„Успаміны“ Еўлашоўскага па–літоўску*

 

Канец XVI — пачатак XVII ст. знамянальныя тым, што ў гэты час у Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім і інш. (ВКЛ) з'явіўся прынцыпова новы жанр гістарычных крыніц — мемуары. Паўстаўшы на хвалі Рэнесансу, яны адлюстравалі карціну свайго часу ва ўсёй яго разнастайнасці, супярэчлівасці — ад войнаў да дэталяў побыту, даўшы гэтым у рукі гісторыкаў багаты матэрыял па самых розных баках даўнейшага жыцця. І першым, хто занатаваў падзеі свайго часу — значныя і не вельмі — не як летапісец (той прытрымліваўся больш-менш афіцыйнага пункту погляду на падзеі), а як прыватная асоба з уласцівым ёй суб'ектыўным светаўспрыманнем, імкненнем „дятком свым раду свою зоставити", быў шляхціч з Новагародскага павету Фёдар Міхайлавіч Еўлашоўскі. Ён прыцягнуў увагу сучаснікаў сваімі здольнасцямі і набытымі самастойна ведамі. Менавіта выключнасць яго ўчынку ў запачаткаванні нашай мемуарыстыкі спрычынілася да таго, што цікавасць да яго мемуарнай спадчыны не слабее вось ужо другое стагоддзе. Як піша сучасны польскі літаратуразнаўца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Чэслаў Мілаш, „Мемуары Еўлашоўскага — можа самы цікавы твор на даўняй беларускай свецкай мове, які і зараз прыемна чытаць"1 .

Мемуары Еўлашоўскага здаўна прыцягвалі ўвагу польскіх вучоных і выдаўцоў, якія шмат зрабілі дзеля вывучэння і выдання ягонай спадчыны. Гэта найперш Т.Любамірскі, Я.Цямнеўскі, А.Банецкі, А.Сайкоўскі, М.Сякерскі, В.Сянкевіч, З.Лясоцкі, В.Чаплінскі, М.Качмарак і інш. Варта згадаць, што ўпершыню ўспаміны Еўлашоўскага былі апублікаваныя на польскай мове.

Твор Еўлашоўскага прывабіў у свой час і гісторыка ВКЛ У.В.Антановіча, які двойчы публікаваў тэкст успамінаў 2. Але публікатар не валодаў арыгіналам, месцазнаходжанне якога ў той час яшчэ было невядомым, а пазнейшай рукапіснай копіяй з бібліятэкі Асалінскіх у Львове, што значна адрозніваецца ад арыгінала. Характар эпохі шмат у чым прадвызначыў узровень публікацыі. Шматлікія паланізмы ў мове помніка, якімі ён якраз і вылучаецца з ліку фактычна ўсіх астатніх старабеларускіх тэкстаў, публікатар выправіў на тыя, што былі характэрныя для большасці падобных тэкстаў. Моўныя праўкі пацягнулі за сабой скажэнні тэксталагічныя, у выніку вартасць публікацыі як крыніцы стала вельмі нізкай3.

Пакуль арыгінал не быў адшуканы, тэксталагічна скажонае выданне У.Антановіча доўга служыла даследчыкам адзінай крыніцай вывучэння „Успамінаў" Еўлашоўскага. Яно ж сталася асновай для прац нашых суайчыннікаў у Англіі А.Надсана і Р.Патры-Тамушанскага 4. Але больш за дваццаць гадоў таму быў нарэшце адшуканы і надрукаваны арыгінал твора5. Да беларускага выдання „Успамінаў" Еўлашоўскага не было дакладнага ўзнаўлення тэксту гэтага помніка. Дрэнная захаванасць рукапісу і складанасць почырку аўтара не дазвалялі папярэднім публікатарам выдаць тэкст у тэксталагічных адносінах бездакорна.

Літоўскія вучоныя доўга не выяўлялі цікавасці да гэтай унікальнай крыніцы. І вось, нарэшце, гэты прабел ліквідава ны. Пераклад „Успамінаў" на літоўскую мову выканала Нярынга Пранцквявічутэ-Лужэне 6.

Як напісана ў прадмове да выдання, „Успамінамі" Ф.Еўлашоўскага Інстытут літоўскай літаратуры і фальклору пачынае выпускаць серыю „Вытокі" („Iрtakos") (Р.7). Яна прызначаецца для таго, каб „пазнаёміць літоўскае грамадства з яго культурнай спадчынай". Выданне „Вытокаў" мае на мэце дапоўніць ужо выдаваныя колькі гадоў кнігі серыі „Даўняя літоўская літаратура" („Senoji lietuvos literatыra"), апошняя, чацвёртая з якіх („Летапісы і княжацкія лісты") убачыла свет два гады таму7. Чым адрозніваюцца гэтыя дзве серыі? Першая з іх, „Даўняя літоўская літаратура", уключае фундаментальныя крыніцы, якія маюць непасрэднае дачыненне да гісторыі этнічнай Літвы і часцей за ўсё створаныя на яе тэрыторыі. „Вытокі" ж закліканы папулярызаваць тыя даўнія тэксты, якія быццам дапаўняюць „Даўнюю літоўскую літаратуру", рэпрэзентуючы на сваіх старонках гісторыю Літвы ў больш шырокіх геаграфічных межах ВКЛ. Таму зразумела, што ў гэты цыкл трапляюць і крыніцы, створаныя на тэрыторыі сучаснай Беларусі, як, напрыклад, „Успаміны" Еўлашоўскага.

