Гісторыя сялянства Беларусі са старажытных часоў да 1996 г.: у трох тамах. Т.1. Гісторыя сялянства Беларусі ад старажытнасці да 1861 г. Мінск, 1997. 431.

 

Да другой паловы ХХ ст. сялянства складала асноўную частку насельніцтва Беларусі, таму не дзіўна, што яго мінуламу прысвечана шмат гістарычных даследаванняў. «Гісторыя сялянства Беларусі», першы том якой выйшаў у канцы 1997 г., уяўляе сабой абагульняльную працу. Асноўная мэта такіх выданняў — стварэнне на падставе ранейшых даследаванняў гістарычнай панарамы (у дадзеным выпадку — сялянскага жыцця) у шырокіх прасторавых і часавых рамках. Разгляданае выданне мае асаблівасці. Задуманае яшчэ ў часы БССР, калі планавалася стварыць асобныя гісторыі асноўных класаў савецкага грамадства, пісалася яно ў часы «перабудовы», калі з'явілася магчымасць адыходу ад старых догмаў, а дапрацоўвалася і пачало выходзіць ужо пасля абвяшчэння афіцыйнай гістарычнай навукай незалежнай Беларусі прынцыпаў «новых канцэпцый і падыходаў». У выніку акрамя традыцыйных сюжэтаў гаспадарчага жыцця, сацыяльнага стану і барацьбы сялянства супраць прыгнёту ў кнізе аддадзена ўвага таксама побыту, духоўнай і матэрыяльнай культуры. Зроблены таксама спробы пераацэнкі некаторых падзей сацыяльнай гісторыі.

У напісанні першага тома брала ўдзел дваццаць аўтараў не толькі з Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, але і з вядучых універсітэтаў краіны. Большасць даследчыкаў з'яўляюцца аўтарамі кніг і дысертацый па аграрнай гісторыі, якія склалі значную частку навуковай базы выдання.

Зразумела, праца не прэтэндуе на вычарпальнае асвятленне мінулага сялянства. Паўната раскрыцця асобных яе аспектаў і перыядаў залежыць ад ступені іх вывучанасці, што і адзначана ва «Уступе» да першага тома (с.9). Тым не менш, як будзе паказана ніжэй, выкарыстаны далёка не ўсе магчымасці для таго, каб карціна сялянскага жыцця ў разгляданы перыяд стала больш поўнай.

На наш погляд, аўтарскі калектыў быў пастаўлены ў даволі складаныя ўмовы дзіўным падзелам аб'ёму выдання паміж рознымі храналагічнымі перыядамі: шматвяковую гісторыю сялянства давялося «уціскаць» у адзін том, у той час як два астатнія будуць ахопліваць параўнальна кароткія перыяды ў некалькі дзесяцігоддзяў (адпаведна 1861-1917 і 1917-1996 г.) (7). Такая дыспрапорцыя не мае аб'ектыўнай прычыны і не можа тлумачыцца ні забяспечанасцю крыніцамі, ні ступенню вывучанасці, ні важкасцю і цікавасцю матэрыялу. Відаць, спрацавала старая ідэалагічная завядзёнка, згодна з якой асноўная ўвага і адпаведна аб'ём у такіх выданнях аддаваліся перыяду пасля 1917 г. (Дарэчы, па гэткай самай схеме выдадзена і папярэдняя калектыўная праца акадэмічнага Інстытута гісторыі — «Нарысы гісторыі Беларусі: у двух частках»). Вынікам такога падыходу стаў у пэўным сэнсе нарысавы характар першага тома. З прычыны абмежаванасці аб'ёму аўтары іншы раз былі вымушаныя толькі называць, канстатаваць з'яву, не ілюструючы яе канкрэтнымі матэрыяламі, ці адсылаючы чытача да ненадрукаваных архіўных крыніцаў (напрыклад с.66, 105, 106, 122, 149, 334-335 і інш.). Гэта збядняе кнігу.

Нарысавасць адчуваецца і ў структуры тома: першыя пяць раздзелаў прысвечаны праблемам сацыяльна-эканамічнай гісторыі сялянства, а ў шостым, мала ўвязаным з папярэднімі, робіцца скразны агляд культуры і побыту. Такім чынам, абвешчаны ва «Уводзінах» прынцып адлюстравання эвалюцыі беларускага сялянства з улікам усіх фактараў, што ўплывалі на гэты працэс, у тым ліку культурных, рэлігійных, побытавых (6) у дачыненні да першага тома застаўся дэкларацыяй пра намеры, якія, на жаль, не былі цалкам рэалізаваны.

Паўната гістарыяграфічнага агляду таксама не адпавядае ўзроўню капітальнай працы. У ім не згаданы замежныя выданні і публікацыі, нават тыя, на якія спасылаюцца аўтары тома, ды і некаторыя вядомыя працы беларускіх аўтараў, няма агляду археалагічных даследаванняў 1.

