Такое ўзвышэнне паганскай Літвы ў ХIV ст., заўважае даследчык, папросту падважвае гістарыяграфічнае ўяўленне пра гэты час як “век таталітарна хрысціянскай Еўропы”. Аўтар неаднаразова звяртае ўвагу на геаграфічныя пазіцыі Літвы. Так званыя пусткі (Wildnis, Wilderness) у разгляданы перыяд сталі натуральным адмежаваннем краю ад каталіцкай Еўропы. Дзікія лясы, балоты і азёры закрывалі яго ад тэўтонаў, татараў і Русі. Але не геаграфічны фактар галоўны ў тым, што Літва стала шчаслівейшай за яе балцкіх суседзяў і суродзічаў, цвердзіць вучоны: вызначальную ролю тут выканала яе здольнасць абараняцца і далучаць слабейшыя славянскія землі на Усходзе (291).

Чытаючы гэтую салідную працу, лёгка заўважыць адну асаблівасць: Ровэл цалкам прызнае вялікі ўплыў праваслаўнай Русі на развіццё Літвы, ды і наогул згадвае яе досыць часта, але ён імкнецца паўсюль падкрэсліць вызначальную ролю літоўскага элементу на чале дзяржавы. У выніку русінскае (беларускае і ўкраінскае) Вялікае Княства пакінуты амаль без увагі, — у выкладанні гісторыі яму проста не адводзіцца месца. Хоць і сустракаюцца канстатацыі кшталту таго, што ў часы Альгерда Літва як дзяржава была найбольш арыентаваная на Русь (116), яны амаль не змяняюць агульнай устаноўкі. І тут мне бачыцца сутнасная праблема, з якой сутыкаўся і сутыкаецца ці не кожны, хто бярэцца за гісторыю ВКЛ: бракуе выразнай вызначанасці, паслядоўнай адпаведнасці. Бо калі кніга прысвечана гісторыі ўласна Літвы, то ніякіх пытанняў не паўстане, калі ж манаграфія пра ўсё Вялікае Княства, — навідавоку выразная тэндэнцыя і непаслядоўнасць. Бо не можа ж Вялікае Княства Літоўскае трактавацца як “паганская імперыя” (гл. тытул). Ровэл і сам піша, што ў часы Гедыміна быў сцверджаны поліэтнічны і шматканфесійны характар ВКЛ. Між тым, у многіх месцах аўтар ужывае Grand Duchy, а мае на ўвазе паганскую Літву.

Магчыма, ужо адным гэтым абумоўлена дыскусійнасць некаторых раздзелаў манаграфіі. Рэч у тым, што пры ўсёй навуковай аб’ектыўнасці Ровэла, многія яго тэзы проста правакуюць на палеміку і, думаю, яшчэ выклічуць палемічныя галасы беларускіх гісторыкаў, — каб толькі аргументаваныя і ўзважаныя. Не распачынаючы гэтай спрэчкі, пазначу пакуль толькі некаторыя моманты. Так, адносна каранацыі Міндоўга, дакладней яе месца, аўтар піша, што версія Наваградку фігуруе, маўляў, толькі ў кніжнай традыцыі, тэкставай жа базы яна не мае; Г.Пашкевіч прапаноўваў лічыць рэзідэнцыяй Міндоўга Кернаву, але з такім жа поспехам ёю магла быць і Вільня (71). Дакладна ў Кернаве рэзідаваў адно Трайдзень, а Віцень мог мець за рэзідэнцыю і Наваградак, у якім узвёў касцёл. Шмат пытанняў выклікае раздзел “Экспансія Літвы”. Прыкладам, сцверджанне, што Горадня ўжо з 1250-х была ў руках літоўцаў (82). Яно нічым пераканаўча не падмацавана, а шматгадовыя археалагічныя даследаванні Старога замка ў Горадні1 хутчэй выключаюць яго, чым падмацоўваюць. Пра часы ўкняжання Таўцівіла ў Полацку і само далучэнне Полацка да ВКЛ даўно дыскутуюць даследчыкі, таму гэтая праблема вымагае прынамсі нейкіх агаворак, а не звычайнай канстатацыі адной версіі. Ня ведаю, чым пацвярджаецца, што “у канцы ХIV ст. галоўная гандлёвая магістраль Полацк-Рыга рэгулярна праходзіла праз Вільню” (78). Гэтаксама неверагоднай уяўляецца і тэза пра тое, што археалагічныя матэрыялы даюць падставу гаварыць пра існаванне Вільні як гандлёвага цэнтру задоўга да сярэдзіны — другой паловы ХIII ст. (289).

Дарэчы, абяцаная карэктнасць у выкарыстанні праваслаўных імёнаў не паўсюль вытрымана: у кнізе спатыкаем Даўмантаса, Вайшвілкаса, Шварнаса (52), хоць яны былі праваслаўныя, а апошні да ўсяго русін. Што праўда, як бы кампенсуючы гэта, Ровэл па-джэнтэльмэнску абыходзіцца з назвамі заходнебеларускіх гарадоў: у яго Grodno, Kreva, Novgorodok, а не літуанізаваныя Gardinas, Kriavas, Naugardukas, якія спатыкаем паўсюль у літоўскай гістарычнай літаратуры і картаграфіі.

Варта зазначыць, што ў бліскучым выкладзе аўтар чамусці часта выходзіць за вызначаныя храналагічныя рамкі і акрэсленую праблематыку даследавання (што тычыцца і апублікаваных у дадатку крыніц).

Аднак дробязныя заўвагі нічога не значаць у параўнанні з вартасцямі кнігі “Lithuania ascending”. Мабыць, гэта стандартная кембрыджская манаграфія, якіх шмат, але ўласна беларуская гісторыя дасюль такіх не мае. Застаецца канстатаваць, што для кожнага, хто займаецца праблемамі станаўлення Вялікага Княства Літоўскага, мінімум такіх падставовых прац, як даследаванні Генрыха Пашкевіча2, Уладзіміра Пашуты3 і Зянонаса Івінскіса4, папоўніўся выдатнай кнігай Стэфана Ровэла.

Менск

Генадзь Сагановіч


1 Трусаў А., Собаль В., Здановіч Н. Стары замак у Гродне ХI—XVIII ст.: Гістарычна–археалагічны нарыс. Мінск, 1993.
2 Paszkiewicz H. Jagiellonowie a Moskwa. I: Litwa a Moskwa w XIII i XIV w. Warszawa, 1933.
3 Пашуто В.Т. Образование литовского государства. Москва, 1959.
4 Ivinskis Z. Lietuvos istorija iki Vytauto Didziojo mirties. Rome, 1978 (Vilnius, 1991).