Чаму ж менавіта „Успамінам" Ф.Еўлашоўскага наканавана было запачаткаваць новую серыю? Прычына ў незвычайных якасцях „Успамінаў" як сведчання той эпохі. „Тодар Еўлашоўскі — асаблівы сведка той, другой Літвы, чулы, шчыры, красамоўны" (7). Так высока твор ацэньваецца таму, што ім адлюстраваны ў многім выключны лёс аўтара: „сын праваслаўных бацькоў, падапечны князя-каталіка, меўшы праваслаўную жонку і аддаўшы сваё дзіця ў арыянскую школу, Еўлашоўскі не толькі наглядней апісваў рэчаіснасць ВКЛ на стыку XVI-XVII ст., але і асабліва яе перажываў. Яго мемуары — самая першая аўтэнтычная гісторыя жыцця чалавека, поўная спадзяванняў, зямных радасцяў, стратаў, меланхоліі і адчаю. Яны вартыя не толькі ўсебаковага навуковага даследавання, але і чалавечага спачування і разумення" (7).

У адпаведнасці з канцэпцыяй серыі, Ф.Еўлашоўскі інтэрпрэтаваны як літоўскі пісьменнік. У той жа час, ва „Успамінах" Еўлашоўскага мала звестак, якія датычаць выключна этнічнай Літвы, а тэрміны „Літва", „літоўскі", „ліцвін" ён ужывае толькі ў сэнсе „Вялікае Княства Літоўскае" і „той, які належыць Вялікаму Княству Літоўскаму", у адрозненне ад Польшчы. А ВКЛ, як вядома, было супольнай дзяржавай балтаў і славян. У кнізе чытаем, што Еўлашоўскі — літоўскі шляхціч („lietuvos bajoras", с.7), хоць вядома, што род Еўлашоўскіх — беларускі. Нягледзячы на тое, што спадчына Ф.Еўлашоўскага вывучаецца ўжо, як адзначалася, другое стагоддзе, ступень яе даследаванасці далёка няпоўная.

Згодна з агульнай канцэпцыяй серыі, ўкладальнікі прынялі за правіла ўжываць заходні адпаведнік імя аўтара ўспамінаў — Тэадор. Абгрунтоўваецца гэта тым, што так, маўляў, называлі б яго ў Вільні і Троках літоўцы, гэтаксама называюць яго і палякі, а Фёдарам — толькі беларусы (8).

Структурна выданне ўключае ўсе асноўныя элементы, неабходныя для максімальнага раскрыцця зместу твора. Апроч тэксту, у яго ўваходзяць прадмова, жыццяпіс аўтара, агляд публікацый тэксту, спіс скарачэнняў, спіс геаграфічных назваў і паказальнік імёнаў. У якасці дадатку змешчаны дакумент, які адыграў бадай самую важную ролю ў лёсе аўтара — прывілей Жыгімонта Вазы на пасаду падсудка Наўгародскага павета. Кніга сканчаецца адзінай ілюстрацыяй выдання — картай, якая адлюстроўвае некаторыя асноўныя месцы жыцця і дзейнасці мемуарыста.

Агульнавядома, што найважнейшым патрабаваннем да публікацыі гістарычнай крыніцы лічыцца дакладнасць узнаўлення ў ёй тэксту арыгінала. Таму самымі надзейнымі з'яўляюцца публікацыі крыніц на мове арыгінала — у такім выпадку ўдаецца пазбегнуць недакладнасцяў, магчымых пры перакладзе. У той жа час асобаў, што валодаюць іншымі мовамі на ўзроўні каардынацыйнага білінгвізму (г.зн. роднай і няроднай аднолькава выдатна), у грамадстве звычайна адзінкі, асабліва калі мець на ўвазе пісьмовыя мовы тыпу старабеларускай, а кола карыстальнікаў гістарычнымі крыніцамі дастаткова шырокае. Таму даводзіцца звяртацца да перакладу, асабліва калі публікацыя, як і дадзеная кніга, прызначаецца для шырокага кола чытачоў.

Супастаўленне перакладу з арыгіналам дае падставы сцвярджаць, што пераклад зроблены дастаткова кваліфікава на. Гэта асабліва ярка відаць на прыкладзе перадачы па-літоўску надзвычай цяжкіх для разумення сучасным чытачом фрагментаў тэксту. Укладальнікі не прыводзяць паралельна літоўскаму арыгінальны тэкст крыніцы. Адсутнасць паралельнага старабеларускага тэксту ў нейкай ступені кампенсуецца яго фрагментамі ў падрадковых заўвагах, якія ўяўлялі пэўную цяжкасць для перакладу на літоўскую мову. Напрыклад: „Daktarai t№ lig№ pavadino inkubu" — Лац. incubus — начны кашмар, які-небудзь дух, які прыстае, дэманічны каханак ці каханка (25); „Aр nuolat matau, kaip aitvaras иia pas t№ рeimininkк lankosi" — „У арыгінале рукапісу: „лятавец". Каб аблегчыць літоўскаму чытачу разуменне тэксту, шматзначныя тэрміны перакладаюцца словамі ў тых значэннях, у якіх гэтае шматзначнае слова арыгінала актуалізавана ў тэксце. Напрыклад: листы — privilegijos, коморник — rыmininkas — „прыдворны". На карысць дакладнасці перакладу сведчыць і правіла рэканструкцыі тых фрагментаў, якія ў арыгінале не актуалізаваныя, але мысляцца, што характэрна для вуснай мовы, запісам якой у значнай ступені з'яўляецца гэтая крыніца. Пра акуратнасць стаўлення перакладчыцы да тэксту арыгінала сведчыць тое, што гэтыя рэканструяваныя фрагменты падаюцца ў квадратных дужках, як гэта звычайна робіцца. Напрыклад: „А так, кгды се готовано вэсэле пана Жалинского с панною виленскою Галшкою и Тлуховскому дойзреть поручоно, попадла кго хороба дворска" (40) — „Bet kai buvo ruoљiamasi pono Ћalinskio ir paneles Galљkos vestuvems ir Tluchovskiui pavesta [jomis] rыpintis, uћpuole ji rumu liga" (60) — І вось, калі рыхтавалася вяселле пана Жалінскага з паннаю віленскаю Гальшкаю і Тлухоўскаму было даручана [аб іх] паклапаціцца, спасцігла яго прыдворная хвароба (пераклад У.Свяжынскага).