Выклікае здзіўленне адсутнасць у спецыяльнай працы пра сялянства азначэння прадмета даследавання. Невядома, што ж разумеюць аўтары пад сялянствам: сацыяльную групу, клас ці проста людзей, якія стала жывуць у вёсцы і займаюцца пераважна сельскай гаспадаркай. Між тым, дакладнае вызначэнне тэрміна дазволіла б акрэсліць ніжнюю храналагічную мяжу даследавання, якая выглядае расплывістай і неабгрунтаванай. З аднаго боку, паводле назвы выдання і загалоўкаў першага тома, гісторыя сялянства пачынаецца з «старажытных часоў», «ад старажытнасці». Праўда, у беларускай, як і ў расійскай традыцыі гэтае слова не адпавядае паняццю «антычны (старажытны) свет». Тым не менш, згадка ва «Уводзінах» пра перыяд, «калі сялянства было адзіным асяроддзем існавання чалавека» (5) як быццам паказвае, што аўтары схільны пачаць яго гісторыю ад першабытнай эпохі, калі не існавала яшчэ ні гарадоў, ні падзелу грамадства на класы. Аднак крыху ніжэй удакладняецца, што гісторыя беларускага сялянства ў выданні разглядаец ца, «пачынаючы з ранняга сярэднявечча», якое, паводле аўтараў, на Беларусі, «як і ў асноўнай частцы Еўропы, вядзе свой адлік з пачатку другой паловы 1 тысячагоддзя» (6). Беспадстаўнасць і штучнасць спробаў весці адлік беларускага Сярэднявечча ад VI ст., як і адсутнасць у заходнееўра пейскай медыявістыцы адзінага погляду на пачатак і працягласць гэтай эпохі, паказаны ў артыкуле Г.Сагановіча 2. Прадэклараваўшы пачатак Сярэднявечча і, адпаведна, эпохі феадалізму з VI ст. (6, 9), аўтары першага тома аб'ектыўна мусілі характарызаваць VI-VIII ст. як перыяд разлажэння першабытных адносінаў (19). Больш за тое, яны лічаць, што ў гэты час «працэс станаўлення сялянства ў славян» толькі пачаўся (27), а ў клас феадальнага грамадства яно пераўтвараецца ў канцы I — пачатку II тысячагоддзя (6). Насуперак пісьмовым крыніцам выказваецца думка, што племянныя ўтварэнні перарастаюць у «феадальныя княствы-дзяр жавы» на працягу IХ-ХI ст. (404)! Духоўная культура сялянства разглядаецца ў выданні толькі з ХIII ст., а матэрыяльная і ўвогуле з XIV cт. , што абсалютна незразумела. Між тым, аналіз вялізнага пласта назапашанага археалагічнага матэрыялу ў спалучэнні з фальклорам і звесткамі пісьмовых крыніц дазволіў бы паказаць побыт насельніцт ва Беларусі ў VI-XIII ст., ахарактарызаваць (хай сабе і не ў поўнай меры) культуру эпохі язычніцтва, прасачыць распаўсюджванне ў сялянскім асяроддзі хрысціянства. Зразумела, гэта патрабавала б ад аўтараў пераважна не кампілятыўна-рэфератыўнай, а даследчыцкай працы.

Не зусім прадуманымі і лагічнымі падаюцца нам структура першага тома і ўнутраная будова некаторых яго раздзелаў. Вышэй ужо звярталася ўвага на няўдалы прынцып разгляду культуры і побыту ў асобным раздзеле, у адрыве ад іншых аспектаў гісторыі сялянства. Прыкладам няўдалай унутранай структуры з'яўляецца раздзел «Культура і быт сялянства». Тут да матэрыяльнай культуры чамусьці далучаны такія пытанні, як шлюб, выхаванне дзяцей, тыпы сялянскіх сем'яў, узнікненне прозвішчаў у сялян.

Сацыяльна-эканамічная гісторыя сялянства падзелена храналагічна на пяць раздзелаў, што адлюстравана ў іх назвах. Але калі ў раздзелах 3-5 унутраная структура (падраздзелы, параграфы) падпарадкаваны раскрыццю асобных бакоў гаспадарчага і грамадскага жыцця сялян у зададзеных храналагічных межах, то два першыя раздзелы маюць дадатковае храналагічнае чляненне. Раздзел 1 ахоплівае адпаведна VI-VIII ст., якія характарызуюцца аўтарамі як перыяды разлажэння першабытных адносінаў і ранняга феадалізму (19, 36). Такім чынам, тут аб'яднаны розныя гістарычныя эпохі, розныя этапы эвалюцыі сялянства. У раздзеле 2 — «Сялянства ў XIV — першай палове XVII ст.» — глава I ахоплівае перыяд да канца XVI ст., а дзве наступныя прысвечаны канцу XVI — першай палове XVII ст. Па сутнасці, у першай главе разглядаецца гісторыя сялянства перыяду Вялікага Княства Літоўскага да ўтварэння Рэчы Паспалітай. З улікам важнасці і працягласці перыяду, а таксама аб'ёму главы лагічна было б вылучыць яе ў асобны раздзел, тым больш, што падобнае спалучэнне выглядае штучным.

Раздзел 3 — «Сялянства ў другой палове XVII -- першай трэці XVIII ст.» — на справе ахоплівае перыяд да сярэдзіны XVIII ст.; адзін з параграфаў цалкам прысвечаны падзеям 1740-1744 г. (паўстанне ў Крычаўскім старостве). А наступны раздзел — «Сялянства ў другой трэці -- канцы XVIII ст. (да далучэння Беларусі да Расіі)» — пачынаецца словамі «Другая палова XVIII ст. ...» і матэрыялаў раней гэтага часу не кранае. Незразумела, як гэткае прыкрае разыходжанне паміж храналогіяй зместу і назвамі раздзелаў 3 і 4 засталося па-за ўвагай рэцэнзентаў і шматлікіх рэдактараў.

Большасць раздзелаў кнігі, прысвечаных сацыяльна-эка намічным аспектам гісторыі сялянства (2-5), па сутнасці, з'яўляюцца рэфератамі адпаведных манаграфій, артыкулаў, дысертацый і ўтрымліваюць уласцівыя ім як станоўчыя рысы, так і недахопы.

