Марзалюк, Ігар. Магілёў у ХII-ХVIII cт. Мінск, 1998. 258.

 

Гарадская тэматыка карыстаецца папулярнасцю сярод беларускіх гісторыкаў і археолагаў. Рэгулярна з’яўляюцца выданні, у якіх асвятляюцца асобныя аспекты ці перыяды гісторыі беларускіх гарадоў. Шэрагу з іх прысвечаны спецыяльныя манаграфіі — Полацку, Мeнску, Заслаўю, Ваўкавыску, Віцебску, Берасцю, Наваградку, Горадні, а таксама Магілёву1. І вось сёлета пабачыла свет яшчэ адна праца па гісторыі Магілёва — кніга Ігара Марзалюка. Вялікі храналагічны дыяпазон, значнасць абранага аб’екту даследавання і шырокі падыход да тэмы далі магчымасць скарыстаць вялікі аб’ём крыніц: археалагічных (здабытых пераважна самім аўтарам), пісьмовых і іканаграфічных. У адрозненне ад папярэднікаў, малады даследчык звяртае ўвагу не толькі на сацыяльна-эканамічнае развіццё горада, аблічча яго матэрыяльнай і духоўнай культуры, але спрабуе таксама зрабіць рэканструкцыю некаторых рысаў ментальнасці гараджан і гарадскога побыту XVI–XVIII ст.

Кніга складаецца з прадмовы, уводзінаў, трох раздзелаў асноўнага зместу, дадаткаў і вялікай колькасці ілюстрацый.

Пачнем з назвы. Фармулёўка яе падаецца не надта ўдалай. Агульнае “Магілёў” у дачыненні да “XII–XVIII ст.” у дадзеным выпадку патрабуе тлумачэння. Магілёў — гэта горад, тэрыторыя ці што іншае? Калі горад, то які сэнс укладваецца ў гэтае паняцце? Што маецца на ўвазе пад Магілёвам ХII, ХIII ст.? Часам фігуруе нават ХI ст. Па XIV ст. крыніцаў, апроч згадкі ў “Спісе рускіх гарадоў бліжніх і дальніх”, няма наогул. Увёўшы ў назву жорсткія храналагічныя межы, аўтар звязаў сябе па руках і нагах. Па яго ўласным прызнанні, “гарадскі комплекс толькі пачынае фармавацца” ў XV ст. (с.22). Тым не менш, І.Марзалюк вымушаны звяртацца да ранейшага перыяду, нягледзячы на яўны недахоп інфармацыі або поўную яе адсутнасць. Таму невыпадкова, што ХII–ХIII ст. згадваюцца (звычайна мімаходзь) толькі ў дзевятнаццаці параграфах з сарака двух. Гэтых нязручнасцяў можна было лёгка пазбегнуць, змякчыўшы назву, у прадмове ясна акрэсліўшы аб’ект даследавання, змяніўшы структуру кнігі.

Падмурак тэмы, закладзены папярэднікамі, важкі, што цалкам адлюстравана ў гістарыяграфічным аглядзе (Уводзіны, с.5–10). Даследаваны наступныя праблемы: дачыненні насельніцтва і адміністрацыі, эканоміка (асабліва гандаль і рамесная вытворчасць), сацыяльная і канфесійная структура горада, кнігавыдавецкая справа. Трэба сказаць, што і матэрыяльная культура беларускіх гарадоў эпохі Сярэднявечча, у тым ліку і Магілёва, вывучана няблага, прынамсі дастаткова, каб не блытацца ў матэрыяле, не займацца пераказваннем ужо агульнавядомых рэчаў, інтэрпрэтаваць канкрэтны матэрыял.

У прадмове вызначана мэта аўтара: “Стварыць комплекснае, сінтэзнае даследаванне гісторыі феадальнага горада...” (3). Больш канкрэтна яна сфармулявана ва ўводзінах на старонцы 11: “Паказаць этапы гістарычнага развіцця Магілёва, ахарактарызаваць яго матэрыяльную культуру, штодзённае жыццё гараджан, важнейшыя элементы іх светапогляду”.

Як бачым, заяўленыя тэма і мэты даследавання маштабныя. Настолькі маштабныя, што шанцаў на поспех у маладога аўтара ад пачатку было няшмат, асабліва з улікам недастатковасці манаграфічнай распрацоўкі шэрагу аспектаў тэмы.