У змястоўным нарысе пра Ф.М.Еўлашоўскага, напісаным Д.Вілімасам, на шырокім фоне асноўных палітычных і рэлігійных працэсаў другой паловы XVI ст. у краінах Еўропы, асабліва Рэчы Паспалітай і яе часткі ВКЛ, у храналагічным парадку асвятляюцца ўсе асноўныя падзеі жыцця аўтара „Успамінаў" — „літоўска-беларускага баярына" (9-18).

Прыступаючы да агульнай характарыстыкі „Успамінаў" Еўлашоўскага, аўтар называе іх „неацэннай энцыклапедыяй паўсядзённага жыцця шляхты другой паловы XVI-XVII ст., якія даюць зрэз менталітэту сярэдніх слаёў шляхты. Апавяданне Еўлашоўскага адлюстравала не толькі важныя падзеі, але і грамадскія працэсы (знікненне талерантнасці, змену веравызнанняў, шляхецкае самакіраванне, рэформу судоў). Асвятленне тых ці іншых падзеяў залежала ад цікавасці да іх Еўлашоўскага: войны ён згадвае толькі мімаходзь, паколькі ўпэўнены, што ад іх для Рэчы Паспалітай няма ніякай карысці. Пра смерць Жыгімонта Аўгуста ён згадвае таму, што засталіся непадпісанымі каралём прывілеі на абяцаныя яму двары. Пра паўстанне пад кіраўніцтвам Севярына Налівайкі — таму, што яно закранула і мясціны, дзе жыў мемуарыст. На думку аўтара нарыса, падзеі эпахальнага значэння патанулі ва „Успамінах" у побытавых дэталях (14).

Вілімас слушна адзначае пераважна асабісты характар звестак, занатаваных мемуарыстам: ва „Успамінах" больш за ўсё гаворыцца пра падзеі, што так ці інакш тычыліся самога Еўлашоўскага або зацікавілі яго, г.зн. фактах яго біяграфіі (14). Канкрэтная інфармацыя „Успамінаў", што дазваляе ўявіць менталітэт Еўлашоўскага як аднаго з прадстаўнікоў шматлікага шляхецкага стану ВКЛ — найбольш каштоўная для сучасных чытачоў і гісторыкаў іх частка.

Асноўныя факты біяграфіі Ф.Еўлашоўскага выкладзены Вілімасам амаль выключна на падставе сведчанняў толькі „Успамінаў". Але нават адпаведныя даследаванні, якімі карыстаўся аўтар нарыса, дазваляюць істотна ўдакладніць і дапоўніць біяграфію мемуарыста, што, на нашу думку, і павінен быў зрабіць Вілімас.

Не прэтэндуючы на ахоп усіх бакоў жыцця Еўлашоўска га, а тым больш усіх вядомых цяпер фактаў, спынімся толькі на некаторых і, як мяркуем, важных.

Адным з істотных фактараў жыцця і дзейнасці Еўлашоўскага было тое, што ён знаходзіўся пад вотчыннай юрысдыкцыяй уласнікаў маёнтка Ляхавічы. Але, як вядома, паўнапраў нымі лічыліся толькі шляхцічы — непасрэдныя васалы вялікага князя літоўскага. Таму адной з асноўных мэтаў дзейнасці мемуарыста стала імкненне пазбавіцца яе шляхам набыцця маёнтка пад юрысдыкцыяй павету. Купля ім у 1586 г. маёнтка Скубятоўшчына (цяпер вёска Гаслаўшчына), ўладальнік якога ў 1567 г. дабіўся прывілея аб вызваленні яго ад прысуду ляхавіцкага ўраду і пераводзе ў склад гаспадарскай шляхты Навагародскага павета, значна падвысіла статус Еўлашоўскага 8. Такім чынам, галоўны элемент шляхецкага менталітэту — сапраўдны шляхціч той, хто мае маёнтак — быў уласцівы і яму. На жаль, аўтар нарыса не звярнуў належнай увагі на гэты важны стымул яго дзейнасці.

У нарысе не знайшлі канкрэтнага адлюстравання і вядомыя з іншых крыніц факты вельмі складаных і цяжкіх васальна-службова-маёмасных адносінаў Ф.Еўлашоўскага са сваімі сеньёрамі-панамі Янам Еранімавічам Хадкевічам, а потым і яго сынамі Аляксандрам і асабліва Янам Каралем. Ён верна служыў пераважна ім амаль ўсё сваё жыццё з адзінай мэтай выслужыць у іх маёнтак. Але мара не збылася: у прыватнасці, маёнтак Еўлашэвічы ў Ляхавіцкай воласці, які ён трымаў ад іх на ўмовах ваеннай і іншай службы, а таксама закладу, па распараджэнню Я.К.Хадкевіча быў выкуплены ў сыноў Ф.Еўлашоўскага 9. Складаная і цяжкая служба аказалася марнай.