На працягу разгляданага ў першым томе перыяду Беларусь была аграрным краем, у эканоміцы якога пераважала земляробства. Таму ў аграрнай гісторыі вялікая ўвага аддавалася пытанням землеўладання і землекарыстання, стану земляробства ў феадальнай і сялянскай гаспадарках. Дасягненні беларускай гістарыяграфіі ў гэтай сферы дазволілі М.Ф. Спірыдонаву, З.Ю. Капыскаму, В.І. Мялешку, П.Р. Казлоўскаму, І.А. Груцу, В.Ф. Голубеву і П.А. Лойку грунтоўна выкласці гэтую праблему. Менш удалым падаецца сюжэт аб землеўладанні і землекарыстанні ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. (Я.К.Анішчанка). У тэксце дамінуюць матэрыялы апошняй чвэрці XVIII ст., дадзеных па першай палове ХIХ ст. няшмат, таму высновы, якія аўтар робіць у канцы параграфа, не выглядаюць дастаткова аргументаванымі. Незразумела, чаму аўтар не выкарыстаў манаграфію В.У.Чапко, прысвечаную сельскай гаспадарцы Беларусі першай паловы ХIХ ст. Адзначым таксама даволі цяжкі стыль выкладання, адсутнасць тлумачэння тэрмінаў, невядомых шырокаму чытачу (напрыклад, «генераль нае межаванне», «люстрацыі»).

Значна горш, з прычыны недастатковай даследаванасці, паказаны такія віды гаспадарчай дзейнасці, як жывёлагадоў ля і вясковае рамяство. У гаспадарцы беларускага селяніна жывёлагадоўля не з'яўлялася спецыялізаванай галіной. Магчыма таму аўтары абмежаваліся падлікамі колькасці цяглавай і прадукцыйнай жывёлы, якой валодалі сяляне. І толькі па першай палове ХIХ ст. прыведзены звесткі пра пароды жывёл і іх распаўсюджанне па асобных рэгіёнах (П.Р. Казлоўскі, І.А. Груца). Але і там няма інфармацыі аб працоўных якасцях цяглавай, прадукцыйнасці і плоднасці іншай жывёлы. Нельга не адзначыць, што пры характарыстыцы забяспечанасці сялянаў рабочай і прадукцыйнай жывёлай імкненне да «сярэдніх» лічбаў некаторымі аўтарамі даведзена да абсурду: фігуруюць «0,3 каня, 0,5 вала» і г.д. (65, 190, 223, табл. 1,2). Гэта ўваскрашае ў памяці вядомы сюжэт пра палову каня барона Мюнгаўзэна. Разам з тым, прыводзяцца і аб'ектыўныя дадзеныя (іншы раз тымі ж аўтарамі) па колькасці гаспадарак, што не мелі цяглавай жывёлы, мелі адну галаву, дзве і г.д. (110, 222). Каб больш не вяртацца да гэтага пытання, адзначым, што такія ж «сярэднія лічбы» фігуруюць і пры характарыстыцы велічыні сялянскіх сем'яў.

Вясковае рамяство адносна поўна асветлена толькі па ХIХ ст. В.Ф.Голубеў і П.А.Лойка прыводзяць поўны рэестр спецыяльнасцяў сялян-рамеснікаў па Гарадзенскай губерні, даюць працэнтныя суадносіны паміж імі. На жаль, аўтары, фіксуючы выкарыстанне ў вотчынных мануфактурах наёмнай і наёмна-прымусовай працы сялян, не паказваюць маштабаў гэтай з'явы. Для іншых перыядаў наяўнасць рамяства толькі канстатуецца (66) ці прыводзяцца агульныя звесткі па колькасці сялян-рамеснікаў у асобных рэгіёнах ці па колькасці рамесных спецыяльнасцяў, без поўнага іх пераліку (112). Неземляробчыя заняткі сялян — вазніцтва, сплаў плытоў і інш. — у другой палове XVIII ст. падрабязна ахарактарызава ны В.І.Мялешкам.

Добра распрацаванымі ў гістарыяграфіі Беларусі з'яўляюцца праблемы становішча сялян, іх павіннасцяў і падаткаў. Адпаведна на высокім узроўні ў рэцэнзуемай кнізе разгледжаны пытанні запрыгоньвання сялянства ў XIV-XVI ст. (М.Ф.Спірыдонаў), зменаў, якія адбываліся ў іх становішчы ў наступныя часы (З.Ю.Капыскі, В.І.Мялешка, П.А.Лойка, У.А.Сосна). На жаль, некранутай засталася тэма сялянаў, якія жылі на землях, што належалі гарадам ці асобным мяшчанам.

Розныя феадальныя павіннасці сялян аналізуюцца М.Ф.Спірыдонавым, З.Ю.Капыскім, В.Ф.Голубевым і П.А.Лойкам. Добра паказаны пераход ад пазямельнага абкладання паншчынай праз падымнае да падушнага (209 ff.). Аднак тлумачэнне В.Ф.Голубева і П.А.Лойкі маруднага ўмацавання фальварачна-паншчыннай сістэмы на ўсходзе Беларусі аддаленасцю рэгіёна ад асноўных транспартных шляхоў (205) не выглядае пераканальным, тым больш што крыху ніжэй В.І. Мялешка гаворыць пра ажыўленыя сувязі Магілёўскага Падняпроўя і Пасожжа, а таксама Рэчыцкага і Гомельскага старостваў з партамі на Балтыцы, уцягванне сялян у дастаўку тавараў да прыстаняў на Заходняй Дзвіне, а ўзімку сухапутнымі шляхамі ў Рыгу, Каралявец і Гданьск (216-219). Пры паказе росту грашовых падаткаў аўтары не заўжды ўлічваюць абясцэньванне грошай, нават калі канстатуюць яго (120, 121, 307). Такім чынам, рэальны рост падаткаў не адлюстроў ваецца.