Дысанансам абвешчанай стратэгічнай мэце адразу гучаць пастаўленыя задачы — вывучыць стратыграфію, даследаваць асноўныя этапы росту, вызначыць і апісаць асноўныя катэгорыі рэчавага матэрыялу, etc. Але ў “комплексным, сінтэзным даследаванні” не месца такім задачам. Гэта рабочая кухня. Усю гэтую працу даследчык павінны быў зрабіць да таго, як сесці за пісанне такой манаграфіі. Тут трэба было ўжо не вывучаць ды вызначаць, а апераваць высновамі вывучэння і вызначэння канкрэтных фактаў і артэфактаў. Параграфы кшталту “Агульная характарыстыка культурнага слою”, пералік раскопаў з траншэямі, іх плошчаў ды квадратаў, метраў ды сантыметраў ад дзённай паверхні ці магутнасці слоя баласта ў абагульняльнай манаграфіі недапушчальныя! Тое ж тычыцца і дадаткаў 1.1 і 1.2. У дадзеным выпадку гэта нават не будаўнічы матэрыял, а сыравіна для яго. Пералік нумароў квадратаў з’яўляецца нават пры характарыстыцы забудовы горада (39).

Далёкая ад дасканаласці, на мой погляд, і структура манаграфіі. Некаторыя істотныя праблемы засталіся неасветленымі, іншыя ж звесткі і факты, прычым не першай значнасці, паўтараюцца па некалькі разоў. Няўдалая і ўнутраная структура шмат якіх параграфаў. У выніку тэкст рассыпаецца на асобныя сюжэты, не ствараецца больш–менш цэласнай карціны сярэднявечнага Магілёва.

Вось некалькі прыкладаў. Так, параграфы “Этнічны і сацыяльны склад насельніцтва” і “Канфесійнае жыццё” апынуліся далёка ззаду за характарыстыкай этнічных і канфесійных стэрэатыпаў гараджан. Сацыяльнай структуры насельніцтва варта было б прысвяціць асобны параграф і знайсці яму месца бліжэй да пачатку. Ад сацыяльнага ж стану залежалі і заняткі насельніцтва, і забудова, і ментальнасць і інш. У другім раздзеле знаходзім параграф “Культурныя сувязі горада”, у канцы якога аўтар выказвае ўпэўненасць у “еўрапейскім кантэксце як матэрыяльнай, так і духоўнай культуры Магілёва ў XVI–XVIII ст.” (66). Дык можа варта было сказаць хоць нешта пра саму культуру, перш чым пра яе кантэкст і сувязі. Аб’ектыўна ж у кнізе не прысутнічае ні культура Магілёва, ні яе кантэкст.

На жаль, прыведзеныя прыклады не з’яўляюцца выключэннем.

Цяпер звернемся да некаторых аспектаў методыкі апрацоўкі аўтарам фактычнага матэрыялу і спосабу яго падачы ў манаграфіі.

Пачнем з археалогіі, паколькі археалагічныя крыніцы выконваюць важкую ролю ў разгляданым даследаванні, а ў асобных параграфах абсалютна дамінуюць.

Аўтар нам падрабязна пералічвае хто, дзе, калі і колькі плошчы раскапаў. Паводле дадатка 1.2, у Магілёве археалагічна даследавана тэрыторыя агульнай плошчай 5708,2 кв.м. Лічба сапраўды ўражвае, бо рэдка яшчэ які горад можа пахваліцца такой вывучанасцю. Але пры гэтым аўтарам не вылучана аніводнага комплексу, хоць з тэксту і дадатка 1.1 вынікае, што яны былі (у адваротнае ўвогуле цяжка паверыць). На с.39 нам паведамляюць пра знаходкі сядзібаў залатара і гарбара. Чаму ж ні ў манаграфіі, ні ў асобнай публікацыі гэтыя сядзібы належным чынам не апісаны? Невядома, ці былі яны наогул вывучаныя. Бяздоказнай канстатацыі тут мала. Рэчы з закрытых ці паўзакрытых комплексаў павінны быць вылучаны асобна, самым дэталёвым чынам вывучаны, бо яны служаць своеасаблівымі маячкамі, неабходнымі для распрацоўкі тыпалогіі і храналогіі матэрыялу з таго ці іншага помніка. Датаванне па аналогіях само па сабе маланадзейнае і дапускаецца з пэўнымі агаворкамі, тым больш калі аналогіі праводзяцца толькі на падставе малюнкаў з публікацый ды яшчэ даследчыкам, які не мае дастатковага практычнага вопыту ў нейкай спецыфічнай галіне (напрыклад, у кераміцы). Калі ж комплексы не вылучаны і не апісаны, то гэта можа азначаць наступнае: або раскопкі праводзіліся з грубымі парушэннямі методыкі палявой працы, або фіксацыя была непрафесійнай, або матэрялы раскопак не былі апрацаваны належным чынам. Усё гэта ставіць пад сумненне кваліфікацыю даследчыка як археолага. У выніку археалагічная частка кнігі гучыць надзвычай непераканальна. Скажам, аўтар гаворыць, што ў некаторых месцах захаваўся слой ХII стагоддзя. Дык дайце характарыстыку пласта, абгрунтуйце яго права называцца слоем ХII ст. і толькі яго, спаслаўшыся на канкрэтныя профілі (чарцяжы, якія можна было б разгледзець), пакажыце асобна комплекс знаходак з гэтага слоя і толькі з яго. А іначай, прабачце, не верыцца, бо ў атрыбутацыі і датаванні рэчаў на ілюстрацыях ёсць памылкі. Апісанне ж ва ўсіх дробязях стратыграфіі па гадах раскопак не дае ніякага ўяўлення пра культурны слой Магілёва як такі. Тэкст большасці параграфаў першага раздзелу нагадвае ў лепшым выпадку справаздачу аб археалагічных раскопках, ніяк не аналітычны тэкст.