Нам уяўляецца таксама недастатковай увага аўтара нарыса да дзяцей Ф.Еўлашоўскага. Са сваіх дзевяці сыноў і пяці дачок мемуарыст называе імёны толькі пяці хлопцаў і дзвюх дзяўчат. Вілімас жа згадвае толькі чатырох яго сыноў. Аўтару было б варта пералічыць усіх вядомых цяпер дзяцей Еўлашоўскага: Лізавета („Гальшка", 1588—?), Лаўрын (1584—?), Марцін (1585—?), Пётр (?—?), Раіна (1587—?), Самуэль (?—?), Фёдар (?—?), Ян (1579—1602), Яраш (?—?) і Яўхім (1581—?). У дадатак мы можам паведаміць, што ў 1628 г. уладальнікамі маёнтка Еўлашова былі толькі Пётр і Фёдар Фёдаравічы Еўлашоўскія, якія пастановай Новагародскага земскага суда былі абавязаны вярнуць яго новаму ўласніку маёнтка Ляхавічы маршалку ВКЛ і далей пану Яну Станіславу Сапегу10.

Тым не менш нарыс Д. Вілімаса ў цэлым дае дастаткова поўнае ўяўленне пра асноўных фактары і факты жыцця і дзейнасці мемуарыста Ф.М.Еўлашоўскага.

Вялікую каштоўнасць уяўляюць таксама напісаныя Д.Вілімасам 248 падтэкставых каментараў да „Успамінаў" Ф.Еўлашоўскага. У іх тлумачацца амаль усе гістарычныя падзеі, асобы і часткова месцы падзеяў, некаторыя фрагменты тэксту, якія цяжка зразумець. Гэта найбольш грунтоўныя і дакладныя каментары сярод існуючых.

Да выхаду дадзенай публікацыі адзіным цалкам каментаваным было выданне, падрыхтаванае А.Коршунавым. Супастаўленне паказвае, што імкненне Вілімаса да лаканічнасці дазволіла яму, не завышаючы аб'ёму, дапоўніць каментары істотнымі для зместу крыніцы звесткамі, прапушчанымі ў А.Коршунава. Так, каментар пра доктара Сэрпца дапоўнены геаграфічнай даведкай пра Сэрпец, адкуль паходзіў доктар (24); каментар пра ляхавіцкага старосту У.Забалоцкага — спасылкай на „Гісторыю Расіі" С.Салаўёва, дзе гаворыцца пра перабежчыкаў на бок ВКЛ (26); каментар пра літоўскага стольніка М.Монвіда Дарагастайскага Кухмістровіча — звесткамі пра літоўскі перыяд яго жыцця і дзейнасці, што істотна для літоўскага выдання крыніцы (51) і г.д.

У нязменным выглядзе каментары А.Коршунава пераносіліся ў літоўскае выданне тады, калі яны задавальнялі ўкладальніка сваім зместам, аб'ёмам і стылем. Гэта, напрыклад, каментары пра суддзю менскага земскага суда Рыгора Макаровіча (38), шляхціча Новагародскага павета Івана Баку (42), удаву Яна Еранімавіча Хадкевіча Хрысціну Збароўскую (58). У большасці ж выпадкаў каментары А.Коршунава ўдакладняліся. Супастаўленне паказвае, што літоўскі выдавец пайшоў значна далей у тлумачэнні фактаў „Успамінаў" ў параўнанні з Коршунавым. Яму ўдалося выявіць памылкі, дапушчаныя ў выданнях У.Антановіча і А.Коршунава. Так, аказалася, што У.Антановіч замест даты 1567, калі Еўлашоўскаму споўніўся 21 год, дае 1565; у Коршунава памылкова ўказана, што сын Еўлашоўскага Ян быў забіты 16 лютага, а ў перакладзе Н.Пранцкявічутэ-Лужэне, як і ў арыгінале — 17-га. Яму ўдалося дапоўніць і крыніцазнаўчую апрацоўку „Успамінаў". Ім выяўлена больш недакладнасцяў у самога Ф.Еўлашоўскага. Д.Вілімас устанавіў, што Ф.Колычаў-Разумны — хоць і быў у Літве ў 1567 г. — удзелу ў мірных перамовах не браў (26).

Публікацыя „Успамінаў Еўлашоўскага" — не першае і не апошняе выданне крыніцы адпаведнага гістарычнага перыяду. Укладальнік добра разумеў, што гранічна поўнае і падрабязнае каментаванне ўсіх без выключэння найменняў вядзе да паўтарэння тых з іх, якія ўжо былі ў папярэдніх. Каб пазбегнуць гэтага, ён вырашыў апускаць тлумачэнні функцый афіцыйных асобаў ВКЛ, абгрунтавана спасылаючыся пры гэтым на пэўную дасведчанасць чытача.

Мэце зрабіць публікацыю практычнай і зручнай для карыстання падпарадкаваны і аб'ём падрадковых каментараў. У гэтым выданні яны часцей за ўсё нашмат карацейшыя, чым у выданні А.Коршунава. Гэта тычыцца тых асобаў і населеных пунктаў, якія згадваюцца ва „Успамінах" эпізадычна і не выконвалі ў гісторыі ВКЛ значнай ролі.