З тэмай землеўладання і павіннасцяў цесна звязаны сюжэты па аграрных рэформах. Выразнасць, з якой выкладзены сутнасць рэформы сярэдзіны XVI ст. і асаблівасці яе правядзення (М.Ф. Спірыдонаў), можа быць узорам нават для падручнікаў. Сутнасць рэформы П.Д. Кісялёва і яе асаблівасці ў беларускіх губернях удала раскрыты В.Э. Загарульскай і У.А. Соснам. Але некаторыя іх высновы (напрыклад, што абавязковыя інвентары, нягледзячы на ўсе іх недахопы, усё ж «ставілі межы памешчыцкай уладзе і стваралі некаторую легальную аснову для абароны сялянамі сваіх інтарэсаў» (341)), не маюць дастатковага развіцця і абгрунтавання ў тэксце. На наш погляд, аўтары недаацанілі значэнне павелічэння зямельнага фонду дзяржаўных сялян. Так, сапраўды, падушны падзел пры гэтым не ўзрос (334), але, калі прыняць да ўвагі значнае павелічэнне за гады рэформы колькасці рэвізскіх душ, то становіцца відавочным, што без гэтай прырэзкі зямлі падушны надзел скараціўся б.

Ва ўсёй яе супярэчнасці раскрываюць праблему сувязі сялянаў з рынкам у канцы XVI — першай палове XVII і ў другой палове XVIII ст. З.Ю. Капыскі і В.І. Мялешка. Падкрэсліваецца, што разам з сялянамі, якія мелі лішкі прадукцыі, у рынак паступова былі ўцягнуты і менш забяспечаныя вяскоўцы, вымушаныя прадаваць неабходныя самім прадукты, каб заплаціць чынш. Адзначаецца, што забарона феадаламі прадаваць сялянскае збожжа за межамі панскіх уладанняў, імкненне феадалаў скупляць і перапрадаваць сялянскае жыта звужалі геаграфію рынкавых сувязяў асноўнай масы сялян. Трэба звярнуць увагу на не зусім карэктную аргументацыю З.Ю. Капыскага тэзы наконт росту гандлёвай актыўнасці феадалаў (павелічэнне вывазу збожжа з тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага з 37646 лаштаў у 1568 г. да 87312 лаштаў у 1649 г. — с.119). Па-першае, на працягу азначанага перыяду Вялікае Княства Літоўскае мела розную тэрыторыю. Па-другое, у 1568 г. частка дзяржавы была акупавана маскоўскім войскам, але самае галоўнае, у выніку Інфлянцкай вайны былі блакаваны Дзвінскі гандлёвы шлях і частка прыбалтыйскіх портаў, што значна ўскладняла вываз. У 1649 г., пад час казацка-сялянскай вайны, феадалам было выгадна не захоўваць лішкі прадукцыі, а пазбаўляцца ад яе, ператвараю чы ў грошы, што стымулявала вываз з тэрыторый, якія не кантраляваліся паўстанцамі.

Характарыстыку маёмаснай дыферэнцыяцыі сялян у розныя перыяды даюць З.Ю. Капыскі, В.І. Мялешка і А.Г. Каралёва, В.А. Мілаванаў. Найбольш удала гэтая праблема выкладзена А.Г. Каралёвай і В.І. Мялешкам (222-228). Аўтары вырашаюць яе на падставе комплекснага аналізу дадзеных па забяспечанасці гаспадарак цяглавай і прадукцыйнай жывёлай, памерамі зямельных надзелаў (у тым ліку і дадатковых, узятых у арэнду ці ў заклад за грашовую ссуду феадалам), выкарыстанні сялянамі наёмнай працы.

Вельмі цікавымі з'яўляюцца сюжэты пра бюджэт сялян у другой палове XVIII ст. (П.Р. Казлоўскі), па дэмаграфіі сялянскага насельніцтва ў канцы XVIII — першай палове ХIХ ст. (А.Г. Каралёва). Шкада, што аналагічныя даследаванні не праведзены па іншых перыядах.

Усебакова разгледжана пытанне абароны сялянамі сваіх правоў і інтарэсаў, розных формаў супраціву феадальнай эксплуатацыі — ад легальных да ўзброенай барацьбы — на працягу XIV-XVIII ст. (М.Ф. Спірыдонаў, З.Ю. Капыскі, В.І. Мялешка). Недастаткова поўна ахарактарызаваны сялянскі рух канца XVIII — сярэдзіны ХIХ ст. (С.Г. Свірка). Адзначыўшы новую мэту барацьбы сялян — імкненне да волі, аўтар не раскрывае прычыны гэтай з'явы, не паказвае, як уплывала на яе дараванне ўрадам асабістай волі сялянам Эстляндыі, Курляндыі і Ліфляндыі ў 1816, 1817 і 1819 г. Нічога не сказана пра адносіны сялянаў да паўстання 1830-1831 г. Цалкам неабгрунтаваным падаецца адна з ключавых тэзаў аўтара — аб сувязі ўздыму сялянскага руху ў 1846-48 г. з рэвалюцыйнымі падзеямі ў Заходняй Еўропе (350). Ніякіх доказаў гэтага аўтар не прыводзіць, а вышэй тлумачыць узмацненне барацьбы сялян голадам і штучным павелічэннем сялянскіх павіннасцяў пры складанні памешчыкамі абавязковых інвентароў (348-349). А.Г.Свірка слушна адзначае, што ўзброеная барацьба сялян у 1812 г., па сутнасці, часта насіла антыфеадальны характар, але трэба падкрэсліць, што асноўнай яе мэтай была абарона сялянскай маёмасці ад вайсковых рэквізіцыяў і марадзёрства, паколькі напалеонаўскае войска звычайна забяспечвалася за кошт жыхароў акупаваных тэрыторыяў. Аб такой скіраванасці сялянскай барацьбы сведчаць і ўспаміны генералаў Вялікага войска, прынамсі Армана дэ Каленкура 3. На жаль, гэтыя крыніцы засталіся па-за ўвагай аўтара.