Усё сказанае вышэй тычыцца і таго, як паказаны рэчавы археалагічны матэрыял. Аўтар меў рацыю, калі не збіраўся даваць ніякіх апісанняў, апроч самых неабходных, каб увесці новыя матэрыялы ў навуковы ўжытак. Атрымалася так, што як раз неабходных апісанняў часта бракуе, ці зроблены яны нездавальняльна, затое непатрэбнай, банальнай інфармацыі ў манаграфіі дастаткова. Некалькі прыкладаў будзе прыведзена ніжэй.

І.Марзалюк, як бачна з прадмовы, разумее, што прафесіяналізм гісторыка вызначаецца найперш яго ўменнем працаваць з крыніцамі, і кажа нам, што ён сам “свята пільнаваўся патрабавання, якім мусіць кіравацца кожны сапраўдны гісторык, — імкнуцца вычарпальна (наколькі гэта магчыма) скарыстаць крыніцы па аналізуемай праблеме” (4). Але ці разумее аўтар, як карыстацца крыніцамі (і археалагічнымі, і гістарычнымі), як адабраць іх і размясціць, каб склалася больш-менш цэласнае ўяўленне па кожным з аспектаў і праблеме ўвогуле?

Дазволю сабе некалькі ілюстрацый. У параграфах “Ганчарнае рамяство” і “Рэчы хатняга ўжытку...” на старонках 41 і 129 нам паведамляецца, што да канца XV ст. адзінай формай посуду ў Магілёве быў гаршчок. Немагчыма паверыць. Выснова неправамерная і памылковая, бо зроблена, відаць, толькі на падставе знойдзеных аўтарам матэрыялаў таго перыяду (а іх — жменька!). Няўжо ў XV ст. жыхары Магілёва не ведалі ні місак, ні накрывак, ні збаноў, у той час як у іншых месцах гэтыя віды посуду распаўсюджваюцца значна раней?

Параграфы, прысвечаныя рамёствам, зведзены практычна да пераліку археалагічных знаходак, нават без іх аналізу, не тое што спробы ўпісаць у “кантэкст штодзённага жыцця магілёўскіх месцічаў” (3). Не атрымалася гэтага і ў параграфе “Рэчы штодзённага ўжытку...”. Дасягнуць пастаўленай мэты можна было толькі пры ўмове глыбокага вывучэння матэрыялу, пачаўшы з яго тыпалогіі і храналогіі. Павярхоўны пераказ агульнавядомых звестак і беглы пералік знаходак ствараюць надзвычай неадэкватную карціну. Так, навошта даваць спрошчанае апісанне тэхналогіі вырабу кафлі, паўтараючы сказанае ўжо ў дзесятках іншых публікацый? Замест гэтага варта было б пацікавіцца эвалюцыяй стылістычнага афармлення магілёўскіх печаў, якая была вынікам зменаў у духоўнай культуры насельніцтва, ці засяродзіцца на развіцці і ўдасканальванні канструкцыі печаў, што ў сваю чаргу прыводзіла да змены архітэктонікі гаршка (асноўнага датуючага матэрыялу ў археалогіі) і, адпаведна, густаў насельніцтва ў дачыненні да кухоннага посуду. Простага пераліку вырабаў і тэхналогій недастаткова. Справа ў тым, што прычынамі пашырэння асартыменту і з’яўлення новых тэхналогій былі змены ў практычных і духоўных патрэбах людзей, іх светапоглядзе, павышэнні якасці жыцця. Вось пра што трэба было б сказаць у кантэксце заяўленых аўтарам намераў. Схематычнае ж апісанне і пераказ агульных звестак толькі займае месца і парушае цэласнасць, перашкаджае нармальнаму ўспрыманню тэксту.