Пра больш высокі ўзровень падрыхтоўкі „Успамінаў" параўнальна з выданнем А.Коршунава сведчыць той факт, што ў першым асобны каментар даецца на кожнае найменне, тады як у другім — на два і больш. Так, у Коршунава ў каментары да Ансбаха (Аншпаха) гаворыцца і пра Ганну Ягелонку, жонку Стэфана Баторыя, тады як у выданні літоўскім ёй прысвечаны асобны каментар. Сцісла каментуюцца тыя асобы ці населеныя пункты, якія згадваліся ў тэксце вышэй: нябожчык, у каментары: гэта значыць Ян Еранім Хадкевіч (34).

Недастатковая вывучанасць перш за усё генеалогіі шляхты і гістарычнай геаграфіі ВКЛ XVI ст., не дазволіла аўтару дакладна расшыфраваць некаторыя месцы помніка. Абмяжуемся некалькімі адпаведнымі прыкладамі.

Як і ў А.Коршунава, тут засталіся неўстаноўленымі асобы Балтрамея Нядзвіцкага, Х.Радзівілаўны, дачкі М.Радзівіла Рудога, Лаўрэнцыуша, М.Тлухоўскага, Я.Крачатоўскага, нелакалізаванымі — населеныя пункты Бабіна, Гарадзея, Малкавічы, Канюхі, Дзераўная, Сіневічы, Козі Рынак. Аўтар каментараў спрабуе ўдакладніць некаторыя згаданыя ва „Успамінах" рэлігійныя святы. Выраз Еўлашоўскага „о светом Михале" у А.Коршунава — Дзень св. Міхаіла-архангела, 8 лістапада, у Д.Вілімаса — св. Міхаіла, 29 верасня (26); выраз „по святках" паводле А.Коршунава — Сёмуха, сёмая нядзеля пасля Вялікадня, паводле Д.Вілімаса — Юolinл (Зельная), 15 жніўня (41). Аднак пры гэтым каментатар не прыводзіць аргументаў на карысць сваёй, адрознай ад А.Коршунава, версіі. Некаторыя тэрміны ў каментарах тлумачацца залішне агульна („лист зашитый, отвороный" — віды дакументаў) (66).

Канстатуючы неўнармаванасць мовы (у Вілімаса — „канцылярскай славянскай мовы") (20), на якой у XVI ст. вялося амаль усё справаводства ў ВКЛ, аўтар тым не менш памылкова лічыць, што дакладнае прозвішча мемуарыста — толькі „Евлашовский", а не „Евлашевский" (21). Аднак можна спаслацца на шэраг аўтэнтычных актаў, і перш за ўсё на апублікаваны ў кнізе прывілей (90), у якіх яго прозвішча, як і назва маёнтка, пішацца і з літарай „е"11.

Нам уяўляецца, што ва „Успамінах" ідзе гаворка не пра Андрэя Тараноўскага, як лічыць Вілімас (52), а пра зямяніна Віленскага павета Габрыеля Тарноўскага. Дарэчы, звесткі Еўлашоўскага пра гэтую справу адпавядаюць дадзеным судовай справы ад 17 ліпеня 1586 г. па іску Г.Тарноўскага да Янавай Хадкевічавай-Крыстыны са Зборава аб уплаце яму 1200 залатых за вайсковую службу ў 1575 г. у Інфлянтах 12.

Не зусім дакладныя, на нашу думку, і звесткі аўтара каментараў пра Міхайлу Багданавіча Гарабурду. У прыватнасці, ён быў свіслацкім дзяржаўцам толькі ў 1566-68 г. Калі 1 чэрвеня 1568 г. Свіслацкая воласць была пажалавана яму ва ўласнасць („навечность"), ён перастаў быць яе дзяржаўцам, хоць іншы раз тытулаваўся так і далей13. Варта таксама падкрэсліць, што Еўлашоўскі ў адрозненне ад гісторыкаў дае дакладную дату (12 ліпеня 1586 г.) смерці гэтага пана (53)14.

Іншы раз у спробах ідэнтыфікацыі і лакалізацыі некаторых населеных пунктаў і іншых геаграфічных аб'ектаў аўтар ігнаруе кантэкст і шукае іх на відавочна занадта шырокай прасторы. Таму недакладна лакалізаваны, напрыклад, наступныя населеныя пункты:

„Деревная", фальварак і сяло „Деревная" маёнтка Мыш у Новагародскім павеце, цяпер вёска Навамышскага сельсавета Баранавіцкага раёна (43)15;

„Конюхи", сяло Ляхавіцкай воласці, цяпер вёска Канюхі Жарабковіцкага сельсавета Ляхавіцкага раёна (60)16;

„Лососиная", маёнтак у Слонімскім павеце, цяпер вёска Ласасіна Варанілавіцкага сельсавета Пружанскага раёна (69)17;

„Малковичи", сяло ў Новагародскім павеце, цяпер вёска Малькавічы, цэнтр сельсавета Ганцавіцкага раёна, якое належала да маёнтка Ляхавічы (60)18;

„Селцо" „на Руси" — гэта сяло „Сялец" (цяпер вёскi Балонаў Сялец I і II Чарнаборскага сельсавета Быхаўскага р-на) Быхаўскай, пазней Старабыхаўскай воласці ў Аршанскім павеце. Гэтая воласць да 1549 г. належала берасцейскаму старасце А.І.Хадкевічу, а пасля раздзелу 6 снежня 1549 г. — яго сыну Ераніму, потым — нашчадкам апoшняга. У прыватнасці, на пачатку 1590-х г. яе ўласнікамі былі ўнукі Е.А.Хадкевіча Аляксандр — „грабя на Шклове и Мыши з Быхова" і Ян Караль — „грабя на Быхове з Шклова и Мыши". У 1590 г. іх менавіта быхаўскім упраўляючым („врядником") быў Мікалай Тлухоўскі, пра падкопы якога згадвае Еўлашоўскі (59-60)19.