У асобныя сюжэты вылучаны падзеі 1648-51 г. і паўстанне ў Крычаўскім старостве (В.І.Мялешка). У характары стыцы падзеяў сярэдзіны XVII ст. В.І.Мялешка адмовіўся ад традыцыйнай трактоўкі іх як «нацыянальна-вызваленчай вайны беларускага народа». Але ацэньваючы гэтае выступленне толькі як антыфеадальную вайну (128), аўтар ніжэй сам супярэчыць такому аднабаковаму азначэнню і паказвае, што ў вайне «прымалі ўдзел усе слаі насельніцтва, а таксама частка дробнай беларускай шляхты, праваслаўнага духавенства » (128; выдзелена намі — Ю.З.). Тое, што паўстанцы ці частка іх выступалі супраць гвалтоўнага насаджэння уніі і каталіцызму, бачна з таго, што разам з панамі, адміністрацыяй, наогул ляхамі ад іх ратавалася ўцёкамі каталіцкае і уніяцкае духавенства, што ўрадавыя войскі пры ўтаймаванні паўстанцаў падкрэслівалі, што тыя з'яўляюцца адзінаверцамі з чаркасамі (казакамі) і гульцяямі (130, 133). Паколькі тады нацыянальная прыналежнасць атаясамлівалася з канфесійнаю, а акаталічванне спалучалася з паланізацыяй (асабліва ў прывілеяваных станах), з прыведзеных вышэй фактаў вынікае, што вайна 1648-51 г. насіла не толькі антыфеадальны характар.

Пры разглядзе праблем сацыяльна-эканамічнай гісторыі сялянства мы невыпадкова не краналі перыяду VIII-XIII ст.: яго ўзровень значна ніжэйшы за астатнія. Першая глава гэтага раздзелу, нагадаем, ахоплівае перыяд VI-VIII ст., вызначаны як перыяд разлажэння першабытнаабшчынных адносінаў, калі існавалі перадумовы фармавання сялянства. Значная частка параграфа 1 «Усходнеславянскія плямёны і іх гаспадарка» (Э.М. Загарульскі) прысвечана апісанню прыродных умоў, якія мелі велізарнае значэнне для сельскай гаспадаркі. (Па гэтай прычыне лепш было б, на наш погляд, разгледзець іх асобна, не далучаючы да таго ці іншага храналагічнага перыяду). Выклікае здзіўленне, што клімат аўтар характарызуе на падставе дадзеных за апошняе стагоддзе, ігнаруючы даследаванні, якія паказалі значныя змены ў клімаце часткі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў 200-1200 г.4.

Вельмі цьмяна выкладзена праблема асваення ўсходнеславянскімі плямёнамі тэрыторыі Беларусі. Не паказана нават верхняя храналагічная мяжа гэтага працэсу. Тэза Э.М. Загарульскага аб уступленні асноўнай часткі мясцовага балцкага насельніцтва ў «актыўныя ўзаемадачыненні» са славянамі (23) не грунтуецца на аналізе матэрыялу і разліках, таму з'яўляецца, на наш погляд, бяздоказнай. Некарэктнай выглядае спасылка на працу В.В.Сядова 1970 г., паколькі ў найноўшых публікацыях гэты даследчык пераглядае свае погляды на этнічную атрыбутацыю некаторых археалагічных культураў. Апісваючы гаспадарку ўсходніх славян VI-VIII ст., Э.М. Загарульскі даволі шырока выкарыстоўвае матэрыялы больш позняга часу — IХ і Х ст. (24-26), што недапушчальна. Заключныя абзацы ён чамусьці прысвяціў характарыстыцы грамадскага ладу ўсходніх славян, абшчыне — пытанням, якія падрабязна разглядаюцца ў наступным параграфе Г.В. Штыхавым. Насуперак пісьмовым крыніцам, якія фіксуюць у дрыгавічоў і полацкіх крывічоў зараджэнне дзяржаўнасці ў форме княжанняў 5, сведчаць пра ўключэнне палачанаў у другой палове IХ ст. у дзяржавы Рурыка і Алега, Э.М. Загарульскі сцвярджае, што ўсе ўсходнеславянскія плямёны «у VIII-IX ст. знаходзілі ся на апошняй, заключнай стадыі распаду першабытнаабш чыннага ладу» (26).

Гаворачы пра ўсходнеславянскую абшчыну, Г.В.Штыхаў таксама не прытрымліваецца храналагічных межаў главы (VI-VIII ст.). Ён выкарыстоўвае пісьмовыя і археалагічныя крыніцы, даследаванні, якія адносяцца да IХ-ХIII ст., прычым не заўжды падае гэты матэрыял у храналагічнай паслядоўнасці (31-34), што не спрыяе паспяховаму раскрыццю пытання. Зразумела, працэс эвалюцыі абшчыны не завяршыўся да IХ ст., але лагічна было б прасачыць яго працяг у адпаведнай главе. Для апісання абшчыны VI-VIII ст. Г.В. Штыхаў прыцягвае вынікі археалагічных даследаванняў сумежных, пераважна заходнеукраінскіх земляў. Такі прыём у навуцы дапускаецца пры недахопе дадзеных па тэрыторыі, якая вывучаецца, пры ўмове тоеснасці ці значнай блізкасці археалагічнага матэрыялу ў гэтых рэгіёнах. Але Г.В.Штыхаў не прыводзіць доказаў такой блізкасці і, больш за тое, ён амаль цалкам абстрагуецца ад матэрыялаў і даследаванняў, якія маюць непасрэднае дачыненне да тэрыторыі Беларусі.