Адным з найбольш паказальных у гэтым сэнсе з’яўляецца параграф “Гандаль і гандлёвыя сувязі”. Гандлю Магілёва XVI–XVIII ст. прысвечана паўтары старонкі тэксту (усяго!), з іх паўстаронкі займае пералік гарадоў, з якімі вёўся гандаль, яшчэ паўстаронкі — апісанне рэйнскага куфля XVII ст. і бутэлек XVIII–XIX ст., апошнія паўстаронкі распавядаюць нам пра галандскія люлькі, памадныя банкі ды шкляныя кварты. І ўсё! Гэта пры тым, што, паводле Г.Лаўмяньскага і інш., менавіта знешні гандаль быў галоўным чыннікам развіцця горада ў XVI ст. (гл. с.9). Не знайшлося месца нават элементарнай інфармацыі пра тое, якія тавары маглі прапанаваць самі магілёўцы. Але найбольш красамоўная ілюстрацыя падыходу аўтара да крыніц і імкнення да іх “вычарпальнага скарыстання” — параграф “Матрыманіяльныя паводзіны насельніцтва ў XVI–XVIII ст.”. Сустрэў спадар Марзалюк сярод пісьмовых сведчанняў апісанні некалькіх яўных адступленняў ад нормы шлюбных традыцый не тое што таго, але і нашага часу, і тут жа з вялікім задавальненнем пераказаў іх нам ў параграфе, які, паводле назвы, павінны быў бы змяшчаць інфармацыю пра матрыманіяльныя паводзіны, тыповыя для гараджан XVI–XVIII ст.

Бессістэмна і больш чым схематычна пададзены культурныя сувязі горада. Агульнаеўрапейскія мастацкія стылі згадваюцца толькі выпадкова. На якім узроўні, калі і ў якой ступені былі яны запазычаны і адаптаваны ў розных галінах культуры і мастацтва Магілёва? Чым адрозніваліся элітарная і масавая культура гараджан таго часу? Такія пытанні перад аўтарам нават не паўставалі. І дарэмна. Напрыклад, у той жа кафлі адзін і той арнаментальны матыў (скажам, любыя аўтару дрэва жыцця ці херувім) у розных стылях атрымлівае розную трактоўку. Таму варта было б паказаць стылістычную эвалюцыю сюжэтаў на кафлі, калі ўжо весці пра іх размову. Ці можа мода і эстэтычныя густы не маюць ніякага дачынення да светапогляду і ментальнасці гараджан?

Такая манера працы з крыніцамі і падачы матэрыялу часта прыводзіць да паспешлівых, недастаткова абгрунтаваных, а то і ўвогуле супярэчлівых высноваў. Да апошніх я аднесла б, у прыватнасці, тэзу, што ў XVI–XVII ст. адбываецца кардынальная змена ў стаўленні гараджан да Бога, “добра прасочваецца” антрапацэнтрызм (92). На старонцы ж 79 сцвярджаецца, што ў XVII ст. у масавай свядомасці жыхароў Магілёва “усё дзеецца з ласкі ці кары Божай. Боскі промысел — ... асноўны чыннік развіцця чалавечай гісторыі”. У агульных высновах на с.145, як і на с.82, таксама чытаем: “базавыя структуры свядомасці ў магілёўцаў у XVI–XVII ст. працягвалі заставацца традыцыйнымі для Сярэднявечча. Нязменнымі заставаліся ўяўленні аб тэацэнтрычным малюнку светабудовы і правідэнцыяналістычная трактоўка развіцця гістарычнага працэсу”. Дык што ж было на самой справе? Можа і пачынае выяўляцца тэндэнцыя да станаўлення антрапацэнтрызму, але гэта яшчэ не кардынальная змена. Тым больш, што ў якасці аргументаў аўтар спасылаецца на творы элітарнага мастацтва, што, як вядома, часта арыентаваліся на еўрапейскія ўзоры, а нярэдка і вырабляліся іншаземнымі майстрамі. Трэба сумленна і ўважліва працаваць з крыніцамі, а не імкнуцца падганяць свае высновы пад заходнееўрапейскія клішэ. Іншы раз увогуле ўзнікае ўражанне, што аўтар часам не задумваецца не толькі над лагічнасцю сваіх аргументаў і высноў, але і над сэнсам ужываных ім слоў. Чаго варта, напрыклад, такое выказванне: “Упершыню ў твар смерці жыхары Магілёва зазірнулі ў ХIII ст. ...”! Дык што, да ХIII ст. яны былі несмяротныя, не сутыкаліся з такой з’явай, як смерць?