Варта таксама адзначыць, што ў азначэнні пасады „мостовничство пинское и сэрвецкое" маецца на ўвазе не паселішча „Сэрвеч", а рака Сэрвач, левы прыток Нёмана (39)20.

У літоўскім выданні прыменены дыферэнцаваны спосаб падачы асабовых імёнаў у залежнасці ад этнічнай прыналежнасці носьбіта. Укладальнікі, як сказана ва ўводзінах „стараліся па магчымасці не „літуанізаваць" імёны. Падачу ў літуанізаванай форме імёнаў некаторых асобаў, якія мелі дачыненне да ўсяго Княства (Radvila, Katkeviиius), яны тлумачаць тым, што менавіта ў такіх формах яны зафіксаваны ў тагачасных літоўскіх тэкстах. Імя Radvila ў такой форме давалася ў літоўскіх тэкстах заўсёды, і гэта апраўдана, паколькі слова „radvila" ў літоўскай мове выконвае яшчэ і апелятыўную функцыю (бел. „падкідыш"). Падача ж у літуанізаванай форме другога імя можна разглядаць як адступленне ад прынятага ўкладальнікамі правіла, паколькі як прозвішча, так і яго носьбіты маюць славянскае паходжанне. Тое ж можна сказаць і пра форму Jurgis Sluckis — Юры Слуцкі.

Мы вымушаны канстатаваць таксама тое, што аўтары перакладу „Успамінаў" Ф.М.Еўлашоўскага са звычайнай для ўсіх асобаў і ўстановаў ВКЛ у XVI ст. самабытнай „рускай" мовы на літоўскую і каментараў да іх літуанізавалі амаль усе імёны, прозвішчы і геаграфічныя назвы, хоць і імкнуліся пазбегнуць гэтага (19-20). Таму, напрыклад, „Михал Гарабурда" стаў „Mykolas Haraburda", „Федор Евлашовский" — „Teodoras Jevlaљauskis", „Володымир Семенович Заболоцкий" — „Vladimiras Zabolockis" , а „Добромышль" — „Dobromiљlis", „Городно" — „Gardinas", „Новгородок" — „Naugardukas" і г.д. Уяўляецца, што зусім не літуанізаваць іх пры перакладзе на літоўскую мову немагчыма. Таму варты ўвагі правамерны прынцып захавання арыгінальных форм напісання названых рэчаў хоць бы ў іх спісах і паказальніку, як гэта і зрабіў у разгляданай кнізе Д.Вілімас.

Часта з памылкамі пададзены загалоўкі артыкулаў і кніг пра Еўлашоўскага ў бібліяграфічным спісе, кірылічныя фрагменты арыгінала ў падрадковых каментарах, ёсць разнабой у падачы адных і тых жа тэрмінаў: назва пасады венграў Ферэнцыя і Асемерыя пры двары караля Стэфана Баторыя даецца ў паланізаванай і адаптаванай формах: pacholianta i pacholiata, да таго ж у такой форме множнага ліку, яна пададзена ў імянным паказальніку пры імені кожнага з іх паасобку.

Вельмі карысным для чытача з'яўляецца „Спіс геаграфічных назваў" (73-78), што сустракаюцца ва „Успамінах". Да большасці іх дадаюцца каментары, у якіх прыведзены кароткія звесткі пра іх статус у мінулым і цяпер. Аднак іншы раз яны, не адпавядаюць сапраўднасці. Напрыклад, прачытаная няправільна ў арыгінале назва замка ў Лівоніі „Зэлборк" дала ў перакладзе „Борк" (35). Таму аўтар каментараў, не ўлічваючы кантэкст, памылкова атаясаміў „Зэлборк" з паселішчам з крыху падобнай назвай („Боркавічы") не ў Лівоніі, а ў Беларусі (73). Аднак у 1575 г. Дзвінскае правабярэжжа Полацкага ваяводства было акупавана войскамі Рускай дзяржавы, і таму Я.Е.Хадкевіч з войскам ніяк не мог там размясціцца. Замак „Зэлборк" знаходзіўся на левым беразе Дзвіны на захад ад сучаснага горада Плявіняс у Латвіі21.

Насуперак меркаванню аўтара, былы маёнтак „Мыш" з замкам і мястэчкам у Новагародскім павеце цяпер з'яўляецца вёскай Старая Мыш (а не Новая) Цешаўлянскага сельсавета Баранавіцкага раёна (51,58)22.

Недакладнымі ўяўляюцца і звесткі пра „Полюбичи" (76). У XVI ст. Палюбічы — маёнтак у Берасцейскім павеце23, а цяпер — вёскі Палюбічы-Дворскія і Палюбічы-Вейскія Вішніцкай гміны Бялападляскага павета Люблінскага ваяводства Польскай Рэспублікі 24.

Варта прынцыпова падкрэсліць важнасць уключэння ў дадзены „Слоўнік" тых населеных пунктаў, што фігуруюць у пасадах многіх асобаў „Успамінаў". Аўтар такую спробу зрабіў толькі часткова („Serveиai", „Trobas"). Таму ў „Слоўніку" няма, напрыклад, Нясвіжа („Несвижа"), які неабходна было рэканструяваць аналітычна ад пасады „несвижский староста" (69). Калі гэта не рабіць, канкрэтныя звесткі пра пэўныя населеныя пункты чытачу будзе адшукаць вельмі цяжка.