Адзінкавыя спробы аўтара даць уласную сацыяльную інтэрпрэтацыю археалагічнага матэрыялу нельга прызнаць паспяховымі: напрыклад, выснова пра вялікія і малыя сем'і ў насельніцтва, якое пакінула курганны могільнік каля в.Ізбішча, зроблены не на падставе ўсебаковага аналізу, а на эмпірычным узроўні і выглядае даволі наіўна (30-31). Прыкметай маёмаснай няроўнасці ў абшчыне Г.В. Штыхаў лічыць наяўнасць багатых і бедных пахаванняў у межах аднаго курганнага могільніка (34). Аднак у манаграфіі, да якой ён адсылае чытачоў, не толькі фіксуецца гэтая з'ява, але і адзначаецца, што яна «не столькі сацыяльная, якая сведчыць пра маёмасную няроўнасць, колькі этнагенетычная» 6. Падобна, што інтэрпрэтацыя аднаго і таго ж матэрыялу вар'іруецца аўтарам у залежнасці ад патрэбы.

Не заўжды карэктна выкарыстоўвае Г.В. Штыхаў працы іншых даследчыкаў. Напрыклад, выснова пра адлюстраванне ў планіроўцы і шчыльнасці забудовы селішчаў сацыяльна-эка намічных працэсаў, што адбываліся ў славянскай абшчыне VI-VII ст., якая завяршаецца спасылкай на артыкул Я.У. Барана (30), на самой справе з'яўляецца злёгку рэтушаванай цытатай, якую трэба даваць у двукоссі. Вынікі даследавання А.А.Зіміна пададзены такім чынам, што цяжка зразумець, хто ж прааналізаваў «звесткі аб усходнеславянскай абшчыне, якія змешчаны ў найбольш старажытных помніках» — Зімін ці сам Штыхаў? (31). Дарэчы, «найбольш старажытныя помнікі», якія згадвае Штыхаў, гэта толькі рэканструкцыя звычаёвага права VIII-IХ ст., зробленая А.А. Зіміным на падставе вывучэння заканадаўства ХI ст. У спасылцы на гэтую публікацыю А.А. Зіміна Г.В. Штыхаў дапусціў адну памылку і адну недакладнасць: па-першае, праца называецца «Феодальная государственность и «Русская правда» (у спасылцы — «Феодальная собственность...», па-другое, раздзел «Обычное право Древней Руси VIII-IX вв.» змешчаны на с.230-233, а с.230-275, якія прыведзены ў спасылцы, — гэта ўвесь тэкст публікацыі.

Нямала хібаў і ў тэксце, прысвечаным сялянству ў IХ-ХIII ст. (Г.В. Штыхаў, С.А. Шчарбакоў). Асабліва ў гэтым сэнсе вылучаецца першы параграф — «Формы феадальнай залежнасці і катэгорыі сельскага насельніцтва», хоць ён у значнай ступені кампілятыўны. Напрыклад, аўтары не паказалі ўсіх крыніц поўнага (абельнага) халопства, адзначыўшы толькі палон і самапродаж (40). Вельмі блытана выкладзена такая дыскусійная праблема, як статус смердаў (38-39). Датаванне двух этапаў у развіцці феадальнай залежнасці сялян (да сярэдзіны ХII ст. і другая палова ХII-ХIII ст.), якія ў заключным абзацы параграфа вылучаюць аўтары, не мае адпаведнага абгрунтавання (41). На наш погляд, інтэнсіўнае развіццё баярскага землеўладання (асноўны крытэрый другога этапу, паводле Г.В.Штыхава і С.А.Шчарбакова), пачынаецца з канца ХI ст., пасля юрыдычнага замацавання на княскім з'ездзе 1097 г. у Любечы спадчыннага права на ўдзельныя княствы. Гэта прывяло да «асядання» княскіх баяраў і дружыннікаў на зямлi. Але працэс гэты, як сведчаць археалагічныя крыніцы, пачаўся не пазней канца Х — пачатку ХI ст.7

Недакладна перадаюцца аўтарамі і агульнавядомыя гістарычныя падзеі. Так, напрыклад, без усялякіх падставаў сцвярджаецца, што Уладзімір Святаславіч, вялікі князь кіеўскі, аднавіў полацкую княскую дынастыю «па патрабаваню мясцовай знаці» (37). Час з'яўлення на полацкім княскім стале Рагвалода азначаны «прыкладна ў 70-я гады Х ст.» (37). Паводле крыніц, гэта адбылося «во дни Святослава Игоревича» 8 (964-972 г., але фактычна з 970 г. у Кіеве ўжо княжыў Яраполк Святаславіч).

Наогул дадзены параграф уражвае сумбурнасцю, адсутнасцю логікі будовы тэксту. Аўтары пераскокваюць ад аднаго сюжэта да другога, потым зноў вяртаюцца да першага. У выніку тэкст нагадвае цераспалосіцу паслярэформеннага землеўладання. Да таго ж асобныя месцы ў сюжэце пра феадальны клас пераклікаюцца з адпаведнымі месцамі ў першай главе (34-35 і 37) ці не маюць ніякага дачынення да разгляданай праблемы (згадванне даніны, якую плацілі Полацку латгалы і лівы).