У прадмове І.Марзалюк абвяшчае сябе прыхільнікам школы “гістарычнага сінтэзу”. Але быць прыхільнікам і быць паслядоўнікам — не адно і тое ж. Апошняе мае на ўвазе валоданне адпаведнай методыкай даследавання і пісання гісторыі. Тут, на жаль, аўтар дэманструе поўнае бяссілле. Ён пасіўны ў дачыненні да фактаў, крыніц. Ён не кіруе імі, паказваючы няўменне выцягнуць з крыніц максімум інфармацыі, хоць неяк прааналізаваць іх, згрупаваць, размясціць, пабудаваць салідную канструкцыю. Ён проста ідзе за крыніцамі, беручы з іх толькі тое, што ляжыць на паверхні. Менавіта гэтым тлумачыцца, у прыватнасці, поўнае фіяска ў археалагічнай частцы, затое добра напісаны шэраг сюжэтаў у параграфе “Спецыфіка гарадскога менталітэту”. Справа ў тым, што археалагічныя крыніцы самі па сабе “маўклівыя”. Размаўляюць яны толькі ў руках прафесіянала. Калі ж крыніца (асабліва наратыўная) красамоўная і эфектная, тэкст чытаецца лёгка і з цікавасцю, як большасць параграфаў трэцяга раздзелу. Але і тут даследчык, фактычна, проста пераказвае ці цытуе пісьмовыя сведчанні XVI–XVIII ст. На рахунак няўмення працаваць з крыніцамі так, як гэта рабілі Блок з Ле Гофам, трэба аднесці і яўныя дэфармацыі ў асвятленні асобных бакоў гарадскога жыцця.

Такім чынам, станоўча тое, што І.Марзалюк усведамляе важнасць комплекснага падыходу да вывучэння гісторыі гораду, звяртае ўвагу на раней некранутыя аспекты жыцця сярэднявечнага грамадства, імкнецца зрабіць героем свайго даследавання чалавека. Дадзеная кніга — спроба маладога даследчыка прачытаць горад як “цалкавіты” тэкст. Але пакуль толькі спроба. Мусім канстатаваць, што сапраўды багаты, прынамсі археалагічны, матэрыял прадстаўлены ў манаграфіі павярхоўна і бессістэмна, што ў значнай ступені ўскладняе яго ўспрыманне і зніжае яго каштоўнасць для далейшага навуковага карыстання. Большасць уведзеных крыніц так і засталася належным чынам непрааналізаванай. Не здолеў аўтар і скарыстаць напрацаванае папярэднікамі. Сур’ёзныя хібы ў падыходзе да археалагічных і гістарычных сведчанняў не дазволілі яму дасягнуць пастаўленай мэты. Не заўсёды карэктны тон, прыкрыя моўныя памылкі кшталту “падзякаваць (каго?!) Д.Марухіну, А.Трусава ...” (4) і інш., неахайнасць у афармленні ілюстрацый ствараюць не вельмі прывабны фон манаграфіі.

Канструкцыя, паспешліва ўзведзеная на ненадзейным падмурку, не выглядае ні функцыянальнай, ні прыгожай, нягледзячы на добрую якасць будаўнічага матэрыялу. Спачатку варта скласці трывалы падмурак з высноваў і абагульненняў, дасканала апрацаваўшы і сістэматызаваўшы эмпірычны матэрыял, надрукаваўшы вынікі ў шэрагу навуковых артыкулаў ці асобнай манаграфіі (асабліва па археалогіі Магілёва). І не трэба баяцца вялікага аб’ёму нуднай, чарнавой працы, бо толькі прайшоўшы такі шлях, можна стварыць “гістарычную канструкцыю”, “якая можа прэтэндаваць на навуковасць” (4) і мець глыбокі сэнс.

Менск

Ірэна Ганецкая


1Мелешко В.И. Могилёв в XVI — середине XVII вв. Минск, 1988.