У „Слоўніку" не заўсёды выкарыстаны тыя важныя канкрэтныя дадзеныя пра населеныя пункты, якія маюцца ва „Успамінах". Так, адміністрацыйна-гаспадарчым цэнтрам маёнтка Мыш быў замак, але аўтар яго не згадвае (51,58,75).

Здзіўляе такі агульны недахоп „Слоўніка", як адсутнасць спасылак на адпаведныя старонкі „Успамінаў".

Адной з істотных частак навукова-даведачнага апарата разгляданага выдання з'яўляецца „Паказальнік асобаў" (79-89). У ім да кожнага дадаецца сціслы каментар, што грунтуюцца амаль выключна на дадзеных „Успамінаў". Такімі ж разгорнутымі, як падтэкставыя каментары да вядомых гістарычных асобаў, яны, відавочна, быць пакуль што не могуць: іншыя звесткі пра іх адшукаць вельмі цяжка.

Каштоўным дадаткам да „Успамінаў" трэба лічыць узяты з Метрыкі ВКЛ прывілей Ф.Еўлашоўскаму на пасаду падсудка Новагародскага павятовага земскага суда ад 10 верасня 1592 г. (90-91). Добра тое, што ён надрукаваны не толькі на літоўскай мове, але і на мове арыгінала. Варта было б толькі адзначыць адну тыповую недакладнасць прывілея. Еўлашоўскі быў зацверджаны падсудкам земскага суда Новагародскага павета, а не ваяводства. Як вядома, такая недакладнасць — альтэрнатыўнае ўжыванне тэрміна „ваяводства" замест „павета" — звычайная з'ява ў справаводстве павятовых судовых устаноў ВКЛ другой паловы XVI ст. Абумоўлена яна, верагодна, тым, што тэрмін „ваяводства" ўспрымаўся шляхтай як больш прэстыжны, чым „павет".

У кнізе ёсць яшчэ адзін неабходны дадатак — арыгінальная карта. Аднак толькі некаторыя з пазначаных на ёй населеных пунктаў фігуруюць ва „Успамінах" Ф.Еўлашоўска га. На жаль, яна не мае загалоўка, не паказвае ўсёй тэрыторыі нават тых краін, дзе бываў мемуарыст, і іх адміністрацый на-тэрытарыяльнага падзелу. Трэба было б па-рознаму пазначыць усе тыя населеныя пункты, дзе бываў Еўлашоўскі, і якія ён толькі згадвае. Некаторыя населеныя пункты, якія ідэнтыфікаваны і лакалізаваны ў каментарах сумніўна („Деревна", „Мыш"), на карце пазначаны слушна. Праўда „Осташин" на карце — не той, які фігуруе ва „Успамінах", і не там. Нягледзячы на недахопы, карта мае пэўную навуковую вартасць.

Больш змястоўную карту да „Успамінаў" Ф.Еўлашоўска га скласці не так і складана, калі творча выкарыстаць існуючыя адпаведныя гістарычныя карты ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Выданне выглядала б нашмат лепей, калі б, акрамя карты, у якасці ілюстрацый былі змешчаны здымак рукапісу арыгінала і выява пячаткі Ф.Еўлашоўскага 25.

Навукова-папулярнае выданне „Успамінаў" Ф.Еўлашоўскага у літоўскай мове дазваляе цяпер і літоўскаму чытачу пазнаёміцца з адным з выдатных помнікаў нашай агульнай гістарычнай спадчыны, што была створана ў перыяд супольнага жыцця нашых продкаў у складзе поліэтнічных і поліканфесійных ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

 