У параграфе «Павіннасці і сацыяльнае становішча сялян» аўтары памылкова паказваюць генэзіс пагостаў (летапісных «павостаў»). Гэтыя пункты збору рэгламентаванай даніны і знаходжання прадстаўнікоў вялікакняскай адміністра цыі былі, як адназначна паказваюць крыніцы, заснаваны ў сярэдзіне Х ст. княгіняй Вольгай. І хоць некаторыя з іх маглі размяшчацца ў межах існаваўшых ужо паселішчаў, няма падставаў сцвярджаць, як гэта робяць аўтары, што пагосты — гэта «паселішчы суседскіх абшчын», якія «становяцца адміністрацыйна-фіскальнымі акругамі» (42). Як справядліва адзначыла Н.І. Платонава наконт другой паловы Х-ХI ст., «территориального деления на погосты-округа в указанный период нельзя проследить ни для Южной Руси, ни для Северной» 9.

Але галоўным хібам главы па сялянству IХ-ХIII ст. з'яўляецца вузкасць кола разгледжаных пытанняў. Аўтары зусім не кранаюць такой значнай праблемы, як асаблівасці сельскага рассялення IХ-ХIII ст. Абышлі яны ўвагай і тэму гаспадарчай дзейнасці сялян (толькі пра земляробства IХ-Х ст. асобныя звесткі ёсць у папярэдняй главе). А менавіта па Х-ХIII ёсць дадзеныя пра экстэр'ер свойскай жывёлы, доказна абгрунтавана галоўная роля палявання ў забеспячэнні насельніц тва мясной ежай10, сістэматызаваны дадзеныя па земляробству 11. Рэчавы матэрыял, атрыманы пры раскопках могільнікаў і паселішчаў, дае ўяўленне пра вясковае рамяство і сувязі сялян з рынкам. Але згаданыя даследаванні і вялізны пласт крыніц засталіся ў працы незапатрабаванымі. Вызначэнне грамадства IХ-ХIII ст. як феадальнага з'яўляецца крокам назад у параўнанні з ацэнкай яго як шматукладнага, дадзенай, як гэта ні дзіўна, адным з аўтараў «Гісторыі сялянства Беларусі» 12.

Вышэй мы ўжо адзначалі храналагічную абмежаванасць і структурныя хібы раздзела «Духоўная культура і быт насельніцтва», пэўную яго адасобленасць ад астатніх частак тома. Найбольш удалай у гэтым раздзеле з'яўляецца глава «Духоўная культура». Аўтар, Г.Я.Галенчанка, з уласцівым яму высокім прафесіяналізмам асвятляе розныя яе грані: фальклор, каляндарную абраднасць, мастацтва і г.д. Аўтар імкнецца да паказу духоўнага жыцця ў яго развіцці, з улікам уплываў, які аказвалі на яго сацыяльна-палітычныя, этнічныя і іншыя фактары. Праўда, у асобных выпадках гэтыя фактары ўлічваюцца не ў поўнай меры. Некаторыя высновы аўтара грунтуюцца на фармальным успрыманні крыніц. Так у запрашэнні маршалку надворнаму ад крайчага ВКЛ Тышкевіча наведаць яго «ўбогі дамок» і патанчыць «пры дудках нашых сельскіх» Г.Я.Галенчанка бачыць факт захаплення часткі магнатаў і шляхты «народнай музычнай эстэтыкай» (390), не ўлічваючы асаблівасцяў стылю паслання. Як «убогі дамок» Тышкевіча на самой справе быў палацам, так і «дуды сельскія» маглі быць ансамблем прафесійных музыкаў, магчыма, нават замежных.

Якасць тэксту, аднак, зніжаецца, калі аўтар піша пра тэмы, далёкія ад яго навуковых інтарэсаў (мастацкія рамёствы, пахавальныя абрады). Археалагічныя матэрыялы сведчаць, што пахавальны абрад па прынцыпу трупапакладання ў Беларусі не быў нязменным нават у межах перыяду, які разглядае Г.Я.Галенчанка, не кажучы ўжо пра рэгіянальныя, этнічныя і канфесійныя асаблівасці, што мелі месца. Тэза аўтара пра захоўванне архаічнасці абраду крэмацыі (387) грунтуецца на апісанні ў беларуска-літоўскіх летапісах могільніка літоўскай знаці ва ўрочышчы Швінтарогі (тэрыторыя сучаснай Вільні). Яны, зразумела, не маюць дачынення ні да сялянаў, ні да беларусаў наогул.

Шмат заўваг выклікае глава «Матэрыяльная культура», асабліва першыя яе параграфы (В.У. Шаблюк). Незразумела, чаму менавіта тут разглядаецца пытанне рассялення сялян у XIV-XVII ст. Праўда, маючы на ўвазе паўнату раскрыцця праблемы, больш дакладна было б сказаць, што яна закранаецца. Планіроўка сельскіх паселішчаў XIV-XV ст. чамусьці асвятляецца па этнаграфічных дадзеных і выніках археалагічных даследаванняў цэнтральных раёнаў Смаленшчыны (355-356). Аўтар слушна канстатуе, што такія назвы сельскіх паселішчаў, як сяло, вёска (весь) узніклі яшчэ ў старажытнаславянскую эпоху, але не паказвае, што сялом (сяльцом) у Х-ХII ст. звычайна называліся паселішчы феадальна залежнага насельніц тва. Так, відаць, было і ў XIV-XVI ст., бо менавіта сёлы пасля аграрнай рэформы сярэдзіны XVI ст., як адзначае В.У. Шаблюк, падзяліліся на цяглыя, асадныя, дворныя, у залежнасці ад павіннасцяў, якія неслі прыгонныя сяляне (354).

Апісанне сялянскіх жытлаў зроблена на добрым узроўні, але яно было б яшчэ лепшым, калі б для пазнейшага перыяду аўтар прыцягнуў дадзеныя даследаванняў беларускага драўлянага дойлідства. Гэта дазволіла б яму паказаць рэгіяналь ныя асаблівасці пабудоў і планіроўкі сядзіб. Немэтазгодна было, на наш погляд, спыняцца тут на земляробчых прыладах працы, якія ўжо характарызаваліся (дарэчы, больш поўна і дэталёва) пры аналізе гаспадарчага жыцця сялянства. Незразуме ла, чаму такія прылады працы як цапы, вілы, добра вядомыя па беларускіх этнаграфічных калекцыях, а таксама па асобных знаходках пад час археалагічных раскопак, В.У. Шаблюк апісвае па польскіх публікацыях (363).

Транспартныя сродкі сялян (калёсы, сані), прыстасаванні для прадзення і ткацтва, шмат якія рэчы сялянскага побыту засталіся па-за ўвагай аўтара, затое з падрабязнасцю, патрэбнай толькі ў археалагічных публікацыях, ён спыняецца на асобных дэталях керамічнага посуду і характарызуе тэхналогію вырабу жалезных прыладаў працы (365-366). Пры апісанні адзення акцэнт зроблены толькі на розніцу паміж сялянскай і шляхецкай вопраткай, градацыя адзення па маёмасных групах сялян ігнаруецца. Недастаткова выразна паказваюцца і храналагіч ныя змены ці навацыі ў адзенні сялян.

У цэлым можна прыйсці да высновы, што матэрыяльная культура сялян не атрымала дастатковага адлюстравання ў дадзенай працы і што да перыяду да ХIХ ст. яна застаецца яшчэ мала вывучанай.

Лічым неабходным зрабіць таксама некалькі агульных заўваг. Аўтары першага тома «Гісторыі сялянства Беларусі» мала паклапаціліся аб ілюстрацыях. Яны нешматлікія, выпадкова адабраныя, нярэдка вызначаюцца малой інфармацый насцю (яскравы прыклад — малюнак сярпа ХI ст. з Барысава, які займае амаль трэць старонкі), тыражуюцца малюнкі, што пераходзяць з выдання ў выданне. Між тым, у публікацыях па этнаграфіі і археалогіі змешчана шмат разнастайных ілюстрацый, якія можна было выкарыстаць у першым томе і зрабіць яго цікавейшым.

Аўтары і рэдактары тома не праявілі вялікага клопату пра чытача: няма спісу скарачэнняў, якія ўжываюцца ў спасылках, тэрміналагічнага слоўніка. Праўда, большасць тэрмінаў тлумачыцца ў пастаронкавых каментарах, што нязручна для чытача — кожны раз трэба шукаць у кнізе месца, дзе той ці іншы тэрмін ужыты ўпершыню. Не пашкодзіла б змясціць у дадатку да тома 1 табліцу значэнняў старажытных мераў плошчы, аб'ёму, вагі і г.д. Без іх, напрыклад, цяжка зразумець, ці змяніліся памеры сялянскіх надзелаў і грашовых падаткаў пасля ўваходжання беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі (у раздзелах па папярэднім перыядзе фігуруюць валокі і злотыя, па ХIХ ст. — дзесяціны і рублі).

На заканчэнне падкрэслім, што, нягледзячы на заўвагі, большасць раздзелаў першага тома пакідае добрае ўражанне. Магчыма, некаторыя заўвагі рэцэнзента пададуцца не вельмі істотнымі, але мы робім іх са спадзяваннем, што адзначаныя хібы не будуць паўтораны ў шасцітомнай «Гісторыі Беларусі», якая ствараецца ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі.

Першы том «Гісторыі сялянства Беларусі» з усімі яго станоўчымі рысамі і хібамі несумненна ўяўляе сабой гістарыяграфічную цікавасць перш за ўсё таму, што ў значнай ступені адлюстроўвае стан беларускай гістарычнай навукі на сучасным этапе.

Менск

Юры Заяц


1 Коробушкина Т.Н. Земледелие на территории Белоруссии в Х-ХІІІ вв. Минск, 1979; Чепко В.В. Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине ХІХ в. Минск, 1966.
2 Сагановіч Г. У пошуках Сярэднявечча // БГА. Т.4 (1997). Сш.1-2 (6-7). С.8-17.
3 Арман де Коленкур. Мемуары. Таллинн-Москва, 1994. С.128.
4 Хотинский Н.А. Дискуссионные проблемы реконструкции и корреляции палеоклиматов голоцена // Палеоклиматы позднеледниковья и голоцена. Москва, 1989. С.12-17.
5 Повесть временных лет. Москва—Ленинград, 1950. Ч.1. С.13; Заяц Ю.А. У истоков белорусской государственности // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь (новыя канцэпцыі і падыходы): Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. Ч.1: Гісторыя Беларусі. Мінск, 1994. С.25, 27.
6 Штыхаў Г.В. Крывічы. Мінск, 1992. С.46.
7 Заяц Ю.А. Социальные групы населения Изяславля на стадии формирования и раннем этапе развития города (Х-ХІ вв.): по материалам Заславского курганного могильника // Гістарычна-археалагіч ны зборнік. 1996. №8. С.139.
8 Московский летописный свод конца XV в. // ПСРЛ. Москва—Ленин град, 1949. С.31.
9 Платонова Н.И. Сельское расселение и система погостов в Новгородской земле // Древнерусская деревня: Археологическое исследование регионов. Тезисы докладов конференции. Москва, 1991. С.16-17.
10 Щеглова В.В. Роль охоты в снабжении мясом населения на территории Белоруссии в Х-XIV в. // Сярэдневяковыя старажытнасці Беларусі: Новыя матэрыялы і даследаванні. Мінск, 1993. С.74-82.
11 Коробушкина Т.Н. Оpus cit.
12 Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х частках. Ч.1 Мінск, 1994. С.78.