Уладзімір Свяжынскі,
Міхаіл Спірыдонаў



1 Miіosz, Cz. Historia literatury polskiej. Warszawa, 1996. S. 113—120.
2 Антонович В.Б. „Дневник" новгородского подсудка Федора Евлашевского (1546—1604) // Киевская старина. Киев, 1886. Т.14. С.124-160; тое ж у: Мемуары, относящиеся к истории Южной Руси. Киев, 1896. Вып.2. С.1-39.
3 Пры Львоўскай рукапіснай копіі маецца толькі адна старонка факсіміле, супастаўленне з якой адпаведнага фрагмента копіі і выявіла характар і маштабы разыходжанняў паміж гэтымі дзвюма версіямі.
4 Nadson A. The memoirs of Theodor Jeuіaszeuski, assesor of Nawahrudak (1546—1604) // The Journal of Byelorussian Studies, 1968. V.I, № 4. P.269-348; Patry-Tamuszanski R.J. German lexical borrowings in the „Gronicle of Barkulabava" and the „Memoirs" of Theodore Jeulaрeuski // The Journal of Byelorussian Studies, 1980. V.4, №3-4. P.112-128.
5 Свяжынскі У.М. Арыгінал знойдзены // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1975, №4. С.48-49; Коршунаў А. Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст. Мінск., 1983; Еўлашоўскі Ф. „Гістарычныя запіскі" // Свяжынскі У.М. „Гістарычныя запіскі" Ф. Еўлашоўскага. Мінск., 1990. С.90-122.
6 Pranckeviиiutл-Luюienл Neringa. Teodoro Jevlaрevskio atsiminimai: XVI a. pabaigos LDK pilieиio pasaulлvoka ir gyvensena // Senoji lietuvos literatыra. Knyga 4: Metraриiai ir kunigaikриiш laiрkai. Vilnius, 1996. P.370-372.
7 Senoji Lietuvos literatыra. Knyga 4: Mertaриiai ir kunigaikриiш laiрkai. Vilnius, 1996.
8 Гл., напр.: Спірыдонаў М. З сівой даўніны // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск., 1989. С.35-38. Сучасныя характарыстыкі населеных пунктаў Беларусі даюцца па: Рапановіч Я.Н.: Слоўнік назваў населеных пунктаў Віцебскай вобласці. Мінск, 1977; Слоўнік назваў населеных пунктаў Брэсцкай вобласці. Мінск, 1980; Слоўнік назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці. Мінск, 1981; Слоўнік назваў населеных пунктаў Гродзенскай вобласці. Мінск, 1982; Слоўнік назваў населеных пунктаў Магілёўскай вобласці. Мінск, 1983; Слоўнік назваў населеных пунктаў Гомельскай вобласці. Мінск, 1986. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная (пераважна павятовая) прыналежнасць населеных пунктаў ВКЛ тут і далей вызначаецца па стану пасля адпаведнай рэформы 1565 г. Гл. карту: Спиридонов М.Ф. Беларусь в конце XVI в. 1:1 000 000 // Спиридонов М.Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси (XV—XVI вв.). Минск., 1993. Приложение.
9 Sienkiewicz W. O podsкdku nowogrуdzkim Fedorze Jewіaszewskim raz jeszcze // Studia џrуdіoznawcze. 1983. T.28. S.207-210.
10 Галоўны архіў старажытных актаў (ГАСА). Архіў Роскі. №415. С.108-114. Мы шчыра дзякуем былому Генеральнаму консулу Польскай Рэспублікі ў Мінску пану Тадэвушу Мысьліку, які дапамог атрымаць у якасці дара мікрафільмы ўсіх актаў, што выкарыстаны ў артыкуле В.Сянкевіча: Sienkiewicz W. O podsкdku... S.207-210.
11 Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў. Ф.389 („Літоўская метрыка"). Воп.1. (Метрыка ВКЛ). А.з.257. А.22-28 адв.; ГАСА. Архіў Патоцкіх з Радзыня. №400. С.21-22,49-50; Метрыка ВКЛ. А.з.279. А.296 адв.-299 адв.
12 Метрыка ВКЛ. А.з.281. А.117 адв.-118 адв.
13 Там жа. А.з.64. А.205-208.
14 Urzкdnicy centralni i dygnitarze Wielkiego Ksiкstwa Litewskiego XIV—XVIII w.: Spisy / Oprac. H. Lulewicz, A. Rachuba. Kуrnik, 1994. S.131-132.
15 Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы (ДГАЛ). Ф. Старажытныя акты (СА). А.з.6. А.1294-1297; Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). Ф.1928. Воп.1. А.з.174. А.1-111; Метрыка ВКЛ. А.з.269. А.74-77адв.
16 Спірыдонаў М. Вытокі // Памяць... С.73.
17 Гильтебрандт П.А. Рукописное отделение Виленской публичной библиотеки. Вып.І. Вильна, 1871. С.104-105.
18 Спірыдонаў М. З сівой даўніны. С.30; НГАБ. Ф.694. Воп.5. А.з.554. А.13-15; КМФ 5. Воп.1. А.з.1687. А.56.
19 НГАБ. Ф.694. Воп.7. А.з.832. А.1-4; Литовская Метрика: [кн.225] 6-я кн. судных дел (1528-47). Вильнюс, 1995. № 116; ДГАЛ.Ф.СА. А.з.5349. А.686-692.
20 Раку Сэрвач паўднёвей мястэчка Карэлічы перасякала вялікая дарога Ноўгародак—Пінск, якая праходзіла праз Мір, Нясвіж і іншыя населеныя пункты. Добры стан менавіта гэтай дарогі і абавязаны быў з 1577 г. забяспечваць пінскі і сэрвецкі, або ноўгародскі, мастаўнічы Ф.Еўлашоўскі. У прыватнасці, у такой пасадзе і з такой мэтай ён выязджаў у 1590 г. у маёнткі Ліпск, што належаў Нясвіжскай езуіцкай калегіі, а ў 1591 г. — у маёнтак Востраў Л.Кернажыцкага. Метрыка ВКЛ. А.з.77. А.91-91 адв.; Pergamentш katalogas / Par. R. Jasas. Vilnius, 1980. № 724.
21 Atlas historyczny Polski. Wyd. 11. Warszawa; Wrocіaw. 1991. S.26.
22 Метрыка ВКЛ. А.з.38. А.472-475 адв.; Спірыдонаў М. Беларусь на карце Вялікага княства Літоўскага 1613 г. // З глыбі вякоў. Наш край: Гіст.-культуралаг. зб. Вып.2. Мінск, 1997. С.170;
23 Wawrzyсczyk A. Rozwуj wielkiej wіasnoњci na Podlasiu w XV i XVI w. Wrocіaw, 1951. S.51-55.
24 Rzeczpospolita Polska. Podziaі administracyjny. 1:1 250 000. Warszawa, 1998.
25 Свяжынскі У. Еўлашоўскі Фёдар Міхайлавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.3. Мінск., 1996. С.357.

* Jevlaљauskis Teodoras. Atsiminimai. Iљ senosios gudш kalbos iљvertл N. Pranckeviиiutл-Luћienл. Parenge D. Vilimas. Vilnius, 1998, 90